Перайсці да зместу

Метлюжковыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Злакі)
Метлюжковыя

Метлюжок лугавы (Poa pratensis)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Poaceae (R.Br.) Barnhart (1895), nom. cons.

Сінонімы
Роды
Гл. Тэкст

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  40351
NCBI  4479
EOL  8223
GRIN  f:897
IPNI  30000032-2
FW  53546

Метлюжковыя (Poaceae), Злакі, Злакавыя[3] (Gramíneae) — сямейства аднадольных раслін, да якога адносяцца такія вядомыя і здаўна выкарыстоўваемыя ў гаспадарцы расліны як пшаніца, жыта, авёс, рыс, кукуруза, ячмень, проса, бамбук, цукровы трыснёг.

Метлюжковыя ў прыродзе расселеныя па ўсіх кантынентах, уключаючы Антарктыду. Складаюць значную частку фітамасы ў многіх біяцэнозах, а ў стэпах і саваннах — галоўную частку. Сямейства ўключае каля 600 родаў і 9-10 тысяч відаў.

Пераважная большасць — травы. Рэдка сцёблы цвёрдыя, адраўнелыя (у бамбукаў). Сцябло злака звычайна тонкае, цыліндрычнае, унутры ў міжвузеллі амаль ва ўсіх полае. Лісты чарговыя, размешчаны двухрадна. Яны складаюцца з доўгай цыліндрычнай похвы, якая ахоплівае сцябло, і вузкалінейнай пласцінкі. У месцы адыходу пласцінкі ад похвы знаходзіцца так званы язычок у выглядзе невялікага плеўчатага выраста ці раснічак. Некаторыя марфолагі разглядаюць язычок як два зрослыя прылісткі. Біялагічная роля яго заключаецца, верагодна, у тым, што ён перашкаджае вадзе зацякаць унутр паміж похвай і сцяблом. Аснова похвы звычайна злёгку патоўшчана і ўтварае прыкметны, злёгку ўздуты ліставы вузел. Краі похвы шчыльна ахопліваюць сцябло і ў большасці не зрастаюцца адзін з адным (адрозненне ад асаковых). Ніжнія часткі міжвузелляў, ахопліваемыя похвай, доўга захоўваюць мерыстэматычны характар і на працягу доўгага часу забяспечваюць інтэркалярны рост сцяблоў. Як у шматгадовых, так і ў аднагадовых злакаў разгалінаванне сцябла амаль заўсёды адбываецца толькі ў ніжняй частцы (пад зямлёй) ці ў некаторых над паверхняй зямлі. Тут знаходзіцца так званы вузел, дакладней, зона кушчэння — некалькі вельмі шчыльна збліжаных вузлоў, раздзеленых толькі кароткімі міжвузеллямі; кожная пазушная пупышка, якая знаходзіцца ў зоне кушчэння, можа даць пачатак надземнаму ці падземнаму бакавому парастку; апошнія ўтвараюць свае зоны кушчэння. У шматгадовых злакаў часта з пупышак зоны кушчэння фарміруюцца парасткі, якія растуць пад зямлёй гарызантальна, — карэнішчы.

Лісты на парастках вузла кушчэння маюць выгляд невялікіх белаватых ці бураватых лусак, утвораных толькі похвамі лістоў; яны пазней адпадаюць. Амаль ва ўсіх вузлах карэнішчы ўтвараюць прыдаткавыя карані. На некаторай адлегласці ад зыходнай зоны кушчэння карэнішча загібаецца ўверх і ўтварае надземнае сцябло. У падземнай частцы гэтага сцябла ўтвараецца новая зона кушчэння, якая дае пачатак новым паветраным парасткам, у сваю чаргу, з разгалінаваннем і новым карэнішчам.

У кустовых злакаў усе надземныя парасткі збліжаны адзін з адным. Узніклыя ў зоне кушчэння падземныя парасткі растуць на невялікай адлегласці ад яе коса ўверх ці гарызантальна, а затым хутка загінаюцца ўверх. Гэта адносіцца да так званых рыхлакустовых злакаў.

Калі бакавыя парасткі з самага пачатку растуць вертыкальна, амаль паралельна мацярынскаму сцяблу, і ўтвараюць шчыльны куст, то такія злакі называюць шчыльнакустовымі.

Кветкі ў злакаў дробныя, двухполыя, рэдка аднаполыя (іншы раз двухдомныя), у элементарных суквеццях-каласках, якія ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, складаныя каласы, гронкі ці галоўкі. У каласку ад 1 да 30 кветак, размешчаных на восі каласка двума радамі ў пазухах прыкветнікаў — ніжніх кветкавых лусак. Верхняя кветкавая луска большай часткай двухкілявая, звычайна маецца пры кожнай кветцы. Акрамя гэтага, у аснове кветкі размешчаны 2, радзей 3, бясколерныя лускі, ладзікулы, якія набухаюць у час цвіцення. Тычынак большай часткай 3, радзей 1, 2 ці 6 (у аднаго з бамбукоў — да 120). Гінецэй разглядаецца ці як паракарпны, з 3 пладалісцікаў, ці як апакарпны, з 1 пладалісціка; завязь верхняя. Плод — зярноўка. Тычынак у больш архаічных Poaceae 6 (бамбук, рыс), можа быць 1, 2, 4, 5 (пахучы каласок мае дзве тычынкі).

Анемафільныя расліны. Пераважная большасць іх перакрыжаванаапыляльныя. Самаапыляльнымі з'яўляюцца пшаніца, ячмень, авёс, проса, рыс і некаторыя дзікарослыя злакі.

Значэнне і выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

У эканамічных адносінах злакі — найбольш важнае сямейства сярод іншых раслін. Яны складаюць аснову харчавання людзей. Па велічыні займаных плошчаў культурныя злакі можна размясціць у наступным парадку: пшаніца, рыс, кукуруза, ячмень, авёс, жыта, сорга.

Дзікарослыя лугавыя злакі маюць важнае кармавое значэнне.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 146. — 160 с. — 2 350 экз.
  • Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6
  • Цвелёв Н. Н. Порядок злаки (Poales) Архівавана 23 красавіка 2008. // Жизнь растений: в 6-ти т. Т. 6. Цветковые растения / Под ред. А. Л. Тахтаджяна. — М.: Просвещение, 1982. — С. 341—378.