Перайсьці да зьместу

Split Before, Together Now

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Split Before, Together Now
Вокладка альбому Split Before, Together Now. Hair Peace Salon, Jitters. 2007
Складанка Hair Peace Salon, Jitters
Выдадзены 25 кастрычніка 2007 году
Запісаны 2006—2007
Жанр брыт-поп, брыт-рок
Працягласьць 39:08
Выдавец West Records
Прадусар Hair Peace Salon, Jitters
Храналёгія Hair Peace Salon, Jitters
Split Before, Together Now
(2007)
Gentleman
(2012)

Split Before, Together Nowанг. — «паасобку раней, зараз разам») — сумесны альбом беларускіх рок-гуртоў «Hair Peace Salon» і «Jitters», выдадзены з ініцыятывы лэйблу «West Records» 25 кастрычніка 2007 году. Дыск складаецца з двух самотнікаў: «Gipsy» («Hair Peace Salon») і «Pick Me Up» («Jitters»). Канцэптуальны спліт азнаменаваў распад «Jitters» і пераход яе франтмэна Канстанціна Кармана ў шэрагі стылістычна блізкага «Hair Peace Salon», што знайшло сваё адлюстраваньне ў назве й афармленьні CD. Жывая прэзэнтацыя зборніка прайшла 18 лістапада 2007 году ў Менску, а ў падтрымку альбому на вядучы сынгл «Hover» быў зьняты кліп. Музычная актыўнасьць вакол кружэлкі прынесла «Hair Peace Salon» намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007», а сам рэліз трапіў у паўсотню лепшых па продажах альбомаў на мясцовым рынку за год. Беларускамоўны кавэр на песьню з спліту «Gipsy» пасьля быў адабраны для кампіляцыі «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New».

Пад канец вясны 2006 году два гурты «Hair Peace Salon» і «Jitters» вырашылі абяднацца на адной кружэлцы[1]. Увосень 2006 году «Jitters» прадставілі самотнік «Pick Me Up», у той час як «Hair Peace Salon» рыхтаваў максі-сынгл на 5 песень, але, таму што паўнавартаснага альбому з такой колькасьці трэкаў не атрымаецца, сяброўскія гурты рашылі зрабіць спліт[1]. Паводле Артура Лучкова, бубнача «Hair Peace Salon», у яго ўжо было назапашана матэрыялу, якога б хапіла на сольны альбом, але калектыў яшчэ «не пасьпеў для альбому»[2]. Ужо напачатку вясны 2007 году ў размове з «БелГазетай» антрэпрэнэр Ян Бусел усклаў «вялікія надзеі» на будучы самотнік «Hair Peace Salon»[3].

Пасьля спроб «Hair Peace Salon» некалькі кварталаў пайграць разам з сэсійнымі клявішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас фэстывалю «Акустыка вясны» ў сакавіку 2007 году, у сувязі з паўгадовай замежнай камандзіроўкай Канстанціна Кармана пад канец 2007 году колькасьць афіцыйных удзельнікаў гурту павялічылася[4]. Канстанцін прыпыніў існаваньне свайго гурту «Jitters» і быў запрошаны граць у «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове[5]. Экс-лідэр «Jitters» быў вельмі задаволены тым, што цяпер грае сумесную музыку[6]. Прыкметна, што ён з бас-гітарыста й вакаліста стаў клявішнікам і вакалістам «Hair Peace Salon», таму што ў гурце ўжо быў свой бас-гітарыст, а ў знаёмага хлопцам па сумесных выступах артысту падчас камандзіроўкі ў Шатляндыю як раз быў куплены сынтэзатар «Roland JP-8000(en)», што й стала матэрыяльнай падставай адказаць станоўча на прапанову калег зьмяніць профіль[7][8].

Гурт «Jitters» у свой час запісаў і зьвёў свае песьні на гуказапісвальнай студыі ў Баранавічах на працягу ўсяго 2 месяцаў, а «Hair Peace Salon» вырашыў запісвацца сам, каб паэкспэрымэнтаваць, пашукаць сваё гучаньне, таму ўвесь працэс запісу заняў значна больш[9]. Канцэртны бум «Hair Peace Salon» 2007 году дазволіў адпрацаваць выкананьне новых песень, якія ўвойдуць на самотнік «Gipsy», а потым і на спліт[10][11]. Тая міні-кружэлка выйшла 28 кастрычніка 2007 году й распаўсюджвалася праз кантакты з музыкамі[12].

За гэты час «Jitters» пасьпеў прэзэнтаваць сваю кружэлку, даць справаздачу перад слухачамі й разьбегчыся па ўсім сьвеце, але ідэя спліту ня зьнікла й трансфармавалася ў канцэптуальны CD[13]. «Дыск уяўляе сабою невялікую гісторыю двух дружалюбных калектываў, якія раней былі самі па сабе, потым аб’ядналіся», — узгадваў пра сяброўства абодвух гуртоў для «XLAM.BY» Канстанцін Карман[13].

25 кастрычніка 2007 году для прасоўваньня новага супрацоўніцтва на лэйблу «West Records» быў выдадзены сумесны альбом-складанка пад назвай Split Before, Together Now[14]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», распавёў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што асноўнай думкай яго песень зьяўляецца духоўны пошук чалавеку, а на тое ж пытаньне, пра што іх частка дыску, франтмэн «Jitters» Канстанцін Карман агучыў, што яго трэкі ўвасабляюць незадаволенасьць тым, што маеш зараз[15].

З гэтага часу гурты афіцыйна сталі абяднаны[16]. «Мы вырашылі часова „замарозіць“ праект „Jitters“, — паведамляў айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «XLAM.BY» Канстанцін Карман напярэдадні прэзэнтацыі сумеснага альбому, — а паколькі з „Hair Peace Salon“ мы даўно знаёмыя й сябруем, то для аб’яднаньня не было ніякіх перашкодаў. Мы й раней „абменьваліся“ музыкамі. Цяпер у HPS будзе два галасы»[17].

Складанка была прэзэнтавана 18 лістапада 2007 году ў менскім клюбе «Гудвін» пры падтрымцы гуртоў «Open Space», «The Blackmail» і іншых артыстаў, і, як падкрэсьліла Алена «Aresha» Сабалеўская з музычнага парталу LiveSound.by, гэта быў прыгожы канцэрт, бязь лішніх людзей і музыкі «ня ў тэму»[18].

«Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад складанкі музычны партал LiveSound.by[19]. Сяргей Будкін, музычны крытык Будзьма Беларусамі!, з вышыні агляду альбому «Hair Peace Salon» «Gentleman» выказваў сум, што «выдатныя творы» «Hover», «Gipsy» не знайшлі свае месца на той кружэлцы[20].

«Беларусы адчайна дзяруць гітары й горла: атрымліваецца брыт-рок з галавакружнымі перапляценьнямі гармоніяў а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпэджыё а-ля „Muse“ і нэўратычна-пачуцьцёвымі інтанацыямі а-ля „Travis“», — пісала пра частку дыску «Hair Peace Salon» журналіст Таццяна Заміроўская з штотыднёвіку «БелГазета», разгортваючы думку, што мэлёдыі гурту неверагодным чынам нагадваюць альбом «Radiohead» 2007 году «In Rainbows», які выйшаў пасьля таго, як матэрыял дадзенага дыску быў запісаны[21]. Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падзяліла думку пра музычны лад калегі, у сваёй рэцэнзіі адбіў надрыўны вакал, дэпрэсіўна сьветлыя мэлёдыі й разумныя мінорныя эмоцыі[1].

Музыку «Jitters» у рэцэнзіі альбому Split Before, Together Now Тацяна Заміроўская з «БелГазеты» апісала словамі: «назойлівая, аўтэнтычная й па-блюзаваму шалапутная — у ёй прысутнічае неўтаймаваная танцавальнасьць, як у „Gomez“ і „Happy Mondays“, і начыста адсутнічаюць пафасныя рэфлексіі»[21]. Гарэзнасьць і танцавальнасьць гітарнага року «Jitters» ацаніла й Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», на старонках якой яна параўнала музыку абодвух гуртоў з творчасьцю «Travis», «Radiohead», «Muse», «Blur» ды «Coldplay»[1].

Першапачатковая ідэя вокладкі, якая адлюстроўвае канцэпцыю дыску (чорны й белы чаравікі, зьвязаныя разам), прыйшла да Канстанціна Кармана й Яўгена Вяля, першага бубнача «Jitters», узгадваў для «XLAM.BY» Алег Вяль[13]. Музыкі казалі Алене Скарабагатавай, журналісту Tuzin.fm, што ў іх было шмат задумак вокладкі, але розныя боты, забарсаныя разам — найбольш цікавае рашэньне: «мы як тыя боты — розныя, але зьвязаныя паміж сабою шнуркамі».[15] Удзельнікі доўга шукалі абутак, які б падышоў для здымкаў, заглядаліся на боты менчукоў, а потым зайшлі ў аддзел дзіцячага абутку й зразумелі: гэта тое, што трэба[22]. Аказалася, што ў крамах нельга фатаграфаваць, і таму ім з Слэпам давялося арандаваць дзіцячыя чаравікі ў сэканд-хэндзе на Ждановічах[13]. Як ацаніла выбар вокладкі Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», гуртам падышоў гэты малюнак, бо яны захавалі ў сабе гумарную беспасярэднасьць і душэўную дабрыню[1]. «У выніку атрымалася такая вось мілая вокладка, якая вельмі ўсім даспадобы», — падвёў вынік Задзіночаньню беларускіх студэнтаў Алег Вяль[23].

Узнагароды й намінацыі. Камэрцыйны посьпех

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая песьня складанкі «Hover» стала пераможным гімнам «Hair Peace Salon», які дазволіў як пасьпяхова прайсьці адборачныя этапы, так і ўзяць першы прыз (запіс на прафэсійнай музычнай студыі) конкурсу «ИдиНаРок» у 2007 годзе[24][25]. З праграмай, з большага складзенай зь песень з спліту, музыкі небеспасьпяхова ўдзельнічалі й у іншых музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты)[10][15], «Рок-спарынг» (уладальнікі прызу на запіс на студыі)[11], «Залатая акустыка» (пераможцы)[26][27]. «Нам вельмі прыемна, што слухачы абралі менавіта нас пераможцамі гэтага конкурсу, — успамінаў пэрыпэтыі спаборніцтва для Tuzin.fm лідэр «Hair Peace Salon» Алег Вяль і разгортваў думку далей: — „Акустыка“ мела посьпех у гледачоў. Але мы ня цешымся на гэты конт. Перамагаць, вядома, прыемна, але асабіста я гатовы да ўсяго»[28].

Дзякуючы плыце й канцэртна-спаборніцкай дзейнасьці на базе песень зь яе гурт «Hair Peace Salon» атрымаў намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у лютым 2008 году[29][30]. Паводле ацэнкі Хартыі’97, дыск трапіў у топ-50 кружэлак па продажы за свой год[31]. У цэлым аўдыёматэрыял увайшоў у ратацыю радыёстанцыяў, узмацніў прысутнасьць рокераў у інфармацыйнай прасторы[32][33]. Сяргей Ясючэня, дырэктар «West Records», аргумэнтуючы пашырэньне каталёгу кампаніі выпушчаным дыскам напрыканцы 2007 году, адзначыў, што яго лэйбл стараецца «адсочваць музычныя тэндэнцыі»[34].

Сьпіс кампазыцыяў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
НазваСловыМузыкаВыканаўца Працягласьць
1. «Hover»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 3:55
2. «Through The Dark»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:30
3. «Gipsy»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:45
4. «Enemy»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:45
5. «At Your Side»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 2:29
6. «Pick-Me-Up»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:47
7. «Staggering»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 4:23
8. «Sapphire»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 4:13
9. «Dint»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:06
10. «Pixies»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:15

Hair Peace Salon:

  • Алег Вяль — вядучы вакал, гітары.
  • Канстанцін Карман — бэк-вакал, сынтэзатар.
  • Максім «Gandibober» Дзэвічэнскі — бас.
  • Артур Лучкоў — бубны.

Jitters:

  • Канстанцін Карман — вядучы вакал, бас.
  • Іван Барзенка — гітары, бэк-вакал, клявішыя.
  • Сяргей Кандраценка — гітары.
  • Павал Кудрын — бубны.

Запрошаныя музыкі:

  • Іван Барзенка — клявішыя (1, 2).
  • Вольга Малько — клявішыя (3, 5).
  • Андрэй Козік — клявішыя (4).

Вытворчасьць:

  • Валянцін Барысевіч, студыя «HWNL» — зьвядзеньне, мастэрынг (1, 2, 3, 4, 5).
  • Вячаслаў Банкевіч — запіс і зьвядзеньне (6, 7, 8, 9, 10).
  • Slap — дызайн вокладкі.

Увосень 2007 году, падчас здымак перадачы «Музыкальный плей-офф», да ўдзельнікаў «Hair Peace Salon» ад уражанага выступам гурту рэжысэру Анатоля Вечара паступіла прапанова творчага супрацоўніцтва[35]. Ужо ў пачатку 2008 году франтмэн гурту Алег Вяль паведаміў Tuzin.fm пра пляны зьняць кліп: «Цяпер мы ўпэўніліся, што нам тое неабходна. У лютым пачнем працу й возьмем для відэаўвасабленьня абавязкова нешта з новага»[11]. Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сынглу «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурта цяпер разам з Канстанцінам Карманам, было зьнята ў лютым 2008 году, і гатовы ролік неўзабаве быў паказаны па тэлебачаньні ў праграме каналу ЛАД «Pro движение+»[35]. X у аглядзе кліпу, які нагадаў фільм «Сайлент Хіл», для «LiveSound.by» адзначыў цікавую рэжысэрска-апэратарскую працу, разам з тым указаў і на недахопы ў акторскай гульні[36].

Для складанкі Будзьма беларусамі! і Эўрапейскага радыё для Беларусі «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» гурт «Hair Peace Salon» у 2009 годзе перасьпяваў трэк «Gipsy», які прысьвячаўся ўрсарам[37], на беларускай мове як «Цянькі»[38]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», у свой час распавядаў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што ангельскае слова «Gipsy» перакладаецца як «цыганы» і сьпеў у духоўным сэнсе таксама апісвае стан бадзяньня па жыцьці[15].

Аўтарам мастацкага перакладу лірыкі выступіў Віталь Воранаў, беларускі літаратар; «Гэтаму твору ўжо тры гады, і некаторыя фрагмэнты тэксту нас ужо не задавальняюць. Віталь пры перакладзе напісаў тэкст наноў», — зьвярталі ўвагу да сумеснай працы музыкі[39]. «Абеларушваньне небеларускамоўных тэкстаў беларускіх гуртоў — гэта выдатная школа дасканаленьня», — тлумачыў свой падыход да працы паэт і дадаваў, што вынікі беларусізацыі дазваляюць музыкам больш грацыёзна ўлівацца ў айчынны кантэкст[39].

У выніку экспэрт Tuzin.fm Ігар Назаранка адзначаў, што яму больш пасуе слухаць песьню па-беларуску[40]. Яму ж тураваў Сяргей Будкін, штатны экспэрт Experty.by, які ў 2012 годзе зь цеплынёй успомніў пра «досыць удалыя экспэрымэнты музыкаў зь беларускай мовай» на прыкладзе гэтай жа песьні[41]. «Віталь зрабіў вельмі ўдалую інтэрпрэтацыю арыгінальнага тэксту, — казаў Канстанцін Карман, вакаліст-клявішнік у сьпеве й дадаваў: — Зьявілася адчуваньне таго, што „зразумелы“ тэкст больш дасканала перадае сапраўдную атмасфэру песьні»[42]. Іншаму экспэрту Tuzin.fm Севярыну Квяткоўскаму[прыбраць шаблён] «Цянькі» нагадалі творы польскага рок-гурту «Czerwone Gitary» й Пола Макартні, апрацаваныя ў сучаснай брыт-поп стылістыцы[43].

Сьпеў «Цянькі» трапіў у гіт-парад Tuzin.fm, але спыніўся ў перадфінальнай частцы мэгатуру-2010[44].

  1. ^ а б в г д Е. Соболевская. (2007) Hair Peace Salon/Jitters Split Before, Together Now (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2008-05-12 г.
  2. ^ Елена Соболевская; Катя Петрова. (2006) В гостях Hair Peace Salon (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2019-04-09 г. Архіўная копія ад 2019-04-09 г.
  3. ^ Антон Кашликов. (2007-03-12) Ян Бусел: «Мы подвесили ее к потолку и пятки ей целовали» (рас.). БелГазетаПраверана 2019-06-18 г. Архіўная копія ад 2019-06-18 г.
  4. ^ Елена Соболевская. (2007-03-26) Акустические пробы Krok, Karavan и Hair Peace Salon (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-11-25 г. Архіўная копія ад 2018-11-26 г.
  5. ^ Слэп. (2007) С.-Пб_NIN_Справаздача-інтэрв’ю. Музыкальная газетаПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2007-12-05 г.
  6. ^ Беларускі брыт-рок. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2007-12-12). Праверана 2018-12-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-23 г.
  7. ^ p1xel. (2006-12-30) Костя, вокал и бас-гитара Jitters (рас.). XLAM.BYПраверана 2019-03-24 г. Архіўная копія ад 2007-01-01 г.
  8. ^ Онлайн-концерт: Hair Peace Salon. TUT.BY (3 December 2010). Праверана 2018-10-12 г. Архіўная копія ад 2018-11-23 г.
  9. ^ Юлия “Ju” Тыневицкая. (2008-10-20) Hair Peace Salon отвечают на вопросы в преддверии выхода сплита с группой Jitters (рас.). XLAM.BYПраверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-24 г.
  10. ^ а б Концертный бум Hair Peace Salon продолжается (рас.). Музыкальная газета (2007-12-28). Праверана 2020-02-20 г. Архіўная копія ад 2008-01-03 г.
  11. ^ а б в Алена Скарабагатава. (2008-01-10) Hair Peace Salon: наступ працягваецца Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-12-09 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  12. ^ «Гудвин», Минск — презентация EP Hair Peace Salon. Open SpaceПраверана 2016-04-10 г. Архіўная копія ад 2018-07-13 г.
  13. ^ а б в г Юлия “Ju” Тыневицкая. (2007-10-20) JITTERS, HAIR PEACE SALON, "Split Before, Together Now" и 'Gipsy' (рас.). XLAM.BYПраверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2017-04-29 г.
  14. ^ Split Before, Together Now (рас.). West Records (2007-10-28). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-04 г.
  15. ^ а б в г Алена Скарабагатава. (2007-10-29) "Split Before, Together Now" — першы сумесны рэліз беларускіх брыт-рокераў Hair Peace Salon і Jitters Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-10-26 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  16. ^ Группы Hair Peace Salon и Jitters объединились (рас.). Музыкальная газета (2007-10-30). Праверана 2020-02-20 г. Архіўная копія ад 2020-02-20 г.
  17. ^ Презентация сингла Hair Peace Salon и сплита с Jitters (рас.). XLAM.BY (2007-11-15). Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-28 г.
  18. ^ Елена “Aresha” Соболевская. HPS не гости, а хозяева (рас.). LiveSound.byПраверана 2018-11-27 г. Архіўная копія ад 2007-12-08 г.
  19. ^ Андрей “duckling” Черницкий. (2007-10-25) Белорусский брит-рок выходит на большую сцену (рас.). LiveSound.byПраверана 2019-04-12 г. Архіўная копія ад 2007-10-30 г.
  20. ^ Сяргей Будкін. (2012-05-02) Hair Peace Salon — Gentleman, інтэрнэт-рэліз, 2012. Будзьма беларусамі!Праверана 2019-03-22 г. Архіўная копія ад 2019-03-22 г.
  21. ^ а б Татьяна Замировская. (2007) Не надо «а-ля»!. Личный вкус. (рас.). БелГазетаПраверана 2018-10-27 г. Архіўная копія ад 2018-10-28 г.
  22. ^ Кася Сарокіна; Алена Скарабагатава. (2007-11-16) У Менску зноў будзе брыт-поп Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-03-17 г. Архіўная копія ад 2019-03-17 г.
  23. ^ 18 лістапада «Hair Peace Salon» і «Jitters» прэзэнтуюць сумесную праграму generation.by Праверана 2017-05-21 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  24. ^ Елена Соболевская. ИДИнаРОК. Первый этап (рас.). LiveSound.byПраверана 2018-11-21 г. Архіўная копія ад 2008-01-06 г.
  25. ^ Юлия «Ju» Тыневицкая. (2007-06-13) ИДИнаРОК. Финал. (рас.). XLAM.BYПраверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-24 г.
  26. ^ Новые победы Hair Peace Salon (рас.). West Records (2008-01-29). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-06 г.
  27. ^ Виктория Попова. (2008-01-29) Рокеры — народ суровый (рас.) Советская Белоруссия Праверана 2018-11-23 г. Архіўная копія ад 2018-11-23 г.
  28. ^ Алена Скарабагатава. (2008-02-04) Новыя перамогі Hair Peace Salon Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-06-05 г. Архіўная копія ад 2019-06-05 г.
  29. ^ На "Рок-коронации-2007" в Беларуси корон будет больше, чем групп (рас.) Белорусская деловая газета Праверана 2018-10-28 г. Архіўная копія ад 2019-01-05 г.
  30. ^ Хто і што чакаецца на "Рок-Каранацыі 2007"?. TUT.BY (2008-01-25). Праверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2012-07-07 г.
  31. ^ «Советская Белоруссия» отметила популярность «Крамы», «Нейро Дюбеля» и «Крамбамбули» (рас.). Хартыя’97 (2007-12-29). Праверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2019-02-22 г.
  32. ^ Артем Скопинов. (2007-12-27) Концертный бум Hair Peace Salon продолжается (рас.). puls.by. Праверана 2019-10-29 г. Архіўная копія ад 2019-10-29 г.
  33. ^ Шорт-ліст «Рок-Каранацыі-2007». Tuzin.fmПраверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2008-07-25 г.
  34. ^ Артем Скопинов. (2007-12-30) West Records подводит итоги года (рас.). puls.by. Праверана 2020-02-19 г. Архіўная копія ад 2018-09-11 г.
  35. ^ а б Слэп. (2008-04-21) Hair Peace Salon зачараваліся відэа Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2018-12-20 г.
  36. ^ Х; Андрей «duckling» Черницкий. (2008-03-24) Silent Hill от Hair Peace Salon (рас.). LiveSound.byПраверана 2019-11-22 г. Архіўная копія ад 2008-03-28 г.
  37. ^ Воля Вітушка; Юра Сідун. (2009-01-29) Завершаны музычны конкурс Bandscan:Belarus: з канцэртамі ў Стакгольм едзе менскі The Toobes. generation.byПраверана 2018-12-24 г. Архіўная копія ад 2018-10-17 г.
  38. ^ Budzma The Best Rock [Гуказапіс ; Budzma The Best Rock / New / Еўрапейскае Радыё для Беларусі]. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 2018-12-26 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  39. ^ а б Hair Peace Salon: шлях да беларусізацыі Tuzin.fm. mpby.ru (2010-09-29). Праверана 2018-12-19 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  40. ^ Ігар Назаранка. (2010-02-22) Экспэрт ТГ І. Назаранка: «Глюкам» і «Маўзэрам» падкручваюць дзяўчынкі Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  41. ^ Hair Peace Salon «Gentleman» (+аудио). experty.by (2012-06-13). Праверана 2018-10-30 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  42. ^ Hair Peace Salon працягнуў «Перазагрузку» Tuzin.fm. mpby.ru (2010-02-02). Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  43. ^ Севярын Квяткоўскі. (2009-10-09) Экспэрт ТГ С. Квяткоўскі: «У „Глюкаў“ заслужаная перамога» Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  44. ^ Усе вынікі году 2010 у гіт-парадзе «Тузіна Гітоў» Tuzin.fm. mpby.ru (2010-09-04). Праверана 2018-12-19 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]