Перайсьці да зьместу

Анастасія Віньнікава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Анастасія Віньнікава
Дата нараджэньня 15 красавіка 1991 (33 гады)
Месца нараджэньня Дзяржынск, Менская вобласьць, Беларусь
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы
Прафэсія сьпявачка
Жанры поп
Інструмэнты фартэпіяна і голас[d]

Анастасі́я Ві́ньнікава — беларуская сьпявачка, якая на «Эўрабачаньні-2011» прадстаўляла Рэспубліку Беларусь зь песьняй «I Love Belarus»[1]Я люблю Беларусь»; папярэдні варыянт песьні — «I am Belarusian»; першапачатковы — «Born in Bielorussia»[2]). Конкурс, на якім выступала Анастасія, адбыўся 12 траўня ў Дзюсэльдорфе (Нямеччына). У фінал не прайшла.

Анастасія Георгіеўна Віньнікава нарадзілася 15 красавіка 1991 году ў г. Дзяржынску (Менская вобласьць, Беларусь).

Сьпяваць пачала яшчэ ў тры гады ў дзіцячым садку. А ў 5 гадоў сьпявала ў гарадзкім Доме культуры. Прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах ды фэстах, сярод якіх тэлевізыйны дзіцячы конкурс «Усе мы родам зь дзяцінства». Анастасія скончыла Дзяржынскую музычную школу па клясе «харавое аддзяленьне»[3] і «фартэпіяна».[4]

Сярэдн��ю школу Анастасія скончыла з залатым мэдалём, пасьля чаго паступіла на перакладчыцкі факультэт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсітэту, дзе вывучала ангельскую і гішпанскую мовы[2]. Анастасія прымала ўдзел у праектах ОНТ — «Эстрадны кактэйль» і двойчы ў «Музычным судзе». У 2009 годзе яна стала фіналісткай конкурсу «Белазаўскі акорд». У 2010 г. выступала на ўрачыстым прыёме з удзелам Аляксандра Лукашэнка ў Палацы Рэспублікі, прысьвечанным навагоднім сьвятам. Маладая сьпявачка выканала некалькі джазавых песень, і прэзыдэнт заўважыў яе і нават пахваліў.[4]

Працавала з Васілём Раінчыкам, займалася вакалам з Тацянай Глазуновай. Песьні Віньнікавай пісаў вядомы беларускі аўтар Яўген Алейнік. За час супрацоўніцтва было напісана 5 кампазыцыяў.[3]

Першапачатковая песьня, зь якой зьбіралася ехаць Віньнікава на Эўрабачаньне, «Born in Bielorussia», не падыйшла па правілах конкурсу, бо яе відэаролік ужо дэманстраваўся[5]. Менавіта з гэтай песьняй Анастасія выступала на «Музычным судзе — 3».

Анастасія Віньнікава на «Эўрабачаньні-2011» выступала, паводле лёсаваньня, пад нумарам 16, у другім паўфінале 14 траўня 2011 году. Яна супернічала з 18-ю канкурсантамі з розных краінаў зь песьняй «I Love Belarus», напісанай беларускімі аўтарамі Яўгенам Алейнікам і Сьвятланай Гераськавай[6]. У фінал не прайшла.

  1. ^ На «Еўрабачанне» з любоўю, цымбаламі і без «Беларашы». Наша Ніва (15 сакавіка 2011). Праверана 15 сакавіка 2011 г.
  2. ^ а б На "Евровидении" Анастасия Винникова споет песню "I am Belarusian" (рас.). TUT.BY (3 сакавіка 2010). Праверана 15 сакавіка 2011 г.
  3. ^ а б Анастасия Винникова (рас.) — Біяграфія А. Віньнікавай. Праверана 11 сакавіка 2011 г..
  4. ^ а б С. Андрыянаў (3 сакавіка 2011) Беларусь посылает на «Евровидение» никому не известную певицу (рас.). газ. «Комсомольская правда» в Белоруссии. Праверана 10 сакавіка 2011 г..
  5. ^ С. Андрыянаў (10 сакавіка 2011) Песню для «Евровидения» меняли дважды (рас.). газ. «Комсомольская правда» в Белоруссии. Праверана 10 сакавіка 2011 г.
  6. ^ В полуфинале "Евровидения-2011" Беларусь выступит под номером 16. TUT.BY (15 сакавіка 2011). Праверана 15 сакавіка 2011 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]