Перайсьці да зьместу

Аліварыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Аліварыя»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 29 студзеня 1864 (160 гадоў таму)
Заснавал��нікі Рохля Фрумкіна
Краіна
Разьмяшчэньне Менск, вул. Кісялёва, 30
Ключавыя фігуры Дзяніс Шарсьценьнікаў
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя квас, піва
Абарачэньне 128 993 млн рублёў (2010; 43 088 тыс. $)
Апэрацыйны прыбытак 20 681 млн руб. (2010; 6908 тыс $)
Чысты прыбытак 13 220 млн руб (2010; 4416 тыс $)
Лік супрацоўнікаў 455 (2010)

«Аліварыя» — беларускі бровар, разьмешчаны ў Менску. Заснаваны ў 1864 годзе. Па стане на лістапад 2008 году бровар выпускаў 18% ад вытворчасьці ўсяго беларускага піва[1].

Комплекс будынкаў бровара

Паводле архіўных дадзеных, завод адчынены 29 студзеня 1864 году рашэньнем Менскага губэрнскага кіраваньня, якое дазволіла менскай мяшчанцы Рохлі Фрумкінай на скрыжаваньні Аляксандраўскай і Загараднай вуліцаў адкрыць драўляны бровар. На гэтым месцы завод стаіць дагэтуль і зьяўляецца помнікам прамысловай архітэктуры XIX стагодзьдзя. Прадукцыя прадпрыемства была ганараваная мэдалём і Пахвальнай граматай на Ўсерасейскай і мастацкай выставе ў 1896 годзе ў Ніжнім Ноўгарадзе.

Пазьней уладальнікам завода стаў граф Чапскі, які істотна мадэрнізаваў вытворчасьць: быў усталяваны паравы кацёл, праведзены тэлефон, пабудаваная гасьцініца і іншыя адміністрацыйныя будынкі.

У 1898 годзе Чапскі прадае завод аўстрыйскім купцам братам Лекертам, якія выраблялі піва аж да 1917 году. Гаспадары валодалі 4 чыгуначнымі вагонамі для перавозкі піва ў Вільню, Беласток, Берасьце, Горадню, Бабруйск. Дзякуючы братам Лекертам зьявілася першая назва завода — Завод Лекерта. Аб гэтым факце кажуць дакумэнты, а таксама бутэлькі таго часу, якія атрымалася знайсьці ў скляпах заводу. Маркіроўка гэтых бутэлек уяўляла сабой шкляны штамп, нанесены на бутэльку з назвай прадукта, інфармацыяй аб уладальніку і адрасам прадпрыемства.

Па меры разьвіцьця вытворчасьці ў часы кіраваньня братоў Лекертаў адбыліся зьмены ў афармленьні бутэлек: адначасова са шклянымі штампамі сталі выкарыстоўваць папяровыя этыкеткі авальнай формы, на якіх быў намаляваны арол, што трымае ў кіпцюрах бочку. Гэты гандлёвы знак у савецкі час не выкарыстоўваўся, і толькі ў пачатку 90-х гадоў дваццатага стагодзьдзя ён ізноў заняў сваё месца.

У 1917 годзе завод быў нацыяналізаваны і стаў дзяржаўным прадпрыемствам. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён апынуўся адным зь нешматлікіх ацалелых аб’ектаў у горадзе Менску. Вытворчасьць прадукцыі тут не спынялася. Піўзавод «Беларусь», як ён тады зваўся, вырабляў тысячы дэкалітраў піва ў год.

У савецкі пэрыяд, нароўні з «агульнасаюзнай» маркай «Жыгулёўскае», піўзавод «Беларусь» выпускаў уласныя гатункі піва: «Сакавіцкае», «Граф Чапскі», «Траецкае», «Аксамітнае». Этыкеткі таго пэрыяду ўяўлялі сабой цэтлік на горлышку бутэлькі і саступалі цяперашняму пакаленьню этыкетак па ўзроўні дызайну, якасьці паліграфіі і аб’ёме прадстаўляемай інфармацыі.

Апошнія дзесяцігодзьдзі для завода былі вельмі цяжкімі. Пэрспэктыўным плянам разьвіцьця Мінхарчпрама БССР прадугледжвалася яго закрыцьцё, ані абсталяваньне, ані тэхналёгіі не абнаўляліся. У гэты час былі пабудаваныя буйныя піваварныя заводы ў Дражні (Менск), Бабруйску, Рэчыцы. Завод увайшоў у склад аб’яднаньня «Крыніца» і стаў непэрспэктыўным. Таму ва ўмовах пераходу эканомікі рэспублікі на рынкавыя адносіны пазыцыі заводу былі вельмі неспрыяльнымі. Знос асноўных фондаў перавышаў 90%. Тым ня менш калектыў прыняў адзіна магчымае для захаваньня калектыва і лепшых традыцыяў беларускага броварства рашэньне аб акцыянаваньні прадпрыемства.

У чэрвені 1994 году было атрыманае пасьведчаньне аб рэгістрацыі ААТ «Піўзавод Аліварыя». Быў вернуты дарэвалюцыйны гандлёвы знак — арол, які трымае бочку. Лягатып дапоўніла дата заснаваньня завода — 1864 год. Зьявіліся новыя назвы гатункаў піва. Некаторыя зь іх былі прадыктаваныя гісторыяй самога заводу: «Лекерт-1», «Лекерт-2», іншыя гатункі: «Граф Чапскі», «Траецкае», «Няміга», «Менскі Бровар».

Аліварскі белы квас з водарам рамонка і рэўня ў пляшцы з налепкай па-беларуску (2022 год)

У 2007—2013 гадах дырэктарам прадпрыемства быў Міхаіл Чэчанеў, пасьля яго «Аліварыю» ўзначаліў Дзяніс Шарсьценьнікаў[2].

У 2008 годзе кампанія зьмяніла бутэльку Аліварыі Экстра, у якой потым выйшлі новыя гатункі Белае золата і Аліварыя Porter. Выхад Аліварыі Porter быў прымеркаваны да 145-годзьдзя заводу. Таксама ў сьнежні 2008 году «Золотое» выпушчанае ў пляшцы.

  • «Аліварыя Безалкагольнае»
  • «Аліварыя Дзясятка»
  • «Аліварыя Залатое»
  • «Аліварыя Моцнае»
  • «Аліварыя Траецкае»
  • «Аліварыя Экстра»
  • «Аліварыя Белае золата»
  • «Аліварыя Porter»
  • «Аліварыя on ICE»
  • «Аліварыя LITE»
  • «Аліварыя Каляднае»
  • «Аліварыя Юбілейнае»
  • «Data 1864»
  • «Бровар Моцнае»
  • «Бровар Светлае»
  • «Бровар Класічнае»
  • «Бровар Хлебнае»
  • «Арсенал»
  • «Львівське 1715»
  • «Zatecky Gus Nefiltrovane z Taverny»
  • «Zatecky Gus Cerny»
  • «Zatecky Gus»
  • «Tuborg Green»
  • «Carlsberg»
  • «Holsten»
  • «Praha Pilsner»
  • «The Taste of Manchester»

Старыя гатункі (не выпускаюцца)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • «Граф Чапский»
  • «Легкое»
  • «Леккерт-1»
  • «Леккерт-2»
  • «Леккерт-люкс»
  • «Минский бровар»
  • «Народное»
  • «Немига»
  • «Немига оригинальное»
  • «Оливария Рождественское»
  • «Олимпийское»
  • «Особое»
  • «Столичное»
  • «Сябры»
  • «Темное»
  • «Фирменное»
  • «Янтарное»

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]