Перайсці да зместу

Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пячатка БТДАВ

Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны (БТДАВ) — дабрачынная арганізацыя для дапамогі бежанцам Першай сусветнай вайны. Існавала ў 1915-1920-х гг. у Вільні.

Параза расійскіх войск ва Усходняй Прусіі ў жніўні 1914 паказала, што ў далейшым ход вайны для Расіі можа злажыцца няўдала. Таму ўлады дазволілі стварэнне, апрача Літоўскага і Польскага, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.

9 сакавіка 1915 віленская губернская ўправа па справах згуртаванняў ухваліла статут Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое пасля таго, як 29 красавіка яго зацвердзіў губернатар, магло распачаць працу. Старшынёй (маршалкам) праўлення таварыства стаў Вацлаў Іваноўскі, а яго намеснікамі — Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. У склад праўлення ўвайшлі Павел Аляксюк, Ігнат Біндзюк, Уладзіслаў Сталыгва, ксёндз Савіцкі, Ігнат Буйніцкі, Н. Клім. Управа таварыства знаходзілася ў Вільні, яно мела права дзейнічаць на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай, Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губерняў.

У сакавіку 1915 праўленне таварыства выдала адозву «Да грамадзян Беларусі», у якой заклікала насельніцтва да супольнай ахвярнай працы дзеля ажыццяўлення сваіх першапачатковых задач: грамадскай апекі (харчаванне, раскватараванне, лекарская дапамога) і помачы вясковым жыхарам у адбудове панішчанага вайной. Таварыства арганізоўвала пункты харчавання, сталовыя, інтэрнаты, імкнулася аказаць медыцынскую дапамогу бежанцам.

Нягледзячы на дабрачынны характар (зрэшты, не так ужо і сцісла акрэслены), БТДАВ было адзінай афіцыйнай грамадскай беларускай арганізацыяй, якую падтрымлівалі ўлады, і з гэтага гледзішча стварала вялікія магчымасці для канцэнтрацыі нацыянальных сіл і каардынацыі пазастатутнай дзейнасці.

Сродкі таварыства складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў. Спроба Беларускага таварыства па прыкладу іншых дабрачынных арганізацый атрымаць субсідыі з Таццянінскага камітэта і Галоўнага камітэта Усерасійскага саюза гарадоў поспеху не мела.

Таварыства накіравала сваіх прадстаўнікоў у Гродзенскую (Аляксюк) і Віленскую (Ластоўскі) губерні. У чэрвені-ліпені 1915 адкрыла аддзелы ў Мінску, Дзісне, Вілейцы, Празароках, Друскеніках, Гожы Гродзенскай губерні, Полацку.

Напярэдадні акупацыі Вільні германскімі войскамі (верасень 1915) частка кіраўнікоў таварыства (Іваноўскі, Аляксюк) выехалі на ўсход. Пасля заняцця немцамі Заходняй Беларусі яго аддзелы ў Мінскай і Віцебскай губернях апынуліся за лініяй фронту.

Падчас акупацыі камітэт быў перавыбраны. У яго ўвайшлі А. Луцкевіч (старшыня), Ю. Менке, Я. Салавей, І. Луцкевіч, А. Рачкоўская, Ф. Вішнеўскі, Я. Ліцкевіч. Поруч з аказаннем матэрыяльнай дапамогі ахвярам вайны камітэт гуртаваў вакол сябе дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, што засталіся ў Вільні, набываў ролю прадстаўніка інтарэсаў беларускага насельніцтва перад акупацыйнымі ўладамі.

Статут БТДАВ

Важным кірункам дзейнасці таварыства стала культурна-асветніцкая праца. Для арганізацыі беларускіх школ пры ім была створана школьная камісія, намаганнямі якой у Вільні 15 лістапада 1915 пачала працу першая беларуская пачатковая школа. У 1916 ў горадзе дзейнічала 5 беларускіх школ, дзе навучалася больш за 200 вучняў. Навучанне было бясплатным, бедных вучняў таварыства забяспечвала адзеннем і харчаваннем. Школьная камісія распрацоўвала навучальныя праграмы, прызначала настаўнікаў, наладжвала падрыхтоўку і выданне падручнікаў, разглядала пытанні беларускай навуковай тэрміналогіі. У пачатку 1916 германскія ўлады прызналі беларускую мову роўнапраўнай з іншымі мовамі края, што актывізавала дзейнасць таварыства па арганізацыі беларускага школьніцтва. Вясной 1916 адбыўся першы выпуск слухачоў беларускіх настаўніцкіх курсаў, арганізаваных школьнай камісіяй у снежні 1915 у Вільні. У канцы 1916 ў мястэчку Свіслач пачала працаваць Беларуская настаўніцкая семінарыя. Падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў дазволіла значна пашырыць школьную сетку. Паводле звестак А. Луцкевіча на працягу 1917-18 былі адкрыты 153 беларускія пачатковыя школы. У 1917 камітэт таварыства арганізавала 2 дзіцячыя прытулкі недалёка ад Вільні (для 70 і 40 дзяцей). У Вільні былі адкрыты 2 сталоўкі.

З канца 1918 дзейнасць таварыства ў сувязі са складанай ваеннай і палітычнай сітуацыяй на Віленшчыне пачала згортвацца. У маі-чэрвені 1919 праз адсутнасць грошай на закупку прадуктаў былі зачынены дзіцячыя прытулкі.

У ліпені 1919 аб’яўлена пра аднаўленне дзейнасці таварыства, абраны новы камітэт на чале з К. Душэўскім. З верасня 1919 таварыства мела прадстаўніка ў Цэнтральнай Беларускай радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Аднак спробы наладзіць працу ў ранейшых маштабах не мелі поспеху.

На пачатку 1920-х г. таварыства ўзначальвалі П. Мятла (лістапад 1923 — май 1924), Р. Астроўскі (май — кастрычнік 1924 і сакавік 1925), Э. Будзька (кастрычнік 1924 — май 1925). Дзейнасць камітэту зводзілася да ўтрымання дзіцячага прытулку ў Вільні (каля 100 выхаванцаў).

Звесткі пра функцыяванне таварыства пасля 1925 не выяўлены.

  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7