Пётра Сергіевіч
Пётра Сергіевіч лац. Piotra Sierhijevič | |
Імя пры нараджэньні | Пётра Аляксандравіч Сергіевіч |
---|---|
Дата нараджэньня | 10 ліпеня 1900 |
Месца нараджэньня | вёска Стаўрова, Браслаўскі павет, Віленская губэрня |
Дата сьмерці | 1 лістапада 1984 (84 гады) |
Месца сьмерці | Вільня |
Месца пахаваньня | |
Адукацыя | Акадэмія прыгожых мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту (1919-1922, 1925-1927), Кракаўская акадэмія мастацтваў (1924-1925) |
Месца вучобы |
|
Занятак | Графіка, жывапіс, манумэнтальная размалёўка |
Навуковая сфэра | малярства[1] і графіка[d][1] |
Жанры | партрэт |
Працы | «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1936), «Нарачанскі рыбак» |
Узнагароды | Заслужаны дзяяч мастацтва Летувіскай ССР (1960) |
Подпіс | |
Пё́тра Сергіе́віч (10 ліпеня 1900, вёска Стаўрова, цяпер у Браслаўскім раёне — 1 лістапада 1984, Вільня) — беларускі жывапісец і графік, мастак-манумэнталіст.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Стаўрова на Браслаўшчыне ў беднай сялянскай сям’і 10 ліпеня 1900 году. Пачатковую адукацыю атрымаў у вольнай школе малюнку і жывапісу ў Вільні. У 1919 годзе паступіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя.
У 1924—1925 гадах у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1928 годзе вярнуўся ў Вільню, зьяўляўся прыхільнікам і актыўным дзеячом беларускага адраджэньня ў 30-я гады.
У 1932 годзе прыняў ўдзел у калектыўнай выставе Віленскага незалежнага таварыства мастакоў-плястыкаў, якая адбывалася ў Вільні й Варшаве. Тры гады пазьней прадстаўленая ўласная выстава мастака ў Вільні (26 сьнежня 1935 — 8 студзеня 1936). У 1938 г. падарожнічае па Італіі. У час вайны жыве, на зьмену, у Вільні і ў Стаўрове (Шляхотчыне).
У 1943 г. адбылася яго другая пэрсанальная выстава ў Вільні. У 1944—1945 гг. працаваў захавальнікам фондаў у Беларускім музэі ў Вільні, пасьля вайны — старшым выкладчыкам на катэдр�� малюнку і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў.
У 1960 годзе атрымаў званьне заслужанага дзеяча мастацтва Летувіскай ССР за заслугі ў разьвіцьці выяўленчага мастацтва. Юбілейныя выставы ў Вільні ладзіліся ў 1960, 1970, 1980 гадох. У 1962 годзе — індывідуальная выстава ў Менску, у Палацы мастацтваў. У 1968 г. браў удзел у выставе ў варшаўскай «Захэнце». У 1978 годзе працы Сергіевіча былі выстаўленыя ў Менску. Пабачылі сьвет некалькі каталёгаў выставаў.
Памёр у лістападзе 1984 году ў Вільні і пахаваны на віленскіх вайсковых могілках.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Творчасьці ўласьцівыя вобразнасьць, эмацыйнасьць, цікавасьць да самабытнасьці беларускай народнай культуры.
Спадчына мастака — больш за 600 палотнаў. Найбольшая частка карцінаў беларускага мастака знаходзіцца зараз у Летувіскім музэі мастацтва. Адзінаццаць працаў Пётры Сергіевіча захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску, у гістарычна-краязнаўчым музэі ў Браславе, некалькі працаў знаходзіцца ў культурных установах, між іншым, у карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка[2], у музэі Янкі Купалы ці гісторыка-археалягічным музэі ў Гародні. Астатнія — у прыватных зборах Летувы, Беларусі й Польшчы[3].
Партрэты «Беларуская настаўніца», «Партрэт жонкі», «Нарачанскі рыбак», Міхася Забэйды-Суміцкага, Максіма Танка і іншыя. Тэматычныя карціны «Скарына ў рабочым кабінэце», «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года», «Арышт Паўлюка Багрыма», «Усяслаў Полацкі» і іншыя. Жыцьцю сялянаў Заходняй Беларусі прысьвечаныя палотны «Жыцьцё», «Вясельле ў Беларусі», «Беларусы».
У 1920—1930-я гады Сергіевіч стварыў манумэнтальныя паліхромныя размалёўкі ў касьцёлах Горадні, Смургоняў, Солаў, Поразава, Жодзішкаў, Салечнікаў. Сьценапіс у Солах стаў самым вялікім цыклам мастака, манумэнтальнымі размалёўкамі быў упрыгожаны ўвесь касьцёл — столь і сьцены. У Смургонях сьценапіс не захаваўся. У Гародні, Жодзішках і Солах размалёўкі былі перапісаны ў час чарговых рамонтаў храмаў[4].
Працаваў таксама ў станкавай і кніжнай графіцы. Рэдагаваў і афармляў часопісы «Калосьсе», «Нёман», у якіх друкаваліся яго артыкулы па праблемах мастацтва і беларускай культуры, малюнкі.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У 1994 годзе «Белпошта» выпусьціла паштовую марку[5]
- У Вільні на доме, дзе жыў Сергіевіч, была ўсталяваная памятная дошка па-летувіску і па-беларуску
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Сергиевич Петр
- ^ Дзень народзінаў Пётры Сергіевіча. Малады Фронт. Праверана 17 ліпеня 2010 г.
- ^ Вольга Бажэнава Роспісы Пётры Сергіевіча. Часопіс «Наша вера» №1 (15) 2001. Праверана 17 ліпеня 2010 г.
- ^ Stamps of the Republic of Belarus issued in 1994 (анг.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Газэта «Звязда» №133 (26741) 10 ліпеня 2010 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў, Уладзімер (8 сакавіка 2007) Пётра Сергіевіч (10.7.1900, в. Стаўрова, цяпер Браслаўскі раён — 1.11.1984, Вільня) Імёны Свабоды. Радыё Свабода. Праверана 17 ліпеня 2010 г.
- Пётр Сергіевіч. Незалежная інтэрнэт-газэта Паазер'я і Віленшчыны (11 красавіка 2008). Праверана 17 ліпеня 2010 г.
- Дзень народзінаў Пётры Сергіевіча. Малады Фронт. Праверана 17 ліпеня 2010 г.
- СЕРГИЕВИЧ, Петр (рас.) Словарь терминов искусства. Nickolas Agafonov. Праверана 19 ліпеня 2010 г.