Эньё Марыконэ

італьянскі кампазытар і дырыгент

Э́ньё Марыко́нэ (па-італьянску: Ennio Morricone, [ˈɛnnjo morriˈkoːne]; 10 лістапада 1928, Рым, Каралеўства Італіі — 6 ліпеня 2020, Рым, Італія[7]) — італьянскі кампазытар, дырыгент. Рыцар Вялікага крыжа ордэна «За заслугі перад Італьянскай рэспублікай». Ляўрэат Ганаровай прэміі Акадэміі (2007), прэміі Акадэміі (2016), тры прэміі «Грэмі», тры «Залатыя Глёбусы», шэсьць «БАФТАў», дзесяць «Давідаў», адзінаццаць «Срэбных стужак», дзьве Эўрапейскія кінапрэміі, «Залаты леў» ды «Палярная музычная прэмія».

Эньё Марыконэ
Ennio Morricone
Эньё Марыконэ на Канскім кінафэстывалі-2012
Дата нараджэньня 10 лістапада 1928 (96 гадоў)
Месца нараджэньня Рым, Каралеўства Італіі
Дата сьмерці 6 ліпеня 2020(2020-07-06)[1][2][3][…] (91 год)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці пералом сьцягніцы[d][5]
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Прафэсія
  • кампазытар
  • дырыгент
  • музыка
  • прадусар
Навуковая сфэра музыка да фільму[d][6], television score[d][6], джаз[6] і музыка[6]
Месца працы
Гады дзейнасьці 1946 — 2020
Псэўданімы Dan Savio і Leo Nichols
Сябра ў The Ennio Morricone Orchestra[d]
Жанры
Інструмэнты
  • труба
  • фартэпіяна
Псэўданімы Dan Savio і Leo Nichols
Супрацоўніцтва Gruppo di Improvvisazione Nuova Consonanza
Рымскі сымфанічны аркестар
Бруна Нікаляі
Алесандра Алесандроні
Эда Дэль’Орса
Кура Савой
Сусана Рыгаччы
Міна
Ё-Ё Ма
Мірэй Мат’ё
Лэйблы Virgin Records[d]
Бацька Марыё Марыконэ[d]
Дзеці Андрэа Марыконэ[d] і Джаваньні Марыконэ[d]
Узна��ароды
Сайт enniomorricone.org
Подпіс Выява аўтографу

Склаў больш за 400 кампазыцыяў для кіно і тэлевізіі, больш за 100 клясычных твораў. Ягонае музычнае суправаджэньне да фільму «Добры, благі і злы» ўведзены ў Залю славы «Грэмі»[8]. Ягоная фільмаграфія налічвае каля 70 уганараваных прэміямі фільмаў, сярод якіх усе фільмы Сэрджа Леонэ; усе фільмы Джузэпэ Тарнаторэ; «Бітва за Альжыр»; фільмы іншых італьянскіх, францускіх, ангельскіх, амэрыканскіх рэжысэраў. Эньё Марыконэ складаў музыку для такіх выканаўцаў, як Пол Анка, Міны, Мільвы, Дзукера і Андрэы Бачэльлі. Напісаў музыку для Чэмпіянату сьвету па футболе 1978 року.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Эньё Марыконэ нарадзіўся ў Рыме ў сям’і Лібэры Рыдольфі і музыкі Марыё Марыконэ. Меў чатырох братоў і сёстраў. Бацька навучыў сына граць на розных інструмэнтах, і ў 1940 року Эньё паступіў у Нацыянальную акадэмію сьвятой Сэсыліі па клясе трубы. У 1946 року атрымаў дыплём трубача, у 1952 — дыплём па аранжаваньні, у 1954 — дыплём па складаньні мэлёдыяў.

Першыя кампазыцыі пачаў складаць для тэатру, таксама пісаў клясычную музыку для вакалу і фартэпіяна. З нагоды «Сьвятога 1950 году» напісаў вялікую групу песьняў пакланеньня для радыё. У 1953 пагадзіўся скласьці шэраг кампазыцыяў у амэрыканскім стылі для вячэрніх шоў, прадэманстраваўшы гнуткасьць і эклектызм, заўсёды прысутныя ў ягоным характары. Неўзабаве здабыў папулярнасьць дзякуючы стварэньню фонавай музыкі для радыёспэктакляў і перайшоў на складаньне фільмавай музыкі.

З 1956 граў у джаз-гурце і аранжаваў папулярныя песьні для італьянскай радыёвяшчальнай кампаніі RAI.

У 1961 року ўпершыню зьявіўся пад сваім імем як кампазытар фільму «Фэдэрал». Пасьля гэтага фільму ў яго наладзілася доўгае супрацоўніцтва з рэжысэрам Лючыяна Сальчэ.

Цягам кар’еры супрацоўнічаў з рознымі нацыянальнымі і міжнароднымі джазавымі і папулярнымі выканаўцамі. У 1963 разам з Робі Фэрантэ напісаў музыку для песьні «Ogni volta» («Кожны раз»), упершыню выкананай Полам Анкам на фэстывалі ў Санрэма ў 1964 року. Песьня разышлася па сьвеце трыма мільёнамі копіяў, мільён зь якіх — у адной Італіі.

Яшчэ адной пасьпяховай ягонай кампазыцыя стала «Se telefonando» ў выкананьні Міны, для якой Эньё Марыконэ выкарыстаў складанае аранжаваньне з камбінацыяй мэлядычных трубных кавалкаў, бубнаў у стылі Гаральда Саймана Блэйна, струннай партыі, жаночага эўрапоп-хору ды інтэнсіўных нізкагучных трамбонаў. Песьня дасягнула 7-га месца ў італьянскіх гіт-парадзе і цягам будучых дзесяцігодзьдзяў выконвалася рознымі сьпевакамі ў Італіі і за мяжой.

З 1964 року да распаду ў 1980 року ўваходзіў у склад «Gruppo di Improvvisazione di Nuova Consonanza» (G.I.N.C.), кампазытарскай суполкі, якая займалася авангарднымі імправізацыямі. Ансамбль уяўляў зь сябе лябараторыю імправізацыі і новых мэтадаў у музыцы. Яны выдалі сем альбомаў.

Паваротным пунктам у кар’еры Марыконэ стаў 1964 рок, калі яго наняў для стварэньня музыкі да фільму «За жменю даляраў» рэжысэр Сэрджа Леонэ. Фільм стаў самым касавым італьянскім фільмам на той час; у 1967 року ён быў прадстаўлены ў ЗША і значна папулярызаваў жанр гэтак званага «спагеці-вэстэрну». З гэтага фільму пачалося 20-гадовае супрацоўніцтва Эньё Марыконэ зь сябрам дзяцінства Алесандра Алесандроні ды ягоным гуртом «Cantori Moderni». Кампазытар напісаў музыку для наступных спагеці-вэстэрнаў «Даляравай трылёгіі»: «На некалькі даляраў болей» (1965) і «Добры, благі і злы» (1966). Нягледзячы на сьціплы бюджэт, «Даляравая трылёгія» мела пракатны посьпех, а музычнае суправаджэньне Марыконэ да апошняга фільму прадалося ў колькасьці трох мільёнаў асобнікаў.

Пасьля посьпеху з «Даляравай трылёгіяй» Марыконэ напісаў музыку да «Аднаго разу на Дзікім Захадзе» (1968) і «Прыгні галаву» (1971), а таксама да фільмаў, спрадусараваных Сэрджа Леонэ: «Маё імя Ніхто» (1973) і «Геній, два партнэры і лох» (1975). Альбом да «Аднаго разу на Дзікім Захадзе» прададзены ў колькасьці каля дзесяці мільёнаў асобнікаў, стаўшы адным з найлепшых інструмэнтальных альбомаў у сьвеце.

Акрамя супрацоўніцтва зь Леонэ, Марыконэ складаў музыку і для спагеці-вэстэрнаў такіх рэжысэраў, як Сэрджа Карбуччы, Сэрджа Саліма ды менш вядомых. Супрацоўніцтва Эньё Марыконэ й Сэрджа Леонэ лічыцца адным з узорных супрацоўніцтваў рэжысэра з кампазытарам. Апошняй іх супольнай працай стала гангстэрская драма «Аднаго разу ў Амэрыцы» (1984).

Займеўшы вядомасьць зь Леонэ, Марыконэ стаў у 1960-х запатрабаваным кампазытарам у італьянскім кінэматографе. Большасьць ягоных кампазыцыяў дзесяцігодзьдзя ня тычацца жанру спагеці-вэстэрну: ён з гуртом Алесанда Алесандроні напісаў музыку да фільмаў «Дурны сьвет» (1964), «Слалам» (1965) і «Слухайце, давайце рабіць любоў» (1967). У 1968 Марыконэ адмовіўся ад усялякіх праектаў па-за кіно і за год склаў музыку да 20 фільмаў.

За наступныя гады ён атрымаў прапановы ад розных рэжысэраў і напісаў музычнае суправаджэньне фільмаў «Кулакі ў кішэні» (1965) рэжысэра Марка Бэлёк’е, «Бітва за Альжыр» (1966) і «Кеймада!» (1969) Джыльлё Пантэкорва, «H2S» (1968) Рабэрта Фаэнцы, «Сака і Ванцэцьці» (1971) Джуліяна Мантальда, «Бывай, жорсткі брат» (1971) Джузэпэ Патроні Грыфі, «Факты пра добрых людзей» (1971) Маўра Баляньіні, «Мілян ненавідзіць: паліцыя ня можа страляць» (1974) Умбэрта Ленцы, «Салё, або 120 дзён Садому» (1975) П’ера Пааля Пазаліні, «XX стагодзьдзе» (1976) Бэрнарда Бэрталюччы ды «Ключ» (1983) Тынта Браса.

Дзякуючы посьпеху ў ЗША «Даляравай трылёгіі» Эньё Марыконэ быў запрошаны на працу з галівудзкімі рэжысэрамі. Першым ягоным фільмам стаў рэлігійны эпічны «Біблія: У пачатку…» (1966) Джона Г’юстана. У 1970 року Марыконэ напісаў музыку да вэстэрну «Два мулы для сястры Сары» і сэрыялу-вэстэрну «Вірджынец». Цягам 1970-х рокаў стварыў музычнае суправаджэньне яшчэ да некалькіх амэрыканскіх фільмаў розных жанраў, ніколі не пакідаючы Рыму і не авалодаўшы ангельскай мовай.

Толькі фільм 1978 року «Дні нябёсаў» Тэрэнса Маліка прынёс вядомаму ўжо кампазытару першую намінацыю на прэмію Акадэміі 1979 року. Самым пасьпяховым і працяглым супрацоўніцтвам у ангельскамоўным кінэматографе Марыконэ сталі 1980-я гады, у асаблівасьці з рэжысэрам Ралянам Жафэ, для якога кампазытар напісаў адзін з самых сваіх вядомых саўндтрэкаў, «Місія» да аднайменнага фільму (1986). За гэтую працу Марыконэ другім разам быў намінаваны на «Оскар». Эньё Марыконэ напісаў музыку яшчэ для трох фільмаў Жафэ.

Музыка да фільму «Недатыкальныя» Браяна дэ Пальмы (1987) прынесла Марыконэ трэцюю намінацыю на «Оскар».

 
Маўра Маўр & Эньё Марыконэ - Форум Студыі - Рым

У 1987 року Марыконэ разам з гуртом «Pet Shop Boys» склаў песьню «It Couldn’t Happen Here». Сярод іншых значных кампазыцыяў для міжнародных выканаўцаў: La metà di me ды Immagina (1988) для Руджэра Раймондзі, Libera l’amore (1989) для Дзукера, Love Affair (1994) для К. Д. Лэнг, Ha fatto un sogno (1997) для Антанэльля Вэндыцьці, Di Più (1997) для Тыцыяны Тоскі Данаці, Come un fiume tu (1998), Un Canto (1998) і Conradian (2006) для Андрэа Бачэльлі, Ricordare (1998) і Salmo (2000) для Анджэлё Брандуардзі, My heart and I (2001) для Стынга.

З 1988 року пачаў пладавітае супрацоўніцтва зь італьянскім рэжысэрам Джузэпэ Тарнаторэ. Іхні першы фільм «Новы кінатэатар „Парадыза“» заваяваў спэцыяльны прыз журы Канскага кінафэстывалю-1989 і прэмію Акадэміі за найлепшы фільм замежнай мовай; Марыконэ з сынам Андрэа атрымалі прэмію БАФТА, а Эньё дадаткова яшчэ прэмію «Давід ды Данатэльлё». Пасьля посьпеху «Кінатэатру „Парадыза“» Марыконэ пісаў музыку да ўсіх фільмаў Тарнаторэ, атрымаў за іх некалькі прэміяў, «Залаты глёбус за найлепшую музыку да фільму» і пятую намінацыю на прэмію Акадэміі.

Эньё Марыконэ складаў музыку для тэлеперадачаў, дакумэнтальных фільмаў і тэлесэрыялаў, у прыватнасьці да двухразовага ляўрэата Прайтаймавай прэміі Эмі «Марка Полё» (1982), 2-га — 10-га сэзонаў сэрыялу «Спрут» (1985—2001), «Караль: Чалавек, які стаў Папам» (2005), «Караль: Папа і чалавек» (2006). З 2004 року займаўся практычна толькі музыкай для тэлефільмаў і тэлесэрыялаў.

Агулам за шэсьцьдзясят гадоў творчасьці Эньё Марыконэ напісаў 500 музычных суправаджэньняў да фільмаў і тэлесэрыялаў; акрамя таго, ягоная музыка выкарыстаная ў больш як 150 іншых фільмах. Першы «Оскар» ён атрым��ў у 87-гадовым веку за музыку да фільму Квэнтына Тарантына «Ненавісная восемка» (2016). Памёр 6 ліпеня 2020 году.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць