Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (Горадня)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла
| |
Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, да 1939 г.
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Горадня |
Каардынаты | 53°39′44″ пн. ш. 23°47′34″ у. д. / 53.66222° пн. ш. 23.79278° у. д.Каардынаты: 53°39′44″ пн. ш. 23°47′34″ у. д. / 53.66222° пн. ш. 23.79278° у. д. |
Архітэктурны стыль | клясыцыстычная архітэктура[d] |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла |
Капліца Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла — помнік архітэктуры пачатку XIX стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца ў паўднёва-заходняй частцы места, у мясцовасьці Аўгустоўку[a]. Дзее. Тво�� архітэктуры клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Утварае адзіны ансамбль з брамай-званіцай, частка колішняга палацава-паркава комплекса.
Гісторыя
Мураваную капліцу пры сядзібна-паркавай рэзыдэнцыі Аўгустоўку збудавалі ў 1818—1821 гадох з фундацыі графа Караля Мэдэма, прыяцеля графа Маўрыкія дэ Ласі, які атрымаў гэты маёнтак у 1797 годзе. Была фамільнай пахавальняй, прыпісанай да францішканскага касьцёла Маці Божай Анёльскай.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе палац згарэў, а капліца нязначна пацярпела. Па вайне капліцу аднавілі.
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі і разрабавалі капліцу. У 1996—1998 гадох вялося аднаўленьне капліцы паводле праекту, распрацаванага архітэктурна-канструктарскім бюро Станіслава Шайко. Увосень 1997 году былое сховішча будаўнічых матэрыялаў побач з капліцай рэканструявалі пад часовую капліцу, а ў 2006—2019 гадох тут вялося будаваньне кастцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасьці.
Архітэктура
Помнік архітэктуры позьняга клясыцызму. Паводле ідэі фундатара мусіла нагадваць базыліку Сьвятога Пятра ў Рыме. Гэта цэнтрычная квадратная ў пляне пабудова, накрытая паўсфэрычным купалам зь ліхтаром з крыжам. Пэрымэтрам кубападобны аб’ём акаймоўваецца дарыцкім (трыгліфным з мэтопамі) фрызам і карнізам на дэнтыкулах. Мэтопы запаўняліся ўтопленым у рашчыну рознакаляровым шчэбнем, што стварала маляўнічы пас на фоне белай тынкоўкі сьценаў. Прастакутны ўваходны партал разьмяшчаецца ў нішы і вылучаецца калёнамі. Бакавыя сьцены праразаюцца паўкруглымі люкарнамі.
Унутраная прастора (ад пачатку мела форму ратонды) перакрываецца сфэрычным купалам, сьцены дэкаруюцца нішамі-эксэдрамі, прасьценкі — канэлюраванымі пілястрамі. У алтары зьмяшчаўся абраз Маці Божай, абапал якога стаялі скульптуры сьвятых апосталаў Пятра і Паўла ў поўны рост. Пад капліцай месьціцца крыпта, у якой былі пахаваньні рода Ласі.
Тэрыторыя капліцы атачалася мураванай агароджай з брамай-званіцай (2-ярусная з лучковым праездам і прастакутнымі прасьветамі яруса-звона)[1].
Заўвагі
- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Рэпніна, 2
Крыніцы
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 102.
Літаратура
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.