Дыега Вэляскес

гішпанскі мастак

Дые́га Радры́гес дэ Сы́льва і Вэля́скес (па-гішпанску: Diego Rodríguez de Silva y Velázquez; 6 чэрвеня 1599, Сэвільля, Гішпанія — 6 жніўня 1660, Мадрыд, Гішпанія) — гішпанскі мастак, вядучы мастак пры двары караля Філіпа IV і адзін з найбольш выбітных мастакоў гішпанскага Залатога веку. Вядомы як партрэтыст. У дадатак да мноства шматлікіх карцінаў, якія мелі вядомыя гістарычныя і культурныя сцэны, Вэляскес намаляваў дзясяткі партрэтаў гішпанскай каралеўскай сям’і, іншых значных эўрапейскіх дзеячаў і простых людзей, кульмінацыяй ягонай творчасьці лічыцца ягоны шэдэўр «Мэніны» (1656).

Дыега Вэляскес
Фрагмэнт аўтапартрэту (1630)
Імя пры нараджэньні Diego Rodríguez de Silva y Velázquez
Дата нараджэньня 6 чэрвеня 1599(1599-06-06)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня Сэвільля, Гішпанія
Дата сьмерці 6 жніўня 1660(1660-08-06)[1][2][3][…] (61 год)
Месца сьмерці Мадрыд, Гішпанія
Месца пахаваньня
Адукацыя Франсыска Пачэка (Сэвільля)
Занятак мастак, партрэтыст
Сябра ў Ордэн Сант’яга
Жанры партрэтнае маляваньне[d], міталягічнае малярства[d][5], гістарычны жывапіс[5], рэлігійны жывапіс[d][5], партрэт[5], архітэктурны жывапіс[d][5], побытавы жанр[d][5], пэйзаж[5], ню[5], фігурка[d][5], анімалістыка[d][5], рэлігійнае мастацтва[d][5] і натурморт[d][5]
Плынь гішпанскае барока
Працы Мэніны (1656)
Вэнэра і Купідон (1644—1648)
Здача Брэды (1634—1635)
Узнагароды
Ордэн Сант’яга

Зь першай чвэрці XIX стагодзьдзя творы мастацтва Вэляскеса былі стандартам для рэалістаў і імпрэсіяністаў, у прыватнасьці, Эдуарда Манэ. З таго часу, вядомыя больш позьнія вядомыя мастакі, у тым ліку Паблё Пікаса, Сальвадор Далі і Фрэнсіс Бэкан, выказваючы павагу да працы Вэляскеса ўзнаўлялі некаторыя зь ягоных працаў.

Біяграфія

рэдагаваць
 
Партрэт Філіпа IV працы Вэляскеса, 1656 год

Дыега Вэляскес нарадзіўся ў Сэвільлі ў сям’і зьбяднелага шляхціча. Навучаўся жывапісу ў родным горадзе ў Франсыска Эрэры Старэйшага і ў Франсыска Пачэкі (1610—1616), на дачцэ якога, Хуане Мірандзе, ён ажаніўся ў 1618 годзе. У 1623 годзе Вэляскес пераехаў у Мадрыд, дзе дзякуючы заступніцтву прэм’ер-міністра Аліварэса, стаў прыдворным мастаком караля Філіпа IV. Гэта мела як станоўчыя, гэтак і адмоўныя бакі. Мастак вызваляўся ад апекі царквы, але быў прымушаны працаваць пад дыктатам каралеўскага двара.

Дзякуючы дапамогі Паўля Рубэнса, які на той час быў у Мадрыдзе з дыпляматычнымі даручэньнямі. У 1629 годзе Вэляскес упершыню зьдзейсьніў падарожжа ў Італію. Мастак наведаў Геную, Вэнэцыю, Рым і Нэапаль. Уражаньні, атрыманыя ў гэтых месцах, знаёмства з антычнымі помнікамі, творамі майстроў Адраджэньня паўплывалі на мастака, спрыялі звароту да міталягічных тэмаў.

Пасьля вяртаньня Дыега на радзіму ў 1631 годзе пачаўся адзін з плённых пэрыядаў ягонай дзейнасьці. У 1630—1640-я гадоў былі напісаны бліскучыя паводле калярыту кампазыцыі карціны. Афіцыйнай мэтай другога прыезду Вэляскеса ў Італію было папаўненьне каралеўскай калекцыі твораў мастацтва. Разам з тым майстар шмат працаваў над партрэтамі. 3 другой паловы 1640-х гадоў пачаўся позьні пэрыяд у творчасьці Вэляскеса. Ягоная творчасьць стала вяршыняй «залатога веку» гішпанскага жывапісу.

Творчасьць

рэдагаваць

Першыя самастойныя працы Вэляскеса, якія носяць назву «бадэгон» — карчма, распавядаюць аб жыцьці простых людзей. Гэта немудрагелістыя сцэны, пазбаўленыя складанага сюжэтнага дзеяньня («Сьнеданьне», каля 1617; «Старая кухарка», «Прыслужніца-мулатка», «Музыкі», усе — 16181620-я; «Ваданос», каля 1620). Але значэньне гэтых працаў для раньняга пэрыяду творчасьці мастака вялікае. Нават тады, калі Вэляскес зьвяртаўся да біблейскіх ці міталягічных сюжэтаў, прыёмы бытавога жывапісу былі вядучымі. Іх можна ўбачыць у карцінах «Хрыстос у гасьцёх у Марты і Марыі» (каля 1620), «Пакланеньне вешчуноў» (1619), «Вакх» (канчатак 1620-х).

 
«Кузьня Вулькана» (1630)

Самую вялікую колькасьць твораў, напісаных у Мадрыдзе ў раньні пэрыяд, складаюць партрэты. Гэта выявы караля Філіпа IV, ягоных дзяцей, графа Аліварэса, шматлікіх прыдворных. Мастак зьвяртаўся і да міталягічных сюжэтаў. У карціне «Вакх» ён выяўляе побач з маладым богам простых людзей, фігуры і твары якіх выглядаюць зусім не дасканалымі. Гэта звычайная жанравая сцэна — гулянка гішпанскіх бадзяг.

У 1630 годзе ў Рыме ён скончыў працу над карцінай «Кузьня Вулькана», у якой таксама шмат трапных бытавых назіраньняў. Як і ў больш раньняй працы «Вакх», сюжэт трактуецца як жанравая сцэна. Узрослае майстэрства Вэляскеса праявілася ў свабоднай і ўпэўненай кампазыцыі, трапнасьці і разнастайнасьці характарыстык пэрсанажаў. Але найбольш важным дасягненьнем мастака стаў калярыт. Колеравы лад карціны будуецца на стрыманай залацістай танальнасьці, на мяккіх ружаватых рэфлексах, якія адкідвае агонь у горне кавалёў. У творах на рэлігійныя і міталягічныя тэмы, як то «Пакланеньне вешчуноў» (1617), «Хрыстос у доме Марты і Марыі» (1622), «Кузьня Вулькана» (1630), «Вакх» (1630), «Вэнэра перад люстэркам» (16481649), вобразы сьвятых і міталягічных багоў Вэляскес аб’ядноўваў з грубаватымі зямнымі вобразамі людзей.

 
«Здача Брэды» (каля 1635)

Нават афіцыйныя заказныя партрэты вылучаліся бязьлітаснай праўдзівасьцю характарыстык і псыхалягічнай глыбінёй: «Філіл IV» (каля 1629 ці 1644), «Герцаг Аліварэс» (каля 1638), «Папа Інакенцыюс X» (1650). Гуманістычны характар ягонай творчасьці яскрава выявіўся ў дзіцячых партрэтах, як то «Інфант Бальтасар Карляо» (16341635), «Інфанта Маргарыта» (1659), прыдворных блазнаў, як то «Сэбаст’ян дэ Мора», «Эль Прыма», «Эль Боба з Карыі» (усе 16311648), рэалістычных, як то «Хуан Матэас» (канец 1632), «Дама зь веерам» (канец 1648), «Хуан Парэха» (1650).

 
Партрэт папы Інакенцыюса X (1650)

Адной з самых значных працаў майстра стала шматфігурная карціна «Здача Брэды» (каля 1635). У ёй паказана ўзяцьце гішпанскімі войскамі галяндзкай крэпасьці Брэды ў 1625 годзе. Адзіную пасьпяховую падзею ў захопніцкай вайне супраць Галяндыі Вэляскес павінен быў паказаць як выключную перамогу Гішпаніі. 3 аднаго боку, гэта так, калі мець на ўвазе высокія мастацкія якасьці твора. Але галоўнае, што прыцягвае ў працы, — незвычайнасьць трактоўкі гістарычнай падзеі, выяўленай без парадна-алегарычнага ўсхваленьня пераможцаў, што было тыповым для тагачаснага жывапісу. У цэнтры карціны прадстае камандуючы галяндзкім гарнізонам Юстыніян Насаў, які перадае ключы ад крэпасьці гішпанцу маркізу Сьпіноле. За імі военачальнікі, салдаты, паказаныя з вострай характарнасьцю. Праца нагадвае групавы партрэт — гэтак ёміста, псыхалягічна выразна выглядаюць героі.

У другой палове 1640-х гадоў былі напісаны славутыя партрэты каралеўскіх блазнаў і карлікаў, як то партрэты дона Дыега дэ Асэда, або «Эль Прыма» («Стрыечны брат», 1644), «Эль Боба», «Сэбастыяна Мора», «Ніна з Валекаса» (усе канчатак 1640-х — пачатак 1650-х), прыдворных, як то «Дама зь веерам» (каля 1648), інфантаў, як то партрэт інфанты Маргарыты (1660).

Па глыбіні бязьлітаснай характарыстыкі, жывапісным вырашэньні адным зь лепшых твораў Вэляскеса зьяўляецца партрэт папы Інакенцыюса X (1650). Цяжкі, нядобразычлівы позірк, рашучасьць рухаў характарызуюць хітрага, двудушнага чалавека. Але глядач улоўлівае і супрацьлеглыя рысы ягонага характару — волю, розум, мэтанакіраванасьць, праніклівасьць. Такое ўражаньне ствараецца дзякуючы кампазыцыйнай пабудове партрэту, колераваму вырашэньню, заснаванаму на спалучэньнях цёпла-чырвоных, ружовых і белых тонаў.

 
«Меніны» (1656)
 
«Папрадухі» (1657)

У карціне «Меніны» (1656) паказана, як былі напісаны партрэты караля і каралевы. На сэансе прысутнічаюць інфанта Маргарыта, фрэйліны, шматлікія прыдворныя. Спалучэньне ў працы партрэтаў і жанравай сцэны, выяўленьне дзьвюх прастораў — рэальнай, якая непасрэдна назіраецца мастаком і гледачамі, і люстэркавай, ці ўяўляемай, наяўнасьць аўтапартрэтнай выявы, лёгкасьць жывапісна-плястычнага вырашэньня робяць гэты твор надзвычай паказальным для творчай манеры мастака.

Дыега Вэляскесу належыць першы ў заходнеэўрапейскім мастацтве твор, дзе паказана праца простых людзей. Яшчэ ў раньні пэрыяд творчасьці ён зьвяртаўся да гэтай тэмы ў сваіх знакамітых «бадэгонаў». Але ў шматфігурным палатне «Папрадухі» (1657) майстар здолеў зрабіць у разьвіцьці бытавога жанру значны крок. Паказваючы майстэрню па вырабу шпалераў, жывапісец выяўляе на пярэднім пляне простых жанчынаў за працай, а ў глыбіні — шляхетных дамаў, якія разглядаюць кардоны да будучых твораў. Нават на шпалеры, якая вісіць на сьцяне, мастак паказаў антычны міт аб Арахне і Атэне. Дзякуючы такому спалучэньню розных па характары сцэнаў, дасканаламу кампазыцыйнаму вырашэньню, выразнай празрыста-залацістай колеравай гаме Вэляскес здолеў выказаць свае ўяўленьні аб шматбаковасьці рэальнага сьвету, аб прыгажосьці жыцьця, уласнае стаўленьне да творчых вытокаў народу.

Творы «Здача Брэды», «Меніны», «Папрадухі» вызначылі ў эўрапейскім мастацтве XVII стагодзьдзя новы тып шматплянавай карціны з кампазыцыйнымі і сьвятлаценявымі эфэктамі, паглыбленым псыхалягізмам. Калярыстыка ягоных твораў вылучаецца вытанчанымі валёрнымі гармоніямі, сьвятланасычанасьцю. Творы Вэляскеса былі прадметам вывучэньня і крыніцай натхненьня для Франсыска Гоі, Эдуарда Манэ і Паблё Пікаса.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Дыега Вэляскессховішча мультымэдыйных матэрыялаў