Перайсці да зместу

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з БГКЦ)
Беларуская грэка-каталіцкая капліца Маці Божай Бялыніцкай на каталіцкіх могілках па вул. Лазарэнкі ў Магілёве

Белару́ская Грэ́ка-Каталі́цкая (Унія́цкая) Царква́, або БГКЦ — адна з усходніх каталіцкіх цэркваў, якая прытрымліваецца візантыйскага абраду, знаходзіцца ў поўнай еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам і прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт Папы Рымскага. БГКЦ пазіцыянуе сябе як непасрэдную пераемніцу ўніяцкіх епархій на Беларусі, створаных у выніку Берасцейскай уніі 1596 г.

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Уніяцкая Царква ў Беларусі з’явілася ў выніку Берасцейскай царкоўнай уніі (1596). У 1839 г. у выніку рэалізацыі плану па ліквідацыі Уніі ў Расійскай імперыі, які прапанаваў ураду Іосіф Сямашка, Уніяцкая Царква была знішчана і далучаная да Рускай Праваслаўнай Царквы.

Таксама спадкаемцай Берасцейскай уніі з’яўляецца Украінская Грэка-Каталіцкая Царква (УГКЦ). На 1596 г. як беларускія, так і ўкраінскія епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі, мітрапаліт якой рэальна знаходзіўся не ў Кіеве, а ў Вільні ці ў Наваградку. Львоўская і Пярэмысльская епархіі далучыліся да Уніі на сто гадоў пазней (у 1691 і 1700 г.). У 1946 годзе інспіраваны савецкай уладай Львоўскі «сабор», на якім не было ніводнага іерарха УГКЦ, якія на гэты час знаходзіліся ў турмах і лагерах, скасаваў Украінскую Грэка-Каталіцкую Царкву і пастанавіў увайсці ў склад Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату. Аднак у Заходняй Украіне богаслужэбная дзейнасць многіх уніяцкіх святароў увесь час працягвалася ў падполлі. Сярод беларусаў прыхільнікі Уніі засталіся ў эміграцыі. 3 канца 1980-х гадоў пачалося масавае легальнае адраджэнне Уніяцкай Царквы на Украіне. На Беларусі таксама сталі стварацца суполкі вернікаў-уніятаў (пераважна з інтэлігенцыі).

Гл. таксама Царкоўная унія, Уніяцтва, Уніяцкая царква на Беларусі.

Пасля выдання ўказу пра верацярпімасць у Расійскай імперыі ў 1905 г. больш за сто дваццаць тысяч вернікаў, некалі запісаных з уніятаў у праваслаўныя, а таксама іх нашчадкі перайшлі ў каталіцтва лацінскага абраду (адраджаць уніяцтва было па-ранейшаму забаронена).

Тым не менш, ужо на пачатку XX ст. былі першыя спробы адраджэння Уніі ў Беларусі, яшчэ да Першай сусветнай вайны. На гэтай ніве працавалі Іван Іванавіч Луцкевіч, які кантактаваў з Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, Алаіза Пашкевіч-Кяйрыс (Цётка), якая, жывучы ў Львове, падрыхтывала да выдання беларускі ўніяцкі малітоўнік для дзяцей і інш. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі накіраваў у 1908 г. адмысловае пасланне да вернікаў на тэрыторыі былых уніяцкіх епархій у Беларусі, якія ён па-ранейшаму лічыў нескасаванымі ў выніку Полацкага сабору 1839 г. Ён нават здзейсніў таемнае падарожжа па гарадах Беларусі пад выглядам свецкай асобы. Разам з І. Луцкевічам ён падрыхтаваў праект набыцця зямлі на Барысаўшчыне з мэтай перасялення туды беззямельных грэка-католікаў з Галіцыі, каб яны дапамаглі адрадзіць там Унію беларусам. Царскія ўлады перашкодзілі гэтаму праекту, аднак не выключана, што ён быў рэалізаваны на Палессі ў в. Гарадная, дзе сапраўды поруч з мясцовым насельніцтвам дагэтуль жывуць «галіцыяне» — нашчадкі грэка-каталіцкіх перасяленцаў з Галіцыі. Мітрапаліт А.Шаптыцкі прызначыў расійскага святара а. Аляксея Зерчанінава, якія прыняў грэка-каталіцтва, апекавацца ўсімі вернікамі-уніятамі на тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і беларусамі.

Ва Усходняй Беларусі, дзе была ўстаноўлена савецкая ўлада, у першай палове 1920-х г. спробы адрадзіць Унію рабілі рымска-каталіцкі дэкан з Магілёва а. Язэп Белагаловы і расійскі грэка-каталіцкі экзарх а. Леанід Фёдараў. Апошняму мітрапаліт А.Шаптыцкі даручыў часовае кіраваўніцтва справамі беларускіх грэка-католікаў.

Сапраўднае адраджэнне уніі пачалося ў 1920-х г. у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Цэнтрам адраджэння Уніі стаў Альбярцін (каля Слоніма), дзе была створаная Усходняя Місія айцоў езуітаў. У Заходняй Беларусі было створана каля двух дзясяткаў парафій славяна-візантыйскага абраду, якія не мелі свайго іерарха, але падпарадкоўваліся мясцовым лацінскім біскупам (Віленскаму і Пінскаму). У гісторыі гэтае адраджэнне ўніяцтва атрымала назву «неаунія». Найбольш вядомымі беларускімі святарамі таго часу з’яўляюцца а. Баляслаў Пачопка, а. Вячаслаў Аношка, езуіт а. Антон Неманцэвіч, а. Іван Гермацюк, а. Васіль Гапановіч, а. Данат Навіцкі, а. Леў Гарошка і інш. Апекавацца парафіямі славяна-візантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесся было даручана Апостальскаму Візітатару біскупу Мікалаю Чарнецкаму, ЧНА.

17 верасня 1939 г. Кіева-Галіцкі мітрапаліт Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, наданых яму Папам Піем Х у 1908 г., заснаваў Беларускі Экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком Экзархату біскупа М.Чарнецкага. Праз год, у кастрычніку 1940, першым беларускім Экзархам быў прызначаны айцец Антон Неманцэвіч. Сядзіба Экзархату размяшчалася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе знаходзілася Усходняя місія езуітаў. Прызначэнне а. А.Неманцэвіча пацвердзіў прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кард. Э. Тысеран у сваім лісце ад 22 снежня 1941 г. У дапамогу Экзарху была створана Рада Беларускага Экзархату ГКЦ з трох членаў: намеснікам Экзарха стаў айцец Леў Гарошка, сябрамі Рады — айцец Іван Гермацюк і айцец Вячаслаў (Вацлаў) Аношка.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР Грэка-Каталіцкая Царква зведала моцны ціск уладаў. На пачатак 1941 г. засталося толькі 3 парафіі і яшчэ некалькі невялікіх асяродкаў вернікаў. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі айцец Экзарх Антон Неманцэвіч быў арыштаваны. Знясілены, ён памёр ад тыфу ў 1943 г. як пакутнік у турме СД у Мінску.

Пасля Другой сусветнай вайны і гвалтоўнай ліквідацыі Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1946 г. яе структур у Беларусі афіцыйна не існавала, працягвалася таксама жыццё ў падполлі. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыльяне, якія дзейнічалі ў падполлі і таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касцёлах (Лагішын, Слонім).[1] У Пінску пры касцёле служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночання Сясцёр «Дзеці Марыі». Апошняя з іх памерла ў сярэдзіне 1980-ых.[1] У пасляваенны перыяд легальнае жыццё Царквы перанеслася на Захад, дзе былі створаныя беларускія грэка-каталіцкія асяродкі: у Лондане, Парыжы, Рыме, Чыкага, Лювене і інш. Пасля вайны ў жывых заставаліся 2 сябры Рады Экзархату. Намеснік Экзарха а. Леў Гарошка, які жыў у Парыжы і Лондане, захоўваў архіў беларускага Экзархату ГКЦ.

Ад 1976 г. сістэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў айцец Віктар Данілаў, высвячаны на грэка-каталіцкага святара ў 1976 г. ў Львове Зверхнікам УГКЦ у падполлі архібіскупам Уладзімірам Стэрнюком. Цэнтрам дзейнасці айца В.Данілава было Гродна. Пачынаючы з 1989 г. — пры лібералізацыі грамадскага і рэлігійнага жыцця — групы студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй уніі, пачалі адраджэнне БГКЦ. 11 сакавіка 1989 г. у Мінску ў Кальварыйскім касцёле а. Аляксандр Надсан адслужыў першую за 150 гадоў пасля 1839 г. публічную каталіцкую багаслужбу ў візантыйскім абрадзе (па-беларуску)[1]. Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэння рэлігійнага і малітоўнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Першая пасля вайны грэка-каталіцкая парафія ў Мінску ўтварылася ў верасні 1990 г., а 19 кастрычніка 1990 г. грэка-каталіцкі мітрапаліт Уладзімір Стэрнюк выдаў грамату пра яе кананічнае заснаванне.[1] Пасля больш чым 150-гадовага перапынку першым грэка-каталіцкім святаром, высвячаным на тэрыторыі Беларусі, стаў а. Яўген Усошын з Мінска. 17 чэрвеня 2007 г. ён быў рукапакладзены дапаможным біскупам Кіеўскай архіепархіі УГКЦ Багданам Дзюрахам у Маладзечне. Дагэтуль усе беларускія грэка-каталіцкія святары высвячваліся па-за межамі Беларусі.

Першымі манахамі ў адроджанай БГКЦ сталі студыты, якія ў ліпені 1994 г. адкрылі манастыр св. Барыса і Глеба ў Полацку. Першым яго настаяцелем стаў а. Венядыкт Алексійчук. У верасні 2012 г. пастырскае служэнне на парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску распачынае рэдэмптарыст а. Антоній Нікалаеў, а 25 снежня 2012 г. тут урачыста адкрываецца супольнасць рэдэмптарыстаў, якую складаюць двое беларусаў, што прайшлі святарскую фармацыю ў Украіне: айцы Антоній Нікалаеў і Зміцер Чарнель.

Колькасць парафій і вернікаў

[правіць | правіць зыходнік]
Царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа ў Лондане

На пачатак 2003 года ў Беларусі дзейнічала 13 зарэгістраваных грэка-каталіцкіх парафій: па 2 у Мінску і Віцебску, па адной у Брэсце, Баранавічах, Гомелі, Гродне, Магілёве, Маладзечне, Лідзе, Івацэвічах, Полацку. На 2003 г. у БГКЦ было 7 святароў, 1 дыякан, 3 манахі, 1 манахіня. Апеку над грэка-католікамі Беларусі ажыццяўляе Апостальскі Візітатар архімандрыт Сяргей Гаек.

На 2008 год Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела два протапрэзьбітэраты (дэканаты):

  • Цэнтральна-заходні імя блаславёнага Мікалая (Чарнецкага) — 12 парафій.
  • Усходні імя святога Язафата — 6 парафій[2].

На чэрвень 2009 г. Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мела 20 парафій (зарэгістраваных з іх — 15)[3] (у тым ліку 4 — у Мінску, 2 — у Віцебску), яшчэ адны чакалі рэгістрацыі. БГКЦ мела 16 святароў і 2 дыяканы і была прадстаўленая ў Мінску, ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і ў многіх вялікіх гарадах: Баранавічы, Жодзіна, Івацэвічы, Ліда, Маладзечна, Мар’іна Горка, Пінск, Полацк, Орша і Слонім. Місійныя пункты і парафіі ў стадыі рэгістрацыі ёсць таксама ў Барысаве, Заслаўі, Ваўкавыску, Навагрудку, Свіслачы, Бярозе, Камянцы і інш. Апроч гэтага ёсць парафіі за межамі краіны — у Лондане, Бельгіі (Антверпен), Празе[4], Калінінградзе[5]. Па-за межамі Беларусі стала жывуць і служаць 5 беларускіх грэка-каталіцкіх святароў. Час ад часу грэка-каталіцкія службы для беларускіх вернікаў адбываюцца таксама ў Вільні, Каўнасе, Варшаве, Любліне, Рыме, Львове, Івана-Франкоўску, Мінеапалісе, Чыкага, Кліўлендзе і інш.

Парафіі малаколькасныя, бо няма нармальных месцаў для малітвы — па 20-50 чалавек, якія прадстаўляюць у асноўным інтэлігенцыю і моладзь. Найбольшыя па колькасці вернікаў парафіі ў Мінску, Брэсце, Баранавічах, Івацэвічах, Віцебску, Полацку і Гродне.

Афіцыйна БГКЦ мае толькі 2 культавыя пабудовы — царкву ў Полацку і капліцу ў Магілёве. У іншых гарадах пабудаваныя душпастырскія цэнтры з капліцамі. З 1999 г. дзейнічае грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтр парафіі святых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Брэсце (вул. Дворнікава, 63), дзе выдаецца грэка-каталіцкая газета «Царква», ёсць бібліятэка, якой карыстаюцца студэнты і навукоўцы, і вялікая капліца з лавамі на 80 месцаў. У канцы чэрвеня 2008 г. па вул. Арджанікідзэ, 6 у Мінску (раён ст. м. Аўтазаводская) пачаў дзейнічаць Грэка-каталіцкі цэнтр Святога Язэпа з капліцай, бібліятэкай. У БГКЦ акрамя манахаў студыйскага ўставу, ёсць таксама некалькі святароў, што належаць Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.

Даныя па колькасці вернікаў недакладныя, ацэнкі вагаюцца ад 3 тыс.[6] да 10 тыс. чалавек[3]. Колькасць актыўна практыкуючых католікаў візантыйскага абраду, якія штонядзелю бываюць на Літургіі ў храмах і капліцах свайго абраду, рэальна складае ў Беларусі каля 500 вернікаў. Значная частка вернікаў усходняга абраду (хрышчаных у праваслаўі), якія прынялі каталіцтва, праз недахоп грэка-каталіцкіх душпастыраў і святыняў практыкуе ў лацінскім абрадзе (па некаторых ацэнках — да 30 тыс.).

Іерархія і падрыхтоўка кадраў

[правіць | правіць зыходнік]

На чале дэканату БГКЦ у 19941998 стаяў а. протапрасвітар Ян Матусевіч. Па стане на 2009 створаны два дэканаты (протапрасвітараты) БГКЦ: Усходні протапрасвітарат імя Св. Язафата (дэкан — а. Зміцер Грышан з Віцебску) і Цэнтральна-Заходні протапрасвітарат імя святапакутніка Мікалая Чарнецкага (дэкан — а. Яўген Усошын з Мінску).

Беручы пад увагу той факт, што заснаваны мітрапалітам А. Шаптыцкім у 1939 г. Беларускі Экзархат для грэка-каталікоў Апостальская Сталіца ў Рыме ніколі не скасоўвала, можна сцвярджаць, што Экзархат юрыдычна існуе, але застаецца без свайго біскупа-ардынарыя, і падпарадкоўваецца, такім чынам, проста Апостальскай Сталіцы.

Апостальскі візітатар «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек)

Рымскім Апостальскім Пасадам у студзені 1994 г. для грэка-католікаў у Беларусі быў прызначаны Апостальскі Візітатар «ad nutum Sanctae sedis» архім. Сяргей Гаек. Апостальскім Візітатарам для беларусаў (каталікоў абодвух абрадаў) замежжа да сваёй смерці ў 2015 г. з’яўляўся мітрафорны протаярэй а. Аляксандр Надсан.

У склад духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, станам на 25 чэрвеня 2013 года, уваходзяць 14 святароў і 4 дыяканы:

  • протапрасвітар Зміцер Грышан,
  • протапрасвітар Яўген Усошын,
  • святар Андрэй Абламейка (апякуецца вернікамі ў Празе і Вене),
  • іераманах Лявонцій (Тумоўскі), студыт (на дадзены момант вучыцца ў Італіі),
  • святар Яўген Маліноўскі,
  • святар Ігар Кандрацьеў,
  • святар Андрэй Крот,
  • святар Аляксандр Шаўцоў,
  • святар Андрэй Буйніч,
  • святар Аляксандр Шыбека,
  • святар Васіль Ягораў,
  • святар Аляксей Філіпенка
  • святар Антоній (Нікалаеў), рэдэмптарыст
  • святар Зміцер (Чарнель), рэдэмптарыст
  • дыякан Віталь Быстроў,
  • дыякан Вячаслаў Гарчакоў,
  • дыякан Аляксей Варанко,
  • дыякан Аляксандр Хахлоў.

У замежжы стала жывуць і служаць святары а. Ян Майсейчык, а. Сяргей Стасевіч, а. Ігар Лабацэвіч.

Кандыдаты ў святары праходзяць навучанне ў духоўных установах Украіны (Івана-Франкоўск), Італіі (Рым), Польшчы (Драгічын, Варшава).

Хрысціянскі валанцёрскі Рух Св. Мікалая

[правіць | правіць зыходнік]

Хрысціянскі валанцёрскі Рух Св. Мікалая паўстаў увосень 2007 г.у г. Віцебск. З’яўляецца грэка-каталіцкай дабрачынна-душпастырскай ініцыятывай і лучыць людзей добрай волі, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці, якія хочуць бескарысна дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе.

Асноўныя кірункі дзейнасці Руху Св. Мікалая — дапамога людзям з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, дзецям-сіротам і дзецям з дысфункцыйных сем’яў, дапамога састарэлым і хворым; дзейнасць у абарону ненароджанага ж��цця. Вялікая ўвага ўдзяляецца прафесійнай падрыхтоўцы валанцёраў. За час дзейнасці Руху былі праведзены сотні падзей і акцый. Новыя цэнтры Руху паўсталі таксама ў Гродне (2008), Мінску (2010), Маладзечне (2011).

Рух Св. Мікалая — адзін з першых рухаў на Беларусі, які пачаў актыўна развіваць ідэю сістэматычнага хрысціянскага валанцёрства ў дабрачынным сацыяльным служэнні. Асноўная ідэя Руху — шчырасць у служэнні, заснаваная на навуцы Ісуса Хрыста, без матэрыяльнай зацікаўленасці.

Зноскі