Бобр (гарадскі пасёлак)
Гарадскі пасёлак
Бобр
| ||||||||||||||||||||||||||
Бобр на Вікісховішчы
|
Бобр[2] (трансліт.: Bobr) — гарадскі пасёлак у Крупскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Бобрскага сельсавета. Знаходзіцца за 10 км ад Крупак, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Бобр (лінія Мінск — Орша). Насельніцтва 948 чал. (2017)[3].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва паселішча пайшла ад назвы ракі Бобр, на якой яно стаіць. Нягледзячы на відавочную сувязь з бел. бабёр рачная назва Бобр можа быць і балцкага паходжання.
На гэта паказвае назва ракі Бабруя (> Бабруйка), што ўцякае ў Бярэзіну ніжэй за ўток Бабра. У ёй корань Babr- (< Bebr-) звязаны з літоўскім babras, bebras «бабёр» і пашыраны балцкім гідранімічным фармантам -j-. Гэты ж корань у літоўскіх гідронімах Babrūngas, Babrūnė, Babrinis, Babrūtė[4][5]. Далей да індаеўрапейскага кораня *bhe-bhros «бабёр»[6].
Такога ж бессуфіксальнага ўтварэння, што і назва Бобр, таксама нараўская Бебжа (< Bebrza < Bebra), верхнедняпроўская Бебря, літоўская Bebrė[7][8].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Бобр датуецца 1516 годам, калі князь Іван Друцкі-Красны адпісаў яго разам з Сакаловічамі і Недаходавым сваёй жонцы Марыне з князёў Заслаўскіх. У 1559 годзе мясцовасць згадваецца як уладанне Хадкевічаў. Захаваўся дакумент 1573 года на перадачу Бабра ў заставу швагру Яна Хадкевіча Станіславу Пацу, у якім паселішча значыцца як мястэчка Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У гэты час тут, паводле інвентару, быў 71 дом, дзейнічаў гасціны двор[9]. Чыншавыя сяляне маёнтка плацілі чынш памерам 50—60 грошаў, па адной бочцы жыта і аўса, па паўтара пуда мёду, «кликуновщину» (1 грош), «вепровщину» (4 грошы), «бирчее» (5—6 грошаў), «поповщину» (1 грош) и па адным кольцы ильну, а таксама павінны былі рамантаваць двор, масты, гаці і млыны[10].
Як сведчыць інвентар, станам на 1614 год у Бабры было 180 аселых мяшчанскіх двароў (пляцаў) на абодвух берагах рэчкі. Апрача таго, мяшчанам належала 90 надзелаў ворыўнай зямлі, вымеранай у валоках і моргах, і 16 г.зв. «гуменных» пляцаў па�� гаспадарчымі пабудовамі. Сярод уладальнікаў валокаў і гуменных пляцаў сустракаюцца прозвішчы яшчэ прыкладна 44 мяшчан, не пазначаных у ліку ўладальнікаў мяшчанскіх пляцаў. У Бабры існавала царква, святару якой айцу Фёдару належалі пляц і валока, вольныя ад усіх падаткаў. Згадваюцца таксама карчма на рыначнай плошчы, вадзяны млын з дзвюма коламі і мост, якія здаваліся ў арэнду. У 1699 годзе маёнткам валодаў Бенедыкт Павел Сапега, які ў 1700 годзе прадаў яго Яну Казіміру Лендорфу.
У 1733 годзе Бобр перайшоў у валоданне Агінскіх. Станам на 1743 год у мястэчку было 60 дымоў. У 1760 годзе тут збудавалі мураваны Марыінскі касцёл; мястэчка налічвала каля 100 двароў і было найбуйнейшым з усіх паселішчаў сучаснай Крупшчыны.
1 снежня 1762 года (паводле іншых звестак у 1735 годзе[11]) кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Бабру магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі дзве збройныя постаці святых Глеба і Барыса ў каронах»[12].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бобр апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1828 годзе ў мястэчку пачала працаваць цагельня. У 1842 годзе тут збудавалі царкву. Станам на 1885 год існавалі 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца на 12 месцаў, народнае вучылішча, праваслаўная і 3 яўрэйскія і школы, 2 млыны, 22 крамы; праводзіліся 3 рэгулярныя кірмашы. У 1904 годзе працавалі 2 цагельні. На 1907 год — 445 будынкаў. У Першую сусветную вайну ў 1918 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Бобр увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Бобр вярнулі БССР. 27 верасня 1938 года статус паселішча панізілі да вёскі, аднак ужо 17 лютага 1941 года яно атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадскога тыпу. У Другую сусветную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года Бобр знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. З 31 сакавіка 1977 года да 18 лютага 2010 года цэнтр Бобрскага пасялковага савета.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1857 год — 1151 чал., у тым ліку 721 іўдзей[13]; 1863 год — 1113 чал.[14]
- XX стагоддзе: 1907 год — 2340 чал.; 1969 год — 3 тыс. чал.[15]; 1992 год — 1522 чал.[16]
- XXI стагоддзе: 2005 год — 1,2 тыс.; 2006 год — 1,2 тыс.; 2008 год — 1,1 тыс.; 2009 год — 1118[17] чал. (перапіс); 2016 год — 957 чал.[18]; 2017 год — 948 чал.[3]
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Прадпрыемствы лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Знаходзіцца за 120 км на паўночны ўсход ад Мінска, на аўтамабільнай дарозе Р19. За 4 км на поўдзень ад мястэчка праходзіць шаша М1 (E30)
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У ��абры працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, 2 бібліятэкі, кінатэатр.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Могілкі яўрэйскія
- Сядзіба (XIX ст.)
- Свята-Мікалаеўская царква (пабудаваная ў 1992-1995 гг.)[19]
Страчаная спадчына:
- Мікалаеўская Царква (1842—1928)[20]
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (пач. XX ст.)
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Дзмітрыевіч Конанаў (1906—1972) — падпалкоўнік Савецкай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза.
- Іван Андрэевіч Кіслякоў — беларускі вучоны-аграрнік.
- Алесь Пушкін (1965–2023) — беларускі мастак.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бабёр
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 177.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 55.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 136.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176, 177.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 60.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 336.
- ↑ Акты, издаваемые Виленской комиссией для разбора древних актов / [личный состав Виленской комиссии для разбора древних актов: Ф. Н. Добрянский (председатель) и др.]. Т. 14: Инвентари имений XVI столетия. — Вильна: в тип. губерн. правл., 1887. — XXIV, 702 с. — № 11.
- ↑ Памяць. Крупскі раён 1999.
- ↑ Геральдыка беларускіх местаў 1998.
- ↑ Bobr // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. S. 258.
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ ЭГБ 1994, с. 50.
- ↑ ЭГБ 1994, с. 49.
- ↑ Перепись населения — 2009. Минская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Свято-Николаевская церковь г. п. Бобр
- ↑ Царква і праваслаўны прыход Свяціцеля Мікалая
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Крупскага р-на / Склад. і навук. рэд. Дз. М. Хромчанка; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.), Дз. Дз. Карань і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — 640 c.: іл. — ISBN 985-11-0143-5.
- Бобр // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 119. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- В. Насевіч, Т. Чуракова. Бобр // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 49—50. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Насевіч В. Бобр // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 336. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Бобр // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Bobr // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna (польск.). — Warszawa, 1880. — S. 258.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бобр
- г. п. Бобр на Radzima.org
- г. п. Бобр на сайце Глобус Беларусі
- Бобр. Падарожжы Свабоды // Радыё Свабода, 24.11.2005