Рэпрэсіі ў СССР
Партыйныя чысткі ў 1921 годзе
[правіць | правіць зыходнік]«Чысткі» ва УКП(б) (1921) былі праведзеныя ў час пераходу да «мірнага будаўніцтва». З партыі выключаны агулам каля 170 тыс. чалавек (каля 25 % колькаснага складу).
У рамках агульнасавецкіх партыйных «чыстак» былі праведзеныя і «чысткі» ў КП(б)Б (15.8—25.10.1921), з партыі выключаныя 1495 сяброў (каля 25 % колькаснага складу).
Партыйныя чысткі 1929—1931 гадоў
[правіць | правіць зыходнік]«Чысткі» ва УКП(б) (1929—1931) пачаліся з пастановы XVI партканферэнцыі (23—29.4.1929, Масква) і фактычна былі скіраваныя супраць прыхільнікаў былых лідараў «правай апазіцыі» М. Бухарына і А. Рыкава, супраць праціўнікаў фарсіраванай індустрыялізацыі і калектывізацыі, якіх было шмат у партыйным і савецкім кіраўніцтве, у тым ліку Беларусі і Украіны. Апроч гэтага, чысткі былі падштурхнуты наспелымі ў кіраўніцтве УКП(б) зменамі погляду на нацыянальнае пытанне і на тагачасныя спосабы яго развязання ў СССР.
У Беларусі з восені 1929 была пачатая палітычная кампанія, скіраваная супраць Польшчы як «авангарда антысавецкіх сіл», супраць беларускіх некамуністычных дзеячаў у Польшчы, наогул супраць «беларускіх нацыянал-дэмакратаў (нацдэмаў)» за іх меркаванае імкненне да рэстаўрацыі капіталізму ў БССР.
На працягу 1930 арганізоўваліся дэманстрацыйныя працэсы супраць меркаваных контррэвалюцыйных арганізацый, звязаных з Польшчай: ва Украіне — «Спілка визволення України» (працэс адбыўся ў сакавіку 1930), у Беларусі — «Саюз вызвалення Беларусі» (арышты адбываліся з чэрвеня 1930, працэс не адбыўся, але абвінавачаныя і без суда былі рэпрэсаваныя, а некаторыя і пакараныя смерцю).
Адзначана, што тых, хто трапляў пад партыйную чыстку 1921 г., не пераследавалі. ��алоўнымі аб’ектамі партыйных рэпрэсій 1929—1931 гадоў у БССР былі кадры Народнага камісарыята асветы, які кіраваў усёй асветнай і культурнай дзейнасцю ў БССР.
У выніку гэтых «чыстак» прафесура ВНУ БССР стала складацца з беларусаў толькі на 15 %, а праца Інстытута мовазнаўства была практычна спыненая з-за таго, што Інстытут застаўся практычна без кадраў (6 чалавек у лютым 1931[1]), выкарыстанне прац рэпрэсаваных мовазнаўцаў было забаронена.
«Раскулачванне»
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
«Чысткі» ва УКП(б) 1933—1934
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
«Чысткі» ва УКП(б) 1936—1938
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне 1939—1941 гадоў
[правіць | правіць зыходнік]Рэпрэсіі супраць «класавых ворагаў» (кастрычнік 1939 — чэрвень 1941) ажыццяўляліся ў рамках савецкай праграмы грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў (нацыяналізацыя, калектывізацыя і інш.) на землях Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны пасля іх інкарпарацыі ў верасні 1939 года. Наогул, рэпрэсіі супраць былых польскіх грамадзян адбываліся незалежна ад нацыянальнасці, але, у адпаведнасці з сацыяльным складам насельніцтва гэтых земляў да 1939, большасць рэпрэсаваных склалі палякі. Стаўленне і дзейнасць кожнага асобнага чалавека звычайна не бралася пад увагу, арышты і дэпартацыі распаўсюджваліся на ўсіх грамадзян, якія падазраваліся ў нелаяльнасці да савецкай улады.
Масавыя арышты
[правіць | правіць зыходнік]Адным з першых рэпрэсіўных крокаў на былых польскіх тэрыторыях сталі масавыя арышты «сацыяльна небяспечнага элемента». Паводле сучасных даных, з верасня 1939 па чэрвень 1941 у заходніх абласцях БССР і УССР было арыштавана 107140 чалавек. Асобы беларускай нацыянальнасці складалі ў гэтай групе 8091 чал. (7,4 %), найбольшая колькасць беларусаў была арыштавана на працягу 1940 г., агулам дасягнуўшы 4580 (6 %).
Смяротныя пакаранні
[правіць | правіць зыходнік]Адной з катэгорый былых польскіх грамадзян, якія былі на асаблівай увазе савецкіх уладаў, былі афіцэры Войска Польскага і паліцыянты. Так, пастанова ЦК УКП(б) ад 3.12.1939 прадугледжвала арышт і ўзяцце на ўлік усіх кадравых польскіх афіцэраў. У выніку толькі на сакавік 1940 у турмах заходніх абласцей БССР і УССР знаходзілася 18632 былыя афіцэры і паліцыянты; з іх 10685 вязняў былі запісаныя палякамі, а рэшта — беларусамі, яўрэямі, украінцамі і інш. На прапанову Л. Берыі і згодна з рашэннем Палітбюро ЦК УКП(б), 11 тыс. чалавек з гэтай катэгорыі падлягалі расстрэлу. Паводле савецкіх даных, на працягу красавіка—мая 1940 былі забіты 7305 чалавек. Колькасць беларусаў сярод іх невядомая, паводле некаторых меркаванняў, магла даходзіць да 15 %.
7 красавіка 1935 года Калінін і Молатаў выдалі ўказ, згодна з якім дазваляўся расстрэл непаўналетніх, пачынаючы з 12-гадовага ўзросту[2].
Дэпартацыі
[правіць | правіць зыходнік]Адным са сродкаў рэпрэсій у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне былі дэпартацыі насельніцтва ў аддаленыя рэгіёны Савецкага Саюза (Сібір і інш.). Гэтыя дэпартацыі, якія праводзіліся ў 1940—1941 гадах, закраналі людзей усіх нацыянальнасцей, у тым ліку і беларусаў, дакладную колькасць якіх вызначыць немагчыма. Розныя ацэнкі вагаюцца ад 6 % беларусаў і 4 % «палешукоў»[3] да 7—8 %[4] і нават 13,4 % беларусаў ад агульнай колькасці дэпартаваных з заходніх абласцей БССР і УССР.
Дэпартацыі ў Заходняй Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У Заходняй Беларусі дэпартацыі адбываліся ў чатыры этапы.
Першая дэпартацыя была здзейсненая 23 лютага 1940, калі былі вывезеныя 33749 асаднікаў і 17561 службовец лясной варты. Агульная колькасць леснікоў-беларусаў складала 1540 чал. (8,1 %), а паводле даных савецкіх крыніц, сярод цывільных асаднікаў Заходняй Беларусі беларусы налічвалі 4,9 % (на люты 1940).
Другая дэпартацыя была здзейсненая 13 красавіка 1940, калі былі вывезены 26777 чалавек, галоўным чынам — паліцыянты, ураднікі, настаўнікі, святары, удзельнікі антысавецкага руху і сябры некамуністычных партый. Большасць дэпартаваных складалі палякі па нацыянальнасці.
Трэцяя дэпартацыя (29 чэрвеня 1940) распаўсюджвалася на ўцекачоў з цэнтральных ваяводстваў Польшчы (22879 чалавек). Пераважную большасць сярод іх складалі асобы яўрэйскага паходжання, беларусаў было 1703 чалавекі.
Чацвёртая дэпартацыя адбывалася ў чэрвені 1941, вывезена 22353 чалавекі.
Рэпрэсіі і дэпартацыі пасля Вялікай Айчыннай вайны
[правіць | правіць зыходнік]Пасля таго, як летам 1944 года Чырвоная армія заняла ўсю тэрыторыю Беларусі, у Заходняй Беларусі, Заходняй Украіне, краінах Прыбалтыкі пачалася партызанская вайна супраць савецкай улады. Яна працягвалася да сярэдзіны 1950-х гг. Асобныя акцыі супрацьдзеяння савецкай уладзе, у тым ліку і тэрарыстычныя акты, адбываліся і пазней. Гэта супрацьстаянне прывяло да новай хвалі рэпрэсій. З Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі ў Сібір пачалі актыўна дэпартаваць сем’і так званых «лясных братоў», іх суседзей, якіх падазравалі ў спачуванні ўдзельнікам узброенных фарміраванняў (Украінская паўстанчая армія, не склаўшыя зброю атрады польскай Арміі Краёвай і г.д.), таксама заможных сялян (да іх нярэдка адносілі тых, хто не далучаўся да калгасаў) і прадстаўнікоў рэлігійных меншасцей: сапраўдна-праваслаўных хрысціян, інакенцьеўцаў, адвентыстаў-рэфармістаў і Сведкаў Іеговы. Напрыклад, міністр дзяржбяспекі СССР Абакумаў у распараджэнні ад 19 лютага 1951 года пісаў аб планах выселіць з тэрыторыі Беларусі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі Сведкаў Іеговы і членаў іх сямей.[5] Гэтыя планы ажыццявіліся 11 сакавіка 1952 года падчас правядзення аперацыі «Поўнач».
У 1960—1980-я гг. аб’ектамі рэпрэсій у СССР былі дысідэнты (тыя, хто не згаджаўся з афіцыйнай палітыкай савецкага ўрада), прадстаўнікі рэлігійных меншасцей і святары традыцыйных рэлігій, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі (так званыя «фірмачы»), бо дзейнасць апошніх была забаронена ў Савецкім Саюзе. Рэпрэсіі звычайна прымалі форму абмежавання ў правах, высылкі з пэўнай мясцовасці альбо нават з СССР, турэмнага зняволення і ў некаторых выпадках расстрэлу.
Ацэнка маштабу рэпрэсій
[правіць | правіць зыходнік]Даследчык сталінскага перыяду гісторыі СССР А. В. Шубін, спасылаючыся на звесткі КДБ СССР, піша, што колькасць ахвяр сталінскага тэрору за 1930—1953 гг. склала крыху больш за 3,77 млн арыштаваных, з якіх 786098 чалавек былі расстраляны, а астатнія накіраваны ў лагеры[6]. Тэлеканал «Еўраньюс» 30 кастрычніка 2007 г. паведаміў, што, паводле інфармацыі праваабарончых арганізацый, у 1920—50-я гг. было асуджана 4 млн чал. па палітычных матывах, 800 тыс. з іх было асуджана да расстрэлу. 1,5 млн асуджаных былі рэабілітаваны (некаторыя пасмяротна) падчас хрушчоўскай «адлігі»[7]. Аднак гэта інфармацыя не ўлічвае тых, хто рана памёр пасля доўгатэрміновага турэмнага альбо лагернага зняволення ці перасялення ў мясцовасць з горшым кліматам і ўмовамі жыцця, хто скончыў жыццё самагубствам па прычыне ціску і цкавання, хто быў тайна забіты агентамі спецслужбаў. Таксама гэтыя лічбы не ўключаюць тых, хто быў арыштаваны і зняволены ці расстраляны ў выніку рэпрэсій у пост-сталінскі перыяд гісторыі СССР. Да таго ж цяжка вызначыць адназначна, хто быў ахвярай палітычных рэпрэсій, а хто — пакараным злачынцам. Таму падлічыць дакладную колькасць ахвяр рэпрэсій практычна не ўяўляецца магчымым.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ С. М. Запрудскі. Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918—1941): дапаможнік. — Мн.: БДУ, 2015. — С. 105.
- ↑ 80 год таму ў СССР дазволілі расстрэльваць з 12-гадовага ўзросту // Наша Ніва, 07.04.2015.
- ↑ Даныя польскага пасольства ў СССР (1942).
- ↑ Нататка Л. Берыі да I. Сталіна (15.1.1943), польскі гісторык Д. Бацькоўскі.
- ↑ Архіў Прэзідэнта РФ, Фонд 3, вопіс 58, дакум. 180, арк. 52-53.
- ↑ А. В. Шубин. Сталин И. В. // Большая энциклопедия Кирилла и Мефодия (на компакт-диске), 2005 (руск.)
- ↑ Рэпартаж «Еўраньюс» аб святкаванні дня памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Расіі. 30 кастрычніка 2007 г.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Нікалас Вакар. Ліквідацыя беларускага нацыяналізму // Спадчына, 1992, № 6. С. 12-20.
- Юрый Грыбоўскі. Савецкія рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі (кастрычнік 1939 — чэрвень 1941 гг.) // Homo Liber, 2007.