Мсціж
Аграгарадок
Мсціж
| ||||||||||||||||||||||
Мсціж[2] (трансліт.: Msciž, руск.: Мстиж) — аграгарадок у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці, каля возера з якога бярэ пачатак рака Мрай. Адміністрацыйны цэнтр Мсціжскага сельсавета. Знаходзіцца на аўтамабільнай дарозе Р3.
Гісторыя
Старажытнасць
Землі ў наваколлі Мсціжа былі заселены людзьмі з даўніх часоў. Менавіта ў гэтых мясцінах знаходзіцца адно з найбольш адметных месцаў, звязаных з паганскімі часамі, — так званыя Турыя Горы. У самой іх назве да нашага часу дайшло імя бога ўрадлівасці і сонечнага культу — Тура. Тамсама знаходзяцца вядомыя камяні-быкі і князь-камень, з якімі звязаны паданні. Князь-камень акрамя таго змяшчае знакі, сэнс якіх ужо даўно згублены. Яны вядомыя яшчэ з канца XIX стагоддзя. З тых самых часоў ва ўрочышчы Турыя Горы вядомыя і рэшткі старажытнага ўмацаванага пасялення — гарадзішча, узрост якога блізу дзвюх тысяч гадоў. Даследаванні яго не праводзіліся. Тамсама ёсць каля 70-і старажытных пахаванняў — курганоў. Утвораны яны пад канец I — у пачатку II стагоддзяў нашай эры.
Сведчаннем развітасці мясцін у наваколлі Мсціжа на пачатку нашай эры з’яўляюцца і манеты, якія былі знойдзены тут у першай палове XX стагоддзя. Так у сярэдзіне 30-х гадоў у Мсціжы знайшлі бронзавую старажытнарымскую манету II стагоддзя н. э. Пазней каля вёскі Каменка, што недалёка ад Мсціжа, знайшлі скарб, які налічваў каля 1000 сярэбраных рымскіх манет і рэчаў. Знаходзілі скарбы і больш позніх манет у наваколлях Мсціжа.
Сярэднявечча
У XIV стагоддзі тут знаходзілася царква, якая атрымала вядомасць дзякуючы так званаму «Мсціжскаму Евангеллю». Яго падараваў менскі бурмістр Васіль Лах (дарэчы, гэта найстарэшы пісьмовы ўспамін пра Мсціж). Евангелле вызначаецца высокай мастацкай адметнасцю сваіх мініяцюр і з’яўляецца адным з найбольш старых і каштоўных падобных помнікаў беларускага мастацтва, што захаваліся да нашага часу.
Больш шматлікія дакументальныя пісьмовыя крыніцы пра Мсціж сустракаюцца толькі з XVI стагоддзя. У той час тут ужо быў немалы маёнтак. У пачатку XVI стагоддзя ім валодалі Радзівілы. У 1536 годзе Мсціж згадваецца ў сувязі з падзелам Літоўскіх маёнткаў паміж ваяводам віленскім і яго сынамі. У першай палове таго ж стагоддзя паселішча набыў Васіль Тышкевіч.
XVIII стагоддзе
Да XVIII стагоддзя Мсціж падзяляўся паміж дзвюма маёнткамі. Іх гаспадары не раз мяняліся. Пэўны час тут уладарылі езуіты. У 1709 годзе адзін з маёнткаў набыў у Падбярэскіх Брунаноў Слізень. Другой часткай у сярэдзіне XVIII стагоддзя валодаў падканцлер Яўхім Храптовіч. У 1760 годзе ён заснаваў і распачаў будову касцёла. Я. Храптовіч у 1776 годзе прадаў сваю частку Мсціжу маршалку барысаўскаму Мікалаю Слізню. Дзякуючы апошняму і яго сыну Юзафу маёнтак праз некалькі дзясяткаў гадоў не толькі дасягнуў свайго росквіту, але і праз навуковую і даследчую дзейнасць атрымаў вядомасць далёка за межамі края.
У 1786 годзе Мікалай Слізень збудаваў у Мсціжы Крыжаўзвіжанскую царкву, а ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў тут узвялі новыя будынкі маёнтку. Яго аснову складаў мураваны двухпавярховы палац. Ён быў трохвосевы, атынкаваны і пафарбаваны ў белы колер. Меў двухсхільны дах. На ўваходзе быў ганак з дзвюма калонамі і накрыты трохскатным дахам. Паміж ім і галоўнай уязной брамай быў велізарны падворак у некалькі гектараў. Брама складалася з двух вялікіх цагляных слупоў, якія зверху аб’ядноўваліся ў адно цэлае з дапамогай аркады. Па баках былі зроблены меншыя брамкі для людзей. Увесь двор абкружала досыць высокая агароджа, зробленая з камянёў, што былі счэплены растворам. Зверху мураванай агароджы былі металічныя рашоткі. Акрамя галоўнай уязной брамы, у маёнтку было яшчэ чатыры. Дзве з іх былі трошкі меншага памеру, знаходзіліся з супрацьлеглага боку палаца і вялі да парка. Трэцяя брама знаходзілася злева ад палаца і вяла да гаспадарчых пабудоў. Насупраць яе мусіла знаходзіцца пятая брама. Усе яны і агароджа таксама была атынкаванымі і пафарбаванымі ў белы колер. Па баках ля галоўнай уязной брамы знаходзіліся два мураваныя флігелі. На рэчцы ў тыя часы ўжо быў млын і сажалка.
У першай палове XIX стагоддзя, калі маёнткам кіраваў маршалак барысаўскі Юзаф Слізень, Мсціж зрабіўся сапраўдным культурным цэнтрам наваколля. Тут утварылася бібліятэка, якая ўтрымлівала каля 7000 тамоў і ўвесь час папаўнялася. У ёй былі не толькі сучасныя на той момант кнігі, але і выданні XVI—XVIII стагоддзяў. Прычым яе кнігі не ляжалі на паліцах мёртвым грузам. Ёй свабодна карысталіся суседзі Слізня. Яна ж зрабіла вялікі ўплыў на цягу да ведаў у рэгіёне і іх практычнае застасаванне. Былі ў Мсціжы цікавыя калекцыі манет, медалёў розных часоў і народаў. Медалёў і манет было каля 2000 адзінак. Не меншым быў збор ракавін і мінералаў. Было нямала і розных твораў мастацтва. У маёнтку быў вельмі багаты збор раслін. Як тутэйшых, так і экзат��чных. Агулам каля 3,5 тысяч відаў. Для экзатычных раслін былі збудаваны вялікія цяпліцы і аранжарэі, якія абаграваліся. Ля вялікага і добраўпарадкаванага парка размяшчаўся звярынец для птушак і звяроў, якіх таксама была не малая колькасць. Тут сярод іншых жылі рознакаляровыя папугаі, вялікае мноства канарэек, кольчатыя горліцы, паўліны, лебедзі, буслы і журавы, незлічоная стая галубоў. Жылі тут і розныя чарапахі. У звярынцы былі звераняты аленяў, Юзаф Слізень.
Вялікія беды Мсціжу нанесла вайна 1812 года. Тады ж згарэла царква, адноўленая ў 1816 годзе. Станам на 1847 год да Мсціжскага маёнтку належала 1314 прыгонных сялян.
XIX — пачатак XX стагоддзяў
Са смерцю Юзафа Слізня Мсціж паступова пераўтварыўся з неардынарнага асяродку культуры ў звычайны цэнтр буйнога землеўладання. За выняткам асобных твораў мастацтва, ён паступова пазбавіўся ўсяго астатняга: бібліятэкі, навуковых збораў, аранжарэі, цяпліцы і звярынца.
Пасля Юзафа Слізня маёнтак перайшоў у валоданне маршалка бабруйскага Ігнація Булгака, які пачаргова з’яўляўся мужам дачок Слізня Ізабелы і Тэрэзы. 28 студзеня 1858 года маёнтак атрымала паводле падзельнага акту дачка Ізабелы Соф’я. Аднак яна ў Мсціжы не жыла, а гаспадаркай кіраваў арандатар. Станам на 1876 год маёнтак Мсціж меў 11240 дзесяцін зямлі. Яму належылі тры вадзяных млыны, якія давалі даход па 500 рублёў штогод, і тры карчмы, якія ў год прыносілі 650 рублёў прыбытку. Соф’я была замужам за Генрыкам Валовічам. Пасля смерці яна падзяліла Мсціжскае землеўладанне паміж сваімі дзяцьмі — сынамі Уладзіславам, Юзафам, Міхалам і дочкамі Марыяй і Леанціяй. Беспасярэдне сядзібу атрымаў Міхал. Ён жыў у Мінску, а ў Мсціж прыязджаў з родзічамі толькі на лета. Міхал Валовіч заставаўся гаспадаром маёнтку да нацыяналізацыі зямлі і памёр у 1919 годзе. Апошнім арандатарам у Мсціжы быў Браніслаў Славінскі.
У 1869 годзе ў Мсціжы адкрылася народнае вучылішча. У 1880 годзе тутэйшы касцёл перарабілі на капліцу, якая існавала да першых гадоў усталявання савецкай улады. Будынак царквы праіснаваў да другой сусветнай вайны. Станам на 1890 год у Мсціжы было 11 сялянскіх гаспадарак. Мястэка з’яўляўся цэнтрам воласці, тут размяшчалася валасная ўправа. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 24 двары і 139 жыхароў, у 1908 годзе — 14 двароў і 166 жыхароў.
Каля 1890 года ў маёнтку адбыўся моцны пажар, у выніку чаго двухпавярховы палац згарэў дашчэнту. Яго рэшткі былі разабраны да падмурку. На змену яму быў збудаваны новы аднапавярховы сядзібны дом з ганкам і калонамі. Сваім выглядам ён нагадваў большасць тагачасных сядзібных дамоў. Узведзены ён быў на месцы былой пятай брамы старога маёнтка, што, верагодна, і з’яўлялася прычынай яе разборкі яшчэ ў XIX стагоддзі. У пажары старога будынка, магчыма, загінулі рэшткі старых рэчаў са збораў Слізня. Тыя нешматлікія творы мастацтва, што нейкім чынам удалося выратаваць, Міхал Валовіч перавёз да месца свайго сталага жыхарства — у Мінск.
У 1911 годзе выйшла пастанова пра брукаванне на працягу 22 вёрст шляху з Мсціжу на Барысаў. Паляпшэнне шляху да вёскі, безумоўна, станоўча паўплывала на яе. У тым жа годзе ў народнай вучылішча за кошт земства адкрыўся другі камплект. Аднак ён існаваў не доўга. Ужо ў 1917 годзе вучэльня зноў узгадваецца як аднакамплектная.
Да Першай сусветнай вайны ад старога маёнтку ў Мсціжы ў першапачатковым выглядзе захоўваўся толькі парк. У канцы сярэдняй ліпавай алеі знаходзілася сажалка, да якой вёў зграбны перакінуты праз канал мосцік. Да таго часу захоўваліся і два мураваныя флігелі, чатыры брамы і мураваная агароджа. На рацэ, як і ў старыя часы, стаяў млын, які працаваў да Другой сусветнай вайны. Да сённяшняга часу ад былога старога маёнтку Слізняў захавалася галоўная ўязная брама, нязначныя рэшткі мураванай агароджы, падмуркі і склепы былых флігеляў. Прычым рэшткі аднаго з іх цяпер цалкам засыпаны зямлёй. Тры брамы і мураваная агароджа былі разабраны калгасам на будаўнічыя матэрыялы ў 30-х гадах савецкай улады. Захаваўся адзін з гаспадарчых будынкаў — былы бровар, які зроблены з часаных камянёў, і падмуркі іншых. Добра прасочваецца старая сажалка. Ад старога парка, які быў амаль цалкам знішчаны ў Першую сусветную вайну, зберагліся старыя ліпы. Дарэчы, іх яшчэ на пачатку XX стагоддзя называлі не інакш як старымі.
Насельніцтва
- 2010 год — 277 жыхароў
- 2008 год — 315 жыхароў, 116 двароў[1]
- 1999 год — 339 жыхароў
Турыстычная інфармацыя
Славутасці
- Сядзібна-паркавы комплекс Слізняў (XVIII ст.)
Страчаная спадчына
- Касцёл (1760)
- Палац Слізняў (XIX ст.)
Вядомыя асобы
- Аляксандр Ганус — мсціжскі валасны пісар. У 1889 зрабіў для фальклорнага збору Паўла Шэйна запісы шматлікіх казак і песень ад мясцовых сялянаў.
- Браніслаў Фірага — доктар тэхнічных навук, прафесар, які працуе цяпер у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
Зноскі
- ↑ а б Мсціж. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004—2021. C. 137
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
Літаратура
- Міхась Мацельскі, Мсціж — вёска, культурным здабыткам якой могуць пазайздросціць гарады(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» № 10 (67), 2004.
- Міхась Мацельскі. Барысаўшчына, якую мы страцілі: горад Мсціж(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» № 9 (126), 2009.
- Mściż // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 778.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мсціж