З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прамакрылыя, ці прастакрылыя (Orthoptera) — атрад насякомых.
Даўжыня ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некаторых відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя.
Развіццё з няпоўным ператварэннем. Характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. Адно пакаленне за год.
Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некаторыя ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсямействаў конікавых (Tettigonioidea), саранчовых (Acridoidea), тэтрыгідавых (Tetrigoidea) і цвыркуновых (Gryllidae).
Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн г. назад). 2 падатрады: даўгавусыя (Nematocera) з надсямействамі конікавых (Tettigonioidea), цвыркуновых (Grylloidea), цвыркунападобных (Gryllacridoidea), эдысхідавых (Oedischioidea) і караткавусыя (Caelifera) з надсямействамі саранчовых (Acridoidea), бестымпанальных (Eumastacidae), пухірчатых (Pneumoroidea), трыперставых (Tridactyloidea), тэтрыгідавых (Tetrigoidea). Каля 20 тысяч відаў.
Некаторыя віды — шкоднікі сельскагаспадарчых культур.