Бітва пад Рацлавіцамі
Бітва пад Рацлавіцамі | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
«Бітва пад Рацлавіцамі». Карціна Яна Матэйкі | |||||||||
| |||||||||
Супернікі | |||||||||
Рэч Паспалітая | Расейская імпэрыя | ||||||||
Камандуючыя | |||||||||
Тадэвуш Касьцюшка | Аляксандар Тармасаў | ||||||||
Колькасьць | |||||||||
2440 жаўнераў, 2000 сялянаў, 11 гарматаў | 5000 жаўнераў, 30 гарматаў | ||||||||
Страты | |||||||||
500 чалавек | 500 чалавек | ||||||||
Бітва пад Рацлавіцамі, Рацлавіцкая бітва — бітва каля в. Рацлавіцы пад Кракавам у часе паўстаньня 1794 году, што адбылася 4 красавіка 1794 году між польскімі паўстанскімі сіламі (Тадэвуш Касьцюшка; 4,4 тысячы чалавек, зь іх 2,4 тыс. рэгулярнай пяхоты і кавалерыі і 2 тыс. узброеных сялянаў-касінераў, 11 або 12 гарматаў), і расейскай вайсковай калёнай (Аляксандар Тармасаў; 5 тысячаў чалавек, 30 гарматаў). Бітва скончылася перамогай паўстанцкага войска.
Перад бітвай
Сама бітва была ў пэўным сэнсе выпадковай і непажаданай для польскага боку. 1-я Вялікапольская кавалерыйская брыгада (кам. Мадаліньскі), чый выхад на Кракаў з базы пад Астраленкай фактычна паскорыў абвяшчэньне самога паўстаньня, прыцягнула за сабою да Кракава некалькі калёнаў расейскіх войскаў. Тымчасам галоўнакамандуючы Касьцюшка сабраў польскія рэгіянальныя часткі з-пад Кракава (у т. л. брыгаду Мадалінскага), дадаючы да іх атрады мабілізаваных падкракаўскіх сялянаў, і выйшаў з гэтым войскам з ваколіцы Кракава, спрабуючы адкрыць дарогу на Варшаву.
Каля в. Рацлавіцы адна з расейскіх калёнаў пад камандаваньнем генэрала Тармасава загарадзіла шлях польскаму войску, і, ведаючы пра блізкасьць яшчэ адной расейскай калёны (генэрала Дзянісава), якая дала б колькасную перавагу расейскім войскам, Касьцюшка быў вымушаны прыняць бітву[1].
Бітва
Бітва пачалася безвыніковым змаганьнем рэгулярных войскаў абодвух бакоў. Далей Тармасаў аслабіў свой цэнтар, дзе стаяла і яго артылерыя, спрабуючы арганізаваць ахоп левага польскага флянгу. Гэта выкарыстаў Касьцюшка, які, карыстаючыся мясцовасьцю (яр, які вёў да расейскай пазыцыі), употай падвёў атрад з 320 касінераў да расейскай батарэі і асабіста павёў атрад у атаку на гарматы. Нечаканая атака бегма мела поўны посьпех, коштам 13 забітых касінеры ўзялі ўсе 12 гармат. Пазьней яшчэ адна атака касінераў зламала супраціў расейскіх войскаў на левым крыле і вымусіла расейскія войскі да агульнага адступленьня. Калёна генэрала Дзянісава пасьпела зьявіцца толькі на паратунак разьбітым сілам генэрала Тармасава.
Вынікі
Перамога пад Рацлавіцамі была ўсяго тактычным посьпехам, аднак падняла маральны дух паўстаньня, да яго далучыліся новыя рэгіёны: большасьць польскіх земляў, Вялікае Княства Літоўскае і Курляндыя. Перамога таксама стала сыгналам да Варшаўскага паўстаньня, якое змусіла расейскія войскі пакінуць сталіцу Польшчы 17 красавіка. У гонар атрыманай перамогі Касьцюшка надаў некаторым асабліва адзначыўшымся сялянам-дабраахвотнікам званьне харунжых, а ў гонар іхняе адвагі на парадзе прайшоў перад войскамі ў нацыянальным малапольскім строі: сукмане — даматканым сялянскім кафтане. Адным з крэпасных сялянаў, якія вызначыўся падчас атакі на гарматы[2], быў селянін Войцех Барташ, які пасьля стаўся нацыянальным героем Польшчы.
«Канфэдэратка», якую насілі войскі паўстаньня, і дзьве скрыжаваныя касы сталі ў часе Другой сусьветнай вайны эмблемай польскай 303-й зьнішчальнай эскадрыльлі.
Сцэны бітвы паказаныя на панараме «Рацлавіцкая бітва» ва Ўроцлаве.
Крыніцы
Вонкавыя спасылкі
- Бачына музэю (анг.) (ням.) (пол.) «Рацлавіцкая панарама»