Удмурцкая мова

уральская мова

Удму́рцкая мо́ва — мова ўдмуртаў, што жывуць ва Ўдмуртыі, Башкартастане, Татарстане, Марый Эл, Пермскім краі, Кіраўскай і Сьвярдлоўскай абласьцёх.

Удмурцкая мова
Удмурт кыл
Ужываецца ў Расеі
Рэгіён Удмуртыя, Башкартастан, Татарстан, Марый Эл
Колькасьць карыстальнікаў ~320 000 чал.
Клясыфікацыя Уральская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Рэспубліцы Ўдмуртыя (суб’ект РФ)
Рэгулюецца Удмурцкім Інстытутам гісторыі, мовы ды літаратуры Ўдмурцкага аддзяленьня РАН
Статус: 6b Пад пагрозай[d][1]
Пісьмо кірыліца і Udmurt alphabets[d]
Коды мовы
ISO 639-2(Б) udm
ISO 639-2(Т) udm
ISO 639-3 udm

Агульная характарыстыка мовы

рэдагаваць

На ўдмурцкай мове паводле расейскага перапісу насельніцтва 2010 г.[2] размаўляе прыкладна 324 тыс. чал. у Расеі.

Удмурцкая мова адносіцца да пермскае ґрупы фіна-вугорскіх моваў уральскае моўнае сям’і. Дыялекталяґічна падпадзяляецца на паўночны, бесярманскі (мова бесярманаў) і паўднёвы дыялект. Таксама зьяўляецца адметнай ґрупа цэнтральных пераходных гаворак паміж паўночным і паўдзёным дыялектам. Удмурцкая мова мае адрозьненьні ад іншых моваў пермскае ґрупы (комі-зыранская, комі-пярмяцкая й комі-язьвінская мовы) дзякуючы націску на апошнім складзе слова, некаторымі асаблівасьцямі марфалёгіі дзеясловаў, наяўнасьцю дзьвюх формаў спражэньня. У лексыцы удмурцкае мовы шмат татарскіх і расейскіх запазычаньняў. Пісьменнасьць з 2-й паловы XIX стагодзьдзя на кірылічнай ґрафічнай аснове. Дарэвалюцыйная літаратура на ўдмурцкай мове выдавалася на розных дыялектах. Сучасная літаратурная мова базуецца на прамяжковым варыянце паўночнага і паўднёвага дыялектаў з улікам асаблівасьцяў цэнтральных гаворак.

Удмурцкі альфабэт і пісьмовасьць

рэдагаваць

Першыя запісы па-ўдмурцку датуюцца XVIII стагодзьдзем: гэта былі першыя спробы пасьлядоўнага фанэтычнага запісу ўдмурцкіх словаў і выразаў кірылічным альбо лацінскім альфабэтам, аднак у пазьнейшыя часы сыстэма запісу ўдмурцкае мовы амаль заўсёды базавалася на кірылічнай аснове. Прыкладна з другое паловы ХІХ ст. пачынаецца друк кнігаў па-ў��мурцку і зь 90-ых гадоў таго ж стагодзьдзя ўдмурцкая пісьмовасьць амаль канчаткова набывае сучасны выгляд. Сучасны ўдмурцкі альфабэт складаецца з традыцыйных 33 літараў расейскага альфабэту і 5 дадатковых літараў Ӝ ӝ, Ӟ ӟ, Ӥ ӥ, Ӧ ӧ, Ӵ ӵ, якія адлюстроўваюць спэцыфічныя ўдмурцкія гукі, не ўласьцівыя расейскай мове.

Удмурцкая літаратура

рэдагаваць
 
Удмурцкі лемантар 1898 р.

У ХІХ стагодзьдзі зарадзілася ўдмурцкая літаратура, якая разьвівалася й ґрунтавалася на аснове розных дыялектаў. У 1847 годзе былі выдадзеныя першыя кнігі па-ўдмурцку.

Клясыкамі ўдмурцкае літаратуры традыцыйна лічацца паэты Рыгор Верашчагін, Кузьма Чайнікаў (псэўданім Кузёбай Герд), Якіліна Векшына (псэўданім Ашальчы Акі) і празаікі Карэпанаў Дзьмітры Іванавіч (псэўданім Кедра Мітрэй), М. П. Пятроў і Г. Д. Красільнікаў. Грамадзкая арґанізацыя ўдмурцкіх пісьменьнікаў дзейнічае з 1934 г.

Удмурцкі альфабэт у сучасным яго выглядзе

рэдагаваць
А а Б б В в Г г Д д Е е Ё ё
Ж ж Ӝ ӝ З з Ӟ ӟ И и Ӥ ӥ Й й
К к Л л М м Н н О о Ӧ ӧ П п
Р р С с Т т У у Ф ф Х х Ц ц
Ч ч Ӵ ӵ Ш ш Щ щ Ъ ъ Ы ы Ь ь
Э э Ю ю Я я

Тлумачэньне некаторых спэцыфічных літараў удмурцкае мовы:

Літара Тлумачэньне Беларускі адпаведнік
Г г Выбухны гук г, адпаведны расейскаму «г» Адпавядае беларускаму выбухному г (літара «ґ»)
Ӝ ӝ Цьвёрдая зычная Адпавядае беларускаму спалучэньню «дж»
Ӟ ӟ Мяккая або цьвёрдая зычная Гук, падобны на беларускае спалучэньне «дз», вымаўляецца прыкладна як дьзь або дзь
И и Галосная Як і расейская «и», адпавядае па вымаўленьню беларускаму «і»
Ӥ ӥ Галосная пярэдняга шэрагу [і] без памякчэньня наступнага зычнага Беларускіх аналяґаў ня мае
Ӧ ӧ Галосная Прыкладна адпавядае нямецкаму «ö». Беларускіх аналяґаў ня мае.
Ч ч Мяккая зычная Адпавядае расейскаму «ч» і вымаўляецца як чь. Беларускіх аналяґаў ня мае
Ӵ ӵ Цьвёрдая зычная Адпавядае беларускаму гуку «ч»
Щ щ Мяккая зычная Адпавядае ідэнтычная расейскаму «щ» і вымаўляецца як шь. Беларускіх аналяґаў ня мае.
Ъ ъ Не абазначае гука Адпавядае беларускаму знаку «апостраф»

Грамадзка-палітычнае ўжываньне мовы

рэдагаваць

Заканадаўчы статус

рэдагаваць

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Ўдмуртыя, нароўні з расейскай зьяўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Ўдмуртыя[3] (рас.).

Грамадзкае жыцьцё

рэдагаваць
  • Тэлерадыёкампаніі «Удмуртия» (бел. «Удмуртыя») і «Мынам Удмуртие» (бел. «Мая Ўдмуртыя»)
  • Ґазэты «Ошмес» (бел. «Крыніца»), «Светлый путь» (бел. «Сьветлы шлях»), «Удмурт дунне» (бел. «Удмурцкі сьвет»), раённыя ґазэты
  • Фільмы «Узы-Боры» (бел. «Ягада-Трускаўка»), «Цень Аланґасара», «Суперніцы».

У Інтэрнэце

рэдагаваць

Удмурцкі нацыянальны інтэрнэт (Удмуртнэт) у сілу псіхаляґічных, сацыяльна-эканамічных, моўных, інфармацыйных, бюракратычных і грамадзкіх прычынаў зьяўляецца слаба й недастаткова разьвітым

Першым сайтам Удмуртнэту лічыцца Інтэрнэт-старонка братоў Пятровых з пас. Курчум-Нор’я (Малапургінскі раён Рэспублікі Ўдмуртыя), створаная ў 2001 годзе. Зараз Удмуртнэт — гэта пераважна культурныя праекты — «Удмурталёґія», «Удмурцкая мова», «Удмурцкія вершы» (браты Пятровы), Удмурцкая энцыкляпэдыя Удмурт элькун, «Усё нашае жыцьцё — Гульня» (прыватны сайт Сяргея і Веры Чырковых, прысьвечаны ўдмурцкай культуры). З астатніх сайтаў вылучаецца «Удмурталёґія» (аўтар Дзяніс Сахарных, Іжэўск, Удмуртыя) дзякуючы аб’яднаньнем адразу некалькіх аўтарскіх праектаў, у тым ліку і Ошмесдинь (старонка, прысьвечаная істоце ўдмурцкае міталёґіі Шудбурдинь. Існуе Вікіпэдыя па-ўдмурцку.

Варта адзначыць, што большасць удмуртамоўных сайтаў створаныя й падтрымліваюцца на грошы іх уладальнікаў, а некаторыя нават хост-адрас маюць па-за межамі Расейскае Фэдэрацыі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць