Дзік
Дзік (вяпрук, дзікая сьвіньня) — сысун з атрада парнакапытных, падатрада сьвінападобных, сямейства сьвіньняў. Зьяўляецца продкам свойскай сьвіньні.
Дзік | |
Дарослы вяпрук (2010 г.) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Жывёлы |
Падцарства | Сапраўдныя шматвузавыя |
Разьдзел | Двухбакова-сымэтрычныя |
Надтып | Другаснаротыя |
Тып | Хордавыя |
Падтып | Хрыбетныя |
Надкляса | Чатырохногія |
Кляса | Сысуны |
Падкляса | Зьвяры |
Інфракляса | Вышэйшыя зьвяры |
Надатрад | Ляўразіятэрыі |
Атрад | Парнакапытныя |
Падатрад | Няжвачныя |
Сямейства | Сьвіньні |
Род | Дзікі |
Від | Дзік |
Падвіды | |
Бінамінальная намэнклятура | |
Sus scrofa Карл Лінэй | |
Арэал | |
Зялёным месцы пашыранасьці дзікоў, сінім месцы акліматызаваньня (2007 г.) | |
Пашыраны ў Эўразіі і Паўночнай Афрыцы. Акліматызаваны ў Амэрыцы. Трымаецца малымі статкамі. Старыя самцы (секачы) і саміцы з парасятамі — паасобку. Даўжыня да 2 мэтраў. Маса да 300 кіляграмаў. Афарбоўка ад сьветла-бурай і шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела пакрытае пругкім і доўгім шчаціньнем з падшэрсткам. Галава вялікая і клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія. Вочы маленькія. Рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вялікія, у самцоў загнутыя ўгору і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім па 4—6 парасятаў, зрэдку да 12. Прадмет промыслу[1].
Паводзіны
рэдагавацьУвесну і ўлетку дзікі трымаецца пераважна хваёва-дубова-грабовых лясоў, алешнікаў і поплаваў рэк. Улетку таксама наведвае палі ў пошуках корму. Увосень пераважна жыве ў хваёвых лясах з дамешкам дубу і заходзіць у паплавы рэк і на ўзьлескі. Узімку трапляецца ў мяшаных і сухіх хваёвых лясах, алешніках. Часта дзікі гінуць ад бяскорміцы, эпізаотыяў і сьнежных заносаў. Прыкладам у суворую зіму 1840 году ў Белавескай пушчы знаходзілі статкі па 20—30 мёртвых дзікоў. Старыя секачы (самцы) трымаюцца асобна ад статку, да якога далучаюцца толькі на час гону. Корміцца жалудамі, сьцябламі, карэньнямі і пладамі дзікіх расьлінаў, мышападобнымі грызунамі, лічынкамі вусякоў і дажджавымі чарвякамі. Месцамі шкодзіць пасевам бульбы і аўса. Плоцевая сьпелас��ць настае ў 2—3 гады. Гон у лістападзе—сьнежні. Цяжарнасьць да 120 содняў. У сакавіку—красавіку нараджае 4—8 (зрэдку 10—12 парасятаў), якія праз 1,5—2 тыдні пакідаюць логава. У 3 месяцы пераходзяць на падножны корм[2].
Выгляд
рэдагавацьДаўжыня цела дзіка ў сярэднім складае каля 130—140 см. Маса 100—150 кг, зрэдку да 200 кг. Цела пакрытае доўгім, пераважна бурым шчаціньнем з падшэрсткам. Рыла доўгае. У ніжняй сківіцы 2 іклы, пры даўжыні ў самцоў 6—10 см[2].
Беларусь
рэдагавацьДзік быў прадметам паляваньня ў Беларусі з часоў палеаліту. У 10-м разьдзеле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 году быў 2-і артыкул «Цана дзікім зьвярам», які прадугледжваў спагнаньне за незаконную здабычу дзіка коштам з карову: «Устанаўліваем цану дзікім зьвярам, якія былі б забітыя кім-небудзь у чужой пушчы: ... за дзіка або за сьвіньню — рубель (100) грошаў»[3]. На пачатку 20 ст. найбольш дзікоў было ў Белавескай пушчы, дзе іх налічвалася 2—3 тыс. асобінаў. На 1936 г. у Беларусі было каля 1500 дзікоў, якія пераважна жылі на поўдні краіны. У 1950 г. было каля 5000, хоць цалкам адсутнічалі ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці. З 1965 году ў Беларускай ССР увялі адстрэл дзікоў па дзяржаўных дазволах, паводле якіх штогод здабывалі 2—4 тыс. дзікоў. Частку нарыхтаванага мяса сталі прадаваць за мяжу. У 1970 годзе ўжо налічвалася 18,3 тыс. дзікоў, якія пашырыліся па ўсёй Беларусі, найбольш у Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцях. На пачатку 1982 году іх лік склаў 27,9 тыс. асобінаў[2]. У 1990—1995 гадах налічвалася 26—36 тыс. дзікоў[1]. Паводле зімовага ўліку на пачатку 2012 году, у Беларусі налічвалася каля 80 000 дзікоў[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Леанід Кірыленка. Дзік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 113. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
- ^ а б в Людміла Корачкіна. Дзік // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1983. — Т. 2. — С. 178. — 522 с. — 10 000 ас.
- ^ Разьдзел Х. Аб пушчах, аб паляваньні, аб дрэве бортным, аб азёрах і сенажацях // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 / перакл. Алена Шагун. — Менск: Беларусь, 2002. — С. 152. — 207 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0243-8
- ^ Сяргей Расолька. Распачалося паляваньне на казулю // Зьвязда : газэта. — 17 траўня 2012. — № 92 (27207). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула па заалёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |