Гісторыя Рэчыцы
Рэчыца — места, адзін з гістарычных цэнтраў Панізоўя, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Раньнія часы
Існуе меркаваньне[1], што Рэчыца ўпершыню ўпамінаецца пад 1079 годам у паданьні пра Ўваскрасенскую царкву. Аднак сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі датуюць першы ўпамін 1213 годам, калі паселішча ўпамінаецца ў Густынскім летапісе як горад Чарнігаўскага княства.
У ХІ—ХІІІ стагодзьдзях Рэчыца знаходзілася ў валоданьні кіеўскіх і чарнігаўскіх князёў.
Вялікае Княства Літоўскае
У XIV стагодзьдзі за часамі княжаньня Гедыміна Рэчыца далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У 1392—1430 гадох яна знаходзілася ў валоданьні вялікага князя Вітаўта, які збудаваў тут умацаваны замак «з хваёвага дрэва». З XV стагодзьдзя места стала цэнтрам староства.
26 жніўня 1561 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў Рэчыцы рэвізорскую уставу, пацьверджаную 15 траўня 1596 году Жыгімонтам Вазам. Гэтая ўстава ўсталёўвала павіннасьці і правы жыхароў места і часам памылкова разглядаецца як прывілей на Магдэбурскае права. Існуе меркаваньне (на падставе пячаткі гродзкага суду), што ў XVІ стагодзьдзі Рэчыца пачала карыстацца гербам: «у срэбным полі чырвоная двухраговая харугва з Пагоняй на ёй»[2]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Рэчыца стала цэнтрам павету Менскага ваяводзтва. У 1596 годзе места на пэўны час захапілі казакі Налівайкі[3].
У 1603 годзе ў Рэчыцы спыняўся будучы губэрнатар адной з брытанскіх калёніяў ў Паўночнай Амэрыцы Джон Сьміт, які пакінуў апісаньне места: Рэчыца — места, разьмешчанае на правым стромкім беразе Дняпра, на самым беразе стаяў замак, які займаў тэрыторыю аднаго гектара, меў пяць вежаў у форме шматграньніку, якія былі пакрытыя стрэшкамі-шатрамі. Замак злучаўся зь местам пад’ёмным мостам. Па-за замкам знаходзіўся Рынак, будынкі магістрату, дамы больш заможных месьцічаў, гасьціны двор. Рынак у Рэчыцы на той час быў вельмі багаты, з бліжэйшых вёсак прывозілі жыта, пшаніцу, мёд, воск, гародніну, мясныя і малочныя вырабы, з замежжа — розныя крамныя рэчы, турэцкую бакалею. Прадаваліся на Рынку мясцовыя вырабы з жалеза. У 1634 годзе ваявода менскі Аляксандар Слушка, які раней быў старостам рэчыцкім, заснаваў тут дамініканскі кляштар і касьцёл Сьвятой Тройцы. Кляштар меў невялікую бібліятэку ў 270 тамоў (у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, у 1862 годзе згарэў драўляны касьцёл). З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе казацкія загоны Залатарэнкі спалілі Рэчыцу і замак. Пачаўся заняпад мескіх умацаваньняў. У 1734 годзе Рэчыцкае староства перайшло ў валоданьне Радзівілаў.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рэчыца апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1796 годзе таксама стала цэнтрам павету Менскай губэрні. На 1825 год у месьце было 325 двароў, дзеялі 4 царквы, працавалі 12 корчмаў, на 1848 год — 445 двароў, на 1862 год — 2 мураваныя і 588 драўляных будынкаў, дзеялі 2 царквы, касьцёл, сынагога і 4 юдэйскія малітоўныя дамы, працавалі 2-клясная жаночая царкоўнапрыходзкая школа і 22 крамы. Праз Рэчыцу праходзіў тракт з Рагачова ў Чарнігаў, існавала паштовая станцыя. Дзеяла прыстань і паромная пераправа праз Дняпро, будаваліся невялікія рачныя судны.
На 1878 год у Рэчыцы дзеялі 3 царквы (1 мураваная), касьцёл і сынагога, працавалі павятовая і царкоўнапрыходзкая вучэльні, лякарня, аптэка. У 1886 годзе празь места прайшлі Палескія чыгункі. На 1904 год — 1414 жылых дамоў, у тым ліку 4 мураваныя, 70 газавых ліхтароў, 3 лякарні, аптэка. 25 і 26 красавіка 1910 году праз Рэчыцу перавозілі мошчы Эўфрасіньні Полацкай. У 1914 годзе працавала 8 прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку запалкавая фабрыка «Дняпро» і 5 лесапільняў.
Найноўшы час
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 году тое дэкляравана і Трэцяй Устаўной граматай Рады БНР. Да места быў прызначаны яе павятовы старшыня; мусіў дзеяць рэгістрацыйны пункт тавараў Беларускай цэнтральнай гандлёвай палаты[5]. Рэчыцы на той час, аднак, наканавана было стаць цэнтрам часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні (з кастрычніка цэнтар перамясьціўся да Мазыра). Прычым, старастай (губэрнатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[6].
1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыца ўвайшла ў склад Беларускай ССР[7], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 6—9 траўня 1920 году Палеская група польскага войска на пэўны час адбіла Рэчыцу ў бальшавікоў[8].
У 1926 годзе Рэчыцу вярнулі ў склад БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1938 году ў Гомельскай вобласьці). 27 верасьня 1938 году Рэчыца атрымала афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У Другую сусьветную вайну з 28 жніўня 1941 да 18 лістапада 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1964 годзе ў ваколіцах Рэчыцы знайшлі нафту, што паклала пачатак разьвіцьцю нафтаздабыўнай прамысловасьці ў Беларусі. У 1998 годзе тут здабылі 100-мільённую тону нафты.
Галерэя
Сакральныя будынкі
-
Рынак. Царква-мураўёўка, каля 1910 г.
-
Інтэр'ер мураўёўкі, да 1918 г.
-
Вуліца Андрэеўская. Касьцёл, да 1918 г.
-
Касьцёл, 1914 г.
-
Перад касьцёлам, 1914 г.
-
Рог Прабойнай і Набярэжнай. Царква Сьвятога Мікалая, 1910 г.
-
Царква Сьвятога Мікалая, 1935 г.
Дняпро
-
Панарама з боку Дняпра, да 1918 г.
-
Панарама з боку Дняпра, 1918 г.
-
Дняпро, 1912 г.
-
Мост, 1916 г.
-
Дняпро, 1918 г.
-
Набярэжная, 1918 г.
Вуліцы
-
Вуліца Прабойная, да 1918 г.
-
Вуліца Прабойная, 1918 г.
-
Вуліца Прабойная, да 1930 г.
-
Рог Прабойнай і Школьнага завулка. Жаночая гімназія, да 1918 г.
-
Рынак, 1917 г.
-
Рынак, 1918 г.
-
Рынак. Паштова-тэлеграфная кантора, да 1918 г.
-
Вуліца Андрэеўская, да 1918 г.
-
Вуліца Кашарская, 8.05.1910 г.
-
Вуліца Кашарская, 1918 г.
-
Вуліца Набярэжная, да 1918 г.
-
Паштовы тракт, да 1918 г.
Заўвагі
Крыніцы
- ^ Егоров Ю. Градостроительство Белоруссии. — Москва, 1954.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 228.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 532.
- ^ Васькоў У. Католікі на абшарах Панізоўя і Севершчыны: Гісторыя Гомельскага дэканата. — Менск, 2011. ISBN 978-985-6825-62-0
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) /[ О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : українськ ий часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 313.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — ISBN 985-11-0238-5
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Голубеў В., Волкаў М. Рэчыца ў часы Вялікага княства Літоўскага // Беларускі гістарычны часопіс. — 2014. — № 5. — С. 3—17.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рэчыцкага р-на. У 2 кн. Кн. 1-я. — Мн.: Беларусь, 1998. — 503 с. ISBN 985-01-0161-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Рэчыцкага р-на. У 2 кн. Кн. 2-я. — Мн.: Беларусь, 1998. — 327 с. ISBN 985-01-0162-8.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889.