Перайсьці да зьместу

Антоні Сяліцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Корчак

Антоні Сяліцкі (па-польску: Antoni Sielicki) гербу Корчак (пам. каля 1814) — полацкі пасол Чатырохгадовага Сойма.

Дата нараджэньня невядомая, бацькі — Юзэф Сяліцкі і Марыя зь Цеханавецкіх.

Як і бацька належыў да каралеўскай партыі. На перадсоймавым сойміку 1788 году быў абраны паслом полацкага павету дзякуючы высілкам свайго бацькі, жмудзкага біскупа Гедройца, а таксама непасрэдна Караля Станіслава Аўгуста, які празь пісара ВКЛ Сулістроўскага ўгаварыў апанэнта Сяліцкіх на гэтых выбарах — Тадэвуша Жабу — зьняць сваіх кандыдатаў.

На Сойме быў абраны адным з сакратароў Сойма з боку ВКЛ. У дыскусіі датычнай Вайсковага Дэпартамэнту Пастаяннай Рады бараніў Дэпартамэнт (прамаўляў з гэтай нагоды 3 лістапада 1788 г.), але калі ў 1789 г. дайшло да ліквідацыі самой Рады, перайшоў на бок апазыцыі і галасаваў за яе зьнічтажэньне (прамова 5 лютага 1789 г.).

Вясной 1789 г. выехаў на полаччыну да жонкі і хворага бацькі. Аднак сам захварэў і на некалькі тыдняў зьехаў за мяжу лекавацца. У пачатку 1790 г. вярнуўся на Сойм, дзе выступаў у абарону сялянаў, на якіх, па ягоных словах, шляхта накладала вельмі вялікія падаткі.

На працягу 1789—1793 гг. спрабаваў атрымаць якую-небудзь пасаду ў ВКЛ, але дарэмна. Нават кашталянства полацкае, пасьля сьмерці ягонага бацькі дасталося не яму.

1793 г. — атрымаў ордэн сьвятога Станіслава.

На другую кадэнцыю Сойма выбраны ня быў. Затое разам з Т. Жабам паўплываў на тое, што на полацкім сойміку 18 жніўня 1791 г. полацкая шляхта прыняла Канстытуцыю 3 траўня.

У 1791—1793 гг. спрабаваў разьвесьціся з жонкай (імя невядомае), не вя��таючы пасага.

1798—1800 гг. — маршалак шляхты полацкага павету.

Валодаў маёнткамі ў Дзісенскім і Лепельскім паветах зь вёскамі Чарневічы, Селішчы (Седлішчы) і магчыма Саланевічы.

  • Ewa Danowska. Sielicki Antoni. // Polski Słownik Biograficzny. Tom XXXVI W-wa-Kraków 1995—1996, с. 591—592