Іва́н IV Жахлі́вы[4], у беларускіх гістарычных крыніцах — Іван Маскоўскі або Іван Тыран[5] (Грозны, рас. Ива́н IV Васи́льевич, Ива́н Гро́зный; 25 жніўня 1530, в. Каломенскае пад Масквой — 18 сакавіка 1584, Масква) — гаспадар Маскоўскай дзяржавы, які афіцыйна тытуляваўся як «вялікі князь маскоўскі і ўсяе Русі» (з 1533), «цар усяе Русі» (з 1547). З дынастыі Рурыкавічаў, сын Васіля III ад яго другога шлюбу з Аленай Глінскай.

Іван IV Жахлівы
 Маскоўскі гаспадар
1533 — 1584
Каранацыя 16 студзеня 1547
Папярэднік Васіль III
Наступнік Фёдар I Іванавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 25 жніўня 1530, в. Каломенскае
Памёр 18 сакавіка 1584 (53 гады), Масква
Пахаваны Архангельскі сабор у Маскве
Нашчадкі сыны: Дзьмітры, Іван, Фёдар, Васілій, Дзьмітры Угліцкі
дачкі: Ганна, Марыя
Дынастыя Рурыкавічы
Жонкі 1) Анастасія Раманаўна шл. 1547
2) Марыя Цямрукаўна шл. 1561
3) Марфа Сабакіна шл. 1571
4) Ганна Калтоўская шл. 1572
5) Марыя Даўгарукая шл. 1575
6) Ганна Васільчыкава шл. 1579
7) Васіліса Мяленьцьеўна шл. 1579
8) Марыя Нагая шл. 1581
Бацька Васіль III
Маці Алена Глінская

Адзін з найзначнейшых дзяржаўных дзеячоў расейскае гісторыі, дзейнасьць якога атрымала даволі разнастайныя ацэнкі. Разглядаецца беларускімі гісторыкамі ў якасьці захопніка і ката[4] на падставе яго спусташальных дзеяньняў у Полацкім рэгіёне.

Іван IV па нараджэньні атрымаў простае імя Ціт. Незадоўга да сьмерці, калі прыняў іноцтва, насіў імя Ёна.

Прыдомак «Грозный», пад якім маскоўскі гаспадар Іван IV стаўся вядомым у пазьнейшай расейскай літаратуры, не сустракаўся ў маскоўскіх крыніцах XVI ст. Хутчэй за ўсё, як мяркуе расейскі дасьледнік Скрыньнікаў, ён атрымаў такі прыдомак тады, калі стаўся героем гістарычных песьняў. Фальклёрны ж вобраз Івана Жахлівага ― «вялікага гасудара» сфармаваўся, відаць, у часы Смуты, калі ва ўмовах вялікіх бедзтваў часы «цара Івана» пачалі ўзгадвацца як часы росквіту ды дабрабыту, а расправы ў часы апрычніны былі забытыя.

Пераклад расейскага прыдомку, які азначае «Іван Страшны» ці «Іван Жахлівы», як лічыць Скрыньнікаў, відавочным чынам скажае яго сэнс ― ува ўяўленьні людзей таго часу «граза (навальніца)» увасабляла больш боскую, чым прыродную, стыхію, якая лічылася няўхільнай, зьнішчальнай і бліскучай. ― знак умяшальніцтва нябесных сілаў у жыцьці людзей. Магчымую памылковасьць традыцыйнага ангельскага перакладу прыдомку, «Ivan the Terrible», пацьверджвае, напрыклад, Дэйвід Стоўн[6], прапануючы як лепшыя «Ivan the Dread» (літар. «Пагрозьлівы»[7]) or «Ivan the Awe-Inspiring» (літар. «Наводзіць Страх і Пашану»[7]).

На думку Ігара Марзалюка, звычай іменаваць Івана IV «Жахлівым», што ўкараніўся ў частцы новае беларускае гістарыяграфіі, няслушны, бо беларуская шляхта ў эпісталярных крыніцах называла гаспадара Івана або «Маскоўскім», або «Тыранам», але нідзе ― «Жахлівым»[5].

Генадзь Сагановіч зьвяртае ўвагу на тое, што «грозным» Івана IV таксама зрабілі гісторыкі, але ў беларускай традыцыі слова грозны мае іншыя значэньні. Таму расейскаму «грозному» прапаноўваўся найбліжэйшы беларускі эквівалент[8].

Валадарства

рэдагаваць

Па сьмерці бацькі Івана IV абвясьцілі гаспадаром пад апекай маці (3 сьнежня 1533); потым ён знаходзіўся пад апекай высокіх баярскіх радоў ― Шуйскіх, Вельскіх; самастойна кіраваць пачаў у 13-гадовым веку, калі нечакана загадаў пакараць сьмерцю галоўнага са сваіх тагачасных апекуноў, князя Андрэя Шуйскага, і абвясьціў сябе самадзержцам (29 сьнежня 1543). У 1547 годзе ён, як першы валадар у расейскай гісторыі, прыняў тытул «цара» (16 студзеня 1547).

Пачынаючы з 1549 году, ён, з апорай на г. зв. «Выбраную раду», зьдзейсьніў некалькі значных дзяржаўных пераўтварэньняў: Земскую, Губную, вайсковую рэформы; скасаваў кармленьні й прыняў «Улажэньне аб службе» (1555—1556), а таксама «Прыгавор аб месьніцтве»; зацьвердзіў новы судзебнік (1550); пад яго наглядам быў прыняты зборнік пастановаў аб царкоўным жыцьці «Стоглаў» (1551); у пачатку 1560-х гадоў правёў рэформу дзяржаўнай сфрагістыкі; была завершаная грашовая рэформа, пачатая пры Алене Глінскай.

У 1560—1570-х гадох Іван IV ліквідаваў дарадчыя органы й пачаў валадарыць аднаасобна; у гэты пэрыяд ён зьдзейсьніў некалькі хваляў палітычных рэпрэсіяў (вядомых таксама як «эпохі казьняў» ды «апрычніна»), скіраваных супраць баярства й на ўмацаваньне самаўладзьдзя; як самі рэпрэсіі такога размаху, так і асабісты ўдзел у іх гаспадара, цяжка адбіліся на грамадзтве.

У замежнай палітыцы Іван IV спрабаваў умацаваць пазыцыі Масковіі на ўсходнім і паўднёвым кірунках, а таксама выйсьці да Балтыйскага мора; пры ім быў укладзены першы гандлёвы трактат з Ангельшчынай (1554 год). З 1545 году і амаль да самай сьмерці Іван IV вёў войны: у Паволжы, Крыме і Сыбіры супраць татарскіх дзяржаваў; у Прыбалтыцы ды Беларусі ― супраць Інфлятаў, Швэцыі, Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Інфлянцкая вайна скончылася для Масковіі няўдала, але ў Паволжы і Сыбіры былі зробленыя значныя тэрытарыяльныя заваёвы.

Пры Іване IV быў забаронены ўезд на тэрыторыю Масковіі габрэйскіх купцоў.

Ваенная справа

рэдагаваць
 
Дзяржаўны герб з маскоўскім крыжам. Пячатка Івана IV, 1577 г.

Воляй Івана IV былі праведзеныя дзьве ўдалыя для Масковіі ваенныя кампаніі ― супраць Казанскага і Астраханскага ханстваў. Але сам ён не вызначыўся ваеначальніцкім дарам. У Інфлянцкай вайне, пасьля ўдачаў першай кампаніі, войска Івана IV амаль бесьперапынна цярпела няўдачы, асабліва ў пазьнейшы час, у кампаніях Стэфана Баторыя; адзіным выняткам сталася ўзяцьце Полацку ў 1563 годзе, дзе Іван IV камандаваў асабіста[6]. Арганізаванае Іванам IV апрычнае войска, ня так як яго арміі 1550-х гадоў, выявілася малапрыдатным для вайны, што пацьвердзілася, напрыклад, у пагроме Масквы крымскім ханам у 1571 годзе.

Вялікі ўплыў на асобу Івана IV зрабіла яго дзяцінства, праведзенае пад наглядам баярскіх апекуноў, бяз бацькі, з 8 гадоў — і бяз маці. На думку Платонава, баяры далі маладому Івану IV кепскі прыклад крывадушша, жорсткасьці, амаральнасьці; паспрыялі разьвіцьцю менавіта дрэнных рысаў яго асобы.

Разумовае разьвіцьцё Івана IV, на думку Платонава, было вышэйшым за яго разьвіцьцё маральнае. Так, на думку Платонава, у ранейшы час свайго жыцьця Іван IV зьяўляў пэўную адукаванасьць і палітычную ўсьвядомленасьць, якія праявіліся, напрыклад, у яго прамовах да мітрапаліта і баяраў, калі ён абвясьціў пра жаданьне ажаніцца і прыняць царскі тытул; або ў іншых яго выступленьнях канца 1540-х гадоў. Адносна нечаканае ўзьнікненьне гэтых рысаў у Іване IV, яго цікавасьць да чытаньня, багаслоўскіх пытаньняў і палітычных тэорыяў, можна прыпісаць, на думку Платонава, дабрадзейнаму ўплыву маскоўскага мітрапаліта Макарыя і сьвятара Сільвестра, яго супрацоўніка. Пазьней, калі пачаліся сутыкненьні за ўладу паміж гаспадаром і баярствам (выразна ― з 1553 году), якія асабліва завастрыліся ў канцы 1550-х гадоў, горшыя рысы асобы Івана IV ізноў выйшлі наверх, і праявіліся ў характары многіх падзеяў апрычніны, у жорсткасьцях, учыненых Іванам IV, у тым ліку асабіста; у яго шматлікіх шлюбах, у «перабіраньні нявест» (як выхваляўся сам гаспадар Іван, ён «перапробаваў тысячу дзяўчын»).

Наогул, на думку Платонава, матэрыялы па жыцьці Івана IV няпоўныя, і шмат якія гады і пэрыяды яго біяграфіі не забясьпечаныя дакумэнтальнымі крыніцамі. Таму, на думку Платонава, з навуковай дакладнасьцю немагчыма вызначыць ані рысаў асобы Івана IV, ані яго кіраўнічых здольнасьцяў; адсюль вынікае разнагалосьсе ў навуковым сьвеце. Старэйшым гісторыкам (Шчарбатаў, Карамзін) Іван IV здаваўся чалавекам многіх абліччаў, дваістым; зьмяненьне характару яго дзейнасьці прыпісвалася нейкаму «ўнутранаму пералому», які адбыўся, магчыма, ці пад уплывам барацьбы за ўладу, ці пасьля сьмерці каханай першай жонкі. Пазьней, калі выявілася палітычная матывацыя шмат якіх меркаваньняў пра Івана IV, як у маскоўскіх, так і ў замежных крыніцах, гісторыкі спрабавалі даць уласнае тлумачэньне яго асобы. Так, яго спрабавалі паказаць ці як ідэалізаваную перадавую, незразумелую сваім часам асобу (Кавелін), ці як чалавека неразумнага (Карамзін), ці як вар’ята (М. Кавалеўскі); як чалавека, чые разумовыя здольнасьці не адпавядалі слабасьці яго волі (Ю. Самарын); як разумнага і таленавітага чалавека, які «не ўдаўся», а таму быў хваравіта раздражнёны на сьвет (І. Н. Жданаў). Як паведамляе Платонаў, моцны розум і ўладную сілу Івана IV прызнавалі яго сучасьнікі, напрыклад, швэдзкі кароль Іаан.

Некаторае тлумачэньне дзеяньням Івана IV дае выразная дэгенэрацыя, якую зьяўляла ў XVI ст. маскоўская дынастыя. Брат Івана IV быў глуханямым ад нараджэньня ідыётам, старэйшы сын Івана IV цярпеў на моцную нэўрастэнію, сярэдні быў слабы галавой, малодшы быў эпілептыкам. Пасьля моцнага нэрвовага патрасеньня Іван IV, відаць, атрымаў цяжкае нэрвовае захворваньне, пра што сьведчаць, на думку Скрыньнікава, яго раптоўныя выбухі гневу, неверагодная падазронасьць, помсьлівасьць і «нечалавечая» жорсткасьць. Зь іншага боку, на думку Скрыньнікава, няслушна лічыць, што Іван IV быў зь юнацтва параноікам, і менавіта псыхічнай хваробай тлумачыцца разьвязаны ім тэрор. На думку Скрыньнікава, зьвесткі ў падтрымку такога меркаваньня дадзеныя яго супраціўнікамі, а надзейных зьвестак такога роду няма; таксама і фазы тэрору не адпавядаюць фазам меркаванага захворваньня — сымптомы параноі зьявіліся ўжо ў канцы жыцьця Івана, пасьля заканчэньня рэпрэсіяў.

Наогул, на думку Скрыньнікава, жорсткасьць Івана IV, яго пагарда да чалавечага жыцьця і годнасьці ня могуць лічыцца нечым надзвычайным сярод сярэднявечных валадароў, і ня могуць тлумачыцца толькі паталягічнымі прычынамі. Так, напрыклад, за адну Варфаламееўскую ноч у Францыі было забіта больш народу, чым пакарана сьмерцю ў час кіраванья Івана Жахлівага.

Іван IV быў жанаты 6 разоў:

  • з Анастасіяй Раманаўнай Захар’інай-Кошкінай (сыны Дзьмітры, пам. 1553, Іван, гаспадар Фёдар і тры дачкі);
  • з Мар’яй Цемрукоўнай, княжной кабардзінскай (сын Васіль, пам. 1563);
  • з Марфай Васільеўнай Сабакінай;
  • з Ганнай Аляксееўнай Калтоўскай;
  • з Ганнай Рыгораўнай Васільчыкавай;
  • з Марыяй Фёдараўнай Нагой (сын княжыч Дзьмітры).

Некаторыя аўтары (напрыклад, Хмыраў) называюць Марыю Нагую 7-й жонкай, а 6-й — улюбёную гаспадарскую наложніцу Васілісу Меленцьеву, удаву па дзяку.

На думку Скрыньнікава, шматлікія шлюбы Івана IV таксама стварылі шмат мітаў. Першы раз Іван IV ажаніўся ў 16 гадоў, і гэты яго шлюб быў самым працяглым (13 гадоў), і, відаць, самым шчасьлівым. Пасьля другога шлюбу, які трываў 8 гадоў і не пакінуў жывых нашчадкаў, у дзяржаве правялі новы перапіс нявест — 2000 дзяўчын, часта супраць волі бацькоў, былі зьвезеныя ў гаспадараву Слабаду, гаспадар Іван пазбаўляў іх нявіннасьці, па чым выдаваў замуж за сваіх апрычных слугаў. Трэцяя жонка, Марфа Сабакіна, сваячка Малюты Скуратава, памерла неўзабаве па заручынах, ня стаўшы, на думку Скрыньнікава, фактычнай жонкай гаспадара. Шлюбы з Ганнай Васільчыкавай і Ганнай Калтоўскай былі непрацяглымі, а гаспадыні былі прымусам пастрыжаныя ў манашкі і скончылі жыцьцё ў манастырах. Апошні шлюб Івана IV быў з Марыяй Нагой, сваячкай тагачаснага фаварыта А. Ф. Нагога. Нягледзячы на тое, што ад гэтага шлюбу нарадзіўся сын Дзьмітры, Іван IV намерваўся разьвесьціся, каб ажаніцца з ангельскай прынцэсай, і гэтым намерам перашкодзіла, на думку Скрыньнікава, толькі сьмерць Івана IV.

За час кіраваньня Івана IV Масковія шматразова павялічыла сваю тэрыторыю і насельніцтва, і ў значнай ступені забясьпечыла свае межы на ўсходзе і поўдні. Тэрыторыя Маскоўскага княства павялічылася з 2,8 млн км² да 5,4 млн км², а насельніцтва павялічылася на 30—50% і склала 10—12 млн чалавек[9].

У палітыцы Іван IV выступіў як прыхільнік нічым не абмежаванага самаўладзьдзя, цэнтралізаванай улады, сьвецкага кантролю над царквой. Вядомай праявай поглядаў Івана IV на гэтыя пытаньні зьяўляецца яго перапіска са зьбеглым у ВКЛ князем Курбскім.

Рашучае абмежаваньне ўплыву баярства і ўмацаваньне цэнтралізаванай улады былі, сапраўды, дасягнутыя, але мэтады дасягненьня гэтага шмат чым прадвызначылі гаспадарчы заняпад 1570—1580-х гадоў, увядзеньне прыгоннага права ў дзяржаўным маштабе і Смуту пачатку XVII ст. Інфлянцкая вайна сталася для Маскоўскай дзяржавы няўдалаю і безвыніковаю, прынесла спусташэньне ня толькі на тэрыторыю, дзе вяліся баявыя дзеяньні, але і на землі самой Масковіі, вычарпаўшы амаль усе яе людзкія і матэрыяльныя рэсурсы[10] Людзкія і матэрыяльныя страты ў Лівонскай вайне спрычынілі палітычны, эканамічны і сацыяльны крызіс у Масковіі ў 1580—1590-я гады. У той жа час у Паволжы і Сыбіры былі зробленыя значныя тэрытарыяльныя заваёвы.

На думку расейскага дасьледніка Платонава, можна і ня верыць тым апавяданьням пра пакараньні і жорсткасьці Івана IV, якія множыліся ў Эўропе; іх перабольшанасьць, але і ахвотная вера ім, нават на ўрадавым узроўні, часткова тлумачацца нежаданьнем дзяржаваў Цэнтральнай Эўропы дапускаць палітычнае пасіленьне Масквы ў Прыбалтыцы і яе выхад у Эўропу. Але, на думку Платонава, нельга не прызнаваць, што тэрор, учынены Іванам IV, быў сапраўды застрашлівым і рыхтаваў краіну да смуты і міжусобіцы. Гэта, па словах Платонава, разумелі і сучасьнікі падзеяў: так, Іван Цімафееў у сваім «Часоўніку» казаў, што Грозны «божымі людзьмі гуляе», і распадзелам сваёй зямлі сам падрыхтаваў «разгалосьсе», г. зн. Смуту.

Асабістая жорсткасьць гаспадара, які, паводле народнага ідэалу, павінен быў увасабляць праўду і маральнасьць, і якую гаспадар спалучаў з захоўваньнем самых строгіх правілаў манашастваньня, прывяла, на думку Кастамарава, да таго, што ў грамадзтве «зьнікла павага да праўды і маральнасьці»; у выніку ў вярхах грамадзтва вырасла пакаленьне людзей без маральнага грунту, якія і сталіся рухавіком для падзеяў у часы запрыгоньваньня і Смуты. Карамзін параўноваў Івана Грознага з рымскімі тыранамі.

Сярод вынікаў вяршэнства асабістых настрояў Івана IV над дзяржаўнымі інтарэсамі называюць[11], напрыклад, спыненьне разьвіцьця кнігадрукаваньня ў Масковіі (бегства Івана Фёдарава ў ВКЛ з прычыны страты міласьці гаспадара) або бегства зь дзяржавы такога значнага дзеяча праваслаўнай культуры заходняга кірунку, як князь Курбскі.

  1. ^ а б в г Середонин С. Иоанн IV Васильевич Грозный (рас.) // Русский биографический словарьСПб: 1897. — Т. 8. — С. 229—271.
  2. ^ а б в г Военная энциклопедия (рас.)СПб: Иван Дмитриевич Сытин, 1913. — Т. 11.
  3. ^ а б в г Исаев Ю. Н. Чувашская энциклопедия (рас.)Чувашское книжное издательство, 2006. — 2567 с. — ISBN 978-5-7670-1471-2
  4. ^ а б Сагановіч Г. Чаму на Беларусі маскоўскага цара Івана IV называюць Жахлівым? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 29.
  5. ^ а б Марзалюк І. Да пытання пра навуковасць новай беларускай медыевістыкі // Гістарычны Альманах. Выпуск 4, 2001.
  6. ^ а б David R. Stone. A military history of Russia : from Ivan the Terrible to the war in Chechnya. Praeger Security International General Interest-Cloth, 2006. ISBN 0-275-98502-4
  7. ^ а б Hornby A. Oxford Student’s Dictionary of Current English. — 1978, 1984.
  8. ^ Сагановіч Г. Вітаю палеміку // Гістарычны Альманах. Том 7. 2002.
  9. ^ Пайпс Р. Россия при старом режиме. — М. : «Захаров», 2004.
  10. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 663.
  11. ^ Каретникова М. С. Русское богоискательство: национальные корни евангельско-баптистского движения // Альманах по истории русского баптизма. Вып. 1 / Сост. М. С. Каретникова. СПб.: Библия для всех, 1997.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць