Перайсці да зместу

Яраслаў Уладзіміравіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Яраслаў Мудры)
Яраслаў Уладзіміравіч
Ꙗрославъ Володимѣровичь
Аверс пячаткі князя Яраслава з яго пагруднай выявай, знойдзена ў Ноўгарадзе ў 1994 годзе.
Аверс пячаткі князя Яраслава з яго пагруднай выявай, знойдзена ў Ноўгарадзе ў 1994 годзе.
Княжацкі знак князя Яраслава на срэбраніку.
Княжацкі знак князя Яраслава на срэбраніку.
князь наўгародскі
1010 — 1034
Папярэднік Вышаслаў Уладзіміравіч
Пераемнік Уладзімір Яраславіч
вялікі князь кіеўскі
1016 — 20 лютага 1054
Папярэднік Святаполк Уладзіміравіч
Пераемнік Ізяслаў Яраславіч

Нараджэнне каля 978
Смерць 20 лютага 1054
Месца пахавання
Род Рурыкавічы
Бацька Уладзімір Святаславіч
Жонка Інгігерда[1][2][…]
Дзеці Лізавета Яраслаўна[3], Анастасія Яраслаўна[3], Ганна Кіеўская[4][5][…], Ізяслаў Яраславіч, Святаслаў Яраславіч, Усевалад Яраславіч[6][3], Ігар Яраславіч[7], Уладзімір Яраславіч, Ілья Яраславіч[d], Вячаслаў Яраславіч і Агата Кіеўская
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ярасла́ў Уладзіміравіч, у хрышчэнні Георгій, вядомы пад мянушкамі Му́дры і Скупы (Ꙗросла́въ Володи́мировичъ; 978 — 20 лютага 1054, Вышгарад, Кіеўская дзяржава) — князь растоўскі (987—1010), князь наўгародскі (1010—1034), вялікі князь кіеўскі (1016—1018, 1019—1054).

Выдавец зводу законаў «Руская Праўда». Праз шлюбы дачок, продак многіх валадарскіх дынастый Еўропы. Шануецца Рускай праваслаўнай царквой як дабраверны князь; памяць 20 лютага па Юліянскім календары.

Час нараджэння і старшынство

[правіць | правіць зыходнік]

«Аповесць мінулых часоў» пад 6562 (1054) годам паведамляе пра смерць Яраслава і што пражыў ён 76 гадоў[8]. Паводле прынятага тым часам злічэння гадоў, гэта значыць пражыў 75 і памёр на 76-м годзе жыцця, такім чынам нарадзіўся ў 978—979 гадах, такая дата самая згадваная ў літаратуры[9].

Таксама «Аповесць мінулых часоў» пад 6524 (1016) годам дае інфармацыю пра храналогію жыцця Яраслава, але паміж спісамі летапісу значныя розначытанні. У адных (напрыклад Радзівілаўскім) паведамляецца, што Яраслаў у 1016 годзе заняў кіеўскі сталец і яму было 28 гадоў («Бе же Ꙗрославъ тогда · к҃ и҃ · лѣтъ»[9]), то бок мусіў нарадзіцца ў 988—989 гадах. У іншых (Сафійскім 1-м[ru], Архангелагародскім, Іпацьеўскім) чытаецца 18 гадоў[10], то бок мусіў нарадзіцца ў 998—999 гадах. Аднак, у Лаўрэнцеўскім «И бы тогда Ярославъ Новегороде лет 28», то бок 28 гадоў не ўзрост і час нараджэння не вылічаецца. Сяргей Салаўёў з сукупнасці звестак зрабіў выснову, што паведамленне «Аповесці мінулых часоў» тычылася працягласці наўгародскага княжання Яраслава, калі слушная лічба 18 — з 998 года, калі 28 — з 988 года, то-бок разам з княжаннем у Растове[11][12]. Пры гэтым Салаўёў сумняваўся ў слушнасці паведамлення летапісу пра 76-гадовы ўзрост Яраслава.

У свой час Васіль Тацішчаў лічыў 28-гадовы ўзрост Яраслава ў 1016 годзе памылкай «Аповесці мінулых часоў», а слушнай лічбу 38, але сваю думку не абгрунтаваў. Таксама паводле Тацішчава, летапісы, якія былі ў яго — Раскольніцкі[ru], Галіцынскі[ru] і Хрушчоўскі[ru] — давалі ўзрост Яраслава ў 1016 годзе адпаведна як 23, 28 і 34 гады[9][13][14], а паводле Арэнбургскага манускрыпта[ru] ён нарадзіўся ў 972 годзе[15][16]. Цяпер аднак сумняюцца ў існаванні гэтых летапісаў наогул.

Лічба 28 як узрост неверагодная, бо нараджэнне прыпадае на 988—989 гады, самыя пярэдадні або неўзабаве па хрышчэнні Русі. Нават не даўшы веры пазнейшаму паданню, дзе пры свядомага ўзросту Яраславе бацька паведамляе маці пра развод. Уладзімір скасаваў паганскія шлюбы, ахрысціўся сам, узяў шлюб з парфірароднай Ганнай і толькі потым, або адначасова са шлюбам, пачалося агульнае хрышчэнне Русі, то-бок падрыхтоўка ўзяла працяглы час. Зыходзячы з нараджэння ў 988—989 гады, французскі гісторык Арыньён[ru][17] выказаў здагадку пра Яраслава як сына Ганны і гэтым тлумачыў яго ўмяшанне ў 1043 годзе ва ўнутрывізантыйскія справы. На думку Карпава, гіпотэза Арыньёна супярэчыць усім крыніцам[18] і праўда, нараджэнне Ганнай было б важкім аргументам у дынастычнай барацьбе, гэта адзначылі б крыніцы, але яны прыпісваюць мацярынства Рагнедзе.

Упершыню Яраслаў згаданы «Аповесцю мінулых часоў» пад 6488 (980) годам, у аповедзе акалічнасцей шлюбу яго бацькі Уладзіміра з Рагнедай, тамсама названы 4 сыны, быццам народжаныя ў гэтым шлюбе — Ізяслаў, Мсціслаў, Яраслаў і Усевалад[19][18]. З улікам прынятай цяпер думкі пра 978 год як час шлюбу Уладзіміра і Рагнеды, бо паводле летапісаў Уладзімір княжыў у Кіеве 37 гадоў, а Іакаў Мніх[ru] датуе пачатак кіеўскага княжання 11 чэрвеня 6486 (978) года[20], а таксама бо Яраслаў названы трэцім, ён не мог быць народжаны Рагнедай у 978—979 гадах. На думку некаторых гісторыкаў узрост 76 гадоў з’явіўся ў летапісах, каб паказаць Яраслава старэйшым за Святаполка і абгрунтаваць правы на вялікае княжанне[9][21][22]. За старшынство Святаполка сярод сыноў Уладзіміра на час яго смерці, сведчаць словы Барыса[ru] сваёй дружыне, што ён не хоча займаць Кіеў, бо Святаполк старэйшы («Онъ же рѣче · Не буди мнѣ възнѧти рукꙑ на брата старъшаго · аще и отецъ ми умре · то сь ми буди въ отца мъсто»)[23].

Сам Святаполк, напэўна, абгрунтоўваў сваё старшынство не ўзростам, а тым, што ён сын не Уладзіміра, а Яраполка — старэйшага з братоў, таму незалежна ад узросту старэйшы з унукаў Святаслава. У свой час Уладзімір прызнаў Святаполка сваім сынам і такім чынам пазбавіў фармальнага старшынства, што разумеў і летапісец.

Калі прыняць за час нараджэння 978—979 гады, а Рагнеду за маці Яраслава і адначасова старшынство Яраслава перад Ізяславам, давядзецца пераглядаць інтэрпрэтацыю летапісных звестак пра барацьбу Уладзіміра і Яраполка за кіеўскі сталец і аднесці захоп Полацка і шлюб Уладзіміра з Рагнедай да 976 або пачатку 977 года, да яго ад’езду за мора[24]. Аднак, Рагнеда была другой жонкай Уладзіміра, першая жонка — маці настарэйшага яго сына Вышаслава, калі і Яраслаў быў яе сынам, то мог нарадзіцца блізкім з Ізяславам часам, быць нават і старэйшым за яго, але ў пераглядзе інтэрпрэтацыі няма патрэбы. Таму, следам за Мікалаем Кастамаравым, некаторыя даследчыкі сумняваюцца, што Яраслаў быў сынам Рагнеды[21][25][26], хоць летапіс і называе яго такім[18], але летапісу нельга проста верыць.

Таксама звесткі пра ўзрост Яраслава даюць даследаванні яго меркаваных рэшткаў, праведзеныя ў 1939—1940 гадах, пасля раскрыцця саркафага ў Кіеўскім Сафійскім саборы[27]. Паводле Дзмітрыя Рохліна, мужчынскі чэрап з грабніцы належаў чалавеку ўзростам болей за 50 гадоў, але далейшае датаванне нараджэння Яраслава рабіў на агульнагістарычнай аснове, у чым не быў спецыялістам, паводле Вульфа Гінзбурга — з ацэнкі мужчынскага шкілету з грабніцы агулам, ён належаў чалавеку ўзростам 60—70 гадоў[28][29][30]. На падставе гэтых ацэнак Пётр Талачко, Яўген Пчалоў лічаць, што Яраслаў мог нарадзіцца не раней за 983—986 гады[31][22]. Мужчынскі шкілет з саркафага ў Сафійскім саборы вярнулі туды пасля даследавання, але пазней ён знік і дадатковае даследаванне цяпер немагчыма.

Растоўскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Пад 6496 (988) годам «Аповесць мінулых часоў» апавядае як Уладзімір Святаславіч пасадзіў сваіх сыноў па розных гарадах, у тым ліку Яраслаў у Растоў[32]. Дату лічаць умоўнай, бо пад ёй змешчана шмат падзей. Паводле Карпава, Яраслаў мог паехаць у Растоў не раней за 989 год[33].

Апроч факту атрымання стальца, летапісы пра княжанне Яраслава ў Растове нічога не паведамляюць, усе звесткі пра гэты перыяд позняга і легендарнага характару, іх гістарычная пэўнасць малая[33].

Яраслаў атрымаў растоўскі сталец дзіцём, лічаць, што рэальную ўладу здзяйсняў пасланы з ім настаўнік («кармілец», «дзядзька»). На думку Карпава, настаўнікам мог быць згаданы летапісам пад 1018 года «кармілец і ваявода імем Буды». Імаверна, Буды быў бліжэйшым паплечнікам Яраслава ў Ноўгарадзе, калі «кармілец» князю быў ужо не патрэбен, таму быць ім Буды мог толькі раней — падчас растоўскага княжання.[33]

Памятны знак на легендарным месцы заснавання Яраслаўля

З часам княжання Яраслава ў Растове звязваюць заснаванне Яраслаўля. Упершыню горад згаданы «Аповесцю мінулых часоў» пад 1071 годам у апісанні выкліканага голадам паўстання вешчуноў[ru] у Растоўскай зямлі[ru]. Назва горада разам з часам першай згадкі, хутчэй пацвярджаюць сувязь Яраслава з заснаваннем паселішча.

Паводле аднаго з паданняў, Яраслаў ехаў паўз Волгі з Ноўгарада ў Растоў і дарогай на яго напаў мядзведзь. Князь з дапамогай світы быццам забіў звера сякерай і загадаў паблізу гэтага месца, на мысе над Волгай, зрубіць крэпасць, названую ў яго імя — Яраслаўль. Падзея сімвалічна выяўлена на пазнейшым гербе горада. Паданне выкладзена ў «Казанні пра пабудову града Яраслаўля», апублікаваным ў 1877 годзе. На думку гісторыка і археолага Мікалая Вароніна, у аснове «Казання», створанага ў XVIII—XIX стст., народныя паданні, звязаныя са старажытным культам мядзведзя, характэрным для плямёнаў лясной зоны сучаснай Расіі[34]. Ранейшая версія падання апублікавана Міхаілам Ляніўцавым у 1827 годзе[35].

Аднак ёсць сумневы, што яраслаўскае паданне звязана менавіта з Яраславам, хоць яно, імаверна, адлюстроўвае некаторыя факты з пачатковай гісторыі горада[36].

У 1958—1959 гадах яраслаўскі гісторык Міхаіл Мейеровіч[ru] абгрунтаваў з’яўленне горада не раней за 1010 год, які цяпер лічыцца часам заснавання Яраслаўля[37][38].

У Растове Яраслаў княжыў да смерці свайго старэйшага брата, наўгародскага князя Вышаслава. «Аповесць мінулых часоў» не дае часу смерці Вышаслава, яе спрабуюць вызначыць праз пазнейшыя крыніцы. «Ступенная кніга» (XVI ст.) паведамляе, што Вышаслаў памёр р��ней за Рагнеду, яна паводле «Аповесці мінулых часоў» памерла ў 1000 годзе. Але гэта можа быць толькі здагадкай складальнікаў «Ступеннай кнігі»[33]. Паводле «Гісторыі Расійскай»[ru] Тацішчава, Вышаслаў памёр у 6518 (1010/1011) годзе, але на чым грунтуецца дата гісторык не паведаміў[39]. Аднак, 1010/1011 год, як час заняцця Яраславам наўгародскага стальца, цяпер прыняты многімі гісторыкамі[33].

Наўгародскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]
Від на Яраславава Дворышча з дзядзінца[ru]

Пасля смерці Вышаслава старэйшым сынам Уладзіміра Святаславіча лічыўся Святаполк, аднак вялікі князь па нейкіх прычынах вырашыў пакінуць яго ў Тураве. Наступны па старшынстве сын, Ізяслаў, таксама да таго моманту памёр, аднак ён яшчэ пры жыцці бацькі быў пазбаўлены правоў на агульнародавую спадчыну — абмежаваны спадчынай маці, Полацкам. Таму Уладзімір у Ноўгарад пасадзіў Яраслава[40][41].

Наўгародскі князь падпарадкоўваўся вялікаму князю, мусіў выплачваць штогод даніну ў 2000 грыўняў[ru] (2/3 сабранай у Ноўгарадзе і падпарадкаваных яму землях). Аднак 1/3 (1000 грыўняў) заставалася на ўтрыманне князя і яго дружыны, колькасць якой толькі саступала дружыне вялікага князя кіеўскага[42].

Імаверна, да гэтага перыяду адносіцца ��ершы шлюб Яраслава[43]. Імя яго першай жонкі пэўна невядома, як думаюць, яе маглі зваць Ганнай[32].

Падчас раскопак у Ноўгарадзе археолагі знайшлі адзіны пакуль асобнік свінцовай пячаткі Яраслава, падвешанай калісьці да княжацкай граматы. На адным яе баку выяўлены святы воін Георгій з дзідай і шчытом і яго імя, на другім — чалавек у плашчы і шлеме, параўнальна малады, з вусамі, але без барады, а таксама надпіс па баках пагруднай фігуры «Яраслаў. Князь Рускі». Напэўна, на пячатцы змешчаны даволі ўмоўны партрэт князя[27].

Перыяд наўгародскага княжання Яраслава да 1014 года як і растоўскі мала апісаны ў летапісах. Да Яраслава князі з часоў Рурыка жылі на Гарадзішчы[ru] каля Ноўгарада, Яраслаў жа пасяліўся ў самым Ноўгарадзе, які да таго часу стаў значным паселішчам. Княжацкі двор размяшчаўся на Гандлёвым баку[ru] Волхава, гэта месца атрымала назву Яраславава Дварышча[ru]. Акрамя таго, Яраслаў меў і загарадную рэзідэнцыю ў Сяльцы на Ракаме, на поўдзень ад Ноўгарада[44].

Паўстанне супраць бацькі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1014 годзе Яраслаў адмовіўся ад выплаты бацьку ў Кіеў штогадовага ўроку[ru] ў дзве тысячы грыўняў[41], які плацілі перад тым пасаднікі наўгародскія.

Гісторыкі думаюць, што дзеянні Яраслава маглі быць звязаны з намерам Уладзіміра перадаць кіеўскі сталец аднаму з малодшых сыноў, растоўскаму князю Барысу[ru], якога ён у апошнія гады наблізіў да сябе і перадаў камандаванне дружынай, што фактычна значыла прызнанне Барыса спадчыннікам. Магчыма, таму паўстаў супраць Уладзіміра старэйшы сын Святаполк, які пасля гэтага быў зняволены ажно да часу смерці бацькі.[45].

Каб супрацьстаяць бацьку, Яраслаў наняў за морам варагаў на чале з Эймундам[ru][41]. Уладзімір, які жыў у Бераставе[ru] пад Кіевам, не спяшаўся з дзеяннямі, хоць, паводле летапісаў, і рыхтаваўся асабіста ісці супраць сына і загадаў папраўляць дарогі і будаваць масты. Акрамя таго, у чэрвені 1015 года ўварваліся печанегі і сабраная супраць Яраслава армія, узначаленая Барысам, вымушана была заняцца адбіццём набегу качэўнікаў, якія пачуўшы пра набліжэнне праціўніка і павярнулі назад[46].

Тым часам, нанятыя Яраславам варагі бяздзейнічалі ў Ноўгарадзе і пачалі ўчыняць беспарадкі. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу[ru], «начали варяги насилие творить на мужатых жёнах». Варагі ўзбуджалі незадаволенасць наўгародцаў. Канфлікт пагаршаўся яўнай перавагай, якую Яраслаў і Інгігерда аддавалі наёмнай варажскай дружыне, пры скаргах наўгародцаў звычайна бралі бок. Урэшце, наўгародцы за адну ноч перабілі многіх варагаў. Яраслаў тады быў у сваёй загараднай рэзідэнцыі на Ракаме, ён паклікаў да сябе прадстаўнікоў наўгародскай арыстакратыі, удзельнікаў знішчэння варагаў, абяцаў дараванне, але жорстка расправіўся з імі. Адбылося гэта ў ліпені—жніўні 1015 года.[41][46]

15 ліпеня 1015 года ў Бераставе памёр Уладзімір Святаславіч не паспеўшы разабрацца з падпарадкаваннем сына ў Ноўгарадзе. Неўзабаве Яраслаў атрымаў ліст ад сястры Прадславы, яна паведамляла пра смерць бацькі і пра падзеі пасля яе. Вестка вымусіла яго прымірыцца з наўгародцамі, князь паабяцаў выплаціць віру[ru] за кожнага ім забітага. Напэўна, канфлікт быў цалкам залагоджаны, у далейшых падзеях наўгародцы нязменна падтрымлівалі Яраслава.[47]

Барацьба за кіеўскі сталец

[правіць | правіць зыходнік]
Кіеўская дзяржава ў часы Яраслава Уладзіміравіча.

Яраслаў пачаў барацьбу за кіеўскі сталец з братам Святаполкам, якога вызвалілі з вязніцы і абвясцілі сваім князем кіяўляне. Барацьба цягнулася чатыры гады, Яраслаў абапіраўся на наўгародцаў і на наёмную варажскую дружыну пад камандаваннем конунга Эймунда[ru]. Падчас гэтай барацьбы загінулі тры іншыя сыны Уладзіміра Святаславіча — Барыс[ru], Глеб[ru] і Святаслаў[ru], прычыны і акалічнасці іх смерці да цяперашняга часу дыскусійныя.

Сабраўшы некалькі тысяч наўгародцаў і варажскіх наймітаў, якіх наняў раней для вайны з бацькам, Яраслаў пайшоў супраць Святаполка, які заклікаў сабе на дапамогу печанегаў, і ў зацятай бітве адолеў яго пад Любечам, уступіў у Кіеў і заняў велікакняжацкі сталец (1016). Ён шчодра ўзнагародзіў наўгародскую дружыну, дараваў кожнаму ваяру дзесяць грыўняў і адпусціў іх дадому.

З летапісаў:

" … И отпусти их всех домой,— и дав им правду, и устав списав, тако рекши им: по се грамоте ходите, якоже списах вам, такоже держите "

Перамога пад Любечам не скончыла барацьбу са Святаполкам: неўзабаве ўцякач падступіў да Кіева з печанегамі, а ў 1018 годзе цесць Святаполка, польскі кароль Баляслаў Храбры, запрошаны ім і рады выпадку выклікаць смуту на Русі і аслабіць яе, разбіў[uk] войскі Яраслава на берагах Буга, разам з палякамі ў войску былі яшчэ немцы і венгры. Печанегі таксама зрабілі напад, але былі адбітыя ад Кіева.

Неўзабаве Баляслаў захапіў у Кіеве[ru] сясцёр, жонку Ганну і мачыху Яраслава і, замест таго каб перадаць горад («стол») мужу сваёй дачкі Святаполку, сам зрабіў спробу зацвердзіцца ў ім. Але кіяўляне, абураныя сваволлем яго дружыны, пачалі забіваць палякаў, і Баляслаў павінен быў паспешліва пакінуць Кіеў, пазбавіўшы Святаполка ваеннай дапамогі. А Яраслаў, пасля паразы вярнуўшыся ў Ноўгарад, падрыхтаваўся бегчы «за мора». Але наўгародцы на чале з пасаднікам Канстанцінам Дабрынічам, пасекла яго судны, сказалі князю, што яны хочуць біцца за яго з Баляславам і Святаполкам. Яны сабралі грошы, заключылі новы дагавор з варагамі конунга Эймунда[ru] і самі ўзброіліся. Увесну 1019 года гэта войска на чале з Яраславам ажыццявіла новы паход на Святаполка. У бітве[ru] на рацэ Альце[ru], на тым месцы, дзе быў забіты Барыс, Святаполк з саюзнікамі-печанегамі быў разбіты, яго сцяг захоплены, сам ён паранены, але бег. Конунг Эймунд запытаўся ў Яраслава: «ці загадаеш забіць яго, ці не?»[48], — на што Яраслаў даў сваю згоду:

" Нічога гэтага я не зраблю: ні настройваць нікога не стану да (асабістага, сам на сам) бою з князем Святаполкам, ні наракаць каму-небудзь, калі ён будзе забіты. "

Святаполк уцякаў у Польшчу і дарогай памёр; Яраслаў у тым самым годзе стаў вялікім князем кіеўскім. Толькі цяпер, па смерці Святаполка, Яраслаў трывала зацвердзіўся ў Кіеве і, па словах летапісца, «утер пота со своею дружиной».

У 1019 годзе (або 1017 з іншых крыніц, або 1015 з «Сагі пра Эймунда», бо там яна згадваецца яшчэ да першага нападу Святаполка) Яраслаў ажаніўся з дачкой шведскага караля Олафа Шатконунга — Інгігердай, якую першым сватаў конунг Нарвегіі Олаф Харальдсан і прысвяціў ёй вісу[sv], а потым ажаніўся з яе малодшай сястрой Астрыд. Інгігерду на Русі хрысцілі сугучным імем Ірына[49]. Як вясельны дар ад мужа Інгігерда атрымала Альдэйгаборг (Ладагу) з прылеглымі землямі, якія атрымалі з тых часоў назву Інгерманландыі (землі Інгігерды)[50][51].

У 1020 годзе пляменнік Яраслава, полацкі князь Брачыслаў, напаў на Ноўгарад, узяў і разрабаваў яго, вывеў у Полацк вялікі палон. Але на зваротным шляху на рацэ Судоме[ru] (цяпер Пскоўскай вобласці) Яраслаў быццам разбіў Брачыслава[ru], вымусіў кінуць палон і нарабаванае. Урэшце, праўда, у 1021 годзе Яраслаў заключыў з Брачыславам мір і даў два горада Усвят і Віцебск.

У 1022 годзе Яраслаў хадзіў на Берасце, паспяхова або не — невядома.

Барацьба з Мсціславам

[правіць | правіць зыходнік]

У 1024 годзе Яраслаў вымушаны быў пачаць больш цяжкую барацьбу са сваім малодшым братам, князем тмутараканскім Мсціславам, які праславіўся перамогамі над касогамі[ru]. Гэты ваяўнічы князь разам са сваімі саюзнікамі хазарам і касогамі і захапіў Чарнігаў і ўсё левабярэжжа Дняпра, а ў 1024 годзе Мсціслаў перамог[ru] у жорсткай бітве войскі Яраслава пад кіраўніцтвам варага Якуна[ru] пад Ліственам (каля Чарнігава). Яраслаў вярнуўся ў адданы яму Ноўгарад.

Мсціслаў перанёс сваю сталіцу ў Чарнігаў і, накіраваў паслоў да Яраслава, прапанаваў падзяліць з ім зямлі па Дняпры і спыніць вайну:

" Сядай у сваім Кіеве, ты — старэйшы брат, а мне хай будзе гэты бок. "

Двоеўладдзе з Мсціславам

[правіць | правіць зыходнік]

Яраслаў не давяраў брату і вярнуўся толькі сабраўшы на поўначы вялікае войска; тады ён заключыў з братам мір каля Гарадца (верагодна, каля Кіева), па якім Русь была падзеленая на дзве часткі па Дняпры: вобласці на ўсход Дняпра (апроч Пераяслаўля) атрымаў Мсціслаў, а на захад — Яраслаў (1025).

У 1028 годзе нарвежскі кароль Олаф (пасля празваны Святым), быў вымушаны бегчы ў Ноўгарад. Ён прыбыў туды разам з пяцігадовым сынам Магнусам, пакінуўшы ў Швецыі яго маці Альвхільд (Астрыд)[no]. У Ноўгарадзе Інгігерда, зводная сястра маці Магнуса, жонка Яраслава і былая нявеста Олафа, настаяла, каб Магнус застаўся ў Яраслава пасля вяртання караля ў Нарвегію ў 1030 годзе, дзе той і загінуў у бітве за нарвежскі пасад[ru].

У 1030 годзе Яраслаў узяў Бэлз у Галіцыі, а таксама хадзіў на чудзь і зацвердзіў сваю ўладу на берагах Чудскога возера, дзе пабудаваў горад і назваў яго Юр’евым, у гонар свайго анёла.

У гэты час супраць караля Мешка II у Польскай зямлі паднялося паўстанне, народ забіваў епіскапаў, святароў і баяраў.

У 1031 годзе Яраслаў і Мсціслаў, падтрымаўшы дамаганні Безпрыма на польскі сталец, сабралі вялікае войска і пайшлі на палякаў, адваявалі Чэрвенскія гарады[ru] Пшэмысль і Чэрвен, заваявалі польскія землі, і, узяўшы ў палон мноства палякаў, падзялілі іх. Яраслаў рассяліў палонных па Росі[ru] ў гарадках для абароны ад качэўнікаў, а Мсціслаў �� на правабярэжжы Дняпра.

Напярэдадні, у тым самым 1031 годзе Харальд III Суровы[ru], кароль Нарвегіі, зводны брат Олафа Святога, уцёк да Яраслава Мудрага і служыў у яго дружыне. Як прынята лічыць, ён прымаў удзел у кампаніі Яраслава супраць палякаў і быў адным з кіраўнікоў войска. Пасля Харальд стаў зяцем Яраслава, узяўшы шлюб з Лізаветай.

Ёсць звесткі пра паходзе пры Яраславе да Уральскага хрыбта, пад кіраўніцтвам нейкага Улеба[ru] (1032).

У 1034 годзе Яраслаў ставіць князем наўгародскім сына Уладзіміра.

Яраслаў, ужо як вялікі князь кіеўскі, пераважна жыў у Ноўгарадзе да самай смерці брата Мсціслава. У 1035 годзе Мсціслаў памёр і Яраслаў стаў аднаўладцам.

Кіеўскі перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

У тым самым 1035 годзе Яраслаў пасадзіў у вязніцу (поруб) свайго брата, пскоўскага князя Судзіслава, агаворанага, па словах летапісаў, перад ім. Прычына гневу Яраслава на брата невядома; імаверна, ён мог дамагацца падзелу вымарачных валасцей, якія цалкам пераходзілі да Яраслава. У руках Яраслава сабраліся ўсе землі бацькавай Кіеўскай дзяржавы, апроч Полацкага княства, дзе княжыў пляменнік Брачыслаў, а пасля 1044 года Усяслаў Брачыславіч. Толькі пасля гэтага Яраслаў пераехаў з дваром з Ноўгарада ў Кіеў.

У 1036 годзе летапісы адзначаюць аблогу Кіева печанегамі, у адсутнасць Яраслава, які тым часам быў у Ноўгарадзе. Атрымаўшы пра гэта вестку, Яраслаў паспяшыў на дапамогу і разбіў печанегаў пад самымі сценамі Кіева. Пасля гэтай паразы напады печанегаў на Русь спыняюцца. У памяць пра перамогу над печанегамі князь заклаў сабор Святой Сафіі ў Кіеве, для роспісу храма былі выкліканы мастакі з Канстанцінопаля.

У 1038 годзе войскі Яраслава здзейснілі паход на яцвягаў, у 1040 годзе на Літву, а ў 1041 годзе водны паход на лоддзях у Мазовію. У 1042 годзе яго сын Уладзімір перамог ем[ru], прычым у гэтым паходзе быў вялікі падзеж коней, дружына Уладзіміра вярнулася амаль без іх. Прыкладна ў гэты час (1038—1043) ад Кнуда Вялікага да Яраслава ўцёк англасаксонскі прынц Эдуард Выгнаннік[ru]. Акрамя таго, у 1042 князь Яраслаў дапамог ў барацьбе за польскі каралеўскі сталец унуку Баляслава Храбрага — Казіміру I. Некалькі разоў Яраслаў хадзіў у Польшчу на дапамогу каралю Казіміру для ўціхамірвання паўсталай Мазовіі; апошні паход быў у 1047 годзе.

Казімір узяў у жонкі сястру Яраслава — Марыю, якая была польскай каралевай пад імем Дабранега. Гэты шлюб заключаны адначасова са шлюбам сына Яраслава -- Ізяслава, на сястры Казіміра — Гертрудзе, у знак саюза з Польшчай.

Тым часам адбывалася і апошняе варожае сутыкненнем Русі з грэкамі, адзін з рускіх купцоў быў забіты ў сварцы з грэчаскімі ў Канстанцінопалі[51]. Не атрымаўшы кампенсацыі за крыўду, у 1043 годзе, Яраслаў паслаў у паход[ru] на Візантыю вялікі флот пад камандаваннем свайго старэйшага сына Уладзіміра разам з Харальдам Суровым[ru] і наўгародскім ваяводам Вышатам у часы імператара Канстанціна Манамаха, ваенныя дзеянні разгарнуліся на моры і сушы з пераменным поспехам. Бура рассеяла рускія караблі; Уладзімір знішчыў пасланы на яго праслед грэчаскі флот, але Вышата быў акружаны і ўзяты ў палон пры Варне. У 1046 годзе заключаны мір; палонныя абодвух бакоў вернуты, і дружалюбныя адносіны змацаваныя шлюбам сына Яраслава Усевалада з візантыйскай царэўнай[ru].

У 1044 годзе Яраслаў арганізаваў паход на Літву.

У 1045 годзе Яраслаў і Ірына (Інгігерда) накіраваліся ў Ноўгарад з Кіева да сына Уладзіміру на закладку ім каменнага Сафійскага сабора, замест згарэлага драўлянага.

У 1047 годзе адбыўся разрыў саюза Яраслава з Польшчай.

У 1048 годзе ў Кіеў прыбылі паслы Генрыха I Французскага — прасіць рукі дачкі Яраслава Ганны.

Княжанне Яраслава працягвалася 37 гадоў. Апошнія гады Яраслаў жыў у Вышгарадзе.

Смерць і пахаванне

[правіць | правіць зыходнік]
Саркафаг Яраслава Мудрага ў Кіеве

Памёр Яраслаў 20 лютага 1054 года ў Вышгарадзе ў дзень свята Урачыстасці Праваслаўя[ru][52] на руках сына Усевалада, перажыўшы на чатыры гады сваю жонку Інгігерду і на два гады старэйшага сына Уладзіміра.

У надпісе (графіці) на цэнтральным нефе Сафійскага сабора пад кцітарскай[ru] фрэскай самога Яраслава, датаванай 1054 годам, гаворыцца пра смерць «цара нашага»: «В 6562 мца феврари 20 успен(и)е ц(а)ря наш(е)го в в(оскресенье) в (н)еде(лю) (му)ч Феодора». У розных летапісах дакладная дата смерці Яраслава вызначалася па-рознаму: або 19 лютага, або 20-га. Гэтыя рознагалоссі акадэмік Барыс Рыбакоў тлумачыць тым, што Яраслаў памёр у ноч з суботы на нядзелю. Тым часам для вызначэння пачатку дня было два прынцыпы: па царкоўным ліку — з апоўначы, у побыце — са світання. Таму па-рознаму даецца і дата смерці Яраслава: па адным разліку гэта была яшчэ субота, а па іншым, царкоўным, — ужо нядзеля[53]. Гісторык А. Карпаў лічыць, што князь мог памерці 19 (па летапісе), а пахавалі яго 20-га[9].

Тым не менш, дата смерці не прымаецца ўсімі даследчыкамі. В. К. Зібараў[ru] датуе смерць 17 лютага 1054 года[54].

Яраслаў быў пахаваны ў Сафійскім саборы ў былой грабніцы святога рымскага папы Клімента I, шасцітоннай з праканескага мармуру[de], якую яго бацька Уладзімір Святаславіч вывез з захопленага візантыйскага Херсанеса. Грабніца цэлая да гэтага часу.

Сума дзейнасці

[правіць | правіць зыходнік]

Як відаць з летапісаў, Яраслаў не пакінуў па сабе такой добрай памяці, як яго бацька. Па водгуку летапісу, «ён быў кульгавы, але розум у яго быў добры ды на вайне быў храбры»; пры гэтым дададзена яшчэ, што ён сам кнігі чытаў — заўвага, якая сведчыць аб яго дзіўнай для таго часу вучонасці.

Княжанне Яраслава важна як эпоха вышэйшага росквіту Русі, пасля якога яна хутка стала хіліцца да заняпаду. Значэнне Яраслава ў яе гісторыі засноўваецца галоўным чынам не на ўдалых войнах і знешніх дынастычных сувязях з Захадам, а на яго працы па ўнутранаму ўладкаванню Русі. Ён садзейнічаў распаўсюду хрысціянства, развіццю неабходнага для гэтага асветы і падрыхтоўкі святароў з рускіх.

Яраслаў заснаваў у Кіеве, на месцы сваёй перамогі над печанегамі, храм Святой Сафіі, пышна ўпрыгожыў яго фрэскамі і мазаікай; пабудаваў там жа манастыр Святога Георгія[ru] і манастыр Святой Ірыны[ru] (у гонар анёла сваёй жонкі). Кіеўскі храм св. Сафіі пабудаваны ў перайманне цараградскага. Яраслаў не шкадаваў сродкаў на цэрквы, запрашаючы для гэтага грэчаскіх майстроў. Наогул ён упрыгожыў Кіеў шматлікімі пабудовамі, абвёў яго новымі каменнымі сценамі з Залатымі варотамі (у перайманне такіх жа цараградскіх[pl]), а над імі — царкву ў гонар Звеставання[ru].

Яраслаў прыкладаў нямала высілкаў і для ўнутранага добраўпарадкавання рускай царквы і паспяховага развіцця хрысціянскай веры. Калі ў канцы яго княжання трэба было паставіць новага мітрапаліта, Яраслаў загадаў сабору рускіх епіскапаў паставіць мітрапалітам Іларыёна, святара з Берастава русін родам, жадаючы прадухіліць залежнасць рускай царквы ад Візантыі. Каб занесці ў народ пачаткі хрысціянскай веры, Яраслаў загадаў перакладаць кнігі з грэчаскай на славянскую і шмат сам іх купляў. Усе гэтыя рукапісы Яраслаў паклаў у бібліятэку пабудаванага ім Сафійскага сабора для агульнага карыстання. Для распаўсюджвання пісьменнасці Яраслаў загадаў духавенству навучаць дзяцей, а ў Ноўгарадзе, па позніх летапісных дадзеных, зладзіў вучылішча на 300 хлопчыкаў. Пры Яраславе прыехалі ў Русь з Візантыі царкоўныя спевакі, якія навучылі мясцовых спевакоў асьмагласнаму (дземественнаму) спеву.

Найбольш вядомы Яраслаў як заканадавец, яму прыпісваюць найстарэйшы помнік права Русі — «Рускую Праўду» (або «Устаў», «Суд Яраслаўль»), а таксама царкоўны статут («Кормчую кнігу»), пераклад візантыйскага Намаканона[ru]. Немалую ролю ў дзейнасці Яраслава мелі і клопаты пра ўнутранае ўпарадкаванні Русі і яе бяспеку. Падобна бацьку, ён засяляў стэпавыя прасторы, будаваў гарады (Юр’еў, Яраслаўль), працягваў палітыку папярэднікаў па ахове межаў і гандлёвых шляхоў ад качэўнікаў і па абароне інтарэсаў гандлю ў Візантыі. Яраслаў абгарадзіў гарадкамі паўднёвую мяжу Русі са стэпам.

Час Яраслава быў эпохай дзейных зносін з дзяржавамі Захаду. Яраслаў быў у роднасных сувязях з варагамі: сам ён быў жанаты на шведскай прынцэсе Інгігердзе, а нарвежскі прынц Гаральд Смелы[ru] узяў шлюб з яго дачкой Лізаветай. Некаторыя сыны Яраслава таксама былі жанатыя на замежных прынцэсах (Усевалад, Святаслаў). Радавітыя варагі знаходзілі прытулак і абарону ў Яраслава (Олаф, Магнус Добры, Гаральд Смелы); варажскія гандляры карыстаюцца яго адмысловым заступніцтвам. Сястра Яраслава Марыя была замужам за Казімірам Польскім, другая дачка яго Ганна — за Генрыхам I Французскім, трэцяя, Настасся — за Андрашам I Венгерскім. Ёсць звесткі замежных летапісцаў аб роднасных сувязях з англійскімі каралямі і аб знаходжанні пры двары Яраслава двух англійскіх прынцаў, якія шукалі ратунку. Сталіца Яраслава, Кіеў, заходнім падарожнікам падавалася сапернікам Канстанцінопаля; яе ажыўленасць, выкліканая даволі інтэнсіўнай для таго часу гандлёвай дзейнасцю, уражвала заходніх пісьменнікаў XI ст.

Шлюбы, дзеці і дынастычныя сувязі

[правіць | правіць зыходнік]
А. І. Транкоўскі[ru]. «Яраслаў Мудры і шведская прынцэса Інгігерда»
Ганна[ru], Настасся, Лізавета[ru] і Агата
  • Ганна (меркавана, да 1019) — нарвежка, захоплена ў палон польскім каралём Баляславам Храбрым у Кіеве ў 1018 годзе, разам з сёстрамі Яраслава і вывезена ў Польшчу, неўзабаве памерла[55].
  • Інгігерда (з 1019) — (у хрышчэнні Ірына, у манастве, магчыма, Ганна), дачка шведскага караля Олафа Шатконунга.

Праблемныя пытанні генеалогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Частка даследчыкаў сумняваецца, што Рагнеда маці Яраслава. Ёсць гіпотэза, што ў Яраслава была першая жонка, нарвежка Ганна, паланёная польскім каралём Баляславам Храбрым падчас захопу Кіева[ru] ў 1018 годзе і неўзабаве памерлая[60]. Ёсць гіпотэза, што Яраслаў меў дачку Агату, жонку Эдуарда Выгнанніка[ru]. Таксама ёсць гіпотэза пра сына Яраслава — Ілью[ru], магчыма, у першым шлюбе з нарвежкай Ганнай, і яго ж як безыменнага «сына караля Русі», жанатага з Астрыд Свендсдотэр.

Паходжанне жонкі аднаго з сыноў — германскай прынцэсы Оды[ru], дачкі Леапольда, — спрэчнае ў частцы паходжання з роду Штадэнаў (валадароў Паўночнай маркі) або Бабенбергаў[ru] (валадароў Аўстрыі да Габсбургаў). Таксама спрэчнае, чыёй жонкай была Ода — Уладзіміра, Святаслава або Вячаслава Яраславічаў, цяпер пераважае думка, што Ода паходзіла з Бабенбергаў і была жонкай Святаслава[61].

Кананізаваныя сваякі

[правіць | правіць зыходнік]

Сам Яраслаў шануецца РПЦ як дабраверны князь. Швагер Яраслава — нарвежскі конунг Олаф Харальдсан, яны былі жанатыя з сёстрамі, старэйшай Інгігердай і малодшай Астрыд[en] — кананізаваны як агульнахрысціянскі святы (кананізацыя адбылася ў 1031 годзе, да падзелу царквы ў 1054 годзе). Жонка Яраслава — Інгігерда, была кананізавана РПЦ у сярэдзіне XV ст. пад хросным імем Ірына. Кананізаваны быў і сын Яраслава і Інгегерды — Уладзімір.

Інгегерда была нявестай абодвух — спачатку Олафа, потым Яраслава, з якім урэшце ўзяла шлюб — вясной 1018 года дала згоду выйсці замуж за Олафа, уласнаручна вышыла для яго плашч з залатой зашпількай, але восенню 1018 года па рашэнні бацькі дала згоду выйсці замуж за Яраслава, вяселле адбылося ў 1019 годзе. Рамантычныя адносіны Олафа і Інгігерды ў 1018—1030 гадах апісваюць тры скандынаўскія сагі — «Сага пра Олафа Святога», «Сага пра Эймунда» і «Гнілая скура[ru]». У 1029 годзе Олаф быў у выгнанні, знаходзіўся ў Ноўгарадзе і напісаў вісу (верш) пра Інгігерду; частка яго дайшла да цяперашняга часу. Паводле саг, Олаф у Ноўгарадзе зімой 1029/1030 здзейсніў два цуды вылячэння, у прыватнасці вылечыў цяжка хворага дзевяцігадовага княжыча Уладзіміра, сына Яраслава і Інгігерды. Пасля гібелі (1030) і кананізацыі (1031) Олафа, у Ноўгарадзе была ўзведзена царква Олафа Святога[ru], празваная ў народзе «варажскай». Малалетні сын Олафа — Магнус Добры, пасля гібелі бацькі ўсыноўлены Яраславам, выхаваны ў яго сям’і і па дасягненні паўналецця з дапамогай Яраслава заняў сталец Нарвегіі, а затым Даніі.

Яраслаў — брат першых святых, кананізаваных праваслаўнай царквой на Русі, князёў Барыса[ru] і Глеба[ru] (кананізацыя адбылася пасля смерці Яраслава і падзелу царквы на каталіцкую і праваслаўную). Таксама Яраслаў — дзед мясцовашанаванага праваслаўнага святога Уладзіміра Манамаха і каталіцкага святога Гуга Вялікага, графа Вермандуа[ru].

Ускрыцці грабніцы, даследаванне і лёс рэштак

[правіць | правіць зыходнік]

Саркафаг адкрывалі ў 1936, 1939 і 1964 гадах і праводзілі не заўсёды кваліфікаваныя даследаванні.

Па выніках ускрыцця студзеня 1939 года[62] антраполаг Міхаіл Герасімаў у 1940 годзе стварыў скульптурны партрэт князя. Рост князя быў 175 см. Твар славянскага тыпу, сярэдняй вышыні лоб, вузкае пераноссе, моцна выступаючы нос, буйныя вочы, рэзка акрэслены рот (практычна з усімі зубамі, што сустракалася тады ў старасці вельмі рэдка), рэзка выступаючы падбародак[62]. Вядома таксама, што ён быў кульгавы (з-за чаго дрэнна хадзіў): па адной з версій — ад нараджэння, па іншай — у выніку ранення ў бітве. Правая нага князя Яраслава была даўжэйшай, чым левая, з-за пашкоджання тазасцегнавага і каленнага суставаў. Магчыма, гэта было следствам спадчыннай хваробы Пертэса[ru].

Страта рэштак

[правіць | правіць зыходнік]

Па паведамленні часопіса Newsweek[ru], пры ўскрыцці скрыні з парэшткамі Яраслава Мудрага 10 верасня 2009 было ўстаноўлена, што ў ім знаходзіцца, як мяркуецца, толькі шкілет жонкі Яраслава княгіні Інгігерды[62][63][64].

Апублікаваныя ў сакавіку 2011 года вынікі генетычнай экспертызы такія: у грабніцы спачываюць не мужчынскія, а толькі жаночыя парэшткі, прычым складзеныя з двух шкілетаў, якія датуюцца зусім розных часам: адзін шкілет часоў Кіеўскай Русі, а другі на тысячу гадоў старажытней, то бок часоў скіфскіх паселішчаў. Парэшткі кіеўскага часу, па сцвярджэнні навукоўцаў-антраполагаў, належаць жанчыне, якая пры жыцці шмат займалася цяжкай фізічнай працай, — відавочна не княжаскага роду. Першым пра жаночыя рэшткі сярод знойдзеных шкілетаў напісаў яшчэ М. М. Герасімаў у 1939 годзе. Тады было абвешчана, што акрамя Яраслава Мудрага ў грабніцы пахаваныя і іншыя людзі. На след праху Яраслава Мудрага можа вывесці абраз Міколы Мокрага, які быў вывезены з Сафійскага сабора прадстаўнікамі УГКЦ, якія адступалі разам з нямецкімі акупантамі[ru] з Кіева восенню 1943 года. Абраз быў знойдзены ў Свята-Траецкім храме (Бруклін, Нью-Ёрк, ЗША) у 1973 годзе. На думку гісторыкаў, астанкі вялікага князя таксама варта шукаць у ЗША[65][66], дзе яны знаходзяцца ў распараджэнні Украінскай праваслаўнай царквы ў ЗША[ru] (юрысдыкцыя Канстанцінопальскага патрыярхата).

Зноскі

  1. Анна // Русский биографический словарьСПб.: 1900. — Т. 2. — С. 155.
  2. Анна, святые русские // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Ia. — С. 791–792.
  3. а б в Kindred Britain
  4. С. Тр. Анна Ярославна // Русский биографический словарьСПб.: 1900. — Т. 2. — С. 193.
  5. Анна Ярославна // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. АндреевскийСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 792.
  6. А. Э. Всеволод-Андрей Ярославич // Энциклопедический словарьСПб.: Брокгауз — Ефрон, 1892. — Т. VII. — С. 384.
  7. Игорь Ярославич // Русский биографический словарьСПб.: 1897. — Т. 8. — С. 62.
  8. ПСРЛ. — Т. 1. Стб. 162.
  9. а б в г д Карпов 2010, с. 14.
  10. Карпов 2010, с. 460, прим. 4.
  11. Толочко 2008, с. 12.
  12. Соловьёв С. М. История России с древнейших времён. — М., 1988. — Т. 1. — С. 311—312, прим. 297.
  13. Татищев & 1994-1996, Т. 2. — С. 74, 238, прим. 220.
  14. Татищев & 1994-1996, Т. 4. — С. 416-417, прим. 161.
  15. Татищев & 1994-1996, Т. 2. — С. 238, прим. 220.
  16. Карпов 2010, с. 460, прим. 5.
  17. Arrignon J.—P. Les relations diplomatiques entre Bizance et la Russie de 860 à 1043 // Revue des études slaves. — 1983. — Т. 55. — С. 133—135.
  18. а б в Карпов 2010, с. 459, прим. 2.
  19. Толочко 2008, с. 9.
  20. Карпов 2010, с. 87—88.
  21. а б Кузьмин А. Г. Начальные этапы древнерусского летописания. — М.: Издательство МГУ, 1977. — С. 275—276.
  22. а б Пчелов 2001, с. 91.
  23. Толочко 2008, с. 10-11.
  24. Назаренко А. В. Древняя Русь на международных путях: Междисциплинарные очерки культурных, торговых, политических связей IX-XII вв.. — Москва: Языки русской культуры, 2001. — С. 367-370. — (Studia Historica).
  25. Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях её главнейших деятелей. — М., 1991. — С. 8.
  26. Кузьмин А. Г. Ярослав Мудрый // Великие государственные деятели России. — М., 1996. — С. 26.
  27. а б Перхавко, Сухарев 2006, с. 64.
  28. Рохлин Д. Г. Итоги анатомического и рентгенологического изучения скелета Ярослава Мудрого // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. — М.; Л.: 1940. — Т. 7. — С. 46—57.
  29. Гинзбург В. В. Об антропологическом изучении скелетов Ярослава Мудрого, Анны и Ингигерд // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. — М.; Л.: 1940. — Т. 7. — С. 57—66.
  30. Карпов 2010, с. 461-462, прим. 13.
  31. Толочко 2008, с. 13.
  32. а б Перхавко, Сухарев 2006, с. 65.
  33. а б в г д Карпов 2010, с. 28-32.
  34. Воронин 1960, с. 25-93.
  35. Ленивцев 1827, с. 7-10.
  36. Карпов 2010, с. 43-52.
  37. Мейерович 1984.
  38. Сахарова 2004.
  39. Татищев & 1994-1996, Т. 2. — С. 70.
  40. Карпов 2010, с. 53.
  41. а б в г Перхавко, Сухарев 2006, с. 66.
  42. Карпов 2010, с. 54-57.
  43. Карпов 2010, с. 66.
  44. Карпов 2010, с. 59-61.
  45. Карпов 2010, с. 67-75.
  46. а б Карпов 2010, с. 76-80.
  47. Карпов 2010, с. 81-84.
  48. Пасма (Сага) аб Эймундзе
  49. О Скандинавских браках Ярослава Мудрого и его потомков. Т.Н.Джаксон - ПОЛИТИКА И ГОСУДАРСТВЕННОСТЬ - Страницы истории Руси - История России - Россия в красках. ricolor.org. Праверана 25 лістапада 2023.
  50. Т. Н. Джаксон.О скандинавских браках Ярослава Мудрого и его потомков // Страницы истории Руси: политика и государственность
  51. а б Карамзин Н. М. История государства Российского т. 2, гл. II Архівавана 30 снежня 2012.
  52. Карпов 2010, с. 454.
  53. Граффити Софии Киевской
  54. Зиборов В. К. Киевские граффити и дата смерти Ярослава Мудрого (источниковедческий анализ)//Генезис и развитие феодализма в России. Л., 1988.
  55. Карпов 2010, с. С. 469—470, прим. 25-29.
  56. М. М. Карамзін лічыў, што Вячаслаў быў жанаты з Одай[ru], дачкой графа Леапольда Штадэнскага, аднак цяпер лічыцца, што яна была жонкай Святаслава, старэйшага брата Вячаслава.
  57. Раней лічылася, што ён быў жанаты з германскай прынцэсай Кунігундай, графіняй Арламюндэ[ru]. Сучасныя даследчыкі мяркуюць яе жонкай Яраполка Ізяславіча
  58. Пресняков А. Е.[ru] Княжое право в Древней Руси. Лекции по русской истории. Киевская Русь — М.: Наука, 1993 ISBN 5-02-009526-5
  59. Памятник Анне Ярославне Русской — Королеве Франции Архівавана 1 кастрычніка 2015.
  60. Назаренко А. В.Древняя Русь на международных путях. — М.: Языки русской культуры, 2001.
  61. Назаренко А. В. О династических связях сыновей Ярослава Мудрого. Отечественная история / РАН. Ин-т рос. истории. — М.: Наука, 1994. — N 4-5.\\Проект «Хронос»
  62. а б в Карпов 2010, с. 456.
  63. Максимов Н. Там или пропал Архівавана 18 жніўня 2010. // Newsweek. 09.08.2010
  64. Шкілет жанчыны 50-60 гадоў, на думку антраполага С. А. Нікіціна[ru], з вялікай ступенню верагоднасці належыць яго блізкай сваячцы
  65. В саркофаге великого князя Ярослава оказался чужой прах Архівавана 21 ліпеня 2014.
  66. На Украине пропали мощи Ярослава Мудрого Архівавана 1 лістапада 2011.
  • Воронин Н. Н. Медвежий культ в Верхнем Поволжье в XI веке // Краеведческие записки. Вып. IV. — Ярославль: 1960. — С. 25-93.
  • Карпов А. Ю. Ярослав Мудрый. — 3-е изд.. — М.: Молодая гвардия, 2010. — 592 с. — (Жизнь замечательных людей: Серия биографий; Вып. 1210 (1410)). — 5000 экз. — ISBN 978-5-235-03311-5.
  • Ленивцев М. Описание построения города Ярославля // Отечественные записки. — 1827. — Т. 84. — С. 7-10.
  • Мейерович М. Г. Так начинался Ярославль. — Ярославль: Верхне-Волжское книжное издательство, 1984. — 63 с.
  • Перхавко В. Б., Сухарев Ю. В. Воители Руси IX-XIII вв.. — Москва: Вече, 2006. — ISBN 5-9533-1256-3.
  • Пчелов Е. В. Рюриковичи. История династии.. — М., 2001. — 479 с., ил. с.
  • Сахарова Е. Роковые цифры Ярославля // «Юность», 7 июля. — 2004. Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2009.
  • Сегеда С. П., Бужилова А. П., Добровольская М. В., Потехина И. Д. Антропологическая экспертиза останков из саркофага Ярослава Мудрого Текст научной статьи по специальности «История и археология» // Вестник Московского университета. Серия 23. Антропология. 2013. № 4.
  • Татищев В. Собрание сочинений: В 8-ми томах. — М.: Ладомир, 1994—1996.
  • Толочко П. П. О происхождении Ярослава Мудрого // Ярослав Мудрый и его эпоха : сборник / ред.: И. Н. Данилевский, Е. А. Мельникова; Рос. акад наук, Ин-т всеобщ. истории. — Москва: Индрик, 2008. — 216 c. — С. 8-14.