Праведнік народаў сьвету

ганаровае званьне Ізраілю, створанае ў лютым 1963 году
(Перанакіравана з «Праведніца народаў сьвету»)

«Пра́веднік наро́даў сьве́ту» — ганаровае званьне Ізраілю, заснаванае ў лютым 1963 году.

«Праведнік народаў сьвету»
Арыгінальная назва іўр. חסיד אומות העולם
Дэвіз «Чалавек, які выратаваў адно жыцьцё, выратаваў усё чалавецтва»
Краіна Ізраіль
Тып мэдаль
Каму ўручаецца негабрэям
Падставы ўзнагароджаньня ратаваньне жыдоў падчас Галакосту
Статус уручаецца
Статыстыка
Дата заснаваньня 1 лютага 1963 (61 год таму)
Колькасьць 27 000 (26 кастрычніка 2018)

Прысуджаецца Міжнароднай школай вывучэньня Галакосту «Памяць і імя» ў Ерусаліме негабрэям, якія ратавалі жыдоў падчас Галакосту. Улічваюцца 4 віды дапамогі, засьведчаныя ўратаваным: 1) садзеяньне паездцы ў бясьпечнае месца, 2) наданьне пасьведчаньня аб хрышчэньні для выдачы за іншую асобу, 3) наданьне прытулку ад пагрозы; 4) усынаўленьне[1]. Прадугледжвае ўзнагароджаньне дыплёмам і мэдалём. Дае права на грамадзянства Ізраілю і пэнсію[2].

Гісторыя

рэдагаваць

У 1953 годзе Сход Ізраілю ўхваліў Закон аб стварэньні Нацыянальнага мэмарыялу катастрофы і гераізму «Памяць і імя». Паводле Статуту, мэмарыял «Памяць і імя» мае ўвекавечыць памяць «Праведнікаў народаў сьвету» зь ліку негабрэяў, якія рызыкавалі жыцьцём дзеля ратаваньня жыдоў падчас Галакосту. 27 студзеня 1962 году мэмарыял «Памяць і імя» заклаў Алею праведнікаў народаў сьвету ў Ерусаліме. 1 лютага 1963 году адбылося 1-е паседжаньне Камісіі па прысваеньні званьня «Праведнік народаў сьвету», якую ўзначаліў судзьдзя Вярхоўнага суду Ізраілю. Аддзел «Праведнікаў народаў сьвету» мэмарыялу «Памяць і імя» стаў падаваць у Камісію зьвесткі пра выяўленыя выпадкі ратаваньня, на падставе якіх пачалі прысуджаць званьне. Атрымальнікам званьня сталі ўручаць дыплём і мэдаль з гравіроўкай словаў з Талмуду «Чалавек, які выратаваў адно жыцьцё, выратаваў усё чалавецтва». У выпадку пасьмяротнага прысуджэньня ўзнагароду пачалі перадаваць родзічам. Імёны «Праведнікаў народаў сьвету» сталі заносіць на сьцяну гонару ў музэі «Памяць і імя». За 2009 год званьне прысвоілі каля 700 асобам, узнагароду за якіх большасьцю атрымалі нашчадкі. На 1 студзеня 2010 годзе званьне «Праведнік народаў сьвету» прысвоілі 23 226 асобам[3]. На 26 кастрычніка 2018 году званьне атрымала каля 27 000 чалавек з больш як 50 краінаў[4].

Беларусь

рэдагаваць
 
Алея праведнікаў сусьвету (Менск, 2009 год)

У 1965 годзе 1-мі атрымальнікамі званьня ў Беларусі сталі Андрэй і Натальля Станько за ратаваньне сям’і Казін��оў. У 1999 годзе званьне «Праведнік народаў сьвету» прысвоілі Алімпіі і Браніславу Пажарыцкім зь вёскі Гіневічы Валожынскага раёну (Менская вобласьць) за ратаваньне 7-гадовай Гені Завойнер[3]. У 2001 годзе званьне атрымалі Альфонс і Сабіна Данілевічы ды Ганна Іваноўская, якая была дачкой Вацлава Іваноўскага, за ратаваньне 2-х жыдовак у 1941 годзе пад Шчучынам[5]. 3 сьнежня 2003 году мэдалямі ўзнагародзілі Фаціму і Ганну Канапацкіх за ратаваньне сям’і Ісраэля Давідсона зь Менскага гета. Агулам з гета ўратавалі звыш 3000 чалавек[6]. На 1 студзеня 2010 году званьне прысвоілі 608 жыхарам Беларусі[3]. 20-25 чэрвеня 2010 году 9 грамадзянаў Беларусі наведалі Ерусалім (Ізраіль), дзе атрымалі мэдалі «Праведнік народаў сьвету» з рук ізраільскага прэзыдэнта Шымона Пэрэса, які нарадзіўся ў Беларусі. У гонар кожнага атрымальніка мэдаля пасадзілі па дрэве ў Алеі праведнікаў народаў сьвету ў Ерусаліме[7]. 5 траўня 2011 году ў Менску мэдалі ўручылі дзецям 7 спачылых праведнікаў — Лідыі Ваўкавец, Анастасіі Галікевіч, Якава і Фядоры, Мікалая і Вольгі Дземавых, а таксама Марыі Марцуляніс. Званьне давала права на грамадзянства Ізраілю і пэнсію[2]. 9 красавіка 2013 году граматы і мэдалі ўручылі нашчадкам атрымальнікаў званьня — Марыі Кірылавай, Ганны і Івана Кісялёвых, Анастасіі і Рыгора Мазуркевічаў, Алены і Рыгора Пашкоўскіх ды іх дачкі Ларысы. Перад уручэньнем узнагароды амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал адзначыў, што мае «гонар быць амбасадарам у краіне, дзе ёсьць 776 праведнікаў». Іх імёны выгравіравалі на сьцяне мэмарыялу катастрофы і гераізму «Памяць і імя», што месьціцца на Гары памяці ў Ерусаліме. У гонар кожнай і кожнага зь іх пасадзілі па дрэве ў Алеі праведнікаў народаў сьвету[8].

 
Алея праведнікаў народаў сьвету (Бабруйск, 2011 год)

На кастрычнік 2013 году званьне надалі 711 беларусам[9], што было 8-м паказьнікам сярод краінаў сьвету. 25 сакавіка 2015 году на сьцяне памяці ў Ерусаліме адкрылі памятную таблічку зь імёнамі Алены Варотчык і Ефрасіньні Гранко з Барысава, якія ўратавалі Якава Мейлехса падчас нямецка-савецкай вайны. Ім прысвоілі званьне «Праведніцаў народаў сьвету» ў 2012 годзе[10]. 28 лістапада 2017 году ў Шаркоўшчыне (Віцебская вобласьць) ізраільскі амбасадар Алон Шогам уручыў мэдалі ўнукам Антона і Франца Жукоў, Аляксандры і Ніны Крыўка, Мікалая Мікалаёнка, Івана і Паўла Чарняўскіх, Івана Драбы. Яны ўратавалі сям’ю Сямёна Саснавіка зь Германавічаў[11]. 22 красавіка 2018 году званьне надалі Назару і Ганьне Кузьміным, а таксама іх дзецям Аксане і Фёдару зь вёскі Машкіна Віцебскага раёну, якія ўратавалі малалетняга Льва Варабейчыка[12]. 2 траўня 2019 году ў мястэчку Мір Карэліцкага раёну (Гарадзенская вобласьць) адчынілі памятную дошку ў гонар японскага дыплямата Чыунэ Сугіхара, які выпісаў 2139 візаў жыдам з Заходняй Беларусі, за што атрымаў званьне ў 1985 годзе[13]. Паводле Музэю гісторыі жыдоў Беларусі, на сакавік 2019 году званьнем узнагародзілі 838 жыхароў Беларусі. Згодна зь ізраільскім мэмарыялам «Памяць і імя» грамадзянамі Беларусі зь іх было 650 чалавек[1].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б Дыяна Серадзюк. Рызыкавалі жыцьцём і былі забытыя: як вяртаюць імёны беларускіх Праведнікаў // Газэта «Новы час», 23 сакавіка 2019 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  2. ^ а б Зьміцер Лукашук. Яшчэ сем грамадзянаў Беларусі названыя «Праведнікамі народаў сьвету» // Эўрарадыё, 6 траўня 2011 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  3. ^ а б в Галіна Сенчанка. Праведнікі народаў сьвету // Газэта «Працоўная слава» (Валожын), 1 ліпеня 2011 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  4. ^ Тацяна Мацьвеева, Tut.by. Жыхар Віцебска атрымаў мэдаль «Праведнікаў народаў сьвету» // «Хартыя’97», 26 кастрычніка 2018 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  5. ^ Андрэй Пачобут. Дачка і жонка Вацлава Іваноўскага маюць тытул «Праведнікі народаў сьвету» // Газэта «Наша ніва», 18 верасьня 2009 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  6. ^ Дыяна Серадзюк. «Фата жыдоў хавае, з-за яе ўвесь завулак выб’юць» // Газэта «Новы час», 21 кастрычніка 2018 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  7. ^ У Беларусі 700 праведнікаў народаў сьвету // Газэта «Наша ніва», 16 ліпеня 2010 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  8. ^ Захар Шчарбакоў, БелаПАН. Пяць беларусаў удастоеныя званьня «Праведнік народаў сьвету» // Газэта «Новы час», 9 красавіка 2013 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  9. ^ «У нашай краіне робіцца шмат для захаваньня памяці аб ахвярах халакосту» // Зьвязда : газэта. — 22 кастрычніка 2013. — № 199 (27564). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  10. ^ Аліна Грышкевіч. У садзе Праведнікаў народаў сьвету ў Ерусаліме ўвекавечаныя імёны дзьвюх барысаўчанак // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 сакавіка 2015 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  11. ^ Вольга Чарняўская. 28 лістапада Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Алан Шогам уручыў узнагароды прадстаўнікам пяці сем’яў — нашчадкам Праведнікаў народаў сьвету // Газэта «Кліч Радзімы» (Шаркаўшчына), 28 лістапада 2017 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  12. ^ Зьміцер Міраш. Уганараваныя пасьмяротна. Чатыры жыхары Віцебскага раёну прызнаныя Праведнікамі сьвету // Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў Віцебску, 1 чэрвеня 2018 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.
  13. ^ Марына Казловіч. Прадстаўнікоў розных краін сьвету сабрала ў Міры адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў гонар японскага дыплямата Тыўнэ Сугіхары // Газэта «Полымя» (Карэлічы), 2 траўня 2019 г. Праверана 20 верасьня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць