Скіргайла

(1354—1394) сын Альгерда, князь полацкі, троцкі, кіеўскі

Скіргайла Альгердавіч (у праваслаўі Іван; каля 1354 — 23 сьнежня 1394?[a], Кіеў) — князь троцкі (1382—1392), полацкі (1377—1381 і ад 1387) і кіеўскі (ад 1393)[2]. У 1386—1392 гадох быў намесьнікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Скіргайла
лац. Skirgajła / Skirhajła
Скіргайла (уяўны партрэт)
Князь полацкі
1377 — 1381
Князь троцкі
1382 — 1392
Князь кіеўскі
1395 — 1397
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1354(1354),
Памёр 1397(1397),
Дынастыя Гедзімінавічы
Бацька Альгерд
Маці Ульляна

Скіра (Scira) і Гайла (Gailo) — імёны германскага паходжаньня[3]. Іменная аснова скер- (скір-) (імёны ліцьвінаў Скерэль, Скіран, Скірмунт; германскія імёны Skerilo, Scerun, Sciremunt) паходзіць ад гоцкага skeirs 'ясны, чысты'[4], а аснова -гайл- (-гал-, -гел-) (імёны ліцьвінаў Відзігайла, Інгела, Монтгайла; германскія імёны Widigail, Ingeila, Montigel) — ад гоцкага і бургундзкага gails 'жвавы, свавольны, ганарысты'[5]. Такім парадкам, імя Скіргайла азначае «чыстая жвавасьць»[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Skirgal (6 ліпеня 1382 году[7], Мэмарыял Вітаўта[8]); Skirgallo (14 чэрвеня 1384 году)[9]; Skirgalone (14 жніўня 1385 году)[10]; Скиргайло[11][12], братъ нашь князь Скиригайло[11][13] (1387 год); Skirgalone Troczensi[14], Skargalone Trocensi[15] (17 лютага 1387 году); Skirgalone Trocensi (22 лютага 1387 году)[16]; Nos Schirgalo Dei gracia dux Lithuanie et dominus Tracensis et Polocensis etc. (12 лістапада 1388 году[17])[18]; Skirgalone (14 траўня 1389 году)[19]; dux Skirgalus (23 траўня 1390 году)[20]; Skyrgallo (да 5 жніўня 1392 году)[21]; Skirgello (1394 год)[11]; Schirgal (Хроніка Віганда)[22]; Schirgail (да 1416 году)[23]; Скиригайло Олгердовичь (Наўгародзкі чацьверты летапіс[24] і Сафійскі першы летапіс[25]).

Біяграфія

рэдагаваць
 
Прарысоўка пячаці Скіргайлы[26] (Пагоня з рознаканцовым крыжам)

Сын Альгерда і Ўльляны Цьвярской. Быў найбольш адданым паплечнікам свайго роднага брата Ягайлы.

У 1374—1375 гадох ваяваў з крыжакамі. Па выгнаньні з Полацку Андрэя Альгердавіча (1377 год) — князь полацкі. У 1379 годзе езьдзіў зь місіяй у некаторыя краіны Эўропы, дзе абмяркоўваў умовы хрышчэньня Літвы. Падчас перамоваў з Тэўтонскім Ордэнам, імаверна, спрычыніўся да складаньня Давыдзіскае дамовы. У 1381 годзе палачане, незадаволеныя паганствам Скіргайлы, выгналі яго з княжаньня. На чале войска Ягайлы й з дапамогай Інфлянцкага Ордэну атачыў Полацак, але ўзяць ня здолеў. Тады ж прыняў праваслаўе зь імем Іван.

Па захопе ўлады Кейстутам у канцы 1381 году і пераходу да таго войска Скіргайлы ўцёк у Інфлянты. Улетку 1382 году браў удзел у аблозе Кейстута ў Троках, зьняволіў таго ў часе перамоваў, перавёз у Крэўскі замак, дзе й забіў. За гэта, пэўна, атрымаў Троцкае княства. Стаў такім чынам другой асобай у дзяржаве.

У 1384 годзе падчас вайны з Ордэнам адваяваў Трокі. У 1385 годзе ўзначальваў дыпляматычную місію ў Польшчу, вынікам якой было складаньне шлюбу паміж Ягайлам і польскай каралевай Ядзьвігай і каранацыя Ягайлы на польскае каралеўства. У часе падпісаньня акту Крэўскае уніі (1385) дамогся за сабой права застацца праваслаўным. На думку некаторых гісторыкаў (Ежы Ахманскі й іншыя), у 1386—1392 гадох быў вялікім князем літоўскім, на думку ж іншых (М. Дучмаль, іншыя) выконваў функцыі намесьніка Ягайлы ў ВКЛ.

У 1386 годзе разьбіў у Амсьціслаўскай бітве смаленскага князя Сьвятаслава Іванавіча, падначаліўшы такім чынам ВКЛ Смаленскае княства. Увесну 1387 годзе захапіў Полацак і выгнаў адтуль Андрэя Альгердавіча. 28 красавіка 1387 году атрымаў прывілей на валоданьне Полацкім, а таксама Менскім і Сьвіслацкім княствамі з гарадамі Бабруйск, Ігумен, Лагойск, Любашаны, Любеч, Менск, Прапойск, Рэчыца, Сьвіслач. Ад 1388 году ваяваў зь Вітаўтам.

З падпісаньнем у 1392 годзе Востраўскага пагадненьня паміж Вітаўтам і Ягайлам перастаў кіраваць ВКЛ і страціў Троцкае княства (у знак кампэнсацыі яму было паабяцанае Кіеўскае княства). У пачатку 1393 году разам зь Вітаўтам захапіў Віцебск, паланіўшы Сьвідрыгайлу, які гаспадарыў там. Увесну й увосень 1393 году яму былі нададзеныя адабраныя ў Уладзімера Альгердавіча адпаведна Жытомір з Оўручам і Кіеў. У кастрычніку — лістападзе 1393 году браў удзел у паходзе Вітаўта на Падольле, захапіў Чаркасы й Зьвянігарад.

Паводле некаторых зьвестак, Скіргайлу атруціў мітрапальнічы намесьнік Фама. Пахавалі князя ў Кіева-Пячэрскай лаўры[27].

  1. ^ Паводле іншых зьвестак, 11 студзеня 1397 году
  1. ^ а б в г Скиргайлло (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1900. — Т. XXX. — С. 199.
  2. ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 321.
  3. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 567, 1308.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 18.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 25.
  7. ^ Бражольский договор о перемирии между ВКЛ и Тевтонским орденом (июль 1382), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  8. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 264—266.
  9. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 5.
  10. ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 3.
  11. ^ а б в Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 193.
  12. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 74.
  13. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 75.
  14. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 6.
  15. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 8.
  16. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 14.
  17. ^ Гарантия князя Скиргайла на соблюдение перемирия с Тевтонским орденом (1388), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  18. ^ Codex diplomaticus Lithuaniae, 1253—1433. — Vratislaviae, 1845. P. 48.
  19. ^ Codex diplomaticus Poloniae. T. 2. — Varsaviae, 1852. P. 772.
  20. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 23.
  21. ^ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji Wilenskiej. T. 1, z. 1: 1387—1468. — Kraków, 1932. S. 38.
  22. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 591—593, 607, 614, 616—620, 626—629, 632—634, 639—640, 642, 645.
  23. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 1025—1026.
  24. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 92.
  25. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 239.
  26. ^ Бохан Ю. Н., Темушев С. Н. История Беларуси» 6-й класс. Ч. 2. — Минск: Изд. центр БГУ, 2016. С. 38.
  27. ^ Пазднякоў В. Скіргайла // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 582.

Літаратура

рэдагаваць