Перайсці да зместу

Дом купца Мураўёва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом купца Мураўёва
53°40′44″ пн. ш. 23°49′49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Архітэктурны стыль мадэрн
Будаўніцтва да 1888
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000666шыфр 412Г000666
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом купца Мураўёва — трохпавярховы будынак у Гродне, размешчаны ў гістарычным цэнтры на былой Рыначнай плошчы (цяпер пл. Савецкая, 2), якая сфарміравалася ў XIV—XV стст. на адрасе. Помнік архітэктуры мадэрну.

Будынак пабудаваны як жылы дом купца Мураўёва, хутчэй за ўсё, да 1888 г., што падмацоўваецца звесткамі з журнала па аплаце квартальнага падатку за 1886 г. Гісторык Мечыслаў Супрон згадвае, што архітэктарам дома з’яўляецца Майсей Любіч[1] — той жа, хто займаўся перабудовай Вялікай харальнай сінагогі. У сучасным выглядзе дом упершыню зафіксаваны на паштоўцы, зробленай паміж 1892 і 1897 гг[2].

У гады Першай Сусветнай вайны ў доме жылі нямецкія салдаты. У 1919 г. у будынку на працягу трох месяцаў працаваў першы Гродзенскі Савет рабочых дэпутатаў.

У міжваенны час гродзенскія краязнаўцы крытычна ставіліся да архітэктуры будынка. Напрыклад, Юзаф Ядкоўскі лічыў дом купца Мураўёва прыкладам «варварскай архітэктуры», «вычварным прыкладам расійскага імперскага глабалізму»[3].

Будынак у савецкі час

[правіць | правіць зыходнік]

У 1940 годзе ў нацыяналізаваным будынку была створана гродзенская фабрыка індпашыву «Атэлье мод». У красавіку 1945 г. у доме працягвала працаваць гэтая самая фабрыка. У студзені 1951 г. памяшканні, якія займала фабрыка, былі перададзены ў веданне гарадской бібліятэкі (пазней — абласная імя Карскага), якая працавала тут аж да пачатку 1990-х гг.

Спробы р��канструкцыі будынка ў 1990-я і 2000-я

[правіць | правіць зыходнік]
Дом Мураеўва ў час рэстаўрацыі

У 1991 г. абласная бібліятэка пераехала ў памяшканні Новага замка, якія раней займаў абласны камітэт КПБ. У 1994 г. рашэннем аблвыканкама было арганізавана «прыцягненне грашовых сродкаў на рэканструкцыю будынка абласной бібліятэкі». Адначасова горад прадаў два будынкі - дзіцячы садок (вул. Замкавая № 21) і былы філіял музея Славы (пр. Касманаўтаў № 83), каб накіраваць атрыманыя грошы на рэканструкцыю бібліятэкі.

У конкурсе на аднаўленне будынка прымалі ўдзел дзве фірмы: «Пульс» і «Канцэпт-93». Выйграла фірма «Пульс», пералічыўшы ў сакавіку 1995 г. у бюджэт 300 млн руб., якія былі прадугледжаны для мэтавага выкарыстання на рэканструкцыю бібліятэкі.

Рамонтна-будаўнічыя працы ў пачаліся ў траўні 1995 г., пры гэтым субпадрадчыкам выступіла прадпрыемства «Канцэпт-93». Да кастрычніка рамонт адбываўся выключна за кошт грошай субпадрадчыка. Пазней фірма «Пульс» атрымала крэдыт у памеры 200 млн руб. у філіяле «Беларусбанка», з якіх на рамонт было асвоена крыху больш за палову — 138,4 млн.

Нягледзячы на гэта, тагачаснае кіраўніцтва ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама працягнула дзейнасць дамовы з «Пульсам» да 1 красавіка 1996 г. Усяго на 1997 г. было накіравана 300 млн руб., з якіх фактычна было выканана падрадных работ на сумму 102,7 млн руб. Рамонт будынка фармальна быў завершаны, аднак бібліятэка ў яго не вярнулася. Фактычна з другой паловы 1995 г. ў дома не было належнай аховы, у ім збіраліся антысацыяльныя групоўкі, бяздомныя, унутры нават разводзілі вогнішчы. У выніку большая частка інтэр'ераў — печы, фрэскі, ляпніна, разьба, насценны жывапіс, чыгуннае ліццё і іншае — была страчана. Былі знішчаны міжпавярховыя перакрыцці, канструкцыі падлогі[2].

З 2006 г. будынкам валодаў «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд» - найстарэйшая прыватная страхавая фірма Беларусі. У 2011 г. распачата рэстаўрацыя. Да лістапада 2012 г. уласнік змог скончыць толькі рэстаўрацыю фасадаў. Неўзабаве арганізацыя змяніла назву на «МЕГА ПОЛІС», а ў 2014 г. страціла права на страхавую дзейнасць і пазней была ліквідаваная.

Аднаўленне будынка

[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 2019 г. будынак выкупіў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка[4]. Рэканструкцыяй з пачатку 2020 г. займалася яго фірма ТАА «Еўрапрэстыж».

Гістарычнае аблічча і ляпніну аднавілі толькі ў агульнадаступных холах першага паверха. У астатнім будынку інвестар палічыў аднаўленне гістарычных інтэр'ераў немагчымым і немэтазгодным, бо рэканструкцыя пад гасцініцу закладала перапланіроўку.

«Калі заходзілі на аб’ект, увесь дэкор быў ужо згублены, — тлумачыў галоўны інжынер праекта Павел Клімовіч. — Усё аднаўлялася па чарцяжах ад былога ўладальніка, гістарычных крыніц»[5].

19 красавіка 2021 г., пасля амаль 25 гадоў закінутасці і спробаў рэстаўрацыі, будынак быў афіцыйна здадзены ў эксплуатацыю[5]. Па стане на 2024 г. у будынку працуе гатэль «Сямашка» і рэстаран «Мураўеў».

Сям'я Мураўёвых

[правіць | правіць зыходнік]

Домам і пляцам, на якім ён размяшчаўся, на канец XIX ст. валодалі купцы Мураўёвы (у 1886 г. — купец Іван Іванавіч Мураўёў, 1910 г. — купец Васіль Іванавіч і купец, калежскі асэсар Мікалай Іванавіч Мураўёвы). Купецкі род Мураўёвых быў звязаны з Брэстам-Літоўскім і яго прадстаўнікі займалі ў тагачасным Гродне важныя пасады, напрыклад уваходзілі ў праўленне Гродзенскага сафійскага праваслаўнага брацтва.

Паводле апісання 1886 г., нерухомая маёмасць Івана Мураўёва ацэньвалася ў 1400 руб. і складалася з мураванага трохпавярховага дома, унізе якога быў свіран, наверсе — жылое памяшканне і крама. У 1910 г. нерухомасць братоў Мураўёвых складалі мураваны трохпавярховы дом, тры флігелі (адзін трохпавярховы і два двухпавярховыя), якія каштавалі 24 000 руб. і прыносілі даход 3300 руб. У доме Мураўёвых мясціліся Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і магазін змешаных мануфактурных тавараў (пад фірмай «Франк Ш. А., удава і сын»). Самі ж браты Мураўёвы ў суседнім доме Левінсона і Тарлоўскай здымалі памяшканні для магазіна («Ренсковый погреб» з продажам бакалеі і каланіяльных тавараў), тры склады і два хлявы.

Паводле звестак 1923 года дом працягваў належаць Мікалаю Мураўёву, які толькі тады вярнуўся з Расіі з бежанства.

Трохпавярховы неатынкаваны Г-падобны ў плане будынак. Цэнтральную частку сіметрычнага галоўнага фасада займае вялікі балкон з літой чыгуннай агароджай. На трэцім паверсе крайнія арачныя праёмы з невялікімі балконамі. Плоскасць фасада крапаваная пілястрамі з чыгуннымі вензелямі ў завяршэнні, да ўзроўню другога паверху руставаная. У абрысах акон, франтонаў, афармленні бакавых частак галоўнага фасада прасочваюцца рысы стылю мадэрн. Паўкалонкі ў нішах, ліштвы аконных праёмаў, арнамент карнізаў вырашаныя ў псеўдарускім стылі.

Дом купца Мураўёва ў Гродне, 1952 г. На адной з вежаў бачны гербавы шчыт, на даху агароджа - пазней страчаныя. На момант выканання фота ў будынку знаходзілася Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага

Частка вонкавага аздаблення страчана. Напрыклад, зніклі гербавыя шчыты на вежачках, якія бачныя на старых фотаздымках. Адзін з гербавых шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гг. Таксама страчаны разны карніз на даху будынка, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х гг[3].

У час рэстаўрацыі высветлілася, што вядомы гродзенцам чырвоны колер будынка гэта вынік фарбавання: дом фарбавалі ў чырвоны колер не менш за чатыры разы цягам 100 гадоў. Можна дапусціць, што ўласнікі хацелі надаць будынку больш традыцыйны для іх мясцін чырвоны колер, што было сімвалам заможнасці (мураваны будынак) і адпавядала традыцыйнаму чырвонаму колеру гліны ў большасці мясцовасцей Расійскай Імперыі. Аўтары праекта рэстаўрацыі прынялі рашэнне ачысціць цэглу ад фарбы, таму будынак змяніў колер.

На другім паверсе — вялікая зала, побач з якой знаходзіўся пакой для гульняў. Паверхам вышэй размяшчаліся жылыя пакоі, сталовая. У афармленні цэнтральнай залы шырока выкарыстаныя дэкаратыўная размалёўка і лепка. Залу асвятляюць пяць вялікіх прамавугольных акон, у двух кутах — печы з ляпнымі картушамі. Былы пакой для гульняў падзелены на две часткі праёмам, акаймаваным драўлянай разной ліштвай. На пачатак 1990-х захоўваліся ляпныя разеткі на столі, у кутах каміны, абкладзеныя карычневымі кафлянымі пліткамі, у памяшканнях трэцяга паверху — печы і ляпныя разеткі на столі. Інтэр'еры былі ў далейшым страчаныя і адноўленыя толькі фрагментарна на першым паверсе.

У двары з паўночнага боку да бакавога крыла будынка прымыкае двухпавярховы Г-падобны ў плане флігель. Галоўны (дваровы) фасад флігеля атынкаваны, падзелены міжпаверхавымі цягамі. На першым паверсе прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы. На другім — лучковыя вокны ў прафіляваных ліштвах падкрэслены падаконнай цягай і нішамі. Цэнтральная частка паўднёва-заходняга фасада флігеля вылучана мезанінам, завершаным двухсхільным шчытом з круглай люкарнай у абрамленні.

Зноскі

  1. nashaniva.by
  2. а б Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 304—307. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  3. а б Дом купца Мураўёва: рамонт даўжынёю ў 20 гадоў . Hrodna.life (27 студзеня 2024). Праверана 27 студзеня 2024.
  4. Перад рэканструкцыяй: як выглядае ўсярэдзіне дом купца Мураўёва . Hrodna.life (27 студзеня 2024). Праверана 27 студзеня 2024.
  5. а б "Здадзены ў эксплуатацыю". Як выглядае дом Мураўёва ўнутры пасля рэстаўрацыі? . Hrodna.life (22 красавіка 2021). Праверана 27 студзеня 2024.