Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь
Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь | |
Абрэвіятура | МУС Беларусі |
---|---|
Дата ўтварэньня | 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Мэта | забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі |
Штаб-кватэра | Менск, вул. Гарадзкі вал, д. 2 |
Міністар | Іван Кубракоў |
Першы намесьнік міністра — начальнік крымінальнай міліцыі | Генадзь Казакевіч |
Намесьнік міністра — начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі | Аляксандар Барсукоў(ru) |
Намесьнік міністра — камандуючы ўнутранымі войскамі | Юры Назаранка[1] |
Кіроўны орган | Калегія |
Бюджэт | 952,9 млрд рублёў[2] (2009; 339,9 млн $[3]) |
Сайт | mvd.gov.by |
Міністэ́рства ўну́траных спра́ваў Рэспу́блікі Белару́сь — ведамства ўраду Беларусі, упаўнаважанае ажыцьцяўляць змаганьне супраць злачыннасьці, ахову грамадзкага парадку й забесьпячэньне грамадзкай бясьпекі. Міністар унутраных справаў ды яго намесьнікі прызначаюцца й здымаюцца з пасадаў прэзыдэнтам. З 2020 году пасаду міністра займае Іван Кубракоў.
Прэзыдэнтам таксама ўхваляецца склад калегіі міністэрства з удзелам міністра, ягоных 5 намесьнікаў[4] ды начальнікаў дэпартамэнтаў МУС, а таксама намесьніка дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Пасяджэньні калегіі праводзяцца прынамсі раз у тры месяцы ды зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці дзьвюх трацінаў чальцоў. Рашэньні ўхваляюцца простаю большасьцю галасоў ды ажыцьцяўляюцца загадамі й пастановамі міністэрства.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цэнтральны апарат — 4 дэпартамэнты, 11 галоўных управаў, 11 управаў і адзін аддзел[5];
- 7 управаў выканаўчых камітэтаў вобласьцяў ды Менска;
- Установы забесьпячэньня — аўтагаспадарка, рэдакцыя, друкарня, лякарня, паліклініка, санаторый, праектная ўстанова;
- Навучальныя ўстановы — акадэмія, Магілёўскі вышэйшы каледж, Цэнтар падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ЦППКПК), двое ясьляў-садкоў.
Задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- распрацоўка ды ажыцьцяўленьне абароны зацікаўленасьцяў дзяржавы ад злачынных замахаў, а таксама ахова грамадзкага парадку й забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі;
- наладжаньне ды ажыцьцяўленьне абароны жыцьця, здароўя, гонару, годнасьці, правоў, свабодаў і законных зацікаўленасьцяў грамадзянаў, забесьпячэньня іх асабістай і маёмаснай бясьпекі, а таксама абарона правоў і законных зацікаўленасьцяў юрыдычных ��собаў;
- кіраваньне й забесьпячэньне законнасьці ў дзейнасьці падпарадкаваных установаў;
- наладжаньне ды ажыцьцяўленьне папярэджаньня, выяўленьня ды спыненьня злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэньняў, а таксама расьсьледаваньня крымінальных справаў ды вядзеньня адміністрацыйных;
- наладжаньне ды ажыцьцяўленьне вышуку злачынцаў, правапарушальнікаў, падазраваных, абвінавачаных ды зьніклых асобаў;
- наладжаньне выкананьня ды адбыцьця пакараньня, а таксама спагнаньняў;
- упарадкаваньне грамадзянства, перасяленьня ды ахоўнай дзейнасьці;
- наладжаньне ідэалягічнага ўзьдзеяньня на супрацоўнікаў падпарадкаваных установаў;
- умацаваньне забясьпечанасьці падпарадкаваных установаў;
- забесьпячэньне прававой абароны ды падтрымкі дзейных і звольненых супрацоўнікаў, а таксама іх сем’яў.
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- падача ў іншыя дзяржаўныя ўстановы прапановаў па захадах па змаганьні супраць злачыннасьці, ахове грамадзкага парадка ды забесьпячэньні грамадзкае бясьпекі;
- нагляд за дзейнасьцю падпарадкаваных установаў;
- абагульненьне ўжыцьця заканадаўства аб змаганьні супраць злачыннасьці, ахове грамадзкага парадка ды забесьпячэньні грамадзкае бясьпекі;
- ухваленьне ды нагляд за выкананьнем ведамасных пастановаў, а таксама ўдзел у распрацоўцы законаў;
- узгадненьне дзейнасьці іншых ведамстваў ураду ў галіне змаганьня супраць злачыннасьці, аховы грамадзкага парадка ды забесьпячэньня грамадзкае бясьпекі;
- наладжаньне ўзаемадзеяньня падпарадкаваных установаў з грамадзянамі ды юрыдычнымі асобамі;
- наладжаньне ды ажыцьцяўленьне вышуку злачынцаў, правапарушальнікаў, падазраваных, абвінавачаных ды зьніклых асобаў, папярэдняга сьледзтва й дазнаньня па крымінальных справах, а таксама вядзеньня адміністрацыйнага працэсу;
- наладжаньне правядзеньня дасьледаваньняў ды ацэнак рэчываў, крымінальных справаў ды справаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях;
- забесьпячэньне ўтварэньня й вядзеньня збораў даведак, прафіляктычнага, апэратыўнага ды крыміналістычнага ўлікаў, а таксама адзінага збору дадзеных аб правапарушэньнях;
- забесьпячэньне правядзеньня падпарадкаванымі ўстановамі дактыляскапічнага ўліку;
- кіраваньне сіламі й сродкамі падпарадкаваных установаў пры правядзеньні агульнадзяржаўных ды абласных захадаў па ахове грамадзкага парадку ды забесьпячэньні грамадзкае бясьпекі;
- наладжаньне ды ажыцьцяўленьне змаганьня супраць тэрарызму, арганізаванай злачыннасьці й хабарніцтва, а таксама супрацьдзеяньня экстрэмізму ды гандлю людзьмі;
- забесьпячэньне абароны судзьдзяў, службоўцаў праваахоўных ды кантрольных органаў, а таксама іх сваякоў, як і бясьпекі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, паспрыяўшых сьледзтву й вышуку асобаў, а таксама іх сваякоў ды маёмасьці ад злачынных замахаў;
- распрацоўка ды ажыцьцяўленьне захадаў па ўпарадкаваньні грамадзянства, перасяленьня ды ахоўнай дзейнасьці;
- наладжаньне й ажыцьцяўленьне нагляду за выкананьнем правілаў адкрыцьця й працы падведамасных месцаў, абаротам зброі, баепрыпасаў, наркотыкаў ды псыхатропных рэчываў, а таксама за выкананьнем правілаў ды забесьпячэньнем бясьпекі дарожнага руху, улікам транспартных сродкаў ды выдачаю пасьведчаньняў кіроўцы;
- наладжаньне выкананьня ды адбыцьця пакараньня, трыманьня пад вартаю ды памілаваньня;
- ліцэнзаваньне;
- удзел у заключэньні міжведамасных міжнародных дамоваў;
- удзел у забесьпячэньні выкананьня вайсковага абавязку;
- наладжаньне правядзеньня ў падпарадкаваных установах захадаў па забесьпячэньні парадкаў надзвычайнага й ваеннага становішчаў;
- наладжаньне й забесьпячэньне ўласнай бясьпекі;
- парадкаваньне падведамаснай адукацыі;
- ажыцьцяўленьне захадаў па папярэджаньні правапарушэньняў у падпарадкаваных установах;
- забесьпячэньне прававой абароны ды падтрымкі дзейных і былых супрацоўнікаў, а таксама іх сем’яў;
- наладжаньне й нагляд за мерапрыемствамі па папярэджаньні хваробаў ды лячэньні супрацоўнікаў ды іх сем’яў, а таксама санітарны нагляд у падпарадкаваных установах;
- распрацоўка й вынясеньне на разгляд прэзыдэнту нормаў ды парадкаў забесьпячэньня падпарадкаваных установаў[6].
Служба
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пасады шараговых супрацоўнікаў ды малодшых начальнікаў наймаюцца поўнагадовыя грамадзяне ва ўзросьце да 25 год зь сярэдняй адукацыяй, на пасады начальнікаў сярэдняга й старшага ўзроўню — да 30 год зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй. Прызначэньне на пасады вышэйшых начальнікаў ажыцьцяўляецца прэзыдэнтам. На службу не прымаюцца грамадзяне, якія:
- зьдзейсьнілі злачынства;
- зьяўляюцца абмежавана дзеяздольнымі паводле набыўшай сілу пастановы суда;
- адмаўляюцца ад праходжаньня афармленьня допуску да дзяржаўных таямніцаў;
- адмаўляюцца падаваць заявы аб даходах і маёмасьці сваёй сям’і;
- маюць пацьверджаныя ў мэдычных установах хваробы, што замінаюць выкананьню службовых абавязкаў.
Супрацоўнікам у званьні ад шарагоўца да падпалкоўніка дазваляецца заставацца на службе да дасягненьня ўзросту ў 45 год, у званьні палкоўніка — да 50 год, генэрал-маёра ды генэрал-лейтэнанта — да 55 год, генэрал-палкоўніка — да 60 год. Застацца на службе звыш гранічнага ўзросту ў званьні да падпалкоўніка дазваляецца рашэньнямі калегіі міністэрства, а вайскоўцам у званьні палкоўніка й вышэй — рашэньнем прэзыдэнта[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці 27 ліпеня 1991 году МУС больш як 15 год працягваў кіравацца Законам БССР аб міліцыі ад 26 лютага 1991 году. 17 ліпеня 2007 году яго замяніў Закон аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь[8]. Паводле Артыкулаў 29 і 30 новага закону прэзыдэнт надзяляўся правам вызначаць «іншыя», не згаданыя ў законе, падставы выкарыстаньня міліцыяй пальнае зброі, баявой і спэцыяльнай тэхнікі[9].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кіраўніцтва. МУС Рэспублікі Беларусі. Праверана 29 кастрычніка 2020 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2009 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (13 лістапада 2008 г.). Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Паводле сярэдняе за 2009 год цаны (2803,27) набыцьця даляра за рублі на валютным рынку. Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2009 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сьнежня 2001 г. № 780 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Будова Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь (рас.). Управа зьвестак і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі. Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 сьнежня 2007 г. № 611 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2001 г. № 671 (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 21 жніўня 2010 г.
- ^ Закон аб органах унутраных справаў Рэспублікі Беларусь. 17 ліпеня 2007 г. (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Праверана 25 жніўня 2010 г.
- ^ Зьмены заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія датычаць правоў чалавека (2007 год). Праваабарончы цэнтар «Вясна». Праверана 25 жніўня 2010 г.