Свіслацкі замак
Свіслацкі замак — замак, які існаваў у XII—XVII стагоддзях каля сучаснага аграгарадка Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці Беларусі). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мястэчка Свіслач і Свіслацкага княства (XIV стагоддзе), размяшчалася на мысе правага берага ракі Бярэзіна, у якую справа ўпадае рака Свіслач.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У сярэдзіне XVII стагоддзя замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 х 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У першай палове XIII стагоддзя замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 годзе крымскія татары і ў 1535 годзе — рускія войскі. Ужо ў 1501 годзе Свіслацкі замак меў агнястрэльную зброю, у т.л. гарматы. Паводле плана Свіслацкага замка (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы князем Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т.л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўжынёй 39 м і 35,8 м. На самым мысе Свіслацкага замка размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найбольш блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз раку Свіслач.
У час антыфеадальнай вайны 1648—1651 гадоў паўстанцкі атрад палкоўніка Г. Бута колькасцю каля 1 тыс. чалавек заняў у 1648 годзе Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў без вялікіх намаганняў «Іван Золоторенко город Свіслочь взял… в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра Свіслацкі замак больш не сустракаюцца.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 264. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Свіслацкі замак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 653. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свіслацкі замак