Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага
Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага — вышэйшы апэляцыйны суд княства, пастановы якога мелі сілу пастановаў сейма. Быў створаны ў 1581 року, пачаў працаваць у 1582 року. Складаўся з 46 судзьдзяў-дэпутатаў, якія выбіраліся на сейміках са шляхты па два ад кожнага павету тэрмінам на 1 рок (з 1588 року яшчэ выбіраліся 3 дэпутаты ад зямлі Жамойцкай).
Трыбунал разглядаў апэляцыі на рашэньні земскіх, замкавых і падкаморных судоў, а таксама скаргі на рашэньні павятовай адміністрацыі. Па першай інстанцыі ён разглядаў справы пра неналежнае выкананьне старостамі і замкавымі ўраднікамі сваіх абавязкаў пры судаводзтве. Да юрысдыкцыі трыбуналу адносіліся таксама справы духоўных асобаў; пры разглядзе такіх справаў удзельнічалі дэпутаты ад духавенства.
Сэсіі трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага ім маршалка, пастановы прыймаліся большасьцю галасоў на аснове Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, сеймавых канстытуцыяў і звычаёвага права. Месцам сэсіяў трыбуналу былі Вільня (шторок), Менск і Наваградак (па чарзе праз рок). Да 1588 року сэсіі праходзілі і ў Троках.
Літаратура
- Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: С.В. Кузьмін і інш. - Мн.:БелЭн, 1992. - 636 с.