Тыгры вызвалення Таміл-Ілама
Тыгры вызвалення Таміл-Ілама | |
---|---|
தமிழீழ விடுதலைப் புலிகள் | |
Ідэалогія | марксізм, нацыяналізм |
Этнічная прыналежнасць | тамілы |
Лідары | Велупілаі Прабхакарана |
Актыўная ў | Паўночная і Ўсходняя Шры-Ланка |
Сфарміравана | 1976 |
Расфарміравана | 2009 |
Удзел у канфліктах | Грамадзянская вайна ў Шры-Ланцы ў 1983 - 2009 гг. |
Сайт | eelam.com |
"Тыгры вызвалення Таміл-Іла́ма" (таміл. தமிழீழ விடுதலைப் புலிகள்) — тамільская паўстанцкая групоўка, якая змагалася за стварэнне незалежнай тамільскай дзяржавы Таміл-Ілам на тэрыторыі Шры-Ланкі.
Сутнасць
[правіць | правіць зыходнік]Групоўка была заснавана 5 мая 1976 года годзе Велупілаі Прабхакаранам, прыхільнікам гвалтоўнага шляху вырашэння праблем тамілаў Шры-Ланкі. Асновай ідэалогіі групоўкі стаў марксізм.
Першапачаткова групоўка атрымоўвала падтрымку ад легальных тамільскіх палітычных і культурных арганізацый. Але ў пач. 1980-ых гг. выступіла за байкот мясцовых выбараў на поўначы Шры-Ланкі. Гэта прывяло да грамадзянскай вайны супраць афіцыйнага ўрада ў 1983 - 2009 гг., якая скончылася паражэннем паўстанцаў.
"Тыгры вызвалення Таміл-Ілама" выкарыстоўвала розную тактыку для дасягнення сваіх мэт: адкрытыя ваенныя выступленні, партызанскую барацьбу, марское пірацтва, захоп заложнікаў, тэрарыстычныя акты, этнічныя чысткі на кантралюемых імі тэрыторыях, масавыя забойствы ваеннапалонных і г. д. Ахвярамі станавіліся ў тым ліку тамільскія палітыкі, што не падзялялі іх погляды. У 33 дзяржавах групоўка была прызнана тэрарыстычнай.
7 кастрычніка 1987 г. абвясціла вайну індыйскім сілам па падтрыманню міра, якія былі ўведзены на поўнач Шры-Ланкі і дагэтуль фактычна спрыялі ваенным поспехам тамілаў.
У 1987 г. было створана падпадзяленне "чорных тыграў" - тэрарыстаў-самазабойцаў. Імі былі забіты трэці прэзідэнт Шры-Ланкі, Ранасінгэ Прэмадаса (1924 - 1993 гг.), і шосты прэм'ер-міністр Індыі, Раджыў Гандзі (1944 - 1991 гг.).
Унутры групоўкі падтрымлівалася жорсткая дысцыпліна. Чальцам забаранялася ўжываць тытунь і алкаголь, мець шчыльныя стасункі са сваякамі. Некаторы час не заахвочваліся якія-небудзь сексуальныя зносіны. У якасці салдат часцяком выкарыстоўваліся дзеці.
Многія тэрарысты праходзілі ваеннае навучанне ў Індыі. Па ўсяму свету працавалі 42 прадстаўніцтвы, якія вялі прапаганду, збор сродкаў, займаліся інвестыцыямі і садзейнічалі патаемнаму імпарту зброі ў Шры-Ланку.
Ліквідацыя
[правіць | правіць зыходнік]У 2002 г. групоўка адмовілася ад пабудовы самастойнай тамільскай дзяржавы і запатрабавала стварэння шырокай аўтаноміі ў паўночным і ўсходнім рэгіёнах Шры-Ланкі, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. У сакавіку 2002 г. пачаліся перагаворы з афіцыйным урадам. Але бакі не прыйшлі да ўзаемапаразумення. "Тыгры" адыйшлі ад прамых перагавораў ў 2003 г., а ў 2006 г. урад ануляваў пагадненне аб часовым спыненні агню і распачаў баявыя дзеянні.
16 мая 2009 г. прэзідэнт Шры-Ланкі абвясціў аб перамозе. Велупілаі Прабхакарана быў забіты, а яго бліжэйшы паплечнік Селвараса Патманатхан арыштаваны ў Малайзіі. Больш за 1000 прыхільнікаў Таміл-Ілама збеглі ў Індыю. Але ў палоне аказалася 11664 баявікоў (у тым ліку 595 дзяцей). Яны былі падзелены на 3 катэгорыі і перанапраўлены ў рэабілітацыйныя цэнтры. У жніўні 2011 г. 8000 палонных былі вызвалены.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйная старонка Архівавана 11 красавіка 1997.
- Liberation Tigers of Tamil Eelam (LTTE) Архівавана 7 жніўня 2011. Тэрарыстычная дзейнасць
- A brief history of The Tamil Tigers Архівавана 21 верасня 2012. Артыкул у часопісе "Тайм"
- S. L. Gunasekara, History of Terrorism in Sri Lanka: What are they fighting for Архівавана 22 мая 2009. Сінгальскі погляд на праблему