Міжнародная фінансавая карпарацыя

міжурадавая ўстанова Групы Сусьветнага банку, заснаваная ў ліпені 1956 году ў Вашынгтоне

Каардынаты: 38°54′7″ пн. ш. 77°2′51″ з. д. / 38.90194° пн. ш. 77.0475° з. д. / 38.90194; -77.0475

Міжнаро́дная фіна́нсавая карпара́цыя — міжурадавая ўстанова Групы Сусьветнага банку, заснаваная ў ліпені 1956 году ў Вашынгтоне (ЗША).

Міжнародная фінансавая карпарацыя
анг. International Finance Corporation

Галаўная сядзіба (2009 г.)
Абрэвіятура МФК
Дэвіз Ствараем рынкі, ствараем магчымасьці
Дата ўтварэньня 20 ліпеня 1956 (68 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Мэта заахвочваньне росту плённага прыватнага прадпрымальніцтва ў найменш разьвітых галінах
Штаб-кватэра г. Вашынгтон, Паўночна-Заходняя чвэрць, прасп. Пэнсыльваніі, д. 2121[1]
Месцазнаходжаньне ЗША
Сяброўства 184 дзяржавы (2019 г.)
Афіцыйныя мовы ангельская
Галоўны кіраўнік Філіп Ле Ўеру
Выканаўчая кіраўніца Стэфанія Фрыдбург
Начальніца пэрсаналу Алена Бурганская
Кіраўнік сродкамі Маркас Бруіс
Асноўныя асобы Джыярджына Бэйкер (Эўропа), Джон Гандольфо (скарбнік)[2]
Кіроўны орган Рада кіраўнікоў
Матчына кампанія Група Сусьветнага банку
Зьвязаныя кампаніі Кампанія кіраваньня сродкамі МФК
Бюджэт $1,662 млрд (2018 г.)[3]
Колькасьць супрацоўнікаў 3400 (2011 г.)
Сайт ifc.org

На 2019 год мела выдадзеныя пазыкі і парукі на іх 2000 прадпрыемствам у больш як 100 краінах[3].

Паводле 1-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» 1955 году, Карпарацыя мела:

  1. «дапамагаць у фінансаваньні заснаваньня, удасканаленьня і пашырэньня плённых прыватных прадпрыемстваў, што паспрыяюць разьвіцьцю краінаў-удзельніцаў праз укладаньні без парукі адплаты адпаведным урадам-удзельнікам у выпадках, калі дастатковыя прыватныя сродкі не даступныя на разумных умовах;
  2. імкнуцца спалучаць магчымасьці ўкладаньня, унутраны і замежны прыватны капітал ды дасьведчанае кіраваньне;
  3. імкнуцца заахвочваць і дапамагаць ствараць спрыяльныя ўмовы для патоку прыватнага капіталу, як унутранага гэтак і замежнага, у плённае ўкладаньне ў краінах-удзельніцах»[4].

Сродкі і паўнамоцтвы

рэдагаваць

Ад 27 чэрвеня 2012 году статутны капітал Карпарацыі складаў $2,58 млрд, якія падзяляліся на 2,58 млн паёў па $1000 кожны. Паводле 2-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі», Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку можа павялічыць статутны капітал МФК на больш як 10 000 паёў 4/5 галасоў. Згодна з 3-м артыкулам Пагадненьня Карпарацыя мае валодаць паўнамоцтвамі:

  1. пазычаць сродкі, забясьпечаныя закладам або іншай каштоўнай паперай;
  2. укладаць вольныя сродкі ў аблігацыі, а пэнсійныя сродкі — ва ўсялякія ходкія каштоўныя паперы;
  3. ручацца за каштоўныя паперы, у якія ўклала, каб палегчыць іх продаж;
  4. набываць і прадаваць каштоўныя паперы, якія выпусьціла, за якія паручылася або ў якія ўклала[4].

Пагатоў «перш чым адкрыта прадаць свае аблігацыі на рынку ўдзельніка Карпарацыя мае атрымаць ухвалу гэтага ўдзельніка і ўдзельніка, у валюце якога аблігацыі маюць намінавацца». Таксама агульная сума нясплачанай запазычанасьці і парукаў, выдадзеных Карпарацыяй, ня мае павялічвацца, калі тая сума больш як 4-кратна перавышае яе статутны капітал і лішкавыя сродкі[4].

На 30 чэрвеня 2018 году капітал МФК налічваў $26,136 млрд, зь іх 89% складаў накоплены з 1956 году прыбытак. Рэшту статутны капітал. Абавязкі ў выглядзе пазыковых сродкаў налічвалі $68,136 млрд (261% ад капіталу), зь якіх 72,5% прыпадала на непагашаныя аблігацыі, прададзеныя на рынку. Сродкі Карпарацыі складалі $94,272 млрд, зь іх 44,8% прыпадала на ўкладаньні ў выглядзе выдадзеных пазыкаў на $23,6 млрд, доляў у прадпрыемствах на $13 млрд і даўгавых аблігацыяў на $5,6 млрд. Рэшту сродкаў складалі гандлёвыя каштоўныя паперы на $28,9 млрд (30,7%), тэрміновыя ўклады на $13,2 млрд (14%), дэбіторская запазычанасьць на $3,9 млрд, вытворныя сродкі на $2,8 млрд, дамовы продажу без пакрыцьця на $2 млрд і наяўныя грошы на $1,3 млрд[3].

Аблігацыі

рэдагаваць

На 2019 год Міжнародная фінансавая карпарацыя выпускала 8 відаў аблігацыяў:

Кіраваньне

рэдагаваць
  • Рада кіраўнікоў. Склікаецца штогод. Складаецца з кіраўнікоў і іх замяшчальнікаў у Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР). Правамоцная пры ўдзеле большасьці кіраўнікоў з прынамсі 2/3 галасоў. «Лік галасоў кожнага ўдзельніка мае раўняцца суме яго асноўных галасоў і паевых галасоў: 1) Асноўныя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з раўнамернага разьмеркаваньня сярод усіх удзельнікаў 5,55% сукупнай сумы галасоў ўсіх удзельнікаў, пры ўмове, што ня мае быць ніякіх дробавых асноўных галасоў; 2) Паевыя галасы кожнага ўдзельніка маюць складаць лік галасоў, што вынікае з вылучэньня аднаго голаса за кожны трыманы пай акцыяў». Вызначае дывідэнды і павялічвае статутны капітал. Прымае новых удзельнікаў і абірае старшыню, які прызначае працаўнікоў пэрсаналу.
  • Рада дырэктароў. Складаецца з выканаўчых дырэктароў і іх замяшчальнікаў у МБРР. Правамоцная пры ўдзеле большасьці дырэктароў з прынамсі паловай галасоў. Кожны выканаўчы дырэктар валодае тым лікам галасоў, якім яго прызначылі або абралі ў Радзе кіраўнікоў. Выконвае статутныя задачы МФК[4].

Галасаваньне

рэдагаваць

На 13 красавіка 2019 году 6 дзяржавамі-ўдзельніцамі з найбольшым лікам галасоў у Сусьветнага банку, кожная зь якіх прызначала ўласнага прадстаўніка ў Раду дырэктароў, былі: 1) ЗША — 20,98%, 2) Японія — 6,01%, 3) Нямеччына — 4,77%, 4) Францыя — 4,48%, 5) Брытанія — 4,48%, 6) Кітай — 2,3% (галасоў у МФК). Разам гэтыя 6 дзяржаваў мелі 43,02% галасоў. Налічвалася 18 іншых урадаў-удзельнікаў, якія мелі звыш 1% галасоў: Індыя (3,82%), Расея (3,81%), Італія і Канада (3,02%), Нідэрлянды (2,1%), Бразылія (2,08%), Саудаўская Арабія (1,91%), Бэльгія (1,89%), Аўстралія (1,77%), Швайцарыя (1,65%), Аргентына (1,59%), Гішпанія (1,39%), Інданэзія (1,19%), Мэксыка (1,15%), Паўднёвая Карэя (1,07%), Вэнэсуэла і Нігерыя (1,05%), Швэцыя (1,02%). Урад Беларусі меў 0,22% галасоў (6082). Урады 4 іншых сумежных зь Беларусьсю краінаў таксама мелі менш за 1% галасоў: Украіна — 0,4%, Польшча — 0,31%, Летува — 0,12% і Латвія — 0,11%. Агулам у 184 урадаў-удзельнікаў налічвалася 2 717 494 галасы[13].

Рада дырэктароў улучала 6 прызначэнцаў з адпаведным адсоткам галасоў (разам 43,02%): ад ЗША з 20,98%, ад Японіі з 6,01%, ад Нямеччыны з 4,77% і ад Брытаніі і Францыі па 4,48%, ад Кітаю з 2,3%. Астатнія 19, якія разам атрымлівалі 56,98% галасоў, выбіраліся больш як ад аднаго ўраду (ад 178). Урад Беларусі падтрымліваў выканаўчага дырэктара ад Аўстрыі, які меў найбольшы адсотак галасоў (4,78%) сярод выбраных. Урад Расеі меў уласнага выканаўчага дырэктара (3,85%), якога падтрымліваў урад Сырыі. Украіна падтрымлівала прадстаўніка Нідэрляндаў (3,64%). Латвія і Летува — выканаўчага дырэктара ад Даніі (3,36%). Урад Польшчы — прадстаўніка Швайцарыі (2,28%)[14].

Удзельнікі

рэдагаваць

Паводле 9-га артыкула Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» (МФК) 1955 году, «Пагадненьне мае набыць моц, калі яго падпішуць ад імя прынамсі 30 урадаў, чые падпіскі складаюць прынамсі 75 % агульнай падпіскі» на $100 млн статутнага капіталу МФК. 20 ліпеня 1956 году гэтую ўмову выканалі, калі 31 урад з агульнай падпіскай на $75,366 млн далучыўся да Пагадненьня. У выніку дзяржавамі-заснавальніцамі МФК сталі:

23 верасьня 1957 году 50-й дзяржавай-удзельніцай МФК стаў Аўганістан. 20 жніўня 1975 году 100-м удзельнікам стаў урад Буркіна-Фасо. 29 сьнежня 1987 году 132-й дзяржавай-удзельніцай стала Польская Народная Рэспубліка, суседняя зь Беларусьсю. 2 лістапада 1992 году 147-м удзельнікам МФК стаў урад Беларусі. Цягам 1993 году далучыліся 4 астатнія сумежныя зь Беларусьсю дзяржавы. 15 студзеня 150-й стала Летува. 12 красавіка 157-й — Расея. 29 верасьня 160-й — Латвія. 18 кастрычніка 163-й — Украіна. Ад 13 красавіка 2019 году ўдзельнікамі МФК былі ўрады 184 краінаў. Таксама свайго прадстаўніка меў аўтаномны край Сэрбіі — Косава і Мятохія, які знаходзіўся пад пратэктаратам ААН[16].

Беларусь

рэдагаваць

2 лістапада 1992 году ўрад Беларусі стаў 147-м пайшчыкам Міжнароднай фінансавай карпарацыі. У 2004 годзе ФМК стала пайшчыкам «Дэтроіцка-Беларускай піваварнай кампаніі» (Бабруйск) і вылучыла ёй $10 млн пазыкі на пашырэньне прадпрыемства. У 2005 годзе Карпарацыя выдала $40 млн пазыкі «Прыёрбанку» і $5 млн «Белгазпрамбанку» на крэдытаваньне малых прадпрыемстваў. У 2006 годзе «Дэтроіцкія ўкладаньні» атрымалі ад МФК $37 млн на заснаваньне 1-га прыватнага заводу сокаў і 1-й сеткі з зьніжкавых крамаў у 15 гарадах. У 2008 годзе выдалі $26 млн пазыкі на пабудову 20 буйных крамаў «Рублёўскі» і $6 млн «А1 Групе» на адкрыцьцё 128 зьніжкавых крамаў у 6 гарадах. Яшчэ $12 млн пазычылі ТАА «Стромінвэст» на будоўлю офіснай нерухомасьці ў Менску. У 2009 годзе МФК выдала гандлёвыя парукі на $30 млн «Белпрамбудбанку» і на $10 млн «Менскаму транзытнаму банку» для забесьпячэньня экспарту іх кліентамі. У 2010 годзе «Алютэху» выдалі $22 млн доўгатэрміновай пазыкі на разбудову прадпрыемства, якія ў 2012 годзе дапоўнілі $45 млн для пашырэньня экспарту. Таксама ў 2010 годзе МФК стала пайшчыкам «Беларускага народнага банка», якому пазычыла $13 млн. Адначасна ТАА «Ома» атрымала $7 млн пазыкі на будаўніцтва ў Менску найбольшай будаўнічай крамы ў Беларусі. У 2011 годзе «МТБанк» атрымаў $10 на пазычаньне малым прадпрыемствам аднаўляльнай энэргетыкі. На 2012 год прадстаўніцтва ФМК у Беларусі, якое ўзначальваў Макс Якуб, месьцілася ў Менску па Партызанскім праспэкце, д. 6а. На той час МФК выдала ў Беларусі 36 пазыкаў на $340 млн[17].

У 2013 годзе экспэрты Карпарацыі ўдзельнічалі ў распрацоўцы Закону Рэспублікі Беларусь «Аб інвэстыцыях», што набыў моц у студзені 2014 году[18]. У 2010—2014 гадах Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь і МФК ажыцьцявілі сумесную праграму «Паляпшэньне рэгуляваньня бізнэсу і садзейнічаньне прыцягненьню інвэстыцыяў у Рэспубліцы Беларусь». У рамках праграмы бакі стварылі Адзіны рэестар адмінпрацэдураў у Беларусі, лік якіх скарацілі на 19%, а таксама зьменшылі лік ліцэнзіяў на 60%[19]. 24 красавіка 2019 году Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь і МФК заключылі Пагадненьне «Аб супрацы», што прадугледжвала захады разьвіцьця канкурэнцыі да канца 2021 году. На той час МФК выдаткавала ў Беларусі $760 млн[20]. На 2019 год прадстаўніцтва ў Кіеве (Украіна) працавала і на Беларусь, за мерапрыемствы ў якой адказвала Алена Гармаш[21].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1955 годзе ў Вашынгтоне (ЗША) Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку ўхваліла артыкулы Пагадненьня «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» для заключэньня дзяржавамі-ўдзельніцамі СБ. 20 ліпеня 1956 году Пагадненьне набыло моц праз падпісаньне ад імя 31 ураду з агульнай падпіскай на больш як 3/4 ад $100 млн капіталу МФК. 24 ліпеня 1956 году Рада кіраўнікоў ФМК прызначыла 1-м кіраўніком Робэрта Гарнэра на чале 12 супрацоўнікаў. 20 чэрвеня 1957 году МФК заключыла 1-е пагадненьне зь нямецкім прадпрыемствам «Сымэнс» (Мюнхэн) аб укладаньні ў Бразыліі $2 млн у вытворчасьць трансфарматараў, тэлефонаў і электрарухавікоў[15]. У 1961 годзе ў статут МФК унесьлі папраўку, якая дазволіла ёй уступаць у акцыянэрны капітал прадпрыемстваў, што стала асноўнай крыніцай прыбытку. У 1962 годзе за $500 000 набылі долю ў «Гішпанскай фабрыцы магнэтаў», што вырабляла аўтазапчасткі. У 1971 годзе ў МФК стварылі аддзел рынкаў капіталу, які стаў найбольшым і стаў укладаць у банкі праз фондавы рынак. У 1972 годзе ў Джакарту накіравалі 14 супрацоўнікаў для заснаваньня першага рынку каштоўных папераў у Інданэзіі. Тамсама адчынілі першае прадстаўніцтва Карпарацыі. У 1974 годзе паўднёвакарэйская «Электроніка ЛДжы» атрымала $17,3 млн пазыкі на разбудову вытворчасьці, што зрабіла яе вядучым прадпрыемствам галіны ў разьвіцьцёвых краінах. У 1984 годзе МФК запусьціла на Нью-Ёрскай фондавай біржы (ЗША) Карэйскі фонд, што стаў 1-м датычным разьвіцьцёвага рынку. У 1991 годзе правялі 1-е ў Польшчы разьмяшчэньне акцыяў прадпрыемства, якім стала АТ «Сваржэндзкія мэблевыя фабрыкі» (Велікапольскае ваяводзтва)[22].

У 1992 годзе капітал ФМК павялічылі на $1 млрд. У Ніжнім Ноўгарадзе (Расея) Карпарацыя правяла аўкцыёны прыватызаваньня 2000 прадпрыемстваў. У 2007 годзе доля супрацоўнікаў у прадстаўніцтвах перавысіла палову ад агульнага ліку. У 2009 годзе «Група дваццаці» прызначала МФК сваім дарадцам у справе малога прадпрымальніцтва. Цягам году Карпарацыя выдала банкам Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы звыш $2 млрд пазыкаў. Адначасна заснавалі Кампанію кіраваньня сродкамі МФК, якая да 2016 году прыцягнула звыш $9 млрд[22]. У 2012 годзе МФК выдала гандлёвыя парукі на $2,9 млрд 250 банкам у 90 краінах[23]. У 2014 годзе Карпарацыя ўпершыню разьмясьціла ў Лёндане (Ангельшчына) прыпраўныя аблігацыі ў індыйскіх рупіях.

Кіраўнікі

рэдагаваць
 
Робэрт Гарнэр — 1-ы старшыня МФК (1949 г.)
  1. ^ Кантакты (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 25 чэрвеня 2019 г.
  2. ^ Правадырства (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 25 чэрвеня 2019 г.
  3. ^ а б в Кансалідаваная фінансавая справаздача за 2018 год (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 9 жніўня 2018 г. Праверана 25 чэрвеня 2019 г.
  4. ^ а б в г Пагадненьне «Аб Міжнароднай фінансавай карпарацыі» (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 27 чэрвеня 2012 г. Праверана 25 чэрвеня 2019 г.
  5. ^ Сусьветныя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  6. ^ Сярэднетэрміновыя і складаныя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  7. ^ Гандляваныя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  8. ^ Зьніжкавыя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  9. ^ Зялёныя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  10. ^ Грамадзкія аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  11. ^ Лясныя аблігацыі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  12. ^ Прадукты (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  13. ^ Падіскі і лік галасоў краінаў-удзельніцаў Міжнароднай фінансавай карпарацыі (анг.) // Група Сусьветнага банку, 22 красавіка 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  14. ^ Лік галасоў дырэктароў Міжнароднай фінансавай карпарацыі (анг.) // Група Сусьветнага банку, 22 красавіка 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  15. ^ а б Паходжаньне Міжнароднай фінансавай карпарацыі (анг.) // Сусьветны банк, 8 красавіка 2016 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  16. ^ Краіны-ўдзельніцы Міжнароднай фінансавай карпарацыі (анг.) // Сусьветны банк, 16 красавіка 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  17. ^ МФК у Беларусі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2012 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  18. ^ Пятро Раманчук. Інвэстыцыі: не чаканьне, а стварэньне для іх усіх умоваў // Газэта «Зьвязда», 8 жніўня 2013 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  19. ^ Юлія Вогнева. Мінэканомікі Беларусі і МФК будуць супрацоўнічаць у садзейнічаньні росту МСП і разьвіцьцю прыватнага сэктара // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 ліпеня 2015 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  20. ^ МАРГ і Міжнародная фінансавая карпарацыя падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве // БелТА, 24 красавіка 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  21. ^ Кантакты для Эўропы і Сярэдняй Азіі (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  22. ^ а б МФК: першыя шэсьць дзесяцігодзьдзяў = IFC: the first six decades. — 2-е выд. — Вашынгтон: Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2016. — 144 с.
  23. ^ «Белгазпрамбанк» атрымаў статус пацвярджальнага банка Глябальнай праграмы фінансаваньня гандлю МФК // БелТА, 1 жніўня 2012 г. Праверана 26 чэрвеня 2019 г.
  24. ^ Гісторыя (анг.) // Міжнародная фінансавая карпарацыя, 2019 г. Праверана 25 чэрвеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць