Харчовая прамысловасьць
Харчовая прамысловасьць — галіна вытворчасьці харчаваньня, мыла і мыйных сродкаў, касмэтыкі і парфумэрыі, а таксама тытунёвых вырабаў.
Падкляса ад | прамысловая вытворчасьць, прамысловасьць спажывецкіх тавараў, аграбізнэс |
---|---|
Частка ад | падразьдзяленьне ў клясыфікацыі вытворчай дзейнасьці |
Галіна | вытворчасьць ежы, ежа і вытворныя вырабы |
Вырабляе | ежа |
Код NAF | 10 |
Код МСГК 4 | 10 |
На 2003 год была найбольш разьвітай у ЗША, Францыі, Нямеччыне, Італіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Расеі, Вугоршчыне, Польшчы і Кітаі[1].
Галіны
рэдагавацьНайбольшымі галінамі харчовай прамысловасьці былі:
Беларусь
рэдагавацьНа пачатку ХІХ стагодзьдзя ў Беларусі зьявіліся прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. У 1830-я гады зьявіліся цукровая прамысловасьць у панскіх маёнтках на поўдні Магілёўскай і Менскай губэрняў. У 1859—1860 гадох вырабілі 672,9 тонаў цукру. Разьвіцьцё земляробства садзейнічала росту перапрацоўкі мясцовай сыравін��. Пераважалі сьпіртавыя і гарэлачныя заводы, бровары і маслабойні, крухмала-патачныя і тытунёвыя заводы, млыны і крупадзёркі[2]. На 1860 год існавала 33 цукровых і 32 тытунёвыя заводы. У Віцебску і Менску наладзілі вытворчасьць каўбасы. На 1900 год дзейнічала 552 харчовыя заводы, у тым ліку 12 крухмальных[1]. Да канца ХІХ стагодзьдзя скарацілася мукамольная прамысловасьць і зьнікла цукровая прамысловасьць[2].
У пачатку ХХ стагодзьдзя ўзьніклі манаполіі: «Заходняе акцыйнае таварыства дрожджа-вінакурнай і сельскагаспадарчай вытворчасьці», сындыкат піваварных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю ў Воршы (Магілёўская губэрня) і бровар «Багемія» ў Менску (да 1906 году). У 1913 годзе на землях 5 беларускіх губэрняў было 568 сьпіртавых, 33 крухмальныя і 19 тытунёва-махорачных заводаў. Найбольш разьвітымі былі сьпіртавая, гарэлачная, піваварная, дражджавая і мукамольна-крупяная прамысловасьць[2]. У 1913 годзе агулам працавала 778 харчовых прадпрыемстваў, якія давалі 40,7 % валавай вытворчасьці прамысловасьці. Звыш паловы вытворчасьці прыпадала на вінакурна-гарэлачную і тытунёвую прамысловасьць[1].
У 1927 годзе ў Гомлі пабудавалі кандытарскую фабрыку «Спартак». У 1928 годзе запусьцілі «Менскі малочны завод». У 1930 годзе адчынілі «Аршанскі мясакамбінат» і кандытарскую фабрыку «Чырвоны харчавік» у Бабруйску. У 1931 годзе ўзьвялі макаронную фабрыку ў Барысаве і кандытарскую фабрыку «Камунарка» ў Менску. У 1932 годзе пабудавалі «Гомельскі маргарынавы завод». У 1937 годзе адчынілі «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат»[2]. У 1940 годзе на харчовыя заводы прыпала 27,1 % прамысловай вытворчасьці і харчовая прамысловасьць працягвала займаць 1-е месца сярод галінаў прамысловасьці[1].
Да 1960 году аднавіўся даваенны ўзровень вытворчасьці харчаваньня і ўзьнікла прамысловасьць харчовых канцэнтратаў[1]. Пабудавалі птушка- і мясакамбінаты ў Бабруйску, Баранавічах, Ваўкавыску, Віцебску, Воршы, Берасьці, Горадні, Магілёве, Маладэчне, Менску, Пінску і Полацку. Узьвялі малочнакансэрвавыя камбінаты ў Лепелі, Ваўкавыску, Глыбокім і Лідзе. Запусьцілі сыраробныя заводы ў Бярозе, Гомлі, Магілёве, Слуцку і Полацку. Сярод іншага, збудавалі бровары ў Гомлі і Магілёве, а таксама кансэрвава-агароднінасушыльныя камбінаты ў Быхаве і Ганцавічах. Запусьцілі цукровыя заводы ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідалі і Слуцку. У 1970—1980-я гады пабудавалі рыба- і мясаперапрацоўчыя заводы ў Менску, мясакамбінаты ў Жлобіне і Бярозе, а таксама бровары ў Бабруйску і Рэчыцы. Сярод іншага, узьвялі «Берасьцейскі малаказавод» і «Шумілінскі сыраробны завод»[1]. На пачатак 1990 году налічвалася каля 300 харчовых заводаў, якія давалі каля 20 % валавой вытворчасьці прамысловасьці Беларусі[1].
На 2001 год сярод 475 харчовых прадпрыемстваў краіны найбольшымі былі: «Менскі гарадзкі малочны завод № 3», «Менскі маргарынавы завод», «Менскі мясакамбінат», кандытарская фабр��ка «Камунарка», «Барысаўская макаронная фабрыка», «Слуцкі мясакамбінат», «Чырвоны харчавік» (Бабруйск), «Лідзкі завод харчовых канцэнтратаў» (Гарадзенская вобласьць), «Мазырскі солевыварны камбінат» (Гомельская вобласьць), «Бярозаўскі сыраробны камбінат» (Берасьцейская вобласьць), «Бярозаўскі мясакансэрвавы камбінат» і «Магілёўскі жэлятынавы завод». Абсталяваньне для харчовай прамысловасьці Беларусі выраблялі як унутры краіны, гэтак і пастаўлялі пераважна з суседніх Польшчы, Расеі і Ўкраіны, а таксама зь Нямеччыны[1]. Абсталяваньне для харчовых заводаў выпускалі «Машхарчпрад» (Мар'іна Горка), «Гандальмаш» (Баранавічы), «Харчмаш» (Менск), «Тэхнапрыбор» (Гомель), «Машхарчпрад» (Мар'іна Горка), «Атлянт» (Менск) і «Гарадзенскі завод гандлёвага машынабудаваньня»[1]. Большасьць сыравіны забясьпечвала сельская гаспадарка Беларусі. З-за мяжы на той час для патрэбаў перапрацоўкі завозілі агар, алей, вінаград, гарбату, каву, какаву, кукурузны крухмал, марскую рыбу, солад, цукар-сырэц і хмель. Большасьць вырабленага тады харчаваньня спажывалі ўнутры Беларусі. У 2000 годзе доля харчовай прамысловасьці ў беларускім экспарце склала 3,2 %[1].
У 2002 годзе харчовая прамысловасьць Беларусі дала 18,3 % абсягу прамысловай вытворчасьці краіны. Звыш паловы з 478 прадпрыемстваў галіны ўваходзіла ў канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У прыватнай уласнасьці знаходзілася 72 % такіх прадпрыемстваў, якія вырабілі 68,7 % абсягу харчовых тавараў. На 29 паноўных прадпрыемстваў прыпадала 23,4 % вытворчасьці. Знос асноўных вытворчых сродкаў у галіне быў адным з найніжэйшых у прамысловасьці Беларусі і складаў 46,8 %. Сярэднегадавая колькасьць вытворчага пэрсаналу складала 127 000 супрацоўнікаў. Прадпрыемствы 20 падгалінаў выпускалі звыш 3000 харчовых вырабаў. У 2002 годзе вырабілі тавараў на 4,571 трлн рублёў. У 2002 годзе перабудавалі Гарадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман». У 2000-я гады ў харчовай прамысловасьці Беларусі асвоілі мэмбранную і ўльтрагукавую апрацоўку сыравіны для скарачэньня адкідаў і даўжэйшага захаваньня вырабаў. Пашырылі выпуск функцыянальнага харчаваньня, у тым ліку прабіётыкаў, абястлушчаных вырабаў бяз цукру і ежы хуткага прыгатаваньня[2] (2,38 млрд даляраў)[3]. Рэнтабэльнасьць продажу харчаваньня была адной з найвышэйшых у прамысловасьці краіны і складала 5,4 %[2].
У 2001 годзе на душу насельніцтва Беларусі прыпадала: 96,3 кг малака, 77,1 кг хлеба, 71,1 кг мукі, 65,5 кг цукру, 36,7 кг мяса, 15,6 кг каўбасы, 14 кг ласункаў, 6,7 кг масла, 4,8 кг сыру, 4,7 кг мясных паўфабрыкатаў, 2,7 кг крупаў, 2,1 кг макароны, 1,8 кг алею і 1,7 кг маргарыну. Вядучая роля належала мясной, малочнай і лікёра-гарэлачнай галінам харчовай прамысловасьці, што было абумоўлена харчовымі патрэбамі насельніцтва і сыравіннай базай. У 2002 годзе доля харчаваньня ў вывазе тавараў склала 7,9 %. Пры гэтым у яго вывазе 53,9 % прыпала на цукар, 19,6 % — на ласункі (найбольш «Чырвоны харчавік» і «Слодыч»), 9,3 % — на солад («Белсолад»), малочныя кансэрвы і сухое малако (найбольш «Рагачоўскі малочна-кансэрвавы камбінат») і 1,8 % — піва. Звыш паловы вывазу харчаваньня накіравалі ў Расею. За мяжу паставілі 332,1 тыс. тонаў цукру, 73,1 тыс. т соладу, 57,6 тыс. т малочных кансэрваў, 28,3 тыс. т сыру і тварагу, 25,9 тыс. т ласункаў, а таксама 57,3 млн літраў піва. За 2002 год у Беларусь увезьлі 592,4 тыс. тонаў цукру з Бразыліі, Кубы, Тайлянду і Расеі, 75,5 тыс. т сланечнікавага алею з Расеі і Ўкраіны, 47,6 тыс. т сокаў зь Летувы, Малдовы, Расеі і Ўкраіны, а таксама 6,025 млрд тытунёвых вырабаў[2].
Кадры для харчовай прамысловасьці рыхтаваў Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт харчаваньня. Разьвіцьцю навуковых распрацовак у галіне спрыялі: «Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці», «Навукова-практычны цэнтар харчаваньня», Праектна-тэхналягічны інстытут хлебапрадуктаў, «Інстытут рыбнай гаспадаркі», «Плодаагароднінапраект» і «Белдзіпрахарчпрам»[2].
За 2016—2019 гады найбольш заўважна вырасла вытворчасьць алею на 180 % да 417 тыс. тонаў, мясных паўфабрыкатаў на 45 % да 226 тыс. т, рыбапрадуктаў на 38 % да 127 тыс. т і сыроў на 27 % да 244 тыс. т, а таксама мяса на 11 % да 1,175 млн т. Найбольш упала вытворчасьць мукі на 32 % да 542 тыс. т, крухмалу на 20 % да 17 тыс. т і макароны на 14 % да 37,8 тыс. т[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е ё ж з і к Харчовая прамысловасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 554. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
- ^ а б в г д е ё ж Пётар Рогач. Харчовая прамысловасьць // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 333—337. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
- ^ Афіцыйныя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўстанаўліваюцца штодзённа, на 31.12.2002 (1920 рублёў за даляр) // Нацыянальны банк Беларусі, 31 сьнежня 2002 г. Праверана 22 сьнежня 2024 г.
- ^ Кандраценка С. А., Піліпук А. У. Харчовая і перапрацоўчая прамысловасьць // Сайт «Беларуская энцыкляпэдыя», 23 траўня 2024 г. Праверана 22 сьнежня 2024 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |