Аўтамабіль Янкі Купалы
Аўтамабіль Янкі Купалы — Chevrolet Master Deluxe GA, выпушчаны ў 1937 годзе, які з 1939 да 1942 года належаў паэту. У 2009—2010 гадах аўтамабіль быў адрэстаўраваны і ў красавіку 2010 года на працягу трох дзён выстаўляўся ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску, пасля чаго быў перавезены ў філіял музея ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер. На бягучы момант кошт аўтамабіля перавышае 100 тысячаў еўра.[1]
Янка Купала вельмі любіў свой аўтамабіль і нават прыходзіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў з кнігамі па аўтамабільнай справе, але з-за невядомых прычын сам ніколі так і не сеў за руль.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe быў падараваны Янку Купалу ва ўласнае карыстанне ў 1939 годзе асабіста першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам.[1] Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падаравала Янку Купалу іншы аўтамабіль — ГАЗ-М-1 савецкай вытворчасці, які ў 1939 годзе і быў заменены на лімузін Chevrolet.
У чэрвені 1941 года Янка Купала на Chevrolet з жонкай выехаў у эвакуацыю з Менску, куды ўжо не вярнуўся. Спачатку яны скіраваліся на аўтамабілі ў Маскву, пазней — у Казань, Чэбаксары і Пячышчы ў Татарстане.[2]
Пасля смерці Янкі Купалы ў 1942 годзе аўтамабіль стаў уласнасцю ўдавы паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч.[3] Пры дапамозе яе намаганняў пасля сканчэння Вялікай Айчыннай вайны аўтамабіль быў вернуты спачатку ў Маскву, а затым і ў Мінск, і ў 1950 годзе ў якасці прыватнага інвентара Янкі Купалы трапіў у фонд музея Янкі Купалы. Да 1955 года Chevrolet быў на хаду, а ў 1957 годзе аўтамабіль быў закансерваваны і з таго часу з’яўляецца музейным экспанатам.[1][3]
Да 1982 года аўтамабіль выстаўляўся ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы Маладзечанскага раёна, пасля чаго сваім ходам[4] быў перавезены ў філіял музея Янкі Купалы ў Ляўках,[5] дзе выстаўляўся да 2009 года.
У лістападзе 2009 года міністр культуры Беларусі Павел Латушка даручыў адрэстаўраваць аўтамабіль. Chevrolet быў перавезены ў Мінск, дзе быў адрэстаўраваны з дапамогай кампаніі «Мінск-Лада», афіцыйнага прадстаўніка Chevrolet у Беларусі. Першапачаткова прадстаўнік Chevrolet прапанаваў цалкам аднавіць аўтамабіль да стану, каб ён мог ездзіць, але супрацоўнікі музея не пагадзіліся з гэтай прапановай, бо ў такім выпадку аўтамабіль перастаў бы быць арыгінальным музейным экспанатам, таму Chevrolet зведаў толькі касметычны рамонт.[1]
Адноўлены аўтамабіль дэманстраваўся ў Мінску з 16 па 18 красавіка 2010 года каля будынку Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы,[1] пасля чаго быў перавезены назад у філіял музея ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер.
Апісанне аўтамабіля
[правіць | правіць зыходнік]Аўтамабіль Chevrolet Master Deluxe GA выпускаўся амерыканскай кампаніяй Chevrolet толькі на працягу 1937 года і з’яўляецца дастаткова рэдкім варыянтам мадэлі Chevrolet GA. Выпускаліся некалькі варыянтаў гэтай машыны: двухмясцовае купэ, спартыўнае купэ на чатыры месцы, двухдзверны седан на пяць месцаў, чатырохдзверны седан на чатыры месцы. Апошніх был�� выпушчана 2221 адзінка. Агулам на працягу 1937 года былі выпушчаныя 519 024 адзінкі мадэлі Chevrolet GA.[3]
Chevrolet GA Янкі Купалы быў зроблены ў Варшаве фірмай Lilpop, Rau & Loevenstein, якая выпускала аутамабілі паводле ліцэнзыі амерыканскай фірмы ў 1937—1939[крыніца?].
Магутнасць рухавіка Chevrolet Master Deluxe GA складала 85 конскіх сілаў, максімальная хуткасць — 110 км/г, вага — 1270 кг, аб’ём рухавіка — 3,5 літры, расход паліва — 14 літраў бензіна на 100 км.[3][6]
Цяпер аўтамабіль мае рэгістрацыйны аўтамабільны нумар СССР узору 1946 года БН 57-20.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Міністр Латушка заказаў «Шэўрале» за 100 тысяч еўра // Наша Ніва, 16 красавіка 2010 г.
- ↑ Ляўкі й «Шэўрале» Купалы // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 09.03.2009
- ↑ а б в г Прэзентацыя ўласнага аўтамабіля «Шэўрале» Янкі Купалы(недаступная спасылка) // Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, 16 красавіка 2010 г.
- ↑ «Шэўрале» Янкі Купалы можа пераехаць зь Ляўкоў у Менск // Радыё Свабода, 22 жніўня 2005 г.
- ↑ «Шэўрале» Янкі Купалы дагэтуль «на хаду» // Радыё Свабода, 22 ліпеня 2005 г.
- ↑ 1937 Chevrolet Master Deluxe Series GA Specifications
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аўтамабіль Янкі Купалы
- Прэзентацыя адноўленага Chevrolet GA Master DeLuxe у Мінску // Наша Ніва
- Прэзентацыя ўласнага аўтамабіля «Шэўрале» Янкі Купалы(недаступная спасылка), 2010 г.