Усходнія славяне
Выгляд
Усходнія славяне — моўна-культурная група славян, якая размаўляе на ўсходнеславянскіх мовах. У перыяд Сярэднявечча на аснове ўсходнеславянскіх супольнасцей сфарміраваліся беларускі, украінскі і рускі народы[кам. 1].
Усходнеславянскія этнапалітычныя аб’яднанні
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд VIII—X стст. на тэрыторыі Усходняй Еўропы існавалі наступныя ўсходнеславянскія аб’яднанні:
- Крывічы — усходнеславянскае аб’яднанне, якое займала землі ў басейне Дзвіны і верхняга Дняпра. Галоўныя паселішчы — Полацк, Віцебск, Смаленск, Лукомль. На аснове аб’яднання крывічоў-палачан утварылася Полацкая зямля.
- Дрыгавічы — паўднёвыя суседзі крывічоў. Назва пайшла ад слова дрыгва (балота). Засялялі пераважна тэрыторыю ў басейне Прыпяці, на захад ад Дняпра. Галоўныя паселішчы — Тураў, Клецк, Слуцк. На землях дрыгавічоў утварылася Тураўскае княства.
- Радзімічы — усходнія суседзі дрыгавічоў, жылі па р. Сож. Галоўны горад — Гомель. Былі далучаны да Кіеўскай дзяржавы.
- Вяцічы — усходнеславянскае аб’яднанне, якое займала землі ў басейне р. Акі, на ўсход ад крывічоў і радзімічаў.
- Севяране — усходнеславянскае аб’яднанне, насялялі басейны рэк Дзясны і Сейма.
- Драўляне — усходнеславянскае аб��яднанне, займала тэрыторыю пераважна Жытомірска-Кіеўскага Палесся.
- Бужане (валыняне) — усходнеславянскае аб’яднанне, ахоплівала землі ў вярхоўях Буга, на тэрыторыі гістарычнай Валыні.
- Ціверцы — усходнеславянскае аб’яднанне, якое ў IX ст. займала міжрэчча Днястра і Прута.
- Ільменскія славене — усходнеславянскае аб’яднанне, якое ў другой палове І тыс. н.э. займала басейн воз. Ільмень.
- Паляне — усходнеславянскае аб’яднанне, прадстаўнікі якога насялялі землі Сярэдняга Падняпроўя. На тэрыторыі палян узнік Кіеў — сталіца Кіеўскай дзяржавы (Русі). У ХІ—ХІІІ стст. землі палян называліся Рускай зямлёй у вузкім сэнсе.
- Улічы — усходнеславянскае аб’яднанне, якое ахоплівала землі ўздоўж ніжняга цячэння Дняпра, Паўднёвага Буга і ўзбярэжжа Чорнага мора.
- Белыя харваты — усходнеславянскае аб’яднанне, прадстаўнікі якога насялялі тэрыторыю ў верхнім цячэнні Днястра. У ХІІ ст. на землях харватаў утварылася Галіцкая зямля.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Таксама некаторыя даследчыкі могуць у гэты спіс уключаць русінаў у залежнасці ад таго, ці разглядаюцца яны субэтнасам украінцаў або як асобны народ.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Зеленин Д. К. Восточнославянская этнография. — Москва: Наука, 1991. — 512 с.
- Седов В. В. Восточные славяне в VI—XIII вв. // Археология СССР, отв. ред. академик Рыбаков Б. А. — Москва: Наука, 1982. — 327 с.
- Восточные славяне. Антропология и этническая история. 2-е изд. / Отв. ред. Т. И. Алексеева. — Москва: Научный мир, 2002. — 342 с.
Усходнія славяне на Вікісховішчы |