Рэжым Вішы
Калабарацыянісцкі ўрад Урад у выгнанні (1944—1945) | |||||
Французская дзяржава | |||||
---|---|---|---|---|---|
État français | |||||
|
|||||
Дэвіз: «Праца, сям'я, Айчына фр.: Travail, famille, patrie» |
|||||
Гімн: «Маршал, мы тут!» фр.: «Maréchal, nous voilà!» |
|||||
|
|||||
|
|||||
Сталіца |
Вішы (дэ-факта) Парыж (дэ-юрэ) Зігмарынген (1944—1945) |
||||
Мова(ы) | французская | ||||
Афіцыйная мова | французская | ||||
Рэлігія | каталіцтва | ||||
Грашовая адзінка | франк | ||||
Форма кіравання | аўтарытарная дыктатура | ||||
Кіраўнікі дзяржавы | |||||
Кіраўнік Французскай дзяржавы | |||||
• 1940—1944 | Анры Філіп Петэн | ||||
Прэм'ер-міністр | |||||
• 1940—1942 | Анры Філіп Петэн | ||||
• 1942—1944 | П’ер Лаваль | ||||
• 1944—1945 | Фернан дэ Брынон | ||||
Гісторыя | |||||
• 22 чэрвеня 1940 | Другое камп’енскае перамір’е | ||||
• 10 ліпеня 1940 | Усталяванне рэжыму | ||||
• 11 лістапада 1942 | Поўная акупацыя Францыі Германіяй | ||||
• 25 жніўня 1944 | Вызваленне Парыжа | ||||
• 22 красавіка 1945 | Спыненне існавання | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рэжым Вішы́ (фр.: le régime de Vichy), або Вішысцкая Францыя, афіцыйная назва Французская дзяржава (фр.: l'État français) — калабарацыянісцкі рэжым у Паўднёвай Францыі часоў акупацыі Паўночнай Францыі нацысцкай Германіяй пасля паражэння Францыі напачатку Другой сусветнай вайны і падзення Парыжа ў 1940 годзе. Існаваў з 10 ліпеня 1940 да 22 красавіка 1945 (дэ-факта да 25 жніўня 1944). Афіцыйна трымаўся палітыкі нейтралітэту, але фактычна праводзіў палітыку ў інтарэсах краін «восі».
Назва — ад курортнага горада Вішы, дзе ў ліпені 1940 года сабраўся Нацыянальны сход, які пастанавіў перадаць дыктатарскую ўладу маршалу Анры Філіпу Петэну; гэта адзначыла канец Трэцяй рэспублікі. Урад Петэна і ў далейшым знаходзіўся ў Вішы, у той час як паўночная частка Францыі з Парыжам была акупавана нямецкімі войскамі. У лістападзе 1942 года Германія акупавала ўсю тэрыторыю Францыі, з гэтага моманту ўлада ўрада стала чыста намінальнай. Пасля вызвалення Парыжа ў канцы жніўня 1944, урад быў эвакуіраваны і існаваў у выгнанні аж да канца красавіка 1945.
Супрацоўніцтва з акупантамі
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1940 пасля асабістай сустрэчы з Гітлерам Петэн заклікаў Францыю «супрацоўнічаць» (фр.: collaborer) з нацыстамі.
Рэжым Вішы дзейнічаў у агульным рэчышчы германскай палітыкі, праводзячы рэпрэсіі супраць яўрэяў, цыган, камуністаў, масонаў; на тэрыторыі Францыі дзейнічалі як германскія часці СС і гестапа, так і ўласная рэпрэсіўная арганізацыя — «Міліцыя» (з 1943).
Праводзіліся акцыі супраць Супраціўлення, практыкаваліся расстрэлы закладнікаў. У 1944 годзе карнікі СС знішчылі паўднёвафранцузскі пасёлак Арадур (у першапачатковай зоне кантролю Вішы). Была створана сумесная франка-германская дывізія СС — «Шарлемань» (фр.: Charlemagne, названа ў гонар Карла Вялікага).
У Германію вывозіліся французскія рабочыя (у абмен на згоду адпусціць узятых напачатку войны французскіх ваеннапалонных). Аднак 27 лістапада 1942 г. асноўныя сілы французскага ваенна-марскога флоту (3 лінкоры, 7 крэйсераў, 15 эсмінцаў, 12 падводных лодак і 74 іншых карабля) з санкцыі ўрада Вішы былі затоплены ў Тулоне, каб яны не дасталіся ні краінам Восі, ні антыгітлераўскай кааліцыі.
У лютым 2009 года Адміністрацыйны суд Францыі прызнаў урад рэжыму Вішы адказным за дэпартацыю тысяч яўрэяў у нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры падчас Другой сусветнай вайны. Паводле даных суду, падчас кіравання рэжыму Вішы з 1942 па 1944 гады ў лагеры было дэпартавана 76 000 яўрэяў. Вынесенае рашэнне стала афіцыйным прызнаннем дачынення французскага ўрада часоў Другой сусветнай вайны да Халакоста[1].
Рэжым Вішы, які праіснаваў са здачы Парыжа нямецкім войскам у 1940 годзе да вызвалення краіны саюзнікамі ў 1944 годзе, афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нейтралітэту.
Унутраная палітыка
[правіць | правіць зыходнік]Ідэалагічна рэжым Вішы арыентаваўся на традыцыйна-кансерватыўныя каштоўнасці, увасабленнем якіх у міжваенныя гады лічыўся Петэн. Лічылася, што са звяржэннем Французскай рэспублікі і ўсталяваннем саюза з Германіяй адбылася «Нацыянальная рэвалюцыя» (Révolution nationale). Дэвіз Французскай рэспублікі «Свабода, роўнасць, братэрства» быў заменены на «Travail, Famille, Patrie» («Праца, Сям’я, Айчына»). Гербам вішысцкага рэжыму была сярэднявечная сякерка-францыска. Гімнам афіцыйна заставалася «Марсельеза», аднак па патрабаванні немцаў яна была забаронена, і фактычным гімнам стала песня ў гонар Петэна «Маршал, мы тут!» (фр.: Maréchal, nous voilà !).
Петэн па асабістай ініцыятыве ўвёў на падкантрольнай яму тэрыторыі антысеміцкія законы, яўрэі былі перамешчаны ў лагеры, частка дэпартавана на тэрыторыю, занятую гітлераўцамі.
Шэраг дзеячаў рэжыму, у прыватнасці, былы прэм’ер П. Э. Фландэн, будучы прэзідэнт Францыі Ф. Мітэран, тайна дапамагалі Французскаму Супраціўленню.
Міжнароднае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Міжнароднае становішча рэжыму Вішы было неадназначным. Краіны восі прызнавалі яго законным урадам. Паслом Германіі быў прызначаны Ота Абец. Дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане вайны з Германіяй (перш за ўсё Вялікабрытанія) лічылі, пачынаючы з ліпеня 1940, законным прадстаўніцтвам Францыі ў свеце толькі рух па вызваленні Францыі, які ўзначальваў Шарль дэ Голь, а рэжым Вішы — нелегітымным урадам на чале са здраднікамі. Тым не менш ЗША і СССР першапачаткова прызналі рэжым Вішы і акрэдытавалі пры ім сваіх паслоў, так, паслом у ЗША стаў Эрык дэ Бішап. У 1941 годзе, стаўшы аб’ектам агрэсіі з боку Краін восі (СССР у чэрвені, а ЗША ў снежні), абедзве гэтыя дзяржавы перавялі сваіх паслоў з Вішы ў Лондан, прызнаўшы, такім чынам, урад дэ Голя. Рэжым быў прызнаны Канадай (да акупацыі паўднёвай Францыі) і Аўстраліяй (да канца вайны). Адны нейтральныя дзяржавы мелі дыпламатычныя адносіны з Вішы, іншыя — не.
Адносіны з Вялікабрытаніяй
[правіць | правіць зыходнік]Адносіны з былым саюзнікам у Францыі былі вельмі няпростымі, у французаў для гэтага былі сур’ёзныя падставы: разгром французскіх армій у Бельгіі быў пагоршаны спешным адыходам брытанскіх войск, падчас далейшай эвакуацыі з Дзюнкерка французскія ваеннаслужачыя склалі толькі 10 % агульнай колькасці эвакуіраваных морам[2].
3 ліпеня 1940 года брытанскія ваенна-марскія сілы і авіяцыя наносяць удар па французскіх караблях у Мерс-эль-Кебірэ[3]. У адказ ВПС Францыі бамбяць базу Вялікабрытаніі ў Гібралтары, па словах У. Чэрчыля — «без асаблівага запалу». У верасні 1940 года брытанская эскадра не здолела захапіць горад Дакар, з прычыны супраціву салдат дакарскага гарнізона і маракоў размешчаных там баявых караблёў. У 1941 годзе Вялікабрытанія пад фармальнай падставай акупавала Сірыю і Ліван, якімі Францыя валодала па мандаце Лігі Нацый. У 1942 годзе Вялікабрытанія заняла Мадагаскар пад прычынай магчымага выкарыстання немцамі вострава як базы для падводных лодак. Баі за Мадагаскар працягваліся паўгода і скончыліся капітуляцыяй сіл вішыстаў у лістападзе 1942 года. Тайныя перамовы з брытанцамі вялі, паралельна з дэ Голем, некаторыя дзеячы рэжыму Вішы — Ф. Дарлан, А. Жыро і інш.
Урады рэжыму Вішы
[правіць | правіць зыходнік]На працягу рэжыму Вішы кіраўніком французскай дзяржавы заставаўся Філіп Петэн (1856—1951). Пры ім змянілася чатыры кабінеты міністраў, якія ўзначальвалі П’ер Лаваль (1883—1945), Фландэн (1889—1958) і Дарлан (1881—1942).
- Перыяд рэакцыйных рэваншыстаў (1940—1941)
- Урад Лаваля — з 16 ліпеня да 13 снежня 1940 года.
- Урад Фландэна — з 14 снежня 1940 года да 9 лютага 1941 года.
- Перыяд тэхнакратаў (1941—1942)
- Урад Дарлана — з 10 лютага 1941 да 18 красавіка 1942 года.
- Перыяд прагматызму Лаваля (1942—1943) і перыяд ультра-калабарацыяністаў (1944)
- Другі ўрад Лаваля — з 18 красавіка 1942 да 19 жніўня 1944 года.
Звяржэнне
[правіць | правіць зыходнік]25 жніўня 1944 года Парыж быў вызвалены. Петэн з кабінетам міністраў былі вывезены нямецкімі войскамі ў Германію, дзе Фернан дэ Брынон заснаваў урад у выгнанні ў горадзе Зігмарынген, які праіснаваў да 22 красавіка 1945 года. Петэн адмаўляўся ўдзельнічаць у новым урадзе . У Зігмарынгене было ўласнае радыё (Radio-patrie), прэса (La France, Le Petit Parisien), а таксама пасольствы Германіі, Італіі і Японіі. Насельніцтва анклава налічвала 6 тыс. чалавек, уключаючы вядомых калабарацыянісцкіх журналістаў, пісьменнікаў (Луі-Фердынанд Селін, Люсьен Рэбатэ), акцёраў (Рабер Ле Віган).
Асноўныя кіраўнікі былі асуджаны за дзяржаўную здраду ў 1945—1946 гадах. Шматлікія дзеячы культуры, якія заплямілі сябе падтрымкай рэжыму, былі прысуджаны да «грамадскага зганьбавання».
Асобы
[правіць | правіць зыходнік]Вышэйшы ўрадавы савет
[правіць | правіць зыходнік]- Анры Філіп Петэн — кіраўнік Французскай дзяржавы.
- П’ер Лаваль — прэм’ер-міністр Французскай дзяржавы ў 1940 годзе і 1942—1944 гадах.
- Франсуа Дарлан — прэм’ер-міністр Французскай дзяржавы ў 1941—1942 гадах.
- П'ер-Эцьен Фландэн — прэм’ер-міністр Французскай дзяржавы ў 1940—1941 гадах.
Ваенныя дзеячы
[правіць | правіць зыходнік]- Шарль Хюнтцыгер — генерал і міністр абароны
- Максім Вейган — Вярхоўны галоўнакамандуючы і міністр абароны.
- Поль Туўе — кіраўнік Французскай міліцыі ў Ліёне.
Іншыя
[правіць | правіць зыходнік]- Марсель Дэа — лідар Французскай народнай партыі.
- Луі-Фердынанд Селін — пісьменнік.
- Марыс Папон — кіраўнік Службы па яўрэйскіх пытаннях у прэфектуры Бардо.
- Жан Баратра — генеральны камісар па справах спорту ў 1940—1942 гадах.
- Шарль Леска — пісьменнік, журналіст.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Урад маршала Петэна
- Тэрытарыяльна-палітычная экспансія Трэцяга рэйха
- Італьянская акупацыя Францыі ў перыяд Другой сусветнай вайны
- Французскія ваеннапалонныя ў Другой сусветнай вайне
Зноскі
- ↑ Францыя прызнала сваё дачыненне да Халакоста
- ↑ Мемуары У. Чэрчыля «Другая сусветная вайна».
- ↑ Энциклопедия кораблей/Сражения/Вторая мировая война/Мерс-Эль-Кебире(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2007. Праверана 7 студзеня 2014.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Руссо А. «Национальная революция» режима Виши // Французский ежегодник 2003. М., 2003.
- Л.-Ф. Селин «Из замка в замок» (перевод с французского, СПб, «Евразия» СПб, 1998)
- Черчилль У. С. Вторая мировая война: в 6 т. /Пер. с англ. под ред. А.Орлова — М.:ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
- Hannsjörg Kowark, Das Ende der französischen Flotte im Zweiten Weltkrieg. Toulon 1940—1944. Hamburg 1998. ISBN 3-8132-0548-7 (ням.)