Перайсьці да зьместу

Вітольд Карпыза

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вітольд Карпыза
Дата нараджэньня 28 жніўня 1913(1913-08-28)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 3 сакавіка 2009(2009-03-03) (95 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак краязнавец, грамадзкі дзяяч
Узнагароды
Залаты крыж Заслугі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы срэбны Крыж Заслугі зь Мечамі Мэдаль Нацыянальнай адукацыйнай камісіі

Віто́льд Карпы́за (па-польску: Witold Karpyza; 28 жніўня 1913, вёска Жынаўцы, Ваўкавыскі павет Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 3 сакавіка 2009, Гораў Велікапольскі, Польшча) — польскі настаўнік, краязнавец, грамадзкі дзяяч.

Нарадзіўся ў Жынаўцах каля Шылавічаў, Цярэшак, Чырвонага Груду, Вярэйкаў[1] (паводле іншых зьвестак — у Зіняўцах[2]). Бацька — афіцэр Пётар Карпыза; маці — Браніслава з Рашчэўскіх.

У 1930, па сканчэньні сярэдняе школы, паступіў у Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю, а па яе ліквідацыі працягнуў навучаньне ў Горадні. Скончыўшы настаўніцкую сэмінарыю з дыплёмам настаўніка пачатковай школы.

Першым месцам працы маладога настаўніка стала школа імя Юзэфа Пілсудзкага ў Росі. Пасьля акупацыі вёскі савецкімі войскамі ў пачатку Другой сусьветнай вайны працягнуў працу ў школе на польскай мове. За нямецкім часам працава�� бугальтарам на малочнай вытворчасьці і адначасна заняўся нелегальнай дзейнасьцю ў шэрагах Арміі Краёвай, быў падпольным камэндантам Росі. Скончыў падпольную школу падхарунжых. У 1944 року па рашэньні кіраўніцтва польскага войска ў Лёндане быў адзначаны Срэбным крыжам Заслугі зь мячамі і атрымаў званьне падпаручніка.

У 1945 року зьехаў зь Беларусі і пасяліўся ў Гораве Велікапольскім. Тут таксама займаўся выкладаньнем, арганізаваў і камандаваў гуфам харцараў. Скончыўшы матэматычны факультэт Пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў Гданьску, атрымаў магчымасьць выкладаць таксама й матэматыку. Выкладаў у пэдагагічным ліцэі з часу яго заснаваньня ў 1950 року. Пасьля яго закрыцьця ў 1970 перайшоў у комплекс кулінарных школаў.

Пасьля выхаду на пэнсію ў 1973 року працягваў працаваць у Ваяводзкай бібліятэцы Горава. Уганараваны Кавалерскім крыжам ордэна адраджэньня Польшчы[3].

Памёр 3 сакавіка 2009 року ў сваім ложку ў доме састарэлых у Гораве. Пахаваны на алеі Заслужаных на камунальных могілках па вуліцы Жвіровай[3].

Хоць з 1945 року Вітольд Карпыза жыў у Польшчы, аднак ніколі не забываўся на сваю малую радзіму. Быў выбітным знаўцам гісторыі Ваўкавышчыны. Вынікі ягонае навукова-дасьледчае працы складаюць 27 тамоў рукапісаў па гісторыі Ваўкавыску і павету, заснаваных на вывучэньні вялізнае колькасьці крыніцаў з архіваў Польшчы, Беларусі, Летувы, а таксама навуковай і хранікальнай літаратуры. У складаньні тэкстаў Вітольду Карпызу дапамагалі знаёмыя, журналісты, былыя мяшканцы Ваўкавышчыны; сам ён дзяліўся сваімі зьвесткамі пра Ваўкавыскі павет з Раманам Афтаназы і іншымі гісторыкамі і краязнаўцамі. У 92 рокі засвоіў працу з кампутарам, каб палегчыць сабе працу. Аўтар чатырохтомавай працы пра ваўкавыскія землі «Ziemia Wołkowyska» (апошні том выдадзены ўжо пасьля ягонай сьмерці). Чатыры рукапісныя тамы ўспамінаў паводле ягонага запавету перададзеныя бібліятэцы Асалінэюм ва Ўроцлаве.

Напісаў таксама некалькі працаў, прысьвечаных гісторыі Гораўскай зямлі.

Шмат часу прысьвячаў маляваньню, асабліва графіцы. Пакінуў па сабе каля 300 графікаў і акварэляў, на якіх адлюстраваныя архітэктанічныя і гістарычныя славутасьці Ваўкавышчыны і ваколіц. У 1995 року Таварыства сем’яў Ваўкавыскай зямлі ў Гданьску, чальцом якое зьяўляўся і Карпыза, выдала альбом ягоных малюнкаў з кароткімі анатацыямі «Z teki rysunkowej Witolda Karpyzy — Zabytki Ziemi Wołkowyskiej». Шмат якія з малюнкаў адлюстроўваюць ужо няісныя славутасьці Ваўкавышчыны: каталіцкія і праваслаўныя сьвятыні, палацы, шляхецкія двары.

Заснаваў і стаў першым кіраўніком аддзяленьня Польскага турыстычнага таварыства ў Гораве Велікапольскім. Быў адным з заснавальнікаў Гораўскага аддзяленьня Польскага гістарычнага таварыства.

  • Witold Karpyza. Ziemia Wołkowyska. — Lębork: 2005―2009.
  • Materiały do dziejów szkolnictwa i oświaty w północno-zachodniej części powiatu wołkowyskiego // Studia Wratislaviensia
  • Z teki rysunkowej Witolda Karpyzy — Zabytki Ziemi Wołkowyskiej (альбом малюнкаў)
  • Wspomnienia o początkach harcerstwa w Gorzowie Wlkp (lata 1945—1949)
  1. ^ Albina Siemianczuk, Giennadź Siemianczuk. (15 сакавіка 2009) Witold Karpyza — kronikarz Ziemi Wołkowyskiej (пол.) Głos znad Niemna. Witryna Związku Polaków na Białorusi. Праверана 9 красавіка 2012 г.
  2. ^ Лявон Карповіч. (люты 2008) Ад крыніц да крыніц Masty Wide Web Праверана 9 красавіка 2012 г.
  3. ^ а б Przemysław Mikusiński. (29 красавіка 2009) Pożegnanie (пол.) Serwis Informacyjny Polaków na Białorusi — Pożegnanie Праверана 9 красавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]