Юры Радзівіл «Геркулес»
Юры Радзівіл «Геркулес» | |
Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1480 |
Памёр | красавік 1541 |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Мікалай Радзівіл «Стары» Соф’я з Манівідаў |
Жонка | Барбара з Кішкаў Барбара з Колаў |
Дзеці | ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ганна Альжбета, Барбара |
Дзейнасьць | дыплямат |
Ю́ры Радзіві́л (мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес[1]; каля 1480 — красавік 1541[2]) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1509—1517), ваявода кіеўскі (1510/1511—1514), гетман польны літоўскі (1520—1523), кашталян троцкі (1522—1527) і віленскі (з 1527), маршалак дворны літоўскі (з 1528), гетман вялікі літоўскі (з 1531). Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай (таксама вядомай як пратэстанцкай) лініі роду Радзівілаў. Здабыў шырокую вядомасьць дзякуючы сваім вайсковым дасягненьням (атрымаў перамогу ў 30 бітвах[2]) і мастацтву палітык��[3].
Быў адным з найбагацейшых магнатаў Вялікае Княства. Валодаў маёнткамі Сьвірам, Міхалішкамі, Жупранамі, Барунамі, Геранёнамі ў Ашмянскім павеце, Індурай, Котрай, Таболай у Гарадзенскім, Жырмунамі, Дакудавым, Сяльцом і Зблянамі ў Лідзкім, Уселюбам і Ліпскам у Наваградзкім, Вязыньню, Налібакамі і Каменем Харэцкім у Менскім паветах, вялікай колькасьцю маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Летувы. З 1500-х гадоў быў старостам-намесьнікам вяленскім, майшагольскім, мерацкім, уцянскім, мазырскім (1511—1514), гарадзенскім[2] (з 1514), беліцкім (з 1528), валынскім, лідзкім, скідальскім, крынкаўскім і азёрскім.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З шляхецкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Радзівіла «Старога», ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага, і Соф’і з Манівідаў. Меў братоў Мікалая, князя Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзях і Мядзелах[4], ваяводу віленскага і канцлера вялікага літоўскага, Яна, кашталяна троцкага, Войцеха, біскупа віленскага, і сястру Ганну, жонку Конрада III Рудога, апошнюю ўдзельную мазавецкую княгіню[4].
З 1508 году браў удзел у вайне з Масковіяй. У 1511 годзе з слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разьбіў крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутцы за 20 міляў ад Кіева. 28 красавіка 1512 году браў удзел у пераможнай бітве з татарамі пад Лапушнай (каля ўкраінскага Вішняўцу). У Аршанскай бітве 1514 году камандаваў лёгкай коньніцай на левым флянзе. У 1517 годзе браў удзел у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 годзе — у баёх з маскоўскім войскам каля Крэва. У 1519—1521 годзе браў удзел у вайне супраць Тэўтонскага ордэну. На чале невялікага корпусу ўзяў некалькі ордэнскіх замкаў — Голянд, Квідзын, Мелшак, Любаву, Брандэнбург і іншыя[5]. 27 студзеня 1527 году разам з Канстантынам Астроскім разьбіў татараў у бітве на рацэ Альшаніцы за места Канеў. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—1537 гадоў. У 1535 годзе войска на чале зь Юрыем Радзівілам і каронным вялікім гетманам Янам Тарноўскім вызваліла Гомель і Старадуб.
За шматлікія перамогі над ворагамі атрымаў мянушку «Геркулес», таксама быў называны «Віктар» (лац. Victor — пераможац)[5].
У 1509 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага, у 1510 або 1511 годзе стаў ваяводам кіеўскім. У 1520 годзе атрымаў булаву гетмана польскага літоўскага. У 1522 годзе стаў кашталянам троцкім, у 1527 годзе — віленскім, у 1528 годзе — маршалкам дворным літоўскім. У 1526 годзе, будучы сябрам Рады магнатаў, зьвярнуўся да вялікага князя Жыгімонта Старога з прапановаю аднаўленьня Каралеўства Літвы пад кіраваньнем гаспадарскага сына Жыгімонта Аўгуста[3]. У 1531 годзе атрымаў булаву гетмана вялікага літоўскага. У 1530-х гадох разам з сваім братам Янам амаль цалкам кантраляваў унутраныя справы Літвы[3].
Першы раз ажаніўся з Барбарай Кішчанкай (пам. 1513[6]), другі — каля 1515 году[7] з Барбарай, дачкой ваяводы падольскага Паўла Колы. У другім шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Мікалай (1512—1584), канцлер і гетман вялікі літоўскі
- Ганна Альжбета (1518—1558), жонка маршалка валынскага Пятра Кішкі і стольніка вялікага літоўскага Сямёна Гальшанскага
- Барбара (1520—1551), каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста
У апошнія гады цяжка хварэў, памёр незадоўга да Вялікдня (17 красавіка 1541)[8].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Невядомы мастак, 1646—53 гг.
-
Зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, 1733—37 гг.
-
Невядомы мастак, 1749—56 гг.
-
Невядомы мастак, 1749—56 гг.
-
З альбома «Выявы роду Радзівілаў». Г. Ляйбовіч, 1758 г.
-
М. Старкман, 1857 г.
-
В. Герсан, 1860—62 гг.
-
Р. Жукоўскі, XIX ст.
У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт 1-й паловы XVII ст. пэндзля невядомага мастака зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 146.
- ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Юрый // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 499.
- ^ а б в Bajer P. P. Een korte geschiedenis van de familie Radziwill (Short history of the Radziwill Family) // Oost-Europaverkenningen. № 162, 2000. P. 39—53.
- ^ а б Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста / Пераклад з: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. — W-wa, 1985 // Спадчына. № 5, 1994. — Эл. рэсурс www.pawet.net Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
- ^ а б 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
- ^ Сліўкін В. Найстаражытнейшыя пасяленьні Лідчыны // Лідзкі летапісец. № 3, 4, 6. — Эл. рэсурс www.radzima.org Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
- ^ Jerzy Radziwiłł (пол.). Genealogia dynastyczna. Праверана 3 кастрычніка 2010 г.
- ^ Błaszczyk G. Radziwiłł Jerzy h. Trąby (ok. 1480—1541) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — T. XXX/2, zeszyt 125. S. 228. (пол.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Генэалягічнае дрэва (пол.)
- Нарадзіліся ў 1480 годзе
- Гетманы вялікія літоўскія
- Гетманы польныя літоўскія
- Маршалкі надворныя літоўскія
- Радзівілы
- Падчашыі вялікія літоўскія
- Ваяводы кіеўскія (ВКЛ)
- Кашталяны віленскія
- Кашталяны троцкія
- Старосты гарадзенскія
- Старосты лідзкія
- Старосты мазырскія
- Памерлі ў 1541 годзе
- Старосты вялёнскія
- Старосты майшагольскія
- Старосты ўцянскія
- Старосты мерацкія
- Удзельнікі літоўска-маскоўскай вайны 1507—1508 гадоў
- Удзельнікі маскоўска-літоўскай вайны 1512—1522 гадоў (літоўска-польскі бок)
- Удзельнікі літоўска-маскоўскай вайны 1534—1537 гадоў