Перайсці да зместу

Нёман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рака Нёман)
Нёман
літ. Nemunas
Характарыстыка
Даўжыня 937 км
Басейн 98 200 км²
Расход вады 678 м³/с
Вадацёк
Выток Мінскае ўзвышша
 • Каардынаты 53°28′12″ пн. ш. 27°21′57″ у. д.HGЯO
Вусце Куршскі заліў
 • Каардынаты 55°20′13″ пн. ш. 21°14′57″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Балтыйскае мора

Краіны
Код у ДВР 01010000112104300000215
Ад вусця да вытока
Ад вусця да вытока
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нёман (трансліт.: Nioman; літ.: Nemunas — Нямунас, руск.: Неман) — рака ў Беларусі, Літве і Расіі. Даўжыня 937 км, у межах Беларусі 459 км. Вадазбор 98,2 тыс. км², у межах Беларусі 35 тыс. км² (без вадазбору р. Вілія). Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за мяжу Беларусі 214 м³/с, у вусці 685 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 96,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,21 .

Назва Нёмана балцкага паходжання[1].

На працягу вякоў нёманская назва зведала паэтапную моўную эвалюцыю: Нёман < Немонъ < *Nemъnъ < *Nemunas[2].

Назва звязаная з індаеўрапейскім коранем *nem- «гнуць; гнуцца»[3]. Корань *nem- даў два значэнні ў прускай мове — «бор» і «балаціна». Матываваныя яны былі семантыкай няроўнасці рэльефа: бор на «выгнутым» падняцці, балаціна ва «ўвагнутай» нізіне[4].

Пачынаецца пад назвай Нёманец на Стаўбцоўскай раўніне каля вёскі Верх-Нёман Уздзенскага раёна, упадае ў Куршскі заліў Балтыйскага мора ўтвараючы дэльту. Праз Агінскі канал Нёман злучаны з басейнам Дняпра, праз Аўгустоўскі канал — з басейнам Віслы. 3 пабудовай Вілейска-Мінскай воднай сістэмы частка сцёку з басейна Нёмана перакідваецца ў басейн Дняпра. Са старажытнасці Нёман быў часткай гандлёвых шляхоў (Бурштынавы шлях і інш.), якія злучалі Міжземнае мора з Балтыйскім.

Пад назвай Нёманец рака пачынаецца пры зліцці невялікіх вадацёкаў: Выня, Лоша, Уса, Тур’я ў паніжэнні між Мінскім і Навагрудскім узвышшамі. Рэчышча ад вытоку на працягу 26,4 км каналізаванае, далей — звілістае, шмат меляў, перакатаў, кос, пясчаных астравоў. Дно пясчанае, на перакатах пясчана-камяністае і галечнае. Цячэнне спакойнае з сярэдняй хуткасцю 0,6—0,8 м/с і ваганнямі ад 0,2 м/с да 2 м/с (у разводдзе). Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 35—40 м, ніжэй па цячэнні да 90 м, паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы 120—150 м.

Даліна амаль да вусця Сулы невыразная, ніжэй да мяжы з Літвой пераважна скрынкападобная; паміж вусцямі Шчары і Чорнай Ганчы, дзе Нёман цячэ па ўсходняй ускраіне Гродзенскага ўзвышша, — глыбокая і вузкая. На ўсім працягу даліна асіметрычная, прычым правы круты бераг у лукавінах меандраў нярэдка змяняецца крутым левым.

Нёман цячэ пераважна па нізіне ў субшыротным кірунку. Агінаючы шэраг узвышшаў, ён утварае маргінальную даліну ружанцападобнай будовы. Пры сярэдняй шырыні даліны 2-5 км на асобных участках яна пашыраецца да 20 км, утвараючы азёрападобныя нізінныя ўчасткі, напрыклад пры ўпадзенні Бярэзіны, Моўчадзі. Разам з тым адзначаюцца значныя звужэнні даліны. Так, ля г. Масты пры зліцці з Котрай шырыня даліны 0,4-0,9 км. У раёне Гродна даліна ракі набывае скразны каньёнападобны характар. Тут глыбіня ўрэза дасягае 40 м — цераз яго адбываўся спуск прыледавіковых азёр.

Схілы да ўпадзення Бярэзіны спадзістыя (вышыня 8—15 м, месцамі 30—50 м), на астатнім працягу стромкія, парэзаныя ярамі, вышынёй да 25 м. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, парэзаная старыцамі; яе шырыня 1—2 км, месцамі да 4 км, ніжэй г. Масты, дзе даліна глыбокая, часта адсутнічае. Вышэй вусця Шчары складаецца з 2 узроўняў: высокага (2—3 м) і нізкага (0,5—1,5 м). На астатнім працягу даліны вылучаюцца высокі, сярэдні і нізкі ўзроўні.

Звычайна Нёман падзяляюць на 3 часткі: верхняе цячэнне (ад вытоку да вусця Котры), сярэдняе (ад вусця Котры да горада Каўнас), ніжняе (ад Каўнаса да вусця).

За 46 км ад вусця Нёман падзяляецца на два асноўныя рукавы: левы Гілія (Матросаўка), правы Гусне, які таксама падзяляецца на шырокі і мелкаводны рукаў Атмата і паўнаводны Скірвітэ (Паўночны, падзяляецца на Ворусне і Руснайтэ). З шэрагам іншых рукавоў і меліярацыйных каналаў утварае вялізную дэльту.

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]
Зліццё рэк Сулы і Нёмана

Справа: Уса, Сула, Уса, Заходняя Бярэзіна, Альшанка, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Мяркіс, Вілія (Нярыс), Нявежыс, Дубіса, Юра, Іўнянка, Мінія.

Злева: Уша, Дзетамлянка, Асоцка, Крамушаўка, Ізва, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Студзянец, Чорная, Шашупэ.

Вадазбор Нёмана ў межах басейна Балтыйскага мора

Вадазбор у верхнім і часткова сярэднім цячэнні ў межах Нёманскай нізіны. Вылучаюцца асобныя ўзвышшы (вышынёю 200—300 м) — Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, заходняя частка Мінскага ўзвышша, паўднёвая ўскраіна Ашмянскага ўзвышша, Лідская раўніна. На тэрыторыі Літвы рака перасякае марэнную Балтыйскую граду, у ніжнім цячэнні Сярэднелітоўскую і Прыморскую нізіны.

Грунты сугліністыя, супясчаныя, тарфяныя, для рачных далін характэрны алювіяльныя пясчана-гліністыя адклады. Азёрнасць вадазбору нязначная (<1 %). Лясы (каля 25 % тэрыторыі) мяшаныя з перавагай хвойных парод.

Жыўленне, водны і лядовы рэжым

[правіць | правіць зыходнік]

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога.

Веснавое разводдзе звычайна праходзіць некалькімі хвалямі, пачынаецца з сярэдзіны сакавіка (пры ранняй вясне — з пачатку лютага, пры позняй — з пачатку красавіка), доўжыцца 30—60 дзён.

Сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 2,5—4 м. Найбольшае разводдзе за апошнія 150 гадоў назіралася ў 1958, калі ўзровень вады падняўся да 3,1 м каля Стоўбцаў і да 8,1 м каля Гродна.

Летне-асенняя межань звычайна з сярэдзіны мая да канца лістапада, часта парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань парушаецца адлігамі, калі ўзровень вады павышаецца на 2-3 м. У ��усці ў межань істотную ролю адыгрываюць спады і нагоны вады ветрам.

Замярзае ў 2-й палове снежня, найбольшая таўшчыня лёду 54—63 см. У цёплыя зімы магчымы часовыя крыгаломы і крыгаходы. Веснавы ледаход 7—16 сутак. Характэрны працяглыя, амаль штогадовыя зажоры.

Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусцяра, судак.

Нёман у Гродне

Гарады: Стоўбцы, Масты, Гродна (порт), Друскінінкай, Алітус, Прэнай, Бірштанас, Каўнас, Юрбаркас, Смалінінкай, Неман, Савецк, Русне. Зоны адпачынку: Стоўбцы, Морына, Дзітва (у міжрэччы Нёмана і Дзітвы), Масты (у міжрэччы Нёмана і Шчары), Скідаль, Сонічы. Іншае: Коласаўскі мемарыяльны заказнік (в. Мікалаеўшчына), гара Рамбінас.

Геалагічная гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Залажэнне даліны Палеа-Нёмана адносіцца да неагену, аб чым сведчаць знаходкі старажытнага алювію. У антрапагене даліна неаднаразова поўнасцю або часткова знішчалася ледавікамі і адраджалася пасля іх дэградацыі.

Сучасная даліна Нёмана пачала фарміравацца ў сувязі з адступленнем сожскага ледавіка ад краявых утварэнняў Паўднёва-заходняга адгалінавання Беларускай грады. На фоне тэктанічных падняццяў тэрыторыі басейна Нёмана ў сожскае позналедавікоўе ў далінах рэк узніклі пераважна лакальныя тэрасы са слабаразвітымі алювіяльнымі адкладамі. У муравінскае міжледавікоўе глыбіннае ўразанне паступова змянілася бакавым змяшчзннем рэчышча і свабодным меандраваннем, што выклікала пашырзнне дна даліны, фарміраванне поймавых узроўняў і намнажэнне алювію.

Вадаём, які існаваў у катлавіне Балтыйскага мора, служыў базісам эрозіі ракі. Наступанне раннепаазерскага ледавіка, вусцевы падпор рэк, якія ўпадаюць у гэты вадаём, частковае парушэнне рачных далін садзейнічалі павелічэнню магутнасці алювію ў даліне Нёмана перад фронтам ледавіка і паступоваму яе запаўненню. У раннепаазерскі час дно даліны было выраўнавана. Узроўні поймы перакрыліся раннепаазерскім алювіем, завяршылася фарміраванне муравінска-раннепаазерскай алювіяльнай світы і пляцоўкі аднайменнай тэрасы, уступ якой утварыўся ў час сярэднепаазерскага пацяплення клімату.

Пры наступанні ледавіка максімальнай стадыі паазерскага зледзянення зноў назіраўся падпор ракі краем ледавіка і ўзнікненне ў даліне падпрудных азёр. Паступовае змяшчэнне азёр уверх па даліне і пад’ём іх узроўняў садзейнічалі адступанню вусця, падняццю дна даліны і намнажэнню павялічанай магутнасці алювію сярэднепаазерскай тэрасы.

Пасля максімальнай стадыі паазерскага зледзянення адбылося перарывістае адступанне ледавіка, адраджэнне і паглыбленне даліны Нёмана, фарміраванне лакальных паазерскіх позналедавіковых тэрас уразання. У галацэне даліна развівалася пад уздзеяннем кліматычных змен, пад’ёму ўзроўняў вадаёмаў, размешчаных у катлавіне Балтыйскага мора на фоне павольных тэктанічных падняццяў тэрыторыі Панямоння.

На сучаснай мяжы Беларусі, Літвы і Польшчы знаходзяцца дзве даліны прарыву Пра-Нёмана, утвораныя ў эпоху раставання Балтыйскага ледавіковага покрыва. Больш старажытная даліна ўзнікла ў вярхоўях рэк Чорная Ганча — Нета і злучае Нёман з Віслай (гэтая даліна выкарыстаная для збудавання Аўгустоўскага канала). Адначасова з вызваленнем воднага шляху на поўнач сфармавалася маладая скразная даліна Нёмана непасрэдна ў бок Балтыйскага мора.

Засяленне басейна Нёмана чалавекам пачалося з канца палеаліту.

У сувязі з тым, што ў выніку Другой сусветнай вайны ў склад СССР увайшлі не толькі Заходняя Беларусь і Літва, але і частка Усходняй Прусіі (Калінінградская вобласць) на 1960-я прыпадае перыяд інтэнсіўнага выкарыстання водных рэсурсаў Нёмана. У сярэдзіне 1970-х курсіравалі цеплаходы паміж Гродна (БССР) і Друскінінкаем (ЛітССР), але з развіццём аўтамабільнага транспарту суднаходства на Нёмане спынілася. Цяпер рэгулярнае суднаходства і лесасплаў не ажыццяўляюцца.

Водакарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Вада ў рацэ па гідрабіялагічных паказчыках умерана забруджаная, выкарыстоўваецца для бытавога і прамысловага забеспячэння.

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
  2. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 630.
  3. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 764.
  4. V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 631—632.
  • Нёман // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 536. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Куксін І., Вальчык М., Чарняўскі М. Нёман // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.