Тармазное выпрамяненне
Тармазно́е выпрамяне́нне[1] — электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўзнікае пры рассеянні (тармажэнні) зараджаных часціц у электрычным полі.
Інтэнсіўнасць тармазнога выпрамянення паводле класічнай электрадынамікі прапарцыянальная квадрату паскарэння часціцы, якое адваротна прапарцыянальнае яе масе. Таму інтэнсіўнасць тармазнога выпрамянення электронаў у мільёны разоў большая за інтэнсіўнасць тармазнога выпрамянення пратонаў.
Спектр тармазнога выпрамянення неперарыўны і абрываецца пры найбольшай магчымай энергіі, роўнай пачатковай энергіі электрона.
Тармазное рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, вылучаныя хуткімі электронамі пры іх рассеянні ў электрычным полі атамных ядраў і электронаў у рэчыве, выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, медыцыне, у даследаваннях па біялогіі, хіміі і фізіцы.
Часам да тармазнога выпрамянення адносяць магнітатармазное выпрамяненне рэлятывісцкіх зараджаных часціц, якія рухаюцца ў макраскапічных магнітных палях паскаральнікаў (гл. сінхратроннае выпрамяненне).
Зноскі
Літаратура
- Богуш А. А. Тармазно́е выпрамяне́нне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 441. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Спасылкі
- Тормозное излучение // Физическая энциклопедия.
- Тормозное излучение // Частицы и атомные ядра. Основные понятия.