Перайсьці да зьместу

Ігар Лучанок

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ігар Лучанок
2010 г., Віцебск
Дата нараджэньня 6 жніўня 1938
Месца нараджэньня Менск, Беларуская ССР, СССР
Дата сьмерці 12 лістапада 2018 (80 гадоў)
Месца сьмерці Менск
Прычына сьмерці цэрэбраваскулярнае захворваньне[d]
Месца пахаваньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Прафэсія кампазытар
Месца працы
Гады дзейнасьці 1962—2018
Сябра ў Саюз кампазытараў СССР[d] і Беларускі саюз кампазытараў[d]
Жанры сымфанічны, камэрны
Інструмэнты піяніна, цымбалы
Супрацоўніцтва Ансамблі «Песьняры» і «Сябры», Віктар Вуячыч, Марыя Пахоменка, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова[1], Аляксандар Лягчылаў
Узнагароды

1-я прэмія Ўсесаюзнага конкурсу савецкай песьні (1966)[2], прэмія камсамолу Беларусі (1967), прэмія Ўсесаюзнага камсамолу (1972), Дзяржаўная прэмія Беларусі (1976)[3]

Ордэн Сяброўства народаў
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Францішка Скарыны
Ордэн Францішка Скарыны
[4][5]

І́гар Міха́йлавіч Лучано́к (6 жніўня 1938, Менск — 12 лістапада 2018, Менск) — беларускі кампазытар. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1973), народны артыст Беларусі (1982) і СССР (1987)[3], заслужаны дзяяч культуры Польшчы. Прафэсар. Ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, Менску і Сальску (Растоўская вобласьць, Расея)[4].

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і лекара Міхаіла (Міхася) Лукіча Лучанка і настаўніцы Аляксандры Герасімаўны, якія пабраліся шлюбам у 1931 годзе. Жылі ў здымным пакоі ў доме па Ігуменскім тракце (цяпер вул. Маякоўскага). Праз 38 дзён пасьля народзінаў сям’я пераехала ў пасёлак Пячэрск (Магілёўскі раён), бо бацька атрымаў накіраваньне на працу ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню. Да атрыманьня адукацыі лекара ў Беларускім мэдычным інстытуце бацька з 20 лютага 1926 г. працаваў скрыпачом у Беларускім вандроўным тэатры пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка[5]. Маці была родам з Бабруйска, паходзіла са шляхецкага роду Жукоў і скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «хімія і біялёгія». Зь лета 1940 г. да канца чэрвеня 1941 г. сям’я жыла ў Магілёве, у доме чыгуначнікаў на Першамайскай вуліцы. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны бацьку адправілі вайсковым лекарам 3-га рангу ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710 для ратаваньня параненых. Калі пачаліся нямецкія бамбав��ньні Магілёва, вярнуўся з маці і сястрой Ларысай у пасёлак Пячэрск (цяпер частка Магілёва). У ліпені 1941 г. зьехаў з маці і сястрой у станіцу Марозаўская (Растоўская вобласьць, Расейская СФСР). Зімавалі на бліжэйшым хутары Бакланава. У пачатку 1942 г. бацька перавёз сям’ю ў Сталінград, дзе некалькі дзён давялося начаваць на вакзале. Адтуль выехаў зь сям’ёй у Сальск (Растоўская вобласьць), куды бацьку накіравалі служыць вайсковым лекарам. Там пайшоў у 1-ю клясу чыгуначнай школы № 9[4].

На пачатку жніўня 1946 г. вярнуўся зь сям’ёй у таварным вагоне ў Беларусь, дзе бацька Міхаіл Лукіч пачаў працаваць лекарам у чыгуначнай амбуляторыі на станцыі Пухавічы і атрымаў жытло[2]. Адвучыўся з 2-й па 5-ю клясу ў Мар’інай Горцы (Пухавіцкі раён, Менская вобласьць), дзе ягоная сям’я жыла ў дзедавай хаце па вуліцы Фрунзэ, д. 73[1], якую бацька ў хуткім часе перавёз зь вёскі Язоўкі. Ад бацькі атрымаў першыя ўрокі музыкі, для чаго той набыў акардэон-чвэрць, цымбалы і чорнае піяніна[5]. У жніўні 1950 г. пераехаў на наёмную кватэру ў Менск, дзе паступіў у 6-ю клясу па цымбалах музычнай школы пры Дзяржаўным тэатры опэры і балету Беларусі[2]. Настаўнікам быў цымбаліст Аркадзь Астрамецкі, які стаў ляўрэатам 1-га Ўсесаюзнага агляду выканаўцаў на народных інстумэнтах. У 1951 г. бацькі самі пераехалі ў Менск, дзе атрымалі пакой па вул. Фрунзэ, д. 3[5]. У 1952 г., у 14 гадоў быў залічаны ў Дзяржаўны народны аркестар БССР, якім кіраваў Язэп Жыновіч[6]. У 9-й клясе застаўся на 2-і год, каб працягнуць навучаньне па клясе фартэпіяна[4] ў Рыгора Шаршэўскага. Затым паступіў у Рэспубліканскі ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе кампазыцыі[2] у Віктара Белага. За часам навучаньня ў Беларускай кансэрваторыі быў ленінскім стыпэндыятам[5].

У верасьні 1956 г. стаў піяністам толькі створанага Львом Молерам джазавага ансамблю, які праз 5,5 месяцаў рэпэтыцыяў даў адзіны канцэрт, прысьвечаны Дню Савецкай арміі, у менскім Доме афіцэраў у прысутнасьці маршала Сямёна Цімашэнкі. У 1961 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю па клясах кампазыцыі яе рэктара Анатоля Багатырова і піяніна Рыгора Шаршэўскага[6]. Па разьмеркаваньні да 1962 г. выкладаў у Гомельскай музычнай вучэльні, пасьля чаго лекаваўся ў Есентуках (Стаўрапольскі край, Расейская СФСР). Затым уладкаваўся на катэдру музыкі Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту. У 1963 г. на прапанову рэктара Беларускай кансэрваторыі Уладзімера Алоўнікава здаў іспыты ў Леніградзкую кансэрваторыю Дзьмітрыю Шастаковічу[5]. У 1965 г. скончыў асыстэнтуру-стажыроўку Ленінградзкай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Вадзіма Салманава і ўступіў у Саюз кампазытараў Беларусі. У кастрычніку 1967 г. пакінуў выкладаньне на катэдры кампазыцыі Беларускай кансэрваторыі (1300 гадзінаў) і паступіў у асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі. У 1970 г. скончыў асьпірантуру Маскоўскай кансэрваторыі пад кіраўніцтвам прафэсара Ціхана Хрэньнікава, які быў старшынём Саюза кампазытараў СССР[6].

З 1980 г. старшыня Беларускага саюза кампазытараў. У 1982—1986 гг. рэктар Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі[3]. У 1985 г. песьня «Майскі вальс» на ягоную музыку і словы Міхаіла Ясеня прагучала ў выкананьні Яраслава Еўдакімава на Ўсесаюзным тэлефэстывалі «Песьня году»[7]. У лютым 1985 г. стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. У 1989 г. — дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР[5]. У 1993 г. выступіў адным з ініцыятараў стварэньня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці.

За савецкім часам удзельнічаў у 3-х Сусьветных фэстывалях моладзі і студэнтаў у Бэрліне (Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка), Гаване (Куба) і Маскве. На Кубе сустракаўся з Фідэлем і Раўлем Кастра[4]. Да 2012 г. правёў 20 сольных канцэртаў у Маскве паводле сваіх твораў[1]. На 2016 г. перанёс 3 клінічныя сьмерці[5].

  • Жонка — Аляксандра (у дзявоцтве Чэканава), супрацоўніца музычнай школы

У песьнях пераважае рамантычная лірыка і вобразнасьць. Музыцы ўласьцівая мэлядычнасьць. Асноўныя творы:

  • кантаты «Курган» (1962) на словы Янкі Купалы, «Салдацкае сэрца» (1962), «Невядомы салдат» (кандыдацкая дысэртацыя, 1970) і «Зоры над соснамі» (1981);
  • паэмы «Гусьляр» (легенда, 1979) і сьпеўна-сымфанічная «Вайна не патрэбна» (1983);
  • увэрцюра-фантазія для сымфанічнага аркестра (1975), струнны квартэт, саната для габоя і фартэпіяна, прэлюдыя для фартэпіяна;
  • сьпеўныя цыклі «Сіні колер» (1965), трыпціх «Чалавеку патрэбна цішыня» (1966), баляды «Апасіяната» на словы Эдзі Агняцьвет (1969), «Авэ Марыя» на словы М.Алтухова (1973), цыкль рамансаў «О, Радзіма бацькоў» на вершы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Максіма Танка і Ніла Гілевіча (1980);
  • песьні «Памяць сэрца» (23 кастрычніка 1966 г., 1-я прэмія Ўсесаюзнага конкурсу савецкай песьні, ст.журы Леанід Уцёсаў)[5], «Мой родны кут», «Жураўлі на Палесьсе ляцяць», «Спадчына», «Алеся», «Вераніка», «Верасы» (Міжнародны фэстываль песьні ў Чылі), «Хатынь», «Каб камяні магл гаварыць», «Пісьмо з 45-га», «Зачарованая мая», «Майскі вальс», «Сьвітанак», «Белы бусел», «Я хаджу закаханы», «Пакуль на зямлі існуе каханьне», «Мар’іна Горка» і «Дарагія мае старыя»;
  • хары і творы для эстраднага аркестра, музыка для дзяцей і да драматычных спэктакляў, радыё- і тэлепастановак, тэле- і кінафільмаў[3].

У 2000 г. галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Ўладзімер Ліпскі выдаў кнігу «Басанож па зорках» (198 с.) пра Ігара Лучанка[4].

  1. ^ а б в Ніна Шчарбачэвіч. «Усё гэта — ад Бога, мамы і трох кансэрваторыяў» // Зьвязда : газэта. — 16 траўня 2012. — № 91 (27206). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г Раіса Марчук. Кампазытар зь вялікай літары // Літаратура і мастацтва : газэта. — 21 чэрвеня 2013. — № 24 (4722). — С. 16. — ISSN 0024-4686.
  3. ^ а б в г Іна Зубрыч. Лучанок // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9. — С. 378. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
  4. ^ а б в г д е ё Уладзімер Фалалееў. Ігар Лучанок: «Я дапамагаю ня толькі сябрам, але нават і ворагам» // Настаўніцкая газэта, 27 ліпеня 2013 г. Архіўная копія ад 22 ліпеня 2015 г. Праверана 8 жніўня 2017 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Зінові Прыгодзіч. Ігар Лучанок: «Мая палітыка ― гэта мае песьні» // Полымя : часопіс. — Верасень 2016. — № 9 (1043). — С. 145-158. — ISSN 0130-8068.
  6. ^ а б в Надзея Бунцэвіч. Так сьвецяць сонечныя промні // Культура : газэта. — 2 жніўня 2008. — № 31 (849).
  7. ^ Надзея Сербіненка, тэлеканал «Беларусь 1». У Мар’інай Горцы прайшоў фэстываль песьні і музыкі «Майскі вальс» // Белтэлерадыёкампанія, 17 траўня 2016 г. Архіўная копія ад 17 траўня 2016 г. Праверана 8 жніўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]