Перайсьці да зьместу

Палёт над гняздом зязюлі (фільм)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палёт над гняздом зязюлі
па-ангельску: One Flew Over the Cuckoo's Nest
Жанр драматычны фільм, мэдыцынская драма[d], фільм пра турму[d], экранізацыя раману[d] і кінакамэдыя
Рэжысэр
Сцэнарыст
Заснаваны на One Flew Over the Cuckoo's Nest[d]
Прадусар
У ролях
Кампазытар
Апэратар
Мантаж Шэлдан Кан[d]
Мастак Paul Sylbert[d]
Вытворчасьць Fantasy Films Productions[d] і Bryna Productions[d]
Распаўсюд InterCom[d], Mokép[d], Netflix і United Artists[d]
Дата выхаду 1975, 18 сакавіка 1976[2] і 19 лістапада 1975[3]
Працягласьць 133 хвіліна і 136 хвіліна
Краіна
Мова ангельская мова
Бюджэт 3 000 000 $[4]
Прыбытак 109 114 817 $[4] і 108 981 275 $[4]
Старонка на IMDb

«Палёт над гняздом зязю́лі» (па-ангельску: One Flew Over the Cuckoo’s Nest) — мастацкі фільм-драма рэжысэра Мілаша Формана, экранізацыя аднайменнага раману Кена Кізі. Прэм’ера фільму адбылася 19 лістапада 1975 году на Чыкагаўскім кінафэстывалі. Ён стаў другім фільмам у гісторыі сусьветнага кінэматографу, які атрымаў Оскар у пяцёх самых прэстыжных намінацыях, што раней атрымалася зрабіць толькі кінастужцы «Гэта здарылася адной ноччу» (1934)[5]. Такую ж «Вялікую пяцёрку» яму ўдалося атрымаць у пяці намінацыях на Залаты Глёбус — адзіны раз у гісторыі кіно. Фільм, які распавядае пра драму ў псыхіятрычнай лякарні, здымаўся амаль цалкам у аддзяленьні дзеля псыхічнахворых людзей шпіталю штату Арэгон. Гледачы вельмі цёпла ўспрынялі карціну. Фільм здолеў назьбіраць больш за $100 млн у пракаце ў ЗША. Крытыка высока адзначыла рэжысуру і акторскую гульню, прызнаўшы «Палёт над гняздом зязюлі» адною з найважнейшых кінастужак «новай хвалі» амэрыканскага кінэматографу 1970-х гадоў.

Увага: ніжэй знаходзіцца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Дзея мае месца ў 1963 годзе. Злачынца Рэндла Патрыка Макмэрфі (Джэк Нікалсан) пераводзяць з турмы ў псыхіятрычную лякарню дзеля агляду.

Патрапіўшы ў аддзяленьне, Рэндл адразу сутыкаецца з жорсткім парадкам, усталяваным галоўнай мэдычнай сястрой Мілдрэд Рэтчэд (Луіза Флэтчэр). Гэтыя строгасьці, а таксама ўмяшальніцтва ў асабістае жыцьцё хворых падчас сэансаў групавой тэрапіі выклікаюць пратэст у новага пацыента. Макмэрфі не разумее, чаму мужчыны, хай нават і не зусім здаровыя, трываюць такое стаўленьне з боку пэрсаналу. Ён ідзе ў заклад на тое, што ён зможа пераспаць зь мэдычнай сястрой на працягу тыдня. Рэндл спрачаецца з мэдперсаналам, арганізуе ў аддзяленьні куток азартных гульняў, ладзіць галасаваньне, каб атрымаць дазвол хворым няўрочна паглядзець сусьветную сэрыю па тэлевізіі. Пасьля няўдалага галасаваньня ён збліжаецца з хранічным хворым па мянушцы Правадыр (Ўіл Сэмпсан) — буйным індзейцам, якога ўсе лічаць глуханямым. Нарэшце, Макмэрфі ажыцьцяўляе самавольную адлучку зь лякарні, выправіўшыся з групай пацыентаў на рыбу.

Падчас кансыліюму лекары схіляюцца да таго, што Макмэрфі ёсьць сымулянтам і яго неабходна адправіць назад у турму адбываць тэрмін. Аднак сястра Рэтчэд настойвае на тым, каб яго пакінулі ў аддзяленьні. Затрыманы дзеля прымусовага лячэньня, Макмэрфі нечакана для сябе даведваецца, што большасьць пацыентаў у аддзяленьні знаходзяцца добраахвотна, і ягоныя спробы замахнуцца на ўладу мэдычнае сястры ёсьць цалкам бессэнсоўнымі. Разумеючы, што яго могуць пакінуць у шпіталі на нявызначана доўгі тэрмін, Рэндл вырашае бегчы.

Падчас чарговага сэансу сацыяльнае тэрапіі хворы Чэсўік (Сыдні Лэсык) губляе кантроль над сабою і пачынае ашалела скандаліць з-за цыгарэтаў. Макмэрфі і Правадыр спрабуюць абараніць яго перад санітарамі, але паўсталых хворых скручваюць і пазбаўляюць магчымасьці рухацца. Затым іх утрох адпраўляюць на сэансы электрашокавай тэрапіі. Перад працэдурай Рэндл даведваецца, што Правадыр размаўляе і чуе, але лічыць за лепшае захоўваць гэта пад сакрэтам. Ачуняўшы і вярнуўшыся назад у аддзяленьне, Макмэрфі вырашае, што далей цягнуць нельга, і прапануе Правадыру ўцячы разам. Падкупіўшы ахоўніка, Рэндл запрашае ў аддзяленьне сваіх знаёмых дзяўчатаў і ладзіць разьвітальную вечарыну. Калі Макмэрфі ўжо зьбіраецца пакінуць шпіталь, Білі Бібіт (Брэд Дорыф) намякае яму, што хацеў бы пераспаць з адной зь дзяўчатаў. Маладыя людзі адасабляюцца. Не ўтрымаўшыся пасьля выпітага алькаголю і бурлівай ночы, Рэндл, як і ўсё ў аддзяленьні, засынае.

Назаўтра мэдсястра Рэтчэд выяўляе вэрхал, учынены ў аддзяленьні, прыкметы спробы ўцёкаў і Білі Бібіта, страціўшага цнатлівасьць. Рэтчэд пагражае Бібіту тым, што раскажа пра такія нявартыя паводзіны ягонай маці, чыёю блізкаю сяброўкай яна зьяўляецца, чым прыводзіць яго ў шокавы стан і змушае выдаць завадатара начной вечарыны. Бібіта ў мітусьні пакідаюць ненадоўга аднаго, і ён забівае сябе, перарэзаўшы сонную артэрыю. У лютасьці ад таго[6], што Рэтчэд давяла да самагубства слабога і хворага Бібіта, Макмэрфі накідваецца на мэдсястру і сілаю пачынае яе душыць, але яго ў апошні момант адцягвае санітар, і Рэтчэд выжывае, атрымаўшы сур’ёзную траўму шыі.

Жыцьцё ў шпіталі працягваецца. Празь некаторы час Рэндл зноўку зьяўляецца ў аддзяленьні, то бок Правадыр бачыць, як яго вядуць пад рукі санітары. Правадыр цешыцца з нагоды вяртаньня свайго адзінага сябра і кажа яму, што адчувае сябе «вялікім, як гара» і гатовы зьдзейсніць уцёкі, але заўважае, што Макмэрфі не рэагуе на гэтыя словы. Прыгледзеўшыся, ён выяўляе шнары зь левага і правага бакоў ілба і разумее, што той перанёс лябатамію і зараз гэта ўжо ня той злачынец-сымулянт, а сапраўды хворы чалавек. Правадыр кажа яму, што не жадае сыходзіць безь яго, але і не хоча пакідаць у такім стане. Правадыр прамаўляе слова «Пайшлі» і душыць Макмэрфі падушкай, забіваючы сябра. Затым, выбіўшы краты на вокнах цяжкай мармуровай калёнкай, выдранай з душавой, выбіраецца на свабоду і ўцякае.

Тут скончваецца зьмест, які раскрывае сюжэт твору.

Пачатак 1970-х гадоў быў часам «новай галіўудзкай хвалі». Тэмы і настроі, якім яшчэ нядаўна не было месца на экранах, як то сэкс, гвалт, лаянка, гіпі, паступова становяцца мэйнстрымам. Такія карціны, як «МЭШ», «Выкрут-22» дадалі новыя павевы ў інтэлектуальнае кіно Галіўуду. Тады ж на экранах зьявіліся кінастужкі, якія пераадолелі мяжу заробленых грошаў у $100 млн у амэрыканскім пракаце, як то «Сківіцы» і «Экзарцыст», якія сталіся былі першымі ластаўкамі эпохі блокбастэраў[7].

Бо Голдман і Майкл Дуглас падчас працы над фільмам.

Раман Кена Кізі «Палёт над гняздом зязюлі» быў апублікаваны ў 1962 годзе і адразу стаў бэстсэлерам у ЗША. Кніга хутка стала клясыкай пакаленьня бітнікаў і ўжо да 1975 году была перавыдадзеная ў ЗША больш за дваццаць разоў[8]. Тады ж, у 1962 годзе, Кэрк Дуглас за $47 тысяч набыў правы на кіна- і тэатральную пастаноўку[9]. Сцэнічную вэрсію рамана напісаў Дэйл Васэрман, і ў 1963 годзе Кэрк Дуглас зладзіў інсцэнізацыю ў тэатры «Cort» на Брадўэі. Ён сам і выконваў у ёй галоўную ролю Макмэрфі[10]. Атрымаўшы даволі халодныя водгукі тэатральнае крытыкі, п’еса пратрымалася на сцэне ўсяго некалькі месяцаў. Праз год Дуглас на заданьне дзярждэпартамэнту апынуўся ў Чэхаславаччыне, дзе пазнаёміўся з маладым і пэрспэктыўным рэжысэрам Мілашам Форманам. Яны пагутарылі, і Дуглас ўжо тады выявіў гатоўнасьць абмеркаваць пачатак здымак. Ён выслаў раман Кена Кізі па пошце, але Форман кнігу так і не атрымаў, бо яе канфіскавалі на мытні[11].

Кэрк Дуглас сам хацеў зпрадусаваць фільм паводле матываў спэктаклю і згуляць у ім, але розныя абставіны заміналі ягоным плянам. Перашкаджаў судовы працэс з Дэйлам Васэрманам, які нечакана прад’явіў правы на экранізацыю сваёй адаптаванай вэрсіі кнігі[12][13]. Галоўная праблема, аднак, палягала ў тым, што сцэнар фільму пра псыхічнахворых людзей ня выклікаў цікавасьці ў кінакампаніяў. Тэма лічылася калі не правальнай, то, ва ўсякім разе, камэрцыйна беспэрспэктыўнай. Сцэнар быў занадта наватарскім у той час. «Я прынёс ім сапраўдную клясыку, а яны нават не зразумелі гэтага», — камэнтаваў Дуглас свае шматлікія спробы зацікавіць кінакампаніі[14].

Цікавасьць да сцэнару праяўлялі Джон Касавэтыс і Пітэр Фонда, але з розных чыньнікаў да здымак справа не дайшла[15]. У пачатку 1970-х гадох да пастаноўкі рыхтаваўся Рычард Раш, якога кніга вельмі ўразіла. Ён таксама прапанаваў Джэку Нікалсану, свайму старому знаёмаму з малабюджэтных раньніх працаў, галоўную ролю ў будучай карціне. Раш бачыў, што сцэнар будзе больш блізкім да кнігі, дзе апавяданьне вядзецца і ад асобы Правадыра. Раш пасьля двух гадоў беспасьпяховых спробаў быў вымушаны разьвітацца з надзеяй паставіць карціну з тых жа прычынаў, бо не знайшоў фінансавай падтрымкі праекту[9]. Існуе вэрсія, што правамі на экранізацыю першапачаткова валодаў ён і прадаў іх Кэрку Дугласу пасьля няўдачы з пастаноўкай[16][17].

У 1971 годзе Кэрк, канчаткова расчараваўшыся, ужо сабраўся прадаць правы на экранізацыю, калі яго сын Майкл угаварыў бацьку аддаць іх яму. Майкл вырашыў паспрабаваць зрушыць праект зь мёртвага пункту, аднак досьведу прадусаваньня яму бракавала. Падчас здымак сэрыялу «Вуліцы Сан-Францыска» Майкл пазнаёміўся з Саўлам Зэйнцам, які працаваў прадстаўніком невялікай незалежнай прадусарскай кампаніі Fantasy Films. Зэйнц крыху раней таксама цікавіўся магчымасьцю экранізацыі рамана Кена Кізі, і яны вырашылі сумесна пачаць працу над фільмам[14].

Адным з чыньнікаў, паводле якога падрыхтоўка да здымак фільму моцна зацягнулася, быў вельмі старанны падбор акторскага складу. Стваральнікі мелі абмежаваны бюджэт, але адначасова матэрыял абавязваў знайсьці добрых выканаўцаў.

Пошукі актора на галоўную ролю занялі больш за год. Джэк Нікалсан быў першым кандыдатам у сьпісе. Разглядаліся варыянты з Марлонам Брандо і Джынам Гэкманам, але яны былі толькі магчымай зьменай, у выпадку, калі Джэк ня зможа здымацца[18]. Нікалсан ужо быў добра вядомы ў прафэсійным асяродку, дзякуючы такім працам, як то «Бестурботны яздок» і «Пяць лёгкіх п’есаў»[19]. Аднак гэта былі, хутчэй, артгаўсныя кінастужкі, ня вельмі добра знаёмыя шырокай аўдыторыі. Нікалсан тады меў імідж сапсаванага маладога інтэлектуала, адмоўнага пэрсанажу, але зусім не бунтаўніка Макмэрфі[20]. Пасьля працы ў «Апошнім строі» Майкл Дуглас канчаткова пераканаўся ў тым, што Джэк Нікалсан падыходзіць на гэтую ролю. Актор быў вельмі запатрабаваным, і нават давялося чакаць, калі ён скончыць здымкі. У Нікалсана былі прывабныя прапановы на наступныя карціны ад Гэла Эшбі і Бэрнарда Бэрталюччы, але ён абраў працу з Форманам[9].

Вядомыя акторкі Эн Бэнкрафт, Джэральдын Пэйдж, Элен Бэрстын запрашаліся дзеля выкананьня галоўнае адмоўнай ролі мэдычнае сястры, але пасьлядоўна адхілялі прапанову, прачытаўшы сцэнар[21]. Імя Луізы Флэтчэр было вядома толькі адмыслоўцам дзякуючы некалькім ейным работам на тэлебачаньні ў 1950-я гады, пасьля якіх яна больш за дзесяць гадоў практычна не здымалася. Мілаш Форман заўважыў 40-гадовую акторку, якая выконвала невялікую ролю ў фільме Робэрта Олтмана «Злодзеі як мы». Рэжысэр, пагутарыўшы з Луізай, вырашыў, што менавіта яна здольная рэалізаваць ягоную ідэю. Паводле задумы, галоўная гераіня мусіць спачатку спадабацца гледачам, але разьвіцьцё сюжэту павінна паказаць, зь якім увасобленым злом ім трэба будзе сутыкнуцца[20][22].

Асобнай задачай стаў пошук актора на другасную, але вельмі важную ролю Правадыра. Як успамінаў Форман, самое па сабе гэта было вельмі нялёгка, бо карэнныя жыхары Амэрыкі лічацца ня вельмі буянымі. Паводле задумы рэжысэра, Правадыр у фільме, у адрозьненьні ад кнігі, больш ня быў галоўным героем, але патрэбен быў менавіта велізарны «як дрэва» індзеец. Пасьля доўгіх пошукаў практычна выпадкова знайшлі ураджэнца племя крыкі Ўіла Сэмпсана, які працаваў лесьніком у штаце Вашынгтона і меў рост 203 см[21][23].

Дэні Дэвіта, Дэлас Сьміт і Мімі Саркісян выканалі ролі пацыентаў і пэрсаналу яшчэ ў брадўэйскае пастаноўцы, таму былі запрошаныя і ў фільм[13]. Пры падборы астатніх актораў другога пляну прадусары перабралі звыш 1700 кандыдатураў. Ідэя стваральнікаў карціны палягала ў тым, што гэтыя акторы павінны былі быць невядомымі масаваму гледачу, а актор ролі галоўнага герою, наадварот, быў бы добра вядомы. Такім чынам, ён павінен увасабляць у псыхіятрычнай лякарні наш звыклы сьвет, у той час як іншыя пацыенты жывуць у вылучаным ад рэальнасьці маленькім сусьвеце[19]. Акрамя гэтага, Форман дамагаўся таго, каб усе акторы другога пляну былі, па магчымасьці, яскравымі і запамінальнымі з аднаго позірку[20].

Дзеля многіх вядомых галіўудзкіх актораў, як то Брэд Дорыф, Дэні Дэвіта, Крыстафэр Лойд і Ўіл Сэмпсан, праца ў карціне Формана стала дэбютнай працай на кінаэкране, найістотнейшым чынам паўплывала на іхную кар’еру[24]. Ўільяму Рэдфілду, які меў вялікі досьвед працы на тэлебачаньні, наадварот, здымкі ў фільме сталі апошнім выступам у кінэматографе ў жыцьці. Усяго празь некалькі месяцаў пасьля таго, як фільм пабачыў сьвет ён памёр, хварэючы на леўкемію[23].

У карціне маюцца некалькі запамінальных камэо-роляў. Гэтак лекара Сьпіві згуляў сапраўдны галоўны доктар шпіталю ў Арэгоне доктар Дын Брукс. Эпізадычную ролю капітану на прычале згуляў Саўл Зэйнц. У масоўцы карціны былі занятыя сапраўдныя пацыенты і пэрсанал шпіталя.

Шпіталь штату Арэгон (англ.), у якім адбываліся здымкі фільму. Фатаздымак зроблены ў 2007 годзе.

Вельмі працяглы час дуэт прадусараў шукаў рэжысэра, здольнага справіцца зь незвычайнай задумай. Перабраўшы мноства кандыдатур, яны спыніліся на Мілашу Формане. Як іранічна ўспамінаў рэжысэр, яго абралі, бо ён меў добрую рэпутацыю прафэсіяналу і нядорага браў за свае паслугі. У 1968 годзе Форман ужо эміграваў быў у ЗША і пасьпеў зьняць фільм «Адрыў», які праваліўся ў пракаце. Форман тады зусім хварэў на кішэнь і думаў пра вяртаньне ў Чэхаславаччыну, аднак у той час Дуглас і Зэйнц нечакана прапанавалі яму працу[13]. Майкл Дуглас пракамэнтаваў прычыну выбару тым, што Форман быў адзіным, хто ўжо на першай сустрэчы з прадусарамі дэталёва апісаў плян здымак. Як сьцьвярджае Майкл Дуглас, ён ня ведаў на той момант, што ягоны бацька дзесяць гадоў таму ўжо абмяркоўваў падобную магчымасьць з Форманам[20].

Першы варыянт сцэнару быў напісаны самім Кенам Кізі, але ён не задаволіў прадусараў і рэжысэра. У Кізівым сцэнары засталіся атмасфэра і стыль кнігі, перададзенай пацыентам псыхічнае лякарні апавядальнікам Правадыром, супраць чаго выступаў Форман[25]. Дуглас зьвярнуўся да Лоўрэнса Габэна, затым — да Бо Голдмана — тады малавядомага пісьменьніка, які толькі пачынаў свой творчы шлях. Праца над сцэнаром заняла каля васьмі тыдняў. Кен Кізі пасьля саслужыў нядобрую службу стваральнікам карціны, вельмі негатыўна адгукнуўшыся пра сцэнар фільму і ўвогуле не ўхваліўшы яго[26][27]. Калі здымкі ўжо пачаліся, у адным з інтэрвію яго спыталі пра ягоны ўдзел у праекце, на што пісьменьнік з жартам адказаў: «Вы пытаецеся, ці стане будучая маці сама сабе рабіць аборт?»[14][18].

Тым часам прадусары працягвалі шукаць цікавасьць з боку кінастудыяў, але так і ня здолелі анікога знайсьці. У выніку, 4 мільёны даляраў на здымкі Зэйнц і Дуглас узялі з уласных сродкаў. Эканоміць прыйшлося на ўсім, але толькі не на акторы, які выканаш галоўную ролю. На гэтую пазыцыю вырашылі запрасіць тады ўжо цалкам сталага, у акторскім разуменьні, Джэка Нікалсана. Толькі яго Форман бачыў у якасьці патрэбнага выканаўцы. Ганарар Нікалсана склаў $1 млн у дадатак да аднаго адсотку ад пракату[9][14].

Форман вырашыў, што дзеля праўдзівасьці здымкі павінны прайсьці ў сапраўднай псыхіятрычнай лякарні. Паводле першапачатковай задумы ўвесь фільм неабходна было зьняць у шпіталевых інтэр’ерах і толькі пачатак і завяршэньне фільму плянавалася зрабіць на прыродзе. Акрамя таго, аддзяленьне было ўжо гатовай дэкарацыяй, і гэта дазволіла дадаткова адшчадзіць сродкі. Рэжысэр і прадусары фільму наведалі некалькі лекавых установаў і спыніліся на шпіталі штату Арэгону ў мястэчку Сэйлем. Толькі ў гэтым шпіталі, як высьветлілася, лекары чыталі раман Кізі. Пісьменьнік жыў недалёка ад гэтых месцаў, і яго добра ведалі ў мястэчку[27]. Галоўны лекар шпіталю доктар Дын Брукс, пазнаёміўшыся са сцэнаром, даў згоду на вытворчасьць стужкі. У памяшканьні шпіталя пуставала цэлае аддзяленьне. Як успамінаў Брукс, яму было цікава прыняць удзел у працэсе працы над кінакарцінай, паглядзець на рэакцыю пацыентаў, і, галоўнае, ён лічыў, што здымкі могуць мець дабратворны тэрапэўтычны эфэкт. Брукс зьняўся ў ролі доктара Сьпіві і стаў таксама кансультантам карціны[10].

Самі здымкі пачаліся ў студзені 1975 году і занялі каля 14 тыдняў. Сцэны фільму былі зьнятыя строга ў тым парадку, у якім яны і зьяўляюцца на экране. Толькі сцэна, дзе героі хадзілі па рыбу, аказалася паводле часу апошняй[21]. Форман спачатку ня меў намеру яе здымаць, лічачы, што яна выпадае з кантэксту, але потым усё ж вярнуўся да яе[28]. Здымкі прайшлі дастаткова гладка, за выключэньнем невялікага непрыемнага інцыдэнту. Адзін з хворых не зьвярнуў увагу на экран, які засланяў адчыненае вакно, куды ўваходзіў электрычны кабель, выпаў з трэцяга паверха і зламаў плячо[20].

Некаторыя цяжкасьці ўзьніклі з заключнай сцэнай уцёкаў Правадыра, які павінен быў выбіць акно. Сцэна была настолькі эмацыянальнай, што рэжысэр здымаў яе адным дублем зь некалькіх камэраў, праз што цяжка было б яшчэ раз трапна злавіць неабходны стан Ўіла Сэмпсана. Бо Голдман таксама ўспамінаў, што вельмі доўга падбіраў апошнія словы Правадыра, зьвернутыя да ўжо мёртвага Макмэрфі[18][20].

У пэрыяд рэпэтыцыяў каля двух тыдняў акторы, «ужываючыся» ў ролі, знаходзіліся ў аддзяленьні, мелі зносіны з хворымі і лекарамі, удзельнічалі ў сэансах сацыяльнае тэрапіі, харчаваліся разам з пацыентамі. Нікалсан, які прыбыў на здымкі пазьней астатніх актораў, успамінаў, што яго ўразіла тое, як акцёры «ўжыліся» ў свае ролі, і што ён ня мог зь першага погляду адрозьніць, хто сапраўды хворы чалавек, а хто толькі грае такога. Доктар Брукс даваў парады, як акторам можна найбольш дакладна перадаць асаблівасьці таго ці іншага захворваньня ці разладу. Пітэр Брокен, які выканаў ролю палкоўніка Матэрсана, запазычыў свой вобраз у пацыента шпіталя, які хварэў на паранаідальную шызафрэнію[27]. Пры сканчэньні здымак акторы практычна перасяліліся ў аддзяленьне, не выходзілі з вобразу і нават спалі на тых жа ложках, што і іхныя пэрсанажы[20].

Форман даваў поўную вольнасьць імправізацыі, і акторы часта ня ведалі, калі іх здымаюць, думаючы, што, магчыма, гэта толькі рэпэтыцыя і камэра ня ўключаная. Як ўспамінала Луіза Флэтчэр, рэжысэр ніколі не абмяркоўваў зь ёю інтэрпрэтацыю ролі, а толькі заклікаў яе выглядаць больш натуральнай. Паказальнай ёсьць сцэна першай гутаркі Макмэрфі і доктара Сьпіві. Багатая міміка, трывожныя паводзіны і жэстыкуляцыя Джэка Нікалсана цалкам зьяўляюцца імправізацыяй[19]. Акторы ў фільме настолькі ўжыліся ў ролю псфхічнахворых, што прадусары пачалі турбавацца аб іхным мэнтальным здароўі[20].

Па заканчэньні здымак правы на пракат былі прададзеныя кампаніі United Artists. Прадстаўнікі кампаніі палічылі, што посьпехам будзе, калі карціна акупіць свой бюджэт, і склалі з прадусарамі нявыгадны для сябе кантракт. Вялікі касавы посьпех карціны стаў поўнай нечаканасьцю. Прэм’ерны паказ адбыўся ў лістападзе 1975 году на Чыкагаўскім кінафэстывалі. Роджэр Эбэрт, які прысутнічаў на прэм’еры, успамінаў, што ён ніколі ня бачыў больш трыюмфальнага ўспрыманьня гледачамі фільму за тое, якое выклікаў «Палёт над гняздом зязюлі»[29].

Ацэнка і ўспрыманьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна была станоўча ўспрынятая большасьцю крытыкаў і ейнае стварэньне было прызнанае значнай падзеяй у сусьветным і амэрыканскім кінэматографе.

Вінцэнт Кэнбі з газэты New York Times напісаў, што карціна не дае ні на каліва ўсумніцца ў бездакорным гусьце рэжысэра. Сяргей Кудраўцаў прывёў работу Формана ў якасьці рэдкага прыкладу таго, як фільм атрымаў высокія адзнакі як з боку масавай аўдыторыі, гэтак, адначасова, ад самых патрабавальных адмыслоўцаў[30]. Роджэр Эбэрт паставіў ёй тры зоркі з чатырох паводле сваёй шкалы, застаўшыся не зусім задаволеным некаторымі сцэнамі. Выправу па рыбу ён знайшоў занадта надуманай і сымбалічнай, якая выдае задуму рэжысэра не замыкаць ўсю інтрыгу між чатырох сьценаў. Самагубства Білі Бібіта таксама выпадае з агульнага настрою і рытму. «Фільм настолькі добры, што хочацца яму дараваць, калі нешта было зроблена ня так як трэба», — напісаў аглядальнік Chicago Sun[31].

Жанравая прыналежнасьць карціны ёсьць спрэчнай, бо ў ёй можна назіраць вельмі свабоднае зьмешваньне многіх стыляў[19], ад мэлядрамы да трагікамэдыі[28][30][32]. Кэнбі назваў жанр карціны чыстай камэдыяй[33].

У цэнтры сюжэту карціны прамы выклік істэблішмэнту героя-адзіночкі, які ўвасабляе сабой бунтарскі дух Амэрыкі 1960-х. Джэк Нікалсан пасьпяхова працягнуў распрацоўваць матыў нонканфармісцкага канфлікту, закрануты ім у папярэдняй працы «Пяць лёгкіх п’есаў»[34]. Ва ўлюбёнай тэме Формана — контракультуры, сутыкненьні індывіду і сыстэмы, супрацьпастаўленьні зьнешняй і ўнутранай свабоды — ён знаходзіць новы падыход. Здавалася б, у псыхіятрычнай клініцы выгнаньнік грамадзтва можа знайсьці супакой і прытулак, але, на жаль, нават тут яго няўхільна наганяе «калектыўнае вар’яцтва»[30]. Галоўнаму герой здолеў падбухторыць сваіх таварышаў на невялікі бунт, але Правадыр нездарма папярэджвае Макмэрфі, успамінаючы пра свайго бацьку, што яны папрацавалі над ім, як працуюць над Макмэрфі[34]. Сканчэньне адлюстроўвае непазьбежнае, то бок, тое, што сыстэма пераадольвае супраціў адзінца.

Сыстэма ёсьць не здольнай вылекаваць пацыентаў і толькі пагаршае іхны стан. Макмэрфанавыя выбрыкі ж парадаксальным чынам дабратворна ўплываюць на вязьняў «гнязда зязюлі», як то Білі пазбаўляецца ад заіканьня. Роджэр Эбэрт вылучыў як адзін з найбольш важных дзеля ўспрыманьня карціны эпізодаў той, у якім Макмэрфі, адклаўшы ўцёкі, чакае, прываліўшыся да сьцяны, сваю сяброўку і Білі Бібіта. Загадкавая ўсьмешка Макмэрфі ёсьць ключом да ўсёй таямніцы фільму[29]. Бунтаўнік, які паўстаў супраць сыстэмы, не сыходзіць, а застаецца і сустракае свой ​​лёс і сьмерць як нешта непазьбежнае, як тое, да чаго ён ішоў[35].

Вінцэнт Кэнбі, зрэшты, прапаноўваў гледачу празьмерна не факусаваць увагу на ідэалягічных клішэ і каньюнктурных спасылках на амэрыканскую гісторыю 1960-х гадоў, сьцьвярджаючы, што ў фільма ёсьць і іншыя, не настолькі відавочныя і імгненныя перавагі. Фільм прапаведуе не клясычны для амэрыканскага грамадзтва посьпех, а, хутчэй, спробу посьпеху[33].

Прыкладам традыцыйнага амэрыканскага сямейнага дзейства была ў свой час прызнана карціна «Забіць перасьмешніка», якая стала свайго роду знакавым дзеля кінэматографа 1960-х гадоў. Фільм становіцца ягонай дыялектычнай супрацьлегласьцю і асновай традыцыяў новай хвалі 1970-х гадоў[36]. На думку крытыка Мэца, тут можна назіраць адмаўленьне ад мінулых традыцыяў і своеасаблівую квазісям’ю. Задзірлівая сексуальнасьць «альфа-самца» Макмэрфі, лідэра ў групе хворых, супрацьпастаўлена пазбаўленай эмоцыяў бясплоцевай істоце ў белым халаце — мэдычнае сястры[28]. Аднак два яскравыя антыподы дзіўным чынам прыцягваюцца адно да аднаго. Сястра Рэтчэд прапануе пакінуць Макмэрфі ў аддзяленьні нават пасьля такіх абуральных выбрыкаў, як тэлевізійны бунт і выправа па рыбу. Макмэрфі, маючы некалькі выдатных магчымасьцяў зьбегчы з аддзяленьня, не сьпяшаецца яго пакінуць. Гэтая ж ідэя прыцягваньня процілегласьцей пазьней была абыграна ў іншай ня менш вядомай карціне «Чалавек дажджу»[36].

Візуальны складнік карціны таксама ёсьць вельмі цікавым, хоць ён выраблены пераважна ў камэрным стылі. Большасьць сцэнаў былі пастаўленыя ўнутры аддзяленьня. Пачатак і сканчэньне замыкаюць сюжэт у кола. На пачатку твору з навакольнага сьвету паліцыянты прывозяць Макмэрфі, і ў заканчэньні туды — у гэты сьвет, які так страшыць насельнікаў аддзяленьня — адпраўляецца Правадыр[28][37]. Сцэны на адкрытым паветры, як то выправа па рыбу і бэйсбольны матч, візуальна эфэктна супрацьпастаўленыя падзеям у сьценах аддзяленьня[34]. Іншы прыём, выгадна перагуляны стваральнікамі, заключаныя ў тым, што канфлікт пацыентаў і пэрсаналу шпіталю падкрэсьлены падборам касьцюмаў. Цёмна-шэрыя піжамы пацыентаў і чорнае адзеньне Макмэрфі поруч з сьнежна-белай уніформай мэдычных сёстраў і пэрсаналу падзяляюць герояў[34]. Глен Гэт з часопісу Slant Magazine прыцягвае ўвагу гледача да майстэрства апэратару і вытанчанасьці візуальнага рашэньня. Часам праскоквае лёгкая нядбайнасьць у пабудове кадру, што нагадвае аналягічны падыход Робэрта Олтмана зь ягонай асаблівай магіяй мізансцэны[38]. У выніку, сцэны сацыяльнае тэрапіі ствараюць гледачу высокі эфэкт прысутнасьці[39].

Годным завяршэньнем кінастужкі сталася фінальная сцэна. Не зважаючы на тое, што яно, на першы погляд, ёсьць глыбока трагічным, у гледачоў застаецца ўражаньне ачышчэньня і вызваленьня. Правадыр, да якога вярнуліся сілы, які пазбавіўся сваіх дэманаў, выпраўляецца з стэрыльнае чысьціні аддзяленьня назад на сваю радзіму разам зь сябрам[28][37].


« Эмацыйнае спусташэньне не адпускае Вас нават праз 35 гадоў пасьля першага прагляду. У фільме бездань абаяньня і харызмы, але галавакружнае заканчэньне фільму зноўку і зноўку зьбівае гледача з ног. Назіраць энэргію і энтузіязм пэрсанажк Нікалсана ёсьць найвышэйшай асалоды. Зноў станавіцца сьведкам таго, як растаецца ён з жыцьцёвай сілай, зноўку і зноўку, становіцца найвялікшай трагедыяй.
Арыгінальны тэкст  (анг.)
and the emotional devastation of the ending remains potent 35 years after its initial release. There's so much charisma and charm to the film that the breakneck denouement can't help but punch you in the gut. […] Seeing that energy, that lust for life in someone else, becomes the film's greatest joy, and watching it drain out of Nicholson's character its greatest tragedy.
»

Кен Кізі быў вельмі незадаволены экранізацыяй сваёй кнігі, у асноўным ганіў выбар апавядальніка дадзенае гісторыі. ТО бок у кнізе ім выступае Правадыр, у фільме яго няма ўвогуле[40]. Гэта пацьвердзіў і Чак Паланік, сказаўшы:

« Упершыню я пачуў гэту гісторыю пасьля посьпеху фільму з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі. Фільм, як прызнаўся мне Кізі, ён не любіў.
Арыгінальны тэкст  (анг.)
The first time I heard this story, it was through the movie starring Jack Nicholson. A movie that Kesey once told me he disliked.
»

Пасьля пісьменьнік прызнава��ся, што ніколі не глядзеў фільм і сваё меркаваньне пра яго склаў выключна на тым, што чуў ад знаёмых[40]. Характэрна, што на цырымоніі ўручэньня прэміі Оскар Мілаш Форман не сказаў аніякіх словаў падзякі на адрас Кена Кізі[41]. Да канца жыцьця Кізі пагарджаў экранізацыяй свайго твора і ніколі больш ня меў зносінаў з чальцамі здымачнай групы[42].

Карціна ёсьць у першую чаргу бэнэфісам актораў і іхнай гульні, якая заслужана атрымала найвышэйшыя адзнакі крытыкаў. Перш за ўсё, варта адзначыць выканальніцкае майстэрства актораў, якія згулялі галоўныя ролі. Вінцэнт Кэнбі назваў выступ Джэка Нікалсана «бліскучым», адзначыўшы, што актор пры гэтым зусім ня цягне на сябе коўдру, даючы калегам на сцэне магчымасьць праявіць сябе. Олівэр Паркер адазваўся пра пэрсанажа Нікалсана як пра аднаго зь лепшых «рэальных» герояў за ўсю гісторыю кінэматографа, параўнаўшы яго з Марлонам Брандо з «Трамвая „Жаданьне“»[43].

Адкрыцьцём для кінааглядальнікаў стала праца Луізы Флэтчэр, якая ўдыхнула ў пэрсанажа кнігі Кена Кізі новае жыцьцё[33]. Палін Кейл з штотыднёвіка New Yorker напісала, што Флэтчэр дэманструе сапраўдную майстар-клясу акторскае гульні. Мэдычная сястра Рэтчэд ў ейным выкананьні выглядае абсалютна праўдападобнай ў сваім жаданьні дапамагчы пацыентам. Шчыра мяркуючы, што ейная сацыяльная тэрапія дапамагае пацыентам акрыяць, Рэтчэд адначасова зьнішчае ў іх рэшткі чалавечае годнасьці[33]. Экранны вобраз ёсьць тварам інжэню без узросту, як то халодная ўсьмешка і капялюшык, які насілі сёстры ў войску, — падкрэсьлівае беспэрспэктыўнасьць спробы супраціўленьня[22]. Згодна зь сьпісам AFI, гераіня Флэтчэр займае пятае месца сярод самых вядомых злачынцаў сусьветнага кінаэкрану ўсіх часоў.


« Яна жудасная, але ня ёсьць пачварай. Агідная, але ня ёсьць гратэскавай. Узорны грамадзянін, які зьнішчальна добра выконвае абавязкі. Асьлеплая ў сваім гневе і любові да ўлады, яна выціскае з пацыентаў апошнія рэшткі чалавечнасьці з жахлівай усьмешкай на твары.
Арыгінальны тэкст  (анг.)
to be monstrous but not a monster, hateful but not grotesque, the very model of the good citizen doing the job, disastrously… [She is] blind to her own anger and love of power, squelching her patient's manhood with the blandest of smiles.
»

Другасныя пэрсанажы ня ў меншай ступені спрыялі посьпеху[14]. Вінцэнт Ск’явэльлі, Ўіл Сэмпсан, Сыдні Лэсык і іншыя вельмі пераканаўча ўвасобілі рэжысэрскую задуму. Крытыкі асабліва адзначылі ўнёсак маладога дэбютанта Брэда Дорыфа. Абгостраная і ўразьлівая эмацыйнасьць ягонага пэрсанажу, асабліва ў фінальнай сцэне, вельмі ўпрыгожыла карціну. Увасабленьне вар’ятаў, што ёсьць заўсёды вельмі складанай артыстычнай задачай, тут магло б вельмі лёгка скаціцца ў плюгкасьць[33]. Між тым, выканаўцы здолелі ня толькі згуляць з пачуцьцём меры і з густам, але і перадаць розныя адценьні мэнтальных разладаў і непадобныя характары. Форман шмат у чым даверыўся імправізацыі, вольнай мове жэстаў і багатай міміцы актораў[19][34]. Рэалізму карціне дадалі здымкі ў сапраўднай псыхіятрычнай лякарні і ўдзел сапраўдных ейных пацыентаў. Вельмі выразная ў гэтым сэнсе сцэна чаканьня перад электрашокавай тэрапіяй. У ёй толькі Нікалсан, Сэмпсан і Лэсык ёсьць сапраўднымі акторамі, астатнія ж хворыя ў кадры ёсьць сапраўднымі[20].

Прызнаньне і значэньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Карціна «Палёт над гняздом зязюлі» стала адной з важнейшых падзеяў у гісторыі амэрыканскага кіно 1970-х гадоў. Акрамя багатага ўраджаю кінапрэміяў яна была таксама вельмі пасьпяховая ў фінансавым пляне, сабраўшы больш за $100 млн толькі ў пракаце ўнутры ЗША і заняўшы трэцяе месца ў гадавым пракаце. Тым самым фільм наблізіўся паводле касавых паказчыкаў да лідараў забаўляльнага кіно таго часу, як то трылера «Сківіцы» і містычнай драмы «Экзарцыст». У сусьветным пракаце, згодна зь некаторымі ацэнкамі, зборы склалі каля $300 млн[21].

Стаўшы галоўнай падзеяй кінэматаграфічнай восені 1975 году, фільм атрымаў добрае асьвятленьне ў прэсе і вельмі спрыяльныя водгукі крытыкі. Пасьля таго, як у студзені 1976 году «Палёт над гняздом зязюлі» здабыў вялікую пяцёрку Залатога Глёбусу, ён стаў фаварытам і ў гонцы за Оскарамі. Галоўнымі канкурэнтамі лічыліся «Бары Ліндан» і «Сабачы поўдзень», але падчас 48-й цырымоніі ўручэньня залатых статуэтак фільм Формана другі раз у гісторыі заваяваў пяцёрку найбольш значных Оскараў. На цырымонію адпусьцілі сыноў Формана, якіх ён ня бачыў з часу ад’езду з Чэхаславаччыны[20].

Практычна для ўсёй каманды, якая працавала над фільмам, ён стаў найважнейшым дасягненьнем у кар’еры. Джэк Нікалсан пасьля чатырох намінацыяў, нарэшце, атрымаў свой першы Оскар. Для многіх вядучых актораў Галіўуда, як то Дэні Дэвіта, Вінцэнта Ск’явэльлі, Брэда Дорыфа і Крыстафэра Лойда, карціна сталася дэбютнай. Для Луізы Флэтчэр гэтая роля засталася фактычна адзінай зорнай на творчым шляху, і гэта была ейная адзіная намінацыя на Оскар[18].

Фільм зрабіў значны ўплыў як на кінэматограф, гэтак і на многіх дзеячаў кіно. Олівэр Паркер успамінаў, што паводле гэтага фільму ён навучаўся здымаць[43]. Георгі Данэлія ўзгадваў пра тое, што фільм ёсьць ягоным улюбёным у Формана, падкрэсьліваючы, што гэта менавіта ўсходнеэўрапейская, а не амэрыканская карціна[44]. Форманавы твор шматразова цытаваўся і ўзгадваўся, то бок дасьледніца Тына Батлер нават напісала, што ў кожным фільме пра псыхічнахворых людзей ёсьць свая сястра Рэтчэд і свой Макмэрфі[28]. Дасьледнікі выявілі значны ўплыў, выраблены карцінай на такія стужкі, як то «Навостранае лязо» і «Абуджэньне»[36]. Вядомы баскетбаліст NBA Робэрт Пэрыш у памяць аб пэрсанажы карціны атрымаў мянушку «Правадыр»[21].

Адлюстраваньне псыхіятрычных лякарняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэма ўвасабленьня псыхічнахворых мае даўнія традыцыі ў амэрыканскім кінэматографе. Фільм Формана ня быў першым, які здымаўся ў рэальный шпіталі. Карціна «Зьмяіная яма» (1948), якая заклала традыцыі ў зададзенай тэме, была зьнятая ў адной з каліфарнійскіх лякарняў[45].

Пол Мазурскі ў цэлым шэрагу сваіх карцінаў зьняў сапраўдных дактароў-псыхіятраў[46]. Шмат агульнага ў «Палёту над гняздом зязюлі» зь фільмам «Чыстае вар’яцтва» (1966), у якім свабодалюбнаму галоўнаму герою, якім ёсьць паэт і дон-жуан, прапісваюць лабатамію, нібыта з найлепшых памкненьняў[47]. Цэлы шэраг падобных кінастужак выпрацаваў устойлівы стэрэатып у сьвядомасьці гледача пра псыхіятрычную лякарню як пра дом смутку і пра хворых, як сацыяльна небясьпечных стварэньняў, якія маюць патрэбу ў прымусовым утрыманьні пад вартай[48][49]. Карціна Формана заняла асаблівае месца, бо трапіла ў шырокі пракат і яе ўбачылі мільёны гледачоў. Нават не зважаючы на тое, што на ​​ладную долю гумару ў выяўленьні тэмы і цалкам выдуманы сюжэт, яна падверглася масавай крытыцы[28].

«Палёт над гняздом зязюлі» ў значнай ступені дэманізуе псыхіятрычныя лякарні[21][47]. Аддзяленьне шпіталю малюецца часткаю антыўтапічнага сьвету. Сацыяльная тэрапія выглядае садысцкім зьдзекам, а сэансы сумеснага абмеркаваньня праблемаў хворых бесцырымонна пасягаюць на асабістае жыцьцё. Агульная палата, падзеленая на дзённае і начное аддзяленьні, прывязваньне хворых да ложкаў на ноч, сумеснае знаходжаньне ў адным аддзяленьні лёгка- і цяжкахворых. Нават музыка становіцца элемэнтам гвалту. Псыхіятрычная клініка ў фільме, як падкрэсьлівае дасьледніца Тына Батлер, паказваецца як ўстанова, дзе ня могуць вылекаваць хворых, але ў той жа час абмяжоўваюць іхную волю[28].

Асаблівую ўвагу заслужылі сцэны мэдычных працэдураў, якія падаюцца гледачу карціны як катаваньні пацыентаў[47]. Гэтак таксама ў фільме «Зьмяіная яма» жанчыну, якая трапіла «з волі» ў клініку, караюць шокавай тэрапіяй[45]. Працягваючы тэму кінастужкі, у фільме «Прага сьмерці 2» электрашокавая тэрапія ўвасабляецца так, нібыта гэта ёсьць пакараньнем за іншадумства[46].

Фільм, на думку адмыслоўваў, вярнуў гледача з 1970-х у 1940-я гады. На самой справе яшчэ ў 1960-я гады ў амэрыканскіх клініках пачаліся працэсы дэінстытуцыяналізацыі і поўнае зьмены падыходу да лячэньня псыхічнахворых. Электрашок і лабатамія дастаткова масава ўжываліся ў 1930—1950-я гады, але былі выключаныя з паўсюднай практыкі псыхіятрычных лякарняў ЗША яшчэ ў 1950-х гадах. Доктар Брукс успамінаў, што ў Арэгонскім шпіталі, дзе праходзілі здымкі фільму Формана, лабатамія ў апошні раз праводзілася ў 1958 годзе[27]. Нават калі ў выключных выпадках электрашокавая тэрапія была паказаная пацыентам, яна ўжывалася пад наркозам і з выкарыстаньнем спэцыяльных расслабляльных прэпаратаў[50][51].

Карціна ўспрымалася многімі спэцыялістамі ў сфэры псыхіятрыі рэзка адмоўна. Калега Дына Брукса, зь якім ён працаваў у Арэгонскім шпіталі, доктар Джонас Робічэр, выказаўся пра тое, што адмыслоўцам прыходзіцца разглядаць фільм як нападкі на дзяржаўную сыстэму лячэньня псыхічнахворых[50]. Доктар Мартын Андэрсан у артыкуле выказваецца, што многія фільмы, поруч з «Палёт над гняздом зязюлі», ствараюць негатыўна афарбаваны міт аб сыстэме лячэньня. Асноўная праблема ў тым, што вельмі эмацыйны і прыватны пункт гледжаньня пачынае фармаваць грамадзкую думку на гэтае пытаньне[52]. Доктар Брукс, аднак, палемізуючы з калегамі, казаў пра тое, што фільм ёсьць перш за ўсё прыдумкай і ня варта яго ўспрымаць настолькі сур’ёзна[50].

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Узнагарода Атрымальнік
1976 Перамога: прэмія «Оскар»
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флэтчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Майкл Дуглас, Саўл Зэйнц
Найлепшы адаптаваны сцэнар Лоўрэнс Гобэн, Бо Голдман
Намінацыя:
Найлепшая мужчынская роля другога пляну Брэд Дорыф
Найлепшая музыка Джэк Ніцшэ
Найлепшы мантаж Шэлдан Кан, Лінзі Клінгман
Найлепшая апэратарская праца Гаскел Ўэксьлер, Біл Батлер
1976 Перамога: прэмія BAFTA
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флэтчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Мілаш Форман
Найлепшы мантаж Шэлдан Кан, Лінзі Клінгман
Найлепшая мужчынская роля другога пляну Брэд Дорыф
Намінацыя:
Найлепшы адаптаваны сцэнар Лоўрэнс Гобэн, Бо Голдман
Найлепшая апэратарская праца Гаскел Ўэксьлер, Біл Батлер
Найлепшая музыка Джэк Ніцшэ
Найлепшы гук
Узнагарода Атрымальнік
1976 Перамога: прэмія «Залаты Глёбус»
Найлепшая мужчынская роля Джэк Нікалсан
Найлепшая жаночая роля Луіза Флэтчэр
Найлепшая рэжысура Мілаш Форман
Найлепшы фільм Мілаш Форман
Найлепшы адаптаваны сцэнар Лоўрэнс Гобэн, Бо Голдман
Найлепшы дэбют у мужчынскай ролі Брэд Дорыф
1976 Перамога: прэмія «Бодыль»
Найлепшы неэўрапейскі фільм
1976 Намінацыя: прэмія «Сэзар»
Найлепшы замежны фільм Мілаш Форман
1977 Намінацыя: «Грэмі»
Найлепшы альбом на грунце саўндтрэку да фільма Джэк Ніцшэ
1976 Перамога: «Срэбная стужка» — італьянскі сындыкат кінажурналістаў
Найлепшы рэжысэр замежнага фільма Мілаш Форман
1975 Перамога: прэмія Нацыянальная рада кінакрытыкаў ЗША
Найлепшы актор Джэк Нікалсін
1976 Перамога: гільдыя кінасцэнарыстаў ЗША
Найлепшая драма паводле адаптаванага сцэнару
1976 Перамога: прэмія «Давід дзі Данатэльлё»
Найлепшы рэжысэр замежнага фільма Мілаш Форман
Найлепшы актор замежнага фільма Джэк Нікалсан
1977 Перамога: прэмія «Выбар народу»
Найлепшы фільм Мілаш Форман

Інфармацыя зьвязаная з прэміямі і намінацыямі пададзеная ў адпаведнасьці зь зьвесткамі сайта imdb.com[53].

Адрозьненьні паміж фільмам і кнігай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фільм Мілаша Формана кардынальна адрозьніваецца ад рамана Кена Кізі[54]. Канфлікт паміж стваральнікамі карціны і аўтарам раману, які скончыўся ўзаемнымі нападкамі і судовым працэсам, ініцыяваным Кізі, прыцягнуў увагу крытыкаў і журналістаў. Неадназначнае рэжысэрскае тлумачэньне ідэяў пісьменьніка атрымала падрабязнае асьвятленьне. Прычыны палягалі ня толькі ў тым, што сцэнар вымушана не адлюстроўваў усе дэталі кніжнага сюжэту ў сувязі зь неабходнасьцю зьмясьціць зьмест у абмежаваны кінэматаграфічны фармат[25]. Розны час стварэньня кнігі і сцэнару і прынцыпова рознае сьветаадчуваньне мастакоў прывялі да такога выніку[32].


« Фільм Формана ёсьць выдатнай зьявай, і ён застанецца зьзяць ў стагодзьдзях, але ў найвышэйшым сэнсе карціна не дацягвае да палкасьці, глыбіні і спасьціжэньня кнігі. Раман Кізі быў прапушчаны скрозь паранаідальную сьвядомасьць апавядальніка, якім быў Правадыр. Абраўшы стыль камічнага рэалізму, Форман страціў непаўторнае адценьне кашмару, які ператварае кнігу ў выкручаную алегорыю хворай рэальнасьці.
Арыгінальны тэкст  (анг.)
The result is well-made film that flares at times into incandescence but lucks ultimately the novel’s passion, insight and complexity… Kesey's novell was filtered through the paranoid consciousness of his Indian narrator, Chief Bromden. By opting for a style of comic realism Forman loses much of the nightmare quality that made the book a capsized allegory of an increasingly mad reality.
»

Крытыкіня Салі Гоксфард адзначыла, што ідэі, закладзеныя ў кнізе, ёсьць не сумяшчальнымі з чыста камэдыйным падыходам, абраным Форманам[42]. У карціне няма і ўласьцівай кнізе значнай долі сымбалізму, які робіць намінку на трагічнае заканчэньне. У кнізе Макмэрфі ў чаканьні электрашокавай тэрапіі кажа: «А цярновы вянок дадуць?» У карціне гэтая рэпліка адсутнічае[32][55]. Кінэматаграфічнае трактаваньне ключавых эпізодаў апавяданьня моцна адрозьніваецца ад кніжнай. Паказальна, што ў рамане выправа па рыбу ёсьць старанна сплянаваная і дазволеная адміністрацыяй падзея, то бок Макмэрфі давялося прайсьці празь бюракратычныя інстанцыі шпіталя. У фільме ж гэтая падзея ёсьць самавольнай адлучкай пацыентаў і выглядае як самачыннае рашэньне[25].

Акрыяньне і вызваленьне, якія прыносіць Макмэрфі пацыентам аддзяленьня, ня ёсьць такімі відавочнымі, як гэта зроблена ў кнізе. На заканчэньні раману большасьць хворых пакідае аддзяленьне, тады як у фільме гэта робіць толькі Правадыр. Крытык Барбара Лупак угледзела тут аналёгію з падыходам, які вызнаваў Майк Нікалз ў карціне «Выкрут-22». Гэтак жа, як і Макмэрфі, капітан ��сарыян не прыносіць вызваленьня астатнім героям. Пазытыўнае сканчэньне раману Кізі была характэрнай у ідэалістычных 1960-х гадах, тады як у 1970-х гадах «пэсымізм» Формана выглядае больш натуральным[25].

У ліку асноўных адрозьненьняў называлася зьмена апавядальніка, Правадыра, якая пацягнула за сабой зьмену галоўнага герою[56]. У аснове кнігі палягае супрацьстаяньне мужчынскага і жаночага пачатку. Мэдычная сястра Рэтчэд у ёй выступае як вялікае пустое спараджэньне сыстэмы з гіпэртрафіраванымі жаночымі плоцевымі прыкметамі[22]. У фільме гэтае сутыкненьне спрашчаецца да мэлядрамы. У фільме герой ужо супрацьстаіць істэблішмэнту[32]. Канфлікт становіцца больш зямным і не нясе настолькі яскрава выяўленага абсурдна-шызафрэнічнага пачатку, характэрнага кнізе. Чытач адчувае ірацыянальны страх здаровага чалавека, які апынуўся сярод псыхічнахворых, які ня можа даказаць сваю нармальную сьвядомасьць. У фільме ж псыхіятрычная лякарня становіцца мэтафарычнай выявай грамадзтва[28][32].

Лічбавыя выданьні і саўндтрэк

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • DVD-дыск выданьня Warner Brothers (2002) — 2 дыскі
  • Anamorphic widescreen 1,85:1
  • Dolby Digital 5.1 (англельская дарожка)

Першае выданьне фільму на лазэрным дыску, выпушчанае ў 1997 годзе, было раскрытыкаванае за дрэнную якасьць карцінкі. Тады ж, у 1997 годзе, кампанія Warner Brothers выпусьціла DVD-дыск, які зьмяшчаў сам фільм, аднак без дадатковых матэрыялаў з лазэрнага дыску. Двухдыскавае выданьне з дадатковымі матэрыяламі працягласьцю 87 хвілінаў пабачыла сьвет у 2002 годзе. Яно ўлучала дакумэнтальны фільм «Completely Cuckoo» і падборку з васьмі сцэнаў, якія не ўвайшлі ў канчатковую рэдакцыю, агульнай працягласьцю 13 хвілінаў[34].

З матэрыялу, які не ўвайшоў у фінальны варыянт, можна адзначыць сцэну, у якой Макмэрфі зьяўляецца ў сталоўні у адных майтках. Гэтая сцэна была адной з цэнтральных у брадўэйскае пастаноўцы, дзе галоўную ролю выконваў яшчэ Кэрк Дуглас. Але Форман ўсё ж вырашыў не ўключаць яе ў сваю карціну. Дакумэнтальны фільм апавядае пра гісторыю стварэньня стужкі і зьмяшчае інтэрвію з стваральнікамі і акторамі. На жаль, у вытворчасьці гэтага фільмк ня браў удзелу Джэк Нікалсан, і, такім чынам, ягонае меркаваньне пра падзеі і здымкі можна пачуць толькі са словаў іншых стваральнікаў карціны. Зь недахопаў DVD-выданьня крытыкі адзначылі адсутнасьць арыгінальнай гукавой монадарожкі[39].

Blu-Ray-выданьне (1080p/VC-1) было выпушчанае ў 2008 годзе. На думку спэцыялістаў рэсурсу highdefdigest.com, падзенае выданьне можна разглядаць як прыклад добрага пераносу кінаматэрыялу 1970-х гадоў у сучасны лічбавы фармат[39].

У 1975 годзе быў выпушчаны LP-дыск з саўндтрэкам да фільму, і ў 1996 годзе выйшаў аўдыё-CD з 12 кампазыцыямі, якія прайшлі рэмастэрынг. Крытык рэсурсу AllMusic Стывэн Макдональд адзначыў, што музычнае суправаджэньне, створанае Джэкам Ніцшэ, адрозьнівае дакладную адпаведнасьць сэнсу таму, што адбываецца на экране. Фільм дасьледуе памежны стан герояў, і менавіта гэтак і падабраная музыка. Часам гукавое суправаджэньне нібы «зьнікае», і глядач карціны перастае яго заўважаць. Пры гэтым у фінальнай сцэне вызваленьня Правадыра музыка зноўку дае пра сябе ведаць[57][58].

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
  2. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  3. ^ IMDb (анг.) — 1990.
  4. ^ а б в Box Office Mojo (анг.) — 1999.
  5. ^ Лепшыя фільмы на filmsite.org
  6. ^ «Encyclopedia of American Cinema for Smartphones and Mobile Devices»(недаступная спасылка).
  7. ^ «The Last Golden Age of American Cinema (the American "New Wave")». filmsite.org.
  8. ^ Marie Brenner Flying High (eng) // Texas Monthly. — 1976. — Т. 4. — № 1. — P. 32. — ISSN 0148-7736
  9. ^ а б в г Dennis McDougal Five easy decades: how Jack Nicholson became the biggest movie star in modern times. — John Wiley and Sons, 2008. — P. 484. — ISBN 0471722464
  10. ^ а б A.D. Murphy. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). variety (Nov. 18, 1975).
  11. ^ Almar Haflidason. One Flew over the Cuckoo's Nest SE DVD
  12. ^ Dale Wasserman. Playwright who adapted 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' for the stage (англ.). The Independent (7 January 2009).
  13. ^ а б в Glenn Heath Jr. One Flew over the Cuckoo's Nest / Saul Zaentz Company, history of film
  14. ^ а б в г д Chris Nashawaty Oscar Goes Cuckoo (англ.) // Entertainment Weekly. — Feb 23, 2001. — P. 78
  15. ^ Which one of you nuts has got any guts?
  16. ^ Paul Tatara. The Stunt Man (eng). tcm.com
  17. ^ Paul Hupfield. Interview with Richard Rush (eng). biggerboat-filmquiz.co.uk.
  18. ^ а б в г James Berardinelli. One Flew over the Cuckoo's Nest / Saul Zaentz Company, history of film (англ.) reelviews.net
  19. ^ а б в г д John Nesbit. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' Old school review (англ.)
  20. ^ а б в г д е ё ж з і One Flew Over the Cuckoo’s Nest / дадатковыя матэрыялы да DVD-выдання
  21. ^ а б в г д е Tim Dirks. One Flew Over The Cuckoo's Nest (1975) (англ.). filmsite.org
  22. ^ а б в Aljean Harmetz. The Nurse Who Rules The 'Cuckoo's Nest' (англ.). New York Times
  23. ^ а б Greg Orypeck. One Flew Over the Cuckoo’s Nest (1975) (англ.). classicfilmfreak.com (September 9, 2010)
  24. ^ Лютова С.Н. Над гнездом кукушки... Путь мужчины (рус.)
  25. ^ а б в г Barbara Tepa Lupack Take two: adapting the contemporary American novel to film. — Popular Press, 1994. — P. 191. — ISBN 0879726423
  26. ^ Kirk Douglas bio (англ.) (March 7, 2010).
  27. ^ а б в г Richard Levine A Real Mental Ward becomes A Movie 'Cuckoo's Nest' (англ.). New York Times (Apr 13, 1975).
  28. ^ а б в г д е ё ж з Tina Butler. The Methods of Madness (англ.). mongabay.com (May 6, 2005)
  29. ^ а б Роджэр Эбэрт. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). Chicago Sun-Times (Feb 2, 2003)
  30. ^ а б в Сяргей Кудраўцаў. Рэцэнзія на фільм (рус.). kinopoisk.ru
  31. ^ Роджэр Эбэрт. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). Chicago Sun-Times (Jan 1, 1975)
  32. ^ а б в г д Pauline Kael. One Flew Over The Cuckoo's Nest from abbreviated review in 5001 Nights (англ.). Henry Holt (1991)
  33. ^ а б в г д Вінцэнт Кэнбі. One Flew Over the Cuckoo's Nest (англ.). New York Times (Nov 20, 1975)
  34. ^ а б в г д е Glenn Heath Jr. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). Slant Magazine (September 21, 2010)
  35. ^ Doc JTR. 'One Flew Over the Cuckoo's Nest' review (англ.). efilmcritic (9-May-2003)
  36. ^ а б в Walter Metz Engaging film criticism: film history and contemporary American cinema. — Peter Lang, 2004. — Т. 2. — 226 p. — ISBN 0820474037
  37. ^ а б Ian Bialostocki Forman's Cuckoo's Nest, Its Composition and Symbolism (англ.) // Artibus et Historiae. — 1981. — Т. 2. — № 3.
  38. ^ Bill Chambers. One Flew over the Cuckoo's Nest (англ.). filmfreakcentral.net (Dec 7, 2010)
  39. ^ а б в M. Enois Duarte. One Flew Over the Cuckoo's Nest: 35th Anniversary Ultimate Collector's Edition (англ.). bluray.highdefdigest.com (Sep 15, 2010)
  40. ^ а б Paul R. Betz, Mark Christopher Carnes American National Biography / Mark Christopher Carnes. — Oxford University Press, 2005. — Vol. 2. — 848 p. — ISBN 0195222024
  41. ^ Paul Hanson Kesey Agonistes: Did Hollywood Cuckoo's Ken (eng) // Mother Jones. — 1976. — Т. 1. — № 7. — P. 60. — ISSN 0362-8841
  42. ^ а б Салі Гоксфард. One Flew Over the Cuckoo's Nest by Ken Kesey/Milos Forman (англ.) (лістапад 2005 г.)
  43. ^ а б Sarah Donaldson. Oliver Parker on Milos Forman's One Flew Over the Cuckoo's Nest. (англ.). The Daily Telegraph (31 Aug 2002)
  44. ^ Кинематограф Восточной Европы — прощание с прошлым (рус.) // Киноведческие записки. — 2005. — № 71
  45. ^ а б Camarillo State mental hospital. 1936—1937 (англ.)
  46. ^ а б By Glen O. Gabbard, Krin Gabbard Psychiatry and the cinema (англ.)
  47. ^ а б в Glen O. Gabbard, Krin Gabbard Psychiatry and the cinema. — American Psychiatric Pub, 1999. — Т. 2. — 408 с. — ISBN 9780880489645
  48. ^ Ty Burr, Mary Feeney and Wesley Morris. Cuckoo's nests (англ.). The Boston Globe (Feb 14, 2010)
  49. ^ Michael Fleming, Roger Manvell «Through a lens, darkly.» (mental illness and psychiatry in motion pictures) (англ.) // Psychology Today. — 1987. — Vol. 21. — P. 26.
  50. ^ а б в Barbara Armstrong. Dean Brooks superintendant and actor, Talks about cuckoo’s nest (англ.). Oregon State hospital (Nov-1975)
  51. ^ Regulation of electroconvulsive therapy. — Michigan Law Review, 1976. — Vol. 3. — P. 363—385. — ISBN 5-09-002630-0
  52. ^ Anderson P. 'One flew over the psychiatric unit': mental illness and the media. // Journal of Psychiatric and Mental Health Nursing. — 2003. — В. 10. — P. 297—306.
  53. ^ "One Flew Over The Cuckoo's Nest" awards. (англ.)
  54. ^ Sparknotes 101 literature. — Spark Educational Publishing, 2004. — P. 960. — ISBN 1411400267
  55. ^ Кен Кізі Пралятаючы па-над гняздом зязюлі ў перакладзе. У.Голышава (рус.)
  56. ^ William Lawlor Beat culture: lifestyles, icons, and impact. — ABC-CLIO, 2005. — P. 392. — ISBN 1851094008
  57. ^ Steven McDonald. One Flew Over the Cuckoo's Nest (Original Soundtrack) (англ.). allmusic
  58. ^ Stuart Fernie. Reflections on "One Flew Over The Cuckoo's Nest" (англ.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]