Гісторыя пошты і паштовых марак Славаччыны
Славацкая Рэспубліка | |
па-славацку: Slovensko | |
Першая стандартная марка сучаснай Славаччыны, 1993 (Скот #163) | |
Гісторыя пошты | |
---|---|
Пошта існуе | з 1 студзеня 1993 |
Чалец СПЗ | з 18 сакавіка 1993 |
Этапы гісторыі |
у складзе Аўстра-Вугоршчыны (да 1918) і Чэхаславаччыны (1918—1939, 1945—1992); пошты незалежных дзяржаваў (гл. ніжэй) |
Паштовыя адміністрацыі | |
Першая Славацкая рэспубліка (1939—1945) |
1 словацкая крона = 100 гелерам |
Славацкая Рэспубліка |
1 чэхославацкая крона = 100 гелерам (да лютага 1993); 1 славацкая крона = 100 гелерам (1993—2008); 1 эўра = 100 цэнтам (з 2009) |
Slovenská pošta, a. s. | |
Офіс пошты | Partizánska cesta č. 9, 975 99 Banská Bystrica, Slovakia |
Сайт пошты | www.posta.sk |
Першыя паштовыя маркі | |
Стандартная | 21 сакавіка 1939 |
Камэмаратыўная | 12 верасьня 1939 |
Напаўпаштовая | 2 лістапада 1939 |
Даплатная | 5 жніўня 1939 |
Службовая | 23 жніўня 1945 (чэхаславацкая пошта) |
Авіяпаштовая | 20 лістапада 1939 |
Аўтаматная | 18 сьнежня 2001 |
Іншыя | даставачная пошта — 16 жніўня 1940 |
Паштовы блёк | 17 сьнежня 1993 |
Філятэлія | |
Удзельнік WNS | з 2002 |
Чалец ФІП ад краіны | Саюз славацкіх філятэлістаў |
Офіс суполкі | Ul. Radlinskho 9, SK-812 11 Bratislava, Slovakia |
Сайт суполкі | www.zsf.chtf.stuba.sk |
Гісторыя пошты і паштовых марак Славаччыны ўмоўна падзяляецца на пэрыяды, якія адпавядаюць паштовым сыстэмам дзяржаваў, у складзе якіх знаходзілася тэрыторыя Славаччыны (Аўстра-Вугоршчына, Чэхаславаччына), пэрыяд незалежнасьці Першай Славацкай рэспублікі (1939—1945) і сучаснай Славацкай Рэспублікі (з 1993).
Раньні пэрыяд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя пошты Славаччыны прасочваецца з таго часу, калі славацкія землі знаходзіліся ў складзе Аўстра-Вугоршчыны (да 1918 году). На гэтым этапе тут працавала вугорская пошта, і для аплаты карэспандэнцыі ўсутыч да 28 лютага 1919 году ўжываліся маркі Вугорскага каралеўства; вугорскія целасныя рэчы былі ў абарачэньні да кастрычніка 1919 году[1].
Зь лістапада 1918 па сакавік 1939 году тэрыторыя Славаччыны была часткаю Чэхаславаччыны і абслугоўвалася чэхаславацкай поштай. У паштовым абарачэньні ў гэты пэрыяд знаходзіліся чэхаславацкія знакі паштовай аплаты[1].
Выпускі паштовых марак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая Славацкая рэспубліка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сакавіку 1939 году, з прычыны падзелу Чэхаславаччыны пасьля Мюнхэнскага пагадненьня 1938 году, была абвешчаная Славацкая рэспубліка.
21 сакавіка 1939 году ў зварот паступілі першыя маркі Славацкай рэспублікі — чэхаславацкія маркі 1929—1938 гадоў з чырвоная або сіняй наддрукоўкай «Slovenský stát / 1939» («Славацкая дзяржава 1939»). У верасьні таго ж году была выпушчаная сэрыя «Нацыянальныя строі», якая складалася з трох марак арыгінальных малюнкаў з надпісам «Slovensko»[1][2].
Першая камэмаратыўная марка выйшла ў верасьні 1939 году. Яна была прысьвечаная 10-й гадавіне з дню сьмерці Ёзэфа Мургаша (1864—1929), славацкага вынаходніка і жывапісца[2].
Паштова-дабрачынная марка з партрэтам прэзыдэнта Ёзэфа Тысы выйшла ў лістападзе 1939 году. Дадатковы збор ішоў на дапамогу дзецям[2].
Апошняя сэрыя з шасьці марак Славацкай рэспублікі з партрэтам прэзыдента Ё. Тысы былы выпушчаная ў сакавіку 1945 году. Усе маркі Першай Славацкай рэспублікі былі вынятыя з абарачэньня 30 красавіка 1945 году, пасьля чаго на тэрыторыі Славаччыны ў зварот паступілі знакі паштовай аплаты Чэхаславаччыны[1][2].
Славацкае нацыянальнае паўстаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часе славацкага нацыянальнага паўстаньня 1944 году выкарыстоўваліся маркі Славаччыны, альбо паштовы збор аплочваўся гатоўкай. Службовая карэспандэнцыя перасылалася задарма[3].
Газэта «Новае слова» — орган Камуністычнай партыі Славаччыны — выпусьціла адмысловыя налепкі з надпісам «Газэтная мыта аплочаная гатоўкай. Новае слова. Банска Бістрыца». Гэтая налепка друкавалася ў аркушах з чатырох ці шасьці штук. Выкарыстоўвалася з 1 верасьня па 25 кастрычніка 1944 году[1][3].
Сучасная Славаччына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1 студзеня 1993 году ў выніку Аксамітнага падзелу ўтварылася незалежная Славаччына. У той самы дзень у зварот паступіла першая марка Славаччыны з выявай дзяржаўнага гербу наміналам 8 кронаў, выдадзеная ў малым аркушы. Мініяцюры былі аддрукаваныя ў паштовай друкарні ў Празе на замову Міністэрства транспарту, сувязі і грамадзкіх працаў Славаччыны[4].
30 сьнежня 1993 году з абароту былі вынятыя знакі паштовай аплаты Чэхаславаччыны і забароненыя зьмяшаныя франкіраваньні[5].
Першая камэмаратыўная марка Славаччыны выйшла ў сакавіку 1993 году. Яна была прысьвечаная 600-м угодкам з дня сьмерці сьвятога Яна Непамуцкага. Гэта быў супольны выпуск паштовых адміністрацыяў Славаччыны, Чэхіі і Нямеччыны.
Паштова-дабрачынная марка з дадатковым зборам у фундацыю славацкага Чырвонага Крыжа выйшла ў лістападзе 1993 году.
Першы паштовы блёк быў эмітаваны ў сьнежні 1993 году. На ім была адлюстраваная магіла славацкага астранома і палітыка М. Р. Штэфаніка ў Брадле[2].
Філятэлістычныя таварыствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Устаноўчы сход Зьвязу славацкіх філятэлістаў (па-славацку: Zväz slovenských filatelistov; ЗСФ) адбыўся ў траўні 1969 году ў мястэчку Смачы. На сходзе было абвешчанае стварэньне зьвязу, абраныя яго кіроўныя органы, распрацаваная праграма і статут. Да распаду Чэхаславаччыны ЗСФ уваходзіў у склад Фэдэрацыі чэхаславацкіх філятэлістаў[6].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гісторыя пошты і паштовых марак Чэхаславаччыны
- Гісторыя пошты і паштовых марак Пратэктарату Багеміі і Маравіі
- Гісторыя пошты і паштовых марак Закарпацкай Украіны
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Чехословакия (Чехословацкая Социалистическая Республика) // Филателистическая география. Европейские, зарубежные страны / Н. И. Владинец.. — М.: Радио и связь, 1981. — С. 160.
- ^ а б в г д Паводле інфармацыі з каталёгу «Міхель»
- ^ а б Владинец Н. Чехословакия // Филателия СССР. — 1983. — № 8. — С. 24—26.
- ^ Припутен В. Новая Словакия. Маркам два года // «Филателия». — 1994. — № 11. — С. 56—58.
- ^ Филарама // Филателия. — 1994. — № 2. — С. 56.
- ^ Суханова Н. Создана Федерация филателистов Чехословакии // Филателия СССР. — 1969. — № 12. — С. 28.