Перайсці да зместу

Кажушкі (Хойніцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Кажушкі
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1512 год
Ранейшыя назвы
Кажушкі, Кажушкаўцы, Кажушкавічы
СААТА
3254816016
Кажушкі на карце Беларусі ±
Кажушкі (Хойніцкі раён) (Беларусь)
Кажушкі (Хойніцкі раён)
Кажушкі (Хойніцкі раён) (Гомельская вобласць)
Кажушкі (Хойніцкі раён)

Кажу́шкі[1] (трансліт.: Kažuški, руск.: Кожушки) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавета.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]
Герб «Даліва» роду Андрушэвічаў біскупа кіеўскага Яна.
Герб «Газдава» роду Пацаў біскупа Мікалая.

У акце абмежавання Брагінскай воласці ад 7 сакавіка 1512 года названы сумежны з ёй востраў Кажушкі – «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам беллю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[2]. Напэўна, бліжэй да ракі Прыпяць існавала ўжо і аднаімённае сяло. У апісанні Чарнобыльскага замка 1552 года згаданыя «Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго[A] и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ...». У іншым месцы назва паселішча з указаннем прыналежнасці яго да Беласароцкай нядзелі[B] прыведзена ў форме «Кожушковичи»[3].

26 верасня 1568 года ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабрання грунту яго вёскі Навасёлкі і прылучэння да ўгоддзяў вёскі Кажушкі[C] біскупа кіеўскага Мікалая Паца[D][5].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Кажушкі з прылегласцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

[правіць | правіць зыходнік]
Герб «Бібэрштайн» роду Казімірскіх біскупа Крыштафа.

7 днём верасня 1572 года датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 года біскуп М. Пац звярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 года пазначана размежаванне ўгоддзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[5].

На 1581 год у сяле Кажушкавічы каталіцкага біскупа кіеўскага[E] налічвалася 26 дымоў асадных сялян (×6 — каля 156 чалавек), з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 4 агароднікі (≈24 чал.), з іх — па 6 грошаў падатку[8].

14 жніўня 1609 года ксёндз Крыштаф Казімірскі, біскуп кіеўскі, распачаў судовую справу ў дачыненні да пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, за насланне падданых сваіх на грунт біскупскі Кажушкаўскі, што пры беразе Прыпяці ніжэй Лысай гары месціўся ў востраве паміж новым рэчышчам і старыцай, ды ўчыненне там рабункаў. 1 чэрвеня 1618 года біскуп Крыштаф з капітулай выступілі ў судзе з пратэстам супраць пана Міхала Ратомскага за наезд да вёску Кажушкавічы, касцёлу прыналежную[9].

Герб «Окша» роду Радашэўскіх біскупа Багуслава.

Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў сяло Kożuszkiewicze Кіеўскага біскупства паны камісары згодна запісалі прыналежным да ваяводства Кіеўскага[10]. Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, з сяла Кажушкавічы біскупства Кіеўскага ў асобе ксяндза-біскупа Багуслава Бокшы-Радашэўскага, з 9 дымоў мусіла выплачвацца па 3 злотыя, з 13 агароднікаў па 24 грошы, з 1 каморніка яшчэ 24 грошы[11]. 11 чэрвеня 1649 года палонны казак Мацвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ куды[12].

Герб «Мурдэліа» зменены роду Аскеркаў.

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года сярод добраў біскупа кіеўскага[13] геаграфічна ізаляваныя ад іх Кажушкі не названыя. 9 лістапада 1723 года кіеўскі афіцыял Войцех Сянніцкі падаў скаргу на князя Мікалая Шуйскага за тое, што падданыя яго сяла Навасёлкі змянілі мяжу з біскупскім сялом Кажушкі[14]. У тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў Кажушкі зноў як быццам адсутныя[F], магчыма таму, што ўжо сталі часткай Нараўлянскіх добраў роду Аскеркаў, а тыя месціліся ў Мазырскім павеце, на карысць якога і выплачвалі падымнае.

Канвакацыйны сойм 1764 года прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаннем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павета. Сярод ягоных уладанняў Кажушкі яшчэ не згаданыя[16]. Але 13 і 15 лістапада 1773 года, паводле актаў Оўруцкага гродскага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгоддзяў вёсак Навасёлкі Хойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апякуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая Аскеркі (сына Рафала Алаізія Аскеркі). Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 года ў оўруцкія кнігі было нават занесена размежаванне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 года датаваныя судовыя абвінавачванні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў збілі-скалечылі, знішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 года ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацверджана карта пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Кажушкі стражніка Аскеркі і Навасёлкі абозных Прозараў[17].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кажушкі — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[18]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Кажушкі названы ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[19].

30 чэрвеня 1803 года было складзена, а 13 сакавіка 1806 года змешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда размежаванне добраў Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста. Вёска Кажушкі (wieś Kożuszki) у тым дакуменце выступала, як частка вялікага маёнтка Барбароў, а яе ўгоддзі размяжоўваліся з грунтамі хойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[20].

Герб «Побуг» роду Горватаў.

У 1826 г. у нашчадкаў Андрэя фон Гольста маёнтак Барбароў, да складу якога належаў фальварак Кажушкі з аднаімённым сялом, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром[21] Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—к.1826). У 1826 г. гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігната Горвата дасталася яго сыну Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868). У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 200 жыхароў вёскі Кажушкі абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах, 5 жыхароў двара Кажушкі з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[22].

У парэформенны перыяд сяло належала да Юравіцкай воласці. Каля 1864 года маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі) завалодаў Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903)[21]. У тым жа 1864 годзе згаданая прыпісная да прыхода Тульгавіцкай царквы прыналежная Кажушкаўская Свята-Троіцкая царква[23]. На пачатак 1870 года ў сяле Кажушкі — 93 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 4 аднадворцы, прыпісаныя да воласці[24]. У даведніку 1879 года паведамляецца, што прыпісная Троіцкая царква выконвала ролю прыходскай, бо царква ў Тульгавічах колькі гадоў перад тым згарэла[25]. У 1886 годзе ў сяле 41 двор, 210 жыхароў, царква, млын[26]. На 1889 год сярод шматлікіх службаў маёнтку Нароўля (33 500 дзесяцін) Артура Горвата названы і фальварак Кажушкі[27].

Паводле перапісу 1897 года, у Кажушках — 334 жыхары, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазін, вятрак. У аднаімённым фальварку — 57 жыхароў. 20 ліпеня 1898 года Артур Горват перадаў права валодання маёнткам Нароўля сыну Эдварду Артуравічу Горвату[21]. У 1909 годзе у вёсцы налічвалася 89 двароў, 667 жыхароў, у аднадворным фальварку — 31 жыхар[28]. На 1913 год маёнтак Нароўля (з фальваркам Кажушкі) складаў 16 678 дзесяцін угоддзяў[29].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажушкі ў складзе Юравіцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[30].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Кажушкі на карце, выдадзенай у 1924—1926 гадах.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага Кухнаўшчынскага сельсавета. У 1930 годзе вёска — цэнтр калгаса імя А. Р. Чарвякова, працавалі паравы млын, дзве кузні. З 8 ліпеня 1931 года Кажушкі ў складзе Хойніцкага раёна. З 20 лютага 1938 года ў Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кажушках было 230 двароў, 872 жыхары. У маі 1943 года акупанты спалілі вёску і загубілі 92 жыхароў[31]. 98 вяскоўцаў загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 года Кажушкі — у Гомельскай вобласці[32]. У вёсцы, згодна з перапісам 1959 года, налічвалася 869 жыхароў. Цэнтр калгаса імя XXII з'езда КПСС. Дзейнічалі 8-гадовая школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, крама.

8 студзеня 1987 года Кажушкаўскі сельсавет скасаваны, яго тэрыторыя далучана да Тульгавіцкага сельсавета[33]. На момант скасавання сельсавет налічваў 4 населеныя пункты: вёскі Кажушкі, Навакухнаўшчына, Новапакроўск, Слабада.

  1. Вядзецца пра каталіцкага кіеўскага біскупа, якім у 1546—1555 гадах быў Ян Андрушэвіч.
  2. Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замка. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці.
  3. Форма назвы Кажушкі, ужываная ў вопісах з Archiwum Prozorów i Jelskich, выкарыстоўвалася ў XVIII ст. і пазней.
  4. На гэтую пасаду кароль Жыгімонт Аўгуст прызначыў Мікалая Паца ў 1557 годзе, але папа рымскі яго не зацвердзіў. Тым не меней, М. Пац кіраваў біскупствам да 1582 года і, нават стаўшы кальвіністам, займаў біскупскае месца ў сенаце[4].
  5. У хойніцкай кнізе «Памяць» памылкова сцвярджаецца, нібы ў 1570 — 1580 гг. Кажушкі належалі Кіеўскай мітраполіі[7]; тое паўторана і ў энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  6. Цікава, аднак, што ў абедзвюх публікацыях тарыфаў выдаўцы лакалізавалі названую ў іх вёску Касцюшкі як частку вёскі Вялікая Хвосня (Фосня). Але ў першым выпадку Касцюшкі запісаныя адразу пасля Масаноў, Баршчоўкі і Краснаселля, г. зн. паслядоўна з поўдня на поўнач уверх па рацэ Прыпяць, дзе і мусілі размяшчацца Кажушкі (Хвосня — асобна і вельмі далёка). У другім выпадку і Касцюшкі, і Хвосня — па абодва бакі праз адзін пункт ад Краснаселля[15]. Кажушак няма нідзе...

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049адв.
  3. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  4. Грыцкевіч А. Пацы. // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 2. К-Я – Мінск, 2006. С. 422—424
  5. а б Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 31—32
  6. Volumina Legum (далей: VL). Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  7. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. С. 26
  8. Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  9. ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 138, 272
  10. ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—143.
  11. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 388
  12. Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 241, 242, 243
  13. ��� Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 495, 505
  14. Описи актовых книг Киевского центрального архива. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 44
  15. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 292, 377, 418; Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 183, 256
  16. VL. Tom VII. — Petersburg, 1860. S. 87
  17. AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 32—34
  18. Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  19. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  20. AGAD. APiJ. Sygn. 12. S. 17–24
  21. а б в Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213)
  22. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694
  23. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 305
  24. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.
  25. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 134—136
  26. Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  27. Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 366
  28. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 86
  29. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 107 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  30. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  31. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 500
  32. Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 102. — 248 с. — 10 000 экз.
  33. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).