Вольная Беларусь (газэта)
«Во́льная Белару́сь» (10 чэрвеня 1917 — лістапад 1918) — грамадзка-палітычная, эканамічная і літаратурная газэта нацыянальна-дэмакратычнага кірунку.
Вольная Беларусь | |
Тып | газэта |
---|---|
Фармат | 2 разы на тыдзень (1917) штотыднёвік (1918) |
Выдавец | Беларускі нацыянальны камітэт |
Краіна | |
Галоўны рэдактар | Язэп Лёсік |
Заснаваная | 10 чэрвеня 1917 |
Закрытая | лістапад 1918 |
Палітыка | Беларуская сацыялістычная грамада |
Мова | беларуская |
Штаб-кватэра | Менск |
Выдавалася ў Менску. Галоўны рэдактар Язэп Лёсік. Выдавец Беларускі нацыянальны камітэт, зь ліпеня 1917 — Таварыства беларускай культуры. У 1917 выдавался 2 разы на тыдзень, у 1918 — штотыднёвік.
У газэце працавалі Зьмітрок Бядуля і Ванда Лявіцкая (дачка Ядвігіна Ш., будучая жонка Лёсіка), Павал Каравайчык (друкаваўся пад псэўданімам П.К. А.Жынкін). Ёсьць зьвесткі, што грошы на газэту фундаваў Раман Скірмунт і Павал Аляксюк.
У 1917 падтрымлівала ідэі Беларускай сацыялістычнай грамады, выступала за ідэі фэдэралізму, аўтаноміі, пасьля абвяшчэньня БНР выступала за незалежную дэмакратычную Беларусь.
У газэце ўпершыню зьявіліся такія літаратурныя творы, як «Залёты» і «Пінская шляхта» Дунін-Марцінкевіча ў перакладзе зь «пінчуцкай гаворкі», «Пагоня» Максіма Багдановіча, «Сымон-музыка» і «Новая зямля» Якуба Коласа.
Выдавалася да захопу Менску бальшавікамі ў лістападзе 1918. Па згадках Лёсіка: «бальшавіцкія грабежнікі ачысьцілі рэдакцыю да апошняй паперкі. Забралі пішучую машынку, шапірографы, рукапісы, канцэлярскую паперу, пячаткі, канторскія кніжкі, рахункі, адрасы падпісчыкаў, пісьмы і г. д. Дзе гэта ўсё дзелася — няма ведама. Згінула навекі, а тым часам шмат было рукапісаў вядомых беларускіх пісьменьнікаў, каторых ніякімі грашыма аплаціць немагчыма, бо гэта былі аўтэнтыкі». Архіў газэты зьнік бязь сьледу.
Не захаваліся нумары газэты 37 і 38 за 1918 год.
Літаратура
рэдагаваць- Конан У.М. Вольная Беларусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0 С. 354
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Вольная Беларусь» (1919—1918) // Камунікат. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка.