Вікіпэдыя:Правілы блякаваньня
Гэтая старонка — частка правілаў Вікіпэдыі. Пададзеным тут нормам мусяць падпарадкоўвацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваньнем упэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі маеце сумневы, сьпярша абмяркуйце зьмены на старонцы абмеркаваньня. |
Асноўны сэнс сьцісла: Удзельнікаў Вікіпэдыі могуць адхіляць ад рэдагаваньня Вікіпэдыі дзеля прадухіленьня шкоды нармальнаму функцыянаваньню самой Вікіпэдыі і яе супольнасьці. |
Скарачэньні: ВП:ПБ ВП:БЛЁК |
---|
1. Уводзіны
рэдагаваць1.1. Блякаваньне — забарона на рэдагаваньне старонак Вікіпэдыі тымі або іншымі ўдзельнікамі. Тэхнічна блякаваньне можа ўсталёўвацца датычна ўліковага запісу, IP-адрасу або дыяпазону IP-адрасоў. Накладаньне блякаваньня на рэдагаваньне не азначае забароны на прагляд (чытаньне) хоць-якіх старонак Вікіпэдыі. Пры накладаньні блякаваньня на адміністратараў і бюракратаў яны, апроч магчымасьці рэдагаваньня, адначасна страчваюць і свае адміністрацыйныя паўнамоцтвы — гл. пункт 3.4 дзейных Правілаў. Блякаваньне зьяўляецца статусам удзельніка. Гэта азначае, што тэхнічнае блякаваньне IP-адрасоў можа часова здымацца, калі блякаваньне IP-дыяпазону ставіць пад пагрозу іншых удзельнікаў, але забарона на права рэдагаваньня застаецца (таму ўсякія выпраўленьні заблякаванага ўдзельніка ў такіх выпадках мусяць скасоўвацца).
1.2. Блякаваньне выкарыстоўваецца адміністратарамі, перш за ўсё, каб прадухіліць вандалізм і рэалізаваць забарону на ўдзел тых або іншых асобаў у працы Вікіпэдыі. Яно таксама можа ўжывацца і ў некаторых іншых сытуацыях, пералічаных ніжэй. Прымаючы пастанову аб накладаньні блякаваньня, варта памятаць, што блякаваньне разглядаецца ў першую чаргу як прэвэнтыўны, а ня карны захад і служыць толькі для таго, каб прадухіліць магчымую шкоду нармальнаму функцыянаваньню Вікіпэдыі і яе супольнасьці.
1.3. Блякаваньне звычайна ўсталёўваецца на 24 гадзіны, калі іншае не пазначаецца ніжэй.
1.4. Усякі ўдзельнік мае права паведаміць адміністратараў пра некарэктныя паводзіны ўдзельнікаў на старонцы Вікіпэдыя:Запыты да адміністратараў або на іншых старонках, створаных для гэтай мэты, і зьвярнуцца да іх з просьбай аб блякаваньні парушальнікаў. Прыняцьце пастановы аб ужываньні блякаваньня ў кожным асобным выпадку, аднак, застаецца за адміністратарам.
1.5. Удзельнік, які лічыць, што пастанова аб блякаваньні была неабгрунтаванай, мае права зьвярнуцца з гэтай нагоды да ўсякага адміністратара, які, пераканаўшыся ў справядлівасьці прэтэнзіі, далей дзейнічае згодна з палажэньнямі разьдзелаў 6.5 і 7 дзейных Правілаў.
2. Ужываньне блякаваньня
рэдагаваць2.1. Вандалізм
рэдагаваць2.1.1. Адміністратарам дазваляецца блякаваць IP-адрасы, зь якіх ажыцьцяўляюцца дзеяньні, якія падпадаюць пад вызначэньне вандалізму.
2.1.2. У выпадку ненаўмыснага вандалізму можа выявіцца дастатковым скасаваць выпраўленьні, суправадзіўшы гэта дзеяньне папярэджаньнем аб тым, што ў выпадку паўтарэньня IP-адрас могуць заблякаваць.
2.1.3. У выпадку наўмыснага і мэтанакіраванага вандалізму (у тым ліку вандалізму, які ажыцьцяўляецца ў рамках той ці іншай палітычнай або грамадзкай кампаніі) блякаваньне ажыцьцяўляецца без папярэджаньня.
2.1.4. У звычайным выпадку блякаваньне ўсталёўваецца, згодна з пунктам 1.3. дзейных Правілаў, на 24 гадзіны. Афіцыйных правілаў у дачыненьні да павелічэньня працягласьці блякаваньня IP-адрасоў, зь якіх ажыцьцяўляюцца дзеяньні, што падпадаюць пад вызначэньне вандалізму, не існуе. У прынцыпе дазваляецца павялічваць тэрмін блякаваньня IP-адрасу пры аднаўленьні вандалізму па заканчэньні папярэдняга блякаваньня.
2.1.5. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.1.
2.2. Асабістыя абразы
рэдагаваць2.2.1. Блякаваньне можа ўжывацца да ўдзельнікаў, якія сыстэматычна абражаюць іншых удзельнікаў, калі вынесеныя з гэтай нагоды папярэджаньні не ўплываюць на парушальнікаў.
2.2.2. Забараняецца ўжываць блякаваньне за асабістыя выпады як сродак мадэраваньня дыскусіяў, дзеля атрыманьня або наданьню якомусьці з бакоў перавагі ў спрэчцы (гл. разьдзел 5 дзейных Правілаў).
2.2.3. Больш падрабязна пра магчымыя захады ўзьдзеяньня ў зьвязку з асабістымі абразамі гл. пункт 6.2.4.2.
2.3. Пагрозы
рэдагаваць2.3.1. Блякаваньне можа ўжывацца ў дачыненьні да ўдзельнікаў, якія пагражаюць дзеяньнямі або зьдзейсьнілі дзеяньні (у тым ліку за межамі Вікіпэдыі), якія могуць нанесьці істотную шкоду іншаму ўдзельніку, групе ўдзельнікаў або Вікіпэдыі ў цэлым шляхам палітычнага, рэлігійнага або іншага перасьледу з боку дзяржавы, праваахоўных або судовых органаў, працадаўцы або хоць-якіх іншых асобаў. У кожным з гэтых выпадкаў усякі адміністратар мае права ўжыць блякаваньне неадкладна па выяўленьні такой пагрозы або факту зьдзяйсьненьня такога дзеяньня, без папярэджаньня і папярэдняга абмеркаваньня.
2.3.2. Тэрмін дзеяньня блякаваньня адміністратар мае права вызначаць самастойна, аж да бестэрміновага блякаваньня.
2.3.3. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.3.
2.4. Разгалашэньне асабістых зьвестак
рэдагаваць2.4.1. Блякаваньне можа ўжывацца да ўдзельнікаў, якія апрылюднілі зьвесткі асабістага характару пра якогасьці іншага ўдзельніка безь яго папярэдняй згоды.
2.4.2. Адміністратар у гэтым выпадку мае права самастойна ўсталяваць працягласьць блякаваньня (улучна зь бестэрміновым блякаваньнем). Пры вызначэньні тэрміну блякаваньня адміністратар мусіць браць пад увагу сур’ёзнасьць выдадзеных зьвестак і імавернасьць таго, што па заканчэньні блякаваньня заблякаваны ўдзельнік працягне або адновіць свае дзеяньні, што прывялі да яго.
2.4.3. Гэтае палажэньне ня тычыцца ўдзельнікаў з правамі check-user, якія маюць паўнамоцтвы на разгалашэньня пэўных зьвестак у адпаведнасьці з правілаў для кантралёраў.
2.4.4. Блякаваньне можа ўжывацца да ўдзельніка, які спрабуе скампрамэтаваць іншага ўдзельніка шляхам разгалашэньня яго дзеяньняў або выказваньняў па-за Вікіпэдыяй (апроч выпадкаў, калі такія дзеяньні і выказваньні датычацца Вікіпэдыі). Блякаваньне ў гэтым выпадку ўжываецца толькі па вынясеньні папярэджаньня з патрабаваньнем выдаліць названыя зьвесткі і адмовы ўдзельніка выканаць гэтае патрабаваньне, а таксама пры паўторных дзеяньнях аналягічнага характару.
2.4.5. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.4.
2.5. Падрыў нармальнага функцыянаваньня Вікіпэдыі, падробка, фальсыфікацыя
рэдагаваць2.5.1. Дазваляецца блякаваць IP-адрасы або зарэгістраваных удзельнікаў за дзеяньні, якія парушаюць нармальнае функцыянаваньне Вікіпэдыі, а менавіта:
- наўмысную падробку імёнаў іншых удзельнікаў і стварэньне копіяў іх асабістых старонак і абмеркаваньняў, зьмест якіх можа зганьбаваць удзельніка, з старонкі якога зрабілі копію, альбо выкарыстаньне гэтых копіяў для наўмыснага ўнясеньня рэдагаваньняў, якія ганьбяць іншых удзельнікаў;
- наўмыснае зьмяненьне або выдаленьне падпісаных іншымі ўдзельнікамі камэнтароў з мэтай фальсыфікацыі або падробкі;
- сьвядомае і наўмыснае ўнясеньне рэдагаваньняў, якія ўводзяць у зман датычна дзеяньняў іншых удзельнікаў;
- напісаньне паведамленьняў ад чужога імя;
- празьмерную грубасьць і агрэсіўнасьць у абмеркаваньнях.
2.5.2. Дазваляецца блякаваць новых зарэгістраваных удзельнікаў, якія ўносяць шматлікія рэдагаваньні ў існыя артыкулы, што перашкаджаюць нармальнай працы над гэтымі артыкуламі.
2.5.3. За наўмысную падробку імёнаў іншых удзельнікаў і стварэньне копіяў іх асабістых старонак і абмеркаваньняў, зьмест якіх можа зганьбаваць удзельніка, з старонкі якога зрабілі копію, альбо выкарыстаньне гэтых копіяў для наўмыснага ўнясеньня рэдагаваньняў, якія ганяць іншых удзельнікаў, такога ўдзельніка могуць заблякаваць неадкладна, бестэрмінова, без папярэджаньня і папярэдняга абмеркаваньня.
2.5.4. Блякаваньне ў астатніх выпадках ужываецца толькі па вынясеньні папярэджаньня з патрабаваньнем спыніць падобныя дзеяньні і адмовы ўдзельніка выканаць гэтае патрабаваньне.
2.5.5. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.5.
2.6. Парушэньне аўтарскага права і плягіят
рэдагаваць2.6.1. Блякаваньне можа ўжывацца да ўдзельнікаў і IP-адрасоў за даданьне ў артыкулы Вікіпэдыі абароненых аўтарскім правам матэрыялаў бязь яўнага на тое дазволу і паказаньне на аўтарства, бо парушэньне аўтарскага права і плягіят могуць выклікаць маральныя і праўныя праблемы і падарваць рэпутацыю Вікіпэдыі.
2.6.2. Ува ўсіх выпадках, калі ўзьнікае спрэчка датычна аўтарства, першым крокам мусіць быць выдаленьне спрэчнага тэксту з артыкула.
2.6.3. Пры выяўленьні патэнцыйнага парушэньня аўтарскага права кожны ўдзельнік мае права неадкладна выдаліць адпаведныя матэрыялы і вынесьці папярэджаньне парушальніку.
2.6.4. Удзельнікаў, якія рэгулярна займаюцца падобным выкарыстаньнем чужых матэрыялаў, нягледзячы на атрыманыя папярэджаньні, могуць заблякаваць з мэтай абароны ўсяго праекту. У выпадку, калі ўдзельнік, устаўляючы тэкст, абаронены аўтарскім правам, дзейнічае толькі з прычыны няведаньня і спыняе свае дзеяньні па папярэджаньні, на яго ня варта накладаць блякаваньне.
2.6.5. Файлы зь ліцэнзіяй fair-use забараняецца выкарыстоўваць на асабістых старонках удзельнікаў. Адміністратар, які выявіў гэта парушэньне, мае права паказаць на гэта на старонцы абмеркаваньня ўладальніка старонкі або ліквідаваць яго самастойна. У выпадку працягу выкарыстаньня такіх файлаў удзельніка могуць заблякаваць. Як альтэрнатыўны варыянт, адміністратар мае права самастойна выдаліць файл і на пэўны час абараніць старонку ўдзельніка ад зьменаў.
2.6.6. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.6.
2.7. Імёны ўдзельнікаў
рэдагаваць2.7.1. Удзельнікі з рэклямнымі, правакацыйнымі, абразьлівымі, нецэнзурнымі і падстаўнымі імёнамі блякуюцца. На іх старонках удзельнікаў і старонках абмеркаваньня ставіцца шаблон {{Indefblocked-username}}. Пры гэтым, калі ўдзельнік не дэманструе шкодных намераў, мае канструктыўныя зьмены, а яго імя не зьяўляецца відавочна дэструктыўным, варта спачатку прапанаваць яму зьмяніць імя добраахвотна.
2.7.2. Новыя імёны ўдзельнікаў, відавочна падобныя да імёнаў ужо дзейных удзельнікаў, трэба блякаваць неадкладна і бестэрмінова. Зрэшты, калі супадзеньне адбылося выпадкова (пры вызначэньні выпадковасьці варта кіравацца ВП:КСУ), а ўдзельнік не дэманструе шкодных намераў, мае канструктыўныя праўкі, варта спачатку прапанаваць яму зьмяніць імя добраахвотна.
2.7.3. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.7.
2.8. «Агульныя» ўліковыя запісы
рэдагаваць2.8.1. Неадкладна і бестэрмінова блякуюцца гэтак званыя «агульныя ўліковыя запісы» (анг. public accounts), то ёсьць уліковыя запісы, якія выкарыстоўваюцца адразу некалькімі людзьмі. Патрэбы ў такіх уліковых запісах няма, бо ананімныя ўдзельнікі могуць вольна рэдагаваць усе старонкі (з пэўнымі выняткамі), а апроч таго, кожны чалавек можа вольна зарэгістравацца пад уласным імем удзельніка нават без раскрыцьця адрасу электроннай пошты.
2.8.2. «Агульным акаўнтам» таксама можна лічыць усякі акаўнт, уладальнік якога апублікаваў для агульнага карыстаньня рэквізыты доступу да ўліковага запісу (імя і пароль) у хоць-якім месцы (нават за межамі сайту Вікіпэдыі).
2.8.3. Пра працэдуру накладаньня блякаваньня і яго тэрміны гл. таксама пункт 6.2.4.8.
2.9. Ананімныя і агульнадаступныя проксі
рэдагаваць2.9.1. IP-адрасы ананімных/агульнадаступных проксі трэба блякаваць бестэрмінова пры першым выяўленьні. Па закрыцьці проксі адрасы разблякуюцца.
3. Вынік блякаваньня
рэдагаваць3.1. Заблякаваныя ўдзельнікі і ўдзельнікі з заблякаваных IP-адрасоў могуць праглядаць хоць-якія старонкі Вікіпэдыі, але пры спробе выкарыстаньня функцыі «рэдагаваць» на экран выводзіцца толькі паведамленьне пра блякаваньне, у якім прыводзіцца нагода да блякаваньня і інфармацыя пра тое, якім чынам можна падаць апэляцыю на зьняцьце блякаваньня.
3.2. Час і дата аўтаматычнага зьняцьця блякаваньня ўсталёўваюцца адміністратарам. «Бестэрміновая блякаваньне» можна зьняць толькі ўручную, згодна з адпаведнай пастановай.
3.3. Пры спробе заблякаванага ўдзельніка зрабіць выпраўленьні з IP-адрасу, зь якога ён зайшоў на сайт Вікіпэдыі, ён аўтаматычна блякуецца, каб ня мог рэдагаваць артыкулы ананімна або пад іншым імем. Аўтаматычнае блякаваньне IP-адрасоў працягваецца 24 гадзіны незалежна ад тэрміну блякаваньня самога ўдзельніка — інакш кажучы, нават калі самога зарэгістраванага ўдзельніка заблякавалі бестэрмінова, то IP-адрас, зь якога ён паспрабаваў ажыцьцявіць рэдагаваньне, разблякуецца праз 24 гадзіны.
3.4. Блякаваньне адміністратараў і бюракратаў, апроч забароны рэдагаваньня, цягне за сабой забарону выкарыстаньня адкату, забарону на выдаленьне і аднаўленьне старонак, забарону на ўсталяваньне і зьняцьце абароны старонак. Пры гэтым яны ўсё ж тэхнічна могуць ўсталёўваць і здымаць блякаваньне, а бюракраты могуць надзяляць таго або іншага ўдзельніка правамі адміністратара.
4. Выпадковыя блякаваньні
рэдагаваць4.1. У выпадку, калі ўдзельнік з дынамічнымі IP-адрасамі выявіць, што яго або яе выпадкова заблякавалі, бо яго (яе) актуальны IP-адрас у нейкі пэрыяд часу выкарыстоўвалася вандалам або ўдзельнікам, якому забаранілі далейшую працу ў Вікіпэдыі, для ліквідацыі праблемы можна паспрабаваць прымусова зьмяніць IP-адрас. Калі гэта немагчыма, то можна зьвярнуцца да ўсякага адміністратара на электронную пошту (гл. Вікіпэдыя:Адміністрацыя).
5. Забарона на ўжываньне блякаваньня
рэдагаваць5.1. Катэгарычна забараняецца ўжываць блякаваньня з мэтай атрыманьня перавагі ў спрэчцы. Інакш кажучы, адміністратарам забараняецца блякаваць удзельнікаў, зь якімі яны знаходзяцца ў стане канфлікту датычна зьместу тых або іншых старонак. У гэтым выпадку варта абмежавацца папярэджаньнем аб зробленым ім парушэньні і праінфармаваць пра яго іншых адміністратараў.
5.2. Гэтае абмежаваньне ня дзейнічае ў выпадках, калі:
5.2.1. удзельнік, які ўчыніў парушэньне, знаходзіцца ў стане канфлікту з трыма ці больш адміністратарамі;
5.2.2. ёсьць падставы думаць, што гэты ўдзельнік наўмысна канфліктуе з адміністратарамі з мэтай пазбавіць іх права на яго блякаваньне.
6. Інструкцыі для адміністратараў
рэдагаваць6.1. Працэдура блякаваньня
рэдагаваць6.1.1. Каб накласьці блякаваньне, трэба перайсьці на Спэцыяльныя старонкі і выбраць там спасылку «заблякаваць IP-адрас». Сюды ж можна перайсьці спасылкай «заблякаваць», што зьяўляецца па выпраўленьнях удзельнікаў у сьпісе апошніх зьменаў і пры праглядзе адрозьненьняў у вэрсіях старонкі.
6.1.2. Пры ажыцьцяўленьні блякаваньня адміністратар мусіць запоўніць графу «прычына». Яе зьмест будзе паказвацца заблякаванаму ўдзельніку пры яго спробе рэдагаваць старонку, а таксама ў Журнале блякаваньняў і Сьпісе заблякаваных.
6.1.3. Адміністратар, які ажыцьцяўляе блякаваньне ўдзельніка, мусіць паведаміць пра гэта на яго старонцы абмеркаваньня.
6.2. Тэрмін заканчэньня і працягласьць блякаваньня
рэдагаваць6.2.1. Тэрмін заканчэньня блякаваньня ўводзіцца ў стандартным фармаце GNU, апісаны ў рэкамэндацыі. Блякаваньне таксама можна накласьці назаўсёды (анг. indefinite або па-ангельску: infinite). У гэтым выпадку яно застаецца ў сіле да тых часоў, пакуль якісьці адміністратар яго ня здыме.
6.2.2. У большасьці выпадкаў ужыаецца блякаваньне на 24 гадзіны; пры паўторных парушэньнях тэрмін блякаваньня можа павялічвацца (гл. пункт 6.2.4).
6.2.3. Калі адміністратар зь якойсьці прычыны не пазначыць тэрмін заканчэньня блякаваньня, то на экране зьявіцца паведамленьне пра памылку.
6.2.4. Рэкамэндацыі пра працягласьць блякаваньня
6.2.4.1. Вандалізм
6.2.4.1.1. Дынамічныя IP-адрасы мусяць блякавацца ня больш чым на 24 гадзіны.
6.2.4.1.2. Статычныя IP-адрасы спачатку мусяць блякавацца на 24 гадзіны, але калі зь ім працягваюцца дзеяньні, якія падпадаюць пад вызначэньне вандалізму, то працягласьць блякаваньня можа павялічвацца, але пры гэтым ня мусіць перавышаць аднаго месяца.
6.2.4.1.3. Да зарэгістраваных удзельнікаў, якія рэгулярна чыняць дзеяньні, якія падпадаюць пад вызначэньне вандалізму, мусяць ужывацца тэрміны блякаваньня, аналягічныя п.6.2.4.1.2.
6.2.4.1.4. Ня варта ўжываць блякаваньне пры асобных выпадках вандалізму, якія не зьяўляюцца сталай практыкай для таго або іншага ўдзельніка.
6.2.4.2 Асабістыя абразы
6.2.4.2.1. Адміністратарам варта памятаць, што блякаваньні за асабістыя абразы часьцей за ўсё зьяўляюцца гэтак званымі невідавочнымі блякаваньнямі, а таму пры намеры іх ужыць трэба няўхільна кіравацца палажэньнямі пункту 6.6.3 дзейных Правілаў.
6.2.4.2.2. Ня варта ўжываць блякаваньне за асобныя асабістыя выпады, зробленыя ў запальчывасьці ў ходзе вострай дыскусіі («вайны адкатаў»), калі гаворка не ідзе пра нецэнзурную лаянку або абсалютна адназначныя абразы і калі грубасьць у абмеркаваньнях не зьяўляецца сталай практыкай для таго або іншага ўдзельніка. У кожным разе гэта катэгарычна ня варта рабіць адміністратару, што асабіста бярэ ўдзел у гэтай дыскусіі. Адміністратарам наогул варта ўстрымлівацца ад ужываньня блякаваньняў як захаду мадэраваньня абмеркаваньняў.
6.2.4.2.3. «Неангажаванаму» адміністратару ў сытуацыі, калі дыскусія выходзіць за рамкі прыстойнасьці, рэкамэндуецца зрабіць папярэджаньне ўсім апанэнтам, прычым ня толькі тым, хто робіць асабістыя выпады, але і тым, хто іх на гэта правакуе. Для зьніжэньня вастрыні палемікі, у залежнасьці ад сытуацыі, можна па адпаведным папярэджаньні абараніць старонку абмеркаваньня і/або артыкул, што абмяркоўваецца, на некалькі гадзін. Блякаваньне ўдзельнікаў у ходзе дыскусіі варта ўжываць як апошні магчымы захад. Такія блякаваньні не рэкамэндуецца накладваць на тэрмін, які перавышае 1—3 гадзіны.
6.2.4.2.4. Удзельнік, які лічыць, што яго абразілі, рэкамэндуецца зьвярнуцца да апанэнта, высьветліць, ці была гэтая абраза наўмыснай, і запатрабаваць выдаліць яе. У выпадку, калі факт нанесенай абразы не выклікае сумневу або калі апанэнт не адказвае на зварот, то ўдзельнік мае права зьвярнуцца да ўсякага адміністратара асабіста або да адміністратараў наогул, апавясьціўшы пра гэта на старонцы Вікіпэдыя:Запыты да адміністратараў. Адміністратар, пераканаўшыся, што абраза сапраўды мела месца, выносіць афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці такі�� дзеяньняў.
6.2.4.2.5. Блякаваньне ў зьвязку з асабістымі выпадамі і грубіянствам можа ўжывацца толькі да ўдзельнікаў, што сыстэматычна і зламысна абражаюць іншых удзельнікаў, калі некалькі вынесеных з гэтай нагоды папярэджаньняў не паўплывалі на іх. Пры гэтым забараняецца сьвядома правакаваць удзельнікаў, асабліва пачаткоўцаў, на парушэньне правілаў, або проста сачыць за кожным іх крокам, фіксуючы ўсякі недагляд.
6.2.4.2.6. Калі ў канфлікце ўдзельнічаюць зарэгістраваныя новыя ўдзельнікі, абавязкова трэба з самага пачатку праінфармаваць іх пра тое, дзе яны могуць азнаёміцца з правіламі абмеркаваньня і захадамі, якія могуць ужывацца ў выпадку іх парушэньня, а таксама паказаць, што яны могуць зрабіць у выпадку нязгоды зь дзеяньнямі адміністратара або іншых удзельнікаў.
6.2.4.2.7. Не рэкамэндуецца адміністратарам або іншым удзельнікам весьці публічны «падлік» або «рэестар» парушэньняў правілаў паводзінаў, учыненых тым або іншым удзельнікам з мэтай вызначыць, ці заслугоўвае ён блякаваньня, бо гэта, наадварот, можа толькі правакаваць удзельніка на тое, каб працягваць такія дзеяньні. Варта памятаць, што мэтай блякаваньня зьяўляецца не пакараньне, а прадухіленьне — У гэтым разе блякаваньне прымальна толькі тады, калі паводзіны гэтага ўдзельніка відавочна перашкаджаюць нармальнай працы іншых удзельнікаў.
6.2.4.2.8. Адміністратарам варта ўстрымлівацца ад паўторнага ўжываньня сродкаў узьдзеяньня (папярэджаньняў і блякаваньня) у дачыненьні да тых жа ўдзельнікаў за тое ж (або падобнае) парушэньне, з выняткам адкрытага вандалізму і простых пагроз у адрас асобных удзельнікаў і супольнасьці ў цэлым; нават у гэтых выпадках рэкамэндуецца, пры магчымасьці, паспрабаваць зьвярнуць увагу іншых адміністратараў на гэтае парушэньне.
6.2.4.2.9 Блякаваньне нармальнага зарэгістраванага ўдзельніка за сыстэматычныя абразы іншых удзельнікаў ня мусіць перавышаць 1—3 дзён. Ананімных вандалаў дазваляецца блякаваць на больш працяглыя тэрміны, у тым ліку і назаўсёды.
6.2.4.2.10. Блякаваньне нармальнага зарэгістраванага ўдзельніка за сыстэматычныя абразы іншых удзельнікаў на тэрмін ад 1 тыдня і вышэй можа накладацца толькі супольна ўсімі адміністратарамі на падставе прапановы аднаго з адміністратараў, які мусіць даць абгрунтаваньне да такой пастановы.
6.2.4.3. Пагрозы
6.2.4.3.1. Удзельнік, які дазволіў сабе ў ходзе абмеркаваньня пагрозу, мусіць блякавацца неадкладна на працяглы час або назаўсёды, што можна зрабіць без папярэджаньня і папярэдняга абмеркаваньня. Адміністратар, які ўжыў блякаваньне, мусіць канфідэнцыйна праінфармаваць іншых адміністратараў пры ўжытыя захады і падставы да іх.
6.2.4.4. Разгалашэньне асабістых зьвестак
6.2.4.4.1. Пры блякаваньні ўдзельнікаў, якія апрылюднілі зьвесткі асабістага характару пра хоць-якім іншым удзельніку безь яго папярэдняй згоды, адміністратар мае права самастойна ўсталяваць працягласьць блякаваньня (улучна зь бестэрміновым), прымаючы пад увагу сур’ёзнасьць выдадзеных зьвестак і імавернасьць таго, што па заканчэньні тэрміну блякаваньня заблякаваны ўдзельнік працягне свае дзеяньні.
6.2.4.4.2. Блякаваньне датычна ўдзельніка, які спрабуе скампрамэтаваць іншага ўдзельніка шляхам выдаваньня яго дзеяньняў або выказваньняў па-за Вікіпэдыяй можа ўжывацца толькі па вынясеньні папярэджаньня з патрабаваньнем выдаліць названыя зьвесткі і адмовы ўдзельніка выканаць гэтае патрабаваньне, а таксама пры паўторных дзеяньнях аналягічнага характару.
6.2.4.5. Падрыў нармальнага функцыянаваньня Вікіпэдыі
6.2.4.5.1. Удзельнікаў, якія займаюцца наўмыснай падробкай імёнаў іншых удзельнікаў і стварэньнем копіяў іх асабістых старонак і абмеркаваньняў, зьмест якіх можа зганьбаваць удзельнікаў, з старонак якіх зрабілі копіі, або выкарыстоўваюць гэтыя копіі для наўмыснага ўнясеньня правак, ганяць іншых удзельнікаў, трэба неадкладна блякаваць назаўсёды, што можна зрабіць без папярэджаньня і папярэдняга абмеркаваньня.
6.2.4.5.2. Пры зьдзяйсьненьні іншых парушэньняў, названых у пункце 2.5.1. Правіла:
6.2.4.5.2.1. Блякаваньне можа ўжывацца толькі па вынясеньні папярэджаньня з патрабаваньнем спыніць падобныя дзеяньні і адмовы ўдзельніка выканаць гэтае патрабаваньне.
6.2.4.5.2.2. Дынамічныя IP-адрасы мусяць блякавацца ня больш чым на 24 гадзіны.
6.2.4.5.2.3. Статычныя IP-адрасы і зарэгістраваныя ўдзельнікі спачатку мусяць блякавацца ня больш чым на 24 гадзіны, але калі працягваюцца дзеяньні, якія вядуць да падрыву нармальнага функцыянаваньня Вікіпэдыі, то працягласьць блякаваньня можа паступова павялічвацца.
6.2.4.5.2.4. Новыя ўдзельнікі, якія распачалі свой унёсак з падобных дзеяньняў, могуць адразу блякавацца на адвольны тэрмін, аж да бестэрміновага блякаваньня.
6.2.4.5.2.5. Ня варта накладваць бестэрміновыя блякаваньня за асобныя (эпізадычныя) дзеяньні такога роду ні на IP-адрасы, ні на зарэгістраваных удзельнікаў.
6.2.4.6. Парушэньне аўтарскага права і плагіят
6.2.4.6.1. Ува ўсіх выпадках, калі ўзьнікае спрэчка датычна аўтарства, першым крокам мусіць быць выдаленьне спрэчнага тэксту з артыкула.
6.2.4.6.2. Пры выяўленьні патэнцыйнага парушэньня аўтарскага права кожны ўдзельнік мае права неадкладна выдаліць адпаведныя матэрыялы і вынесьці папярэджаньне парушальніку.
6.3. Блякаваньне дыяпазону адрасоў
рэдагаваць6.3.1. Блякаваньне дыяпазону адрасоў ужываецца ў выпадках, калі парушальніка неаднаразова блякавалі, але кожны раз ён абыходзіў блякаваньне, зьмяняючы IP-адрас. У многіх выпадках блякаваньне дыяпазону адрасоў можа прывесьці да блякаваньня і пэўных сумленных удзельнікаў. Таму такое блякаваньне можа ўжывацца толькі тады, калі шкодніцкія дзеяньні адбываюцца бесьперапынна, чыняць значную шкоду, а іншыя спосабы іх прадухіленьня зьяўляюцца неэфэктыўнымі. Пастанова аб блякаваньні дыяпазону адрасоў мае быць добра абдуманай і ўзважанай, пры гэтым трэба ацаніць колькасьць сумленных удзельнікаў, якія могуць апынуцца заблякаванымі.
6.3.2. Тэрмін блякаваньня дыяпазону адрасоў мае быць як мага карацейшым.
6.3.3. Блякаваньне дыяпазону адрасоў можа ўжывацца толькі тымі адміністратарамі, якія маюць пэўныя веды пра двайковае адрасацыю і маршрутызацыю.
6.4. Разблякаваньне
рэдагаваць6.4.1. Сьпіс заблякаваных удзельнікаў і IP-адрасоў знаходзіцца на старонцы Спэцыяльныя:Ipblocklist. Каб разблякаваць удзельніка трэба націснуць на адпаведную спасылку і пазначыць прычыну разблякаваньня.
6.4.2. Адміністратары маюць тэхнічную магчымасьць разблякаваць саміх сябе, аднак яны мусяць катэгарычна пазьбягаць такіх дзеяньняў, з выняткам выпадкаў, калі блякаваньне адміністратара стала пабочным вынікам блякаваньня іншага ўдзельніка.
6.4.3. Калі адміністратар лічыць, што яго заблякавалі несправядліва, яму трэба зьвярнуцца да іншага адміністратару (адміністратарам) каналамі па-за Вікіпэдыяй з просьбай пра разблякаваньне.
6.5. Калі вы не пагаджаецеся з блякаваньнем удзельніка
рэдагаваць6.5.1. Калі вы не пагаджаецеся з блякаваньнем, накладзеным іншым адміністратарам, то вам варта абмеркаваць гэтае пытаньне з гэтым адміністратарам. Прычыны, зь якіх вы можаце настойваць на разблякаваньні:
- Удзельніка заблякавалі з парушэньнем правілаў блякаваньня;
- Прычыны блякаваньня перасталі быць актуальнымі.
6.5.2. Памятайце, што заблякаваныя ўдзельнікі часта скардзяцца на e-mail адразу некалькім адміністратарам, прадстаўляючы сябе як ахвяру перасьледу з боку прадузятага адміністратара. З гісторыі рэдагаваньняў удзельніка не заўсёды можна ясна зразумець прычыны яго блякаваньня, таму замест таго, каб асабіста прымаць пастанову аб разблякаваньня, трэба праявіць ветлівасьць і здаровы сэнс і зьвярнуцца за тлумачэньнем да адміністратара, які наклаў блякаваньне.
6.5.3. Толькі ў тым выпадку, калі вы думаеце, што адбылася відавочная памылка, а адміністратар, які наклаў блякаваньне, зьяўляецца недаступным, вы можаце разблякаваць удзельніка папярэдне праінфармаваўшы пра гэта адсутнага адміністратара на яго старонцы абмеркаваньня і пакінуўшы запіс на старонцы Вікіпэдыя:Запыты да адміністратараў.
6.6. Невідавочныя блякаваньні
рэдагаваць6.6.1. Блякаваньне IP-адрасу, зь якога ананімны ўдзельнік учыніў дзеяньні, якія відавочна падпадаюць пад вызначэньне вандалізму, зьяўляецца звычайнай справай, але ў многіх іншых выпадках пастанова аб блякаваньні можа выглядаць спрэчнай і невідавочнай і, пры адсутнасьці кансэнсусу, можа нашкоодзіць вікі-супольнасьці.
6.6.2. Да такіх выпадкаў могуць належаць:
- Блякаваньне ўсякага ўдзельніка за тое, што ён, магчыма, зьяўляецца «лялькай» або «рэінкарнацыяй» раней заблякаванага ўдзельніка;
- Блякаваньне зарэгістраванага ўдзельніка, які мае значны ўнёсак у разьвіцьцё Вікіпэдыі, незалежна ад прычынаў блякаваньня;
- Блякаваньне ў адпаведнасьці з пунктам «падрыў нармальнага функцыянаваньня Вікіпэдыі»;
- Блякаваньні, якія слаба адпавядаюць правілам, хоць і могуць здавацца абгрунтаванымі.
6.6.3. Калі вы маеце пэўнасьць, што ў кожным разе сапраўды варта зьвярнуцца да блякаваньня, рэкамэндуем зрабіць наступнае:
- Старанна праверце ўсе факты;
- Перачытайце адпаведныя правілы, якія тычацца гэтага выпадку;
- Калі магчыма, зьвяжыцеся зь іншымі адміністратарамі з выкарыстаньнем неафіцыйных каналаў (напрыклад, e-mail) і пераканайцеся, што не вы адзін прытрымліваецеся гэтага меркаваньня;
- Накладзіце блякаваньне, старанна сфармуляваўшы яго прычыны (у поле пра прычыну блякаваньня) і не забыўшыся даць спасылку на старонку заблякаванага ўдзельніка;
- Дадайце паведамленьне пра вашае дзеяньне на старонку абмеркаваньня заблякаванага ўдзельніка, у якім прывядзіце абгрунтаваньне блякаваньня, коратка выкладзіце факты і пакажыце, згодна зь якімі пунктамі правілаў гэтае блякаваньне ажыцьцявілі;
- Не адмаўляйцеся абмеркаваць вашае дзеяньне, калі да вас зьвернуцца іншыя ўдзельнікі.
6.6.4. «Войны блякаваньняў» паміж адміністратарамі, якія блякуюць і разблякуюць таго ж самага ўдзельніка, зьяўляюцца абсалютна недапушчальнымі. Яны могуць стаць прычынай засмучэньня і расчараваньня для многіх даўніх удзельнікаў і заахвочваць далейшае неналежнае абыходжаньне з боку заблякаванага ўдзельніка. Пазьбягайце гэтага. Калі вы не пагаджаецеся з блякаваньнем, абмяркуйце гэта з адміністратарам, што зьдзейсьніў яго, і іншымі адміністратарамі і паспрабуйце прыйсьці да кансэнсусу, але не ўжывайце дзеяньняў па разблякаваньні з уласнай ініцыятывы. Памятайце, што адміністратар, які наклаў блякаваньне, магчыма, ведае сытуацыю лепш, чым вы.
Глядзіце таксама
рэдагаваць- MediaWiki:Blockedtext — тэкст, які паказваецца заблякаваным удзельнікам пры спробе рэдагаваньня
- mw:Help:Range blocks — як блякаваць дыяпазоны адрасоў