Брытанская імпэрыя
Брыта́нская імпэ́рыя (па-ангельску: British Empire) — найвялікшая ў гісторыі каляніяльная дзяржава, якая складалася з дамініёнаў, калёніяў, пратэктаратаў, падмандатных тэрыторыяў і іншых тэрыторыяў, кіруемых Вялікабрытаніяй. Утварылася з калёніяў і гандлёвых пастоў, заснаваных Ангельшчынай у канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. У час найбольшага росквіту ў 1920-х — 1930-х ахоплівала больш за 33 000 000 км² з насельніцтвам каля 458 млн чалавек (23% плошчы і насельніцтва тагачаснага сьвету).
Незалежнасьць 13 калёніяў у Паўночнай Амэрыцы ў 1783 годзе пасьля амэрыканскай вайны за незалежнасьць адбілася на прэстыжы і велічы Вялікабрытанію. Брытанская ўвага неўзабаве была зьвернутая да Азіі, Афрыкі і Ціхага акіяну. Брытанская імпэрыя дасягнула найбольшай моцы ў пачатку XIX стагодзьдзя пасьля перамогі над напалеонаўскай Францыяй. Непераможны флёт забясьпечыў брытанскае панаваньне, якое пазьей атрымала назву Pax Britannica (бел. Брытанскі сьвет). У пэрыяд адноснага міру ў Эўропе і ў сьвеце з 1815 па 1914 гады Брытанская імпэрыя па сутнасьці стала сусьветным гэгемонам і прыняла ролю глябальнага паліцэйскага[1]. У пачатку XIX стагодзьдзя прамысловая рэвалюцыя пачала трансфармацыю Вялікабрытаніі, такім чынам, што да часу Сусьветнай выставы ў 1851 годзе краіна была апісана як «майстэрня сьвету»[2]. Брытанская імпэрыя значна пашырылася, уключыўшы ў свой склад большую частку Індыі, большую частку Афрыкі і многія іншыя краіны па ўсім сьвеце. Нароўні з фармальным кантролем, які Ангельшчына мела над сваімі калёніямі, ейнае панаваньне ў сусьветным гандлі зрабіла вялізны ўплыў на эканомікі многіх рэгіёнаў, як то Азіі і Лацінскай Амэрыкі[3][4].
На працягу XIX стагодзьдзя насельніцтва Вялікабрытаніі павялічвалася зь велізарнай хуткасьцю, што суправаджалася масавай урбанізацыяй, якая выклікала ў сваю чаргу значныя сацыяльныя і эканамічныя цяжкасьці[5]. Для таго, каб знайсьці новыя рынкі збыту і крыніцы сыравіны, брытанскі ўрад пад кіраўніцтвам Бэнджаміна Дызра��лі ініцыяваў імпэрскую экспансію ў Эгіпце, Паўднёвай Афрыцы і ў іншых месцах. Канада, Аўстралія і Новая Зэляндыя сталі самакіраванымі дамініёнамі[6]. Рост Нямеччыны і ЗША падарваў эканамічнае лідэрства Брытаніі на пачатку XX стагодзьдзя. Наступная ваенная і эканамічная напружанасьць паміж Вялікабрытаніяй і Нямеччынай стала асноўнай прычынай Першай сусьветнай вайны, падчас якой Брытанія шмат у чым абапіралася рэсурсы сваёй імпэрыю. Канфлікт наклаў вялікую нагрузку на вайсковыя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы краіны. Не зважаючы на тое, што Брытанская імпэрыя дасягнула найвялікшага тэрытарыяльнага павелічэньня адразу пасьля Першай сусьветнай вайны, яна больш не дамінавала ў галінах прамысловасьці і вайсковай справы. Няўдачы падчас Другой сусьветнай вайны, страты многіх азіяцкіх тэрыторыяў у сутыкненьні зь Японіяй прывялі да паслабленьня аўтарытэту імпэрыі і да наступнага яе распаду. Ужо праз два гады пасьля заканчэньня вайны з-пад брытанскага панаваньня выйшла найбольш каштоўная калёнія — Індыя. Суэцкая крыза пацьвердзіла заняпад Вялікабрытаніі як дзейную сусьветную сілу.
Глябальная дэкалянізацыя давяршыла працэс разбурэньня Брытанскай імпэрыі, які скончыўся зь пераходам у 1997 годзе Ганконгу пад кантроль Кітаю[7]. Пасьля атрыманьня незалежнасьці многія брытанскія калёніі сталі чальцамі Садружнасьці нацыяў, 14 так званых «заморскіх тэрыторыяў» застаюцца пад брытанскім сувэрэнітэтам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Sondhaus, L. (2004). «Navies in Modern World History». London: Reaktion Books. — С. 9. — ISBN 1-86189-202-0.
- ^ «The Workshop of the World». BBC History.
- ^ Porter 1998. С. 8.
- ^ Marshall 1996. С. 156—157.
- ^ Tompson, Richard S. (2003). «Great Britain: a reference guide from the Renaissance to the present». New York: Facts on File. — С. 63. — ISBN 978-0-8160-4474-0.
- ^ Hosch, William L. (2009). «World War I: People, Politics, and Power». America at War. New York: Britannica Educational Publishing. — С. 21. — ISBN 978-1-61530-048-8.
- ^ Brendon 2007. С. 660.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Porter, Andrew The Nineteenth Century, The Oxford History of the British Empire. — III. — Oxford University Press, 1998. — ISBN 0-19-924678-5
- Marshall, PJ The Cambridge Illustrated History of the British Empire. — Cambridge University Press, 1996. — ISBN 0-521-00254-0
- Brendon, Piers The Decline and Fall of the British Empire, 1781—1997. — Random House, 2007. — ISBN 978-0-224-06222-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- British Empire. An Internet Gateway by Dr. Jane Samson (анг.) Праверана 11 жніўня 2013 г.
- British Empire. Пра Брытанскую імпэрыю (анг.) Праверана 11 жніўня 2013 г.