Перайсці да зместу

Паташня (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Паташня
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1785 год?[A]
Ранейшыя назвы
Запаташня, Запаташны Засценак
Насельніцтва
  • 35 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254816053
Паташня на карце Беларусі ±
Паташня (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Паташня (Хойніцкі раён)
Паташня (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Паташня (Хойніцкі раён)

Пата́шня[1] (трансліт.: Patašnia, руск.: Поташня) — вёска ў Беларусі, у Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.

Засценак Запа(та)шны на Генеральнай карце Вялікага гістарычнага атласа Беларусі.
Запаташны Засценак на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У метрычных кнігах Юравіцкага парафіяльнага касцёла захаваўся запіс ад 24 лютага (ст. стылю) 1785 года, паводле якога айцец Дыянізы Крэткоўскі, настаяцель уніяцкай царквы ў Загаллі, віцэ-дэкан мазырскі, ахрысціў Мацея, сына шляхетных сужэнцаў пана Эліяша і Марціяны Парыкевічаў, абывацеляў аколіцы Запаташні Загальскага староства, а кумамі былі шляхетны пан Стэфан Віслаух �� дачка святара Еўдакія, пан Антоні Казлоўскі і панна Багуміла Піатроўская з Запаташні[2]. У крыніцы, грунтаванай на звестках рэвізіі 1795 года, ізноў жа згаданае паселішча Запаташна, якое месцілася ў Рэчыцкай акрузе Чарнігаўскага намесніцтва[3], з 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі. У метрычным запісе Юравіцкага касцёла, датаваным 5 красавіка 1796 года, паведамляецца аб хросце айцом-дамініканам Бруна Лявіцкім немаўляці Феліцыяна, сына шляхетных Георгія і Юліяны з дому Скарадэцкіх Дубікоўскіх, кумамі былі шляхетныя Мікалай Навіцкі і Тэадозія Завітневічаўна; усе яны з Паташні (de villa Potasznia)[4]. «Запоташный Застенок» паказаны на плане Генеральнага межавання Рэчыцкага павета 1797 года.

Аколіцы Паташня і Сачкоў (Шацкоў, Шачкоў), іх насельнікі з ліку чыншавай шляхты на зямлі Загальскага староства, якое трымаў часовы ўладальнік пан Тадэвуш Солтан, прысутныя таксама ў шляхецкай рэвізіі 1811 года[5]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 109 жыхароў «Слободки Поташни» былі парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[6].

У парэформенны перыяд Паташня вядомая як паселішча (у розных крыніцах засценак ці аколіца, а таксама вёска) у Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерні. У 1864 г. паташэнцы звярнуліся да Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Станеўскага са скаргай на знішчэнне рыма-каталіцкай парафіі і руйнаванне Юравіцкага касцёла дзеля ўладкавання праваслаўнай царквы[7]. З другой паловы 1860-х гадоў яны сталі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Найбольш раннімі і пашыранымі ў паташэнцаў прозвішчамі былі Казлоўскія, Арлоўскія, Цішкевічы, Яворскія, Міхалоўскія, Сакалоўскія, Дубікоўскія, Скаратэцкія, Тамковічы, Навіцкія. На пачатак 1870 года тут налічвалася 27 мужчынскіх душ былых аднадворцаў, прыпісаных да воласці, 10 душ аднадворцаў, прыпісаных да Загальскага сельскага таварыства, 6 душ былых казённых сялян[8]. Паводле перапісу 1897 года 36 двароў, 212 жыхароў. На 1909 г. 30 двароў з 210 жыхарамі[9].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Паташня ў складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[10].

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Згодна з дакументам «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 і на 15 красавіка 1921 года ў Паташні працавала школа першай ступені адпаведна з 20 і 37 вучнямі[11].

З 8 снежня 1926 да 23 жніўня 1937 года цэнтр Паташненскага нацыянальнага польскага сельсавета (да 30 снежня 1927 года — Паташненскі сельсавет) Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 года Гомельскай акругі БССР. У 1920—1930-х гадах існавалі вёскі Паташня і Новая Паташня. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданая і Паташня, у якой 100% жыхароў складалі каталіцкія альбо «польскія» сем'і (60 сямей, 312 душ[B]). Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Паташні меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[12]. У 1930 годзе меліся школа, хата-чытальня. У 1931 годзе арганізаваны калгас «ОСОАВИАХИМ», працавала кузня. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік Юліян Мечыслававіч Цішкевіч). 26 жыхароў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года 419 жыхароў. Вёска ў складзе саўгаса «Хойніцкі» (цэнтр в. Казялужжа).

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавета[13]. У 2009 годзе перададзена ў склад Дварышчанскага сельсавета, які тады ж быў перайменаваны ў Судкоўскі сельсавет.

  • Леанід Эдуардавіч Цішкевіч (нар. 1960) — расійскі ваеначальнік, камандуючы войскамі аператыўна-стратэгічнага камандавання паветрана-к��смічнай абароны (2009—2010), генерал-маёр.
  1. На Генеральнай карце «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» Вялікага гістарычнага атласу Беларусі, пазначаны засценак Запа(та)шны Загальскага староства. Вядома, што ўкладальнікі абапіраліся на крыніцы, папярэднія падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г., гл.: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 232
  2. Так запісана ў дакуменце савецкага часу.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 28адв.
  3. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  4. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 47
  5. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. спр. 263. А. 129—130, 161—162
  6. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв.
  7. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 32. Спр. 112. А. 2 — 3адв.
  8. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  9. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 163
  10. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  11. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  12. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  13. «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0330-6 ISBN 985-11-0302-0