Фелікс Мендэльсон
Фелікс Мендэльсон (ням.: Jakob Ludwig Felix Mendelssohn Bartholdy; Якаб Людвіг Фелікс Мендэльсон-Бартольдзі, 3 лютага 1809, Гамбург — 4 лістапада 1847, Лейпцыг) — нямецкі кампазітар яўрэйскага паходжання, піяніст, арганіст, дырыжор, музычна-грамадскі дзеяч, аўтар вядомага вясельнага маршу.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 3 лютага 1809 г. у Гамбургу ў сям'і банкіра Абрагама Мендэльсона, які разам з жонкай Ліей прынялі хрысціянства, і іх дзеці былі ахрышчаны пад прозвішчам Мендэльсон-Бартольдзі. Дзед Фелікса Мендэльсона — Мазес Мендэльсон быў прызнаным у Германіі філосафам.
У 1812 Мендэльсон пераязджае з сям'ёй у Берлін, дзе з 1817 пачынае займацца музыкай з К. Цэльтэрам, а ў 1821 знаёміцца з Гётэ. На фарміраванне эстэтычных поглядаў Мендэльсона значна паўплывалі зносіны з выбітнымі прадстаўнікамі навуковай і мастацкай думкі (В. Гумбальт, Г. Гейнэ, Э. Т. А. Гофман, К. М. Вебэр, Н. Паганіні); вялікую ролю адыграў шматгадовы кантакт з І. В. Гётэ, які прывіў Мендэльсону сімпатыі да класічнага мастацтва, а таксама курс лекцый Г. Гегеля па эстэтыцы, які быў праслуханага Мендэльсонам у Берлінскім універсітэце.
Стварэнне ўверцюры да камедыі У. Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1826) — сведчанне ранняй творчай сталасці Мендэльсона. Значнай падзеяй у музычным жыцці таго часу было выкананне пад кіраўніцтвам Мендэльсона пасля шматгадовага забыцця «Страсці па Матфею» Баха (1829). Адначасова Мендэльсон атрымаў славу кампазітара, піяніста, скрыпача. У 1829-32 Мендэльсон падарожнічаў па Еўропе, дарожныя ўражанні адбіліся ў «Італьянскай», «Шатландскай» сімфоніі і іншых творах.
У 1833 Мендэльсон кіраваў Ніжнерэйнскімі музычнымі фестывалямі, у 1833-35 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе (пад кіраўніцтвам Мендэльсона ўпершыню выкананы многія творы Г. Ф. Гендэля, Баха, В. А. Моцарта, Л. Бетховена). З 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу, які атрымаў дзякуючы Мендэльсону сусветную вядомасць. У 1843 па ініцыятыве Мендэльсона адкрылася Лейпцыгская кансерваторыя.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Мендэльсон — выдатны прадстаўнік нямецкага рамантызму, цесна звязаны з класічнымі традыцыямі (эстэтычная пазіцыя Мендэльсона — заснавальніка Лейпцыгскай школы — адрознівалася арыентацыяй на класічныя ўзоры), аднак Мендэльсон шукаў новыя тыпы выразнасці. Музыка Мендэльсона адрозніваецца імкненнем да яснасці і ураўнаважана, ёй уласцівыя элегічнасць тону, апора на бытавыя формы музіцыравання і інтанацыі нямецкай народнай песні («Песні без слоў» для фартэпіяна і інш). Спецыфічная для Мендэльсона вобразная сфера — элегантная фантастычная скерцознасць (уверцюра з музыкі да п'есы «Сон у летнюю ноч» і інш.) Выканальніцкі стыль Мендэльсона-піяніста, праціўніка павярхоўнай віртуознасці, паўплываў на яго інструментальную музыку (канцэрты, ансамблі і інш). Адзін са стваральнікаў рамантычнага сімфанізма, Мендэльсон узбагаціў яго жанрам праграмнай канцэртнай уверцюры («Марская цішыня і шчаслівае плаванне», 1832, і інш).
Зноскі
- ↑ а б Felix Mendelssohn-Bartholdy
- ↑ а б Lockspeiser E. Felix Mendelssohn // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ а б Biographisches Lexikon der Münzmeister und Wardeine, Stempelschneider und Medailleure Праверана 2 красавіка 2022.
- ↑ а б в Grove Music Online — OUP.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Ф.Мендэльсон на сайті А.Чубріка (руск.)
- Энцыклапедыя Кругосвєт (руск.)
- Ф.Мендэльсон на сайті Gromko.ru Архівавана 14 жніўня 2007. (руск.)
- Felix Mendelssohn House and Foundation, Leipzig Архівавана 14 верасня 2007. (англ.)
- Felix Mendelssohn on Carolina Classical site Архівавана 5 снежня 2006. (англ.)
- Mendelssohn's Scores Архівавана 8 мая 2008. (англ.)
- Фелікс Мендэльсон: Ноты твораў на International Music Score Library Project
- Міжнароднае мендэльсонаўскае таварыства Архівавана 27 сакавіка 2008.
- Сайт, прысвечаны Феліксу і Фані Мендэльсонам
- Артыкул — Моцарт XIX стагоддзі
- Нарадзіліся 3 лютага
- Нарадзіліся ў 1809 годзе
- Нарадзіліся ў Гамбургу
- Памерлі 4 лістапада
- Памерлі ў 1847 годзе
- Памерлі ў Лейпцыгу
- Пахаваныя ў Берліне
- Выпускнікі Берлінскага ўніверсітэта
- Члены Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук
- Кавалеры ордэна Pour le Mérite
- Ганаровыя грамадзяне Лейпцыга
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіта
- Кампазітары Германіі
- Кампазітары паводле алфавіта
- Рамантызм
- Рамантычныя кампазітары
- Ганаровыя дактары