Перайсці да зместу

ФК Белшына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з ФК Белшына Бабруйск)
Белшына
ФК Белшына (2021).png
Поўная назва КСУП «Бабруйскі футбольны клуб „Белшына“»
Заснаваны 1976
Горад Бабруйск, Беларусь
Стадыён «Спартак»
Умяшчальнасць: 3 709
Ген. дырэктар Віталь Былінін
Галоўны трэнер Міхаіл Марціновіч
Чэмпіянат Першая ліга
2023 15 месца ў Вышэйшай лізе
Сайт Афіцыйны сайт
Форма
Асноўная
форма
Форма
Гасцявая
форма
Форма
Рэзервовая
форма

«Белшына» — беларускі футбольны клуб з горада Бабруйска, заснаваны ў 1976 годзе. У цяперашні час выступае ў Першай лізе чэмпіянату Беларусі. У 1993—2023 гадах гуляў у Вышэйшай лізе (акрамя 2005, 2007—2009, 2017—2019 і 2021 гадоў). Хатнія матчы праводзіць на стадыёне «Спартак».

Першыя афіцыйныя спаборніцтвы па футболе ў Бабруйску былі праведзены ў 1920 годзе. У 1920—1930-я гады рэгулярна праводзіліся першынствы горада, а таксама таварыскія матчы з камандамі іншых гарадоў. Бабруйскія футбалісты трывала траплялі ў створаную ў 1928 годзе зборную БССР. З 1920-х гадоў зборная Бабруйска пачынае ўдзельнічаць у чэмпіянаце БССР.

Футбольнае жыццё было перарвана Вялікай Айчыннай вайной, пасля яе заканчэння Бабруйск быў прадстаўлены на рэспубліканскай арэне камандай «Спартак», якая ў 1958 годзе стала чэмпіёнам БССР. Пазней Бабруйск быў прадстаўлены камандамі ДА (1960), «Старт» (1962), «Дзяржынец» (1963—1964), «Бярэзіна» (1965, 1976), «Мэбельшчык» (1966, 1967), якія не мелі значных поспехаў. Чарговы ўздым бабруйскага футбола звязаны з камандай «Будаўнік», якая ў 1972 і 1973 гадах станавілася чэмпіёнам БССР. У «Будаўніку» пачынаў сваю кар’еру Аляксандр Пракапенка.

У 1976 годзе Беларускі шынны камбінат стаў заснавальнікам каманды «Шыннік», якая неўзабаве стала выступаць у чэмпіянаце БССР, мела поспехі: у 1978 і 1987 гадах стала чэмпіёнам рэспублікі, у 1979 годзе — уладальнікам Кубка БССР.

У 1989 годзе адбыўся скандал — матч апошняга тура супраць мінскага СКІФа насамрэч не быў згуляны, а арганізатары паведамілі пра нібыта праведзеную сустрэчу з выніковым лікам 1:1. За гэты падлог «Шыннік» быў адхілены ад удзелу ў чэмпіянаце БССР. Сезон 1990 каманда правяла ў чэмпіянаце Магілёўскай вобласці.

У 1992 годзе, пасля заснавання чэмпіянату незалежнай Беларусі, «Шыннік» трапіў у Другую лігу (Д2), а праз два гады выйшаў у элітны дывізіён. У гэты час у Бабруйску існавала іншая каманда «Фандак», якая ў 1995 годзе змяніла назву на «Бабруйск», а па заканчэнні сезона спыніла існаванне. Пасля гэтага «Шыннік» застаўся адзінай бабруйскай камандай і змяніў назву на «Белшына».

У другой палове 1990-х гадоў «Белшына» была адным з лідараў беларускага футбола. Тройчы (у 1997, 1999 і 2001 гадах) каманда заваёўвала Кубак Беларусі, станавілася сярэбраным і бронзавым прызёрам, а ў 2001 годзе стала чэмпіёнам Беларусі. Сярод лідараў каманды тых часоў былі браты Эдуард і Ігар Градабоевы, Андрэй Хлебасолаў, Уладзімір Путраш, Дзмітрый Балашоў, Ігар Шусцікаў, Андрэй Хрыпач, Аляксандр Сяднёў, Валерый Шанталосаў.

З 2003 года вынікі клуба сталі пагаршацца. Па выніках сезона 2004 «Белшына» заняла апошняе месца і выбыла ў Першую лігу. На наступны год яна перамагла ў другім дывізіёне і вярнулася ў Вышэйшую лігу, але толькі на адзін год.

У 2007—2009 гадах «Белшына» зноў гуляла ў Першай лізе. Вярнуцца ў элітны дывізіён атрымалася толькі з трэцяй спробы, калі ў 2009 годзе каманду ўзначаліў малады спецыяліст Аляксандр Сяднёў. У Вышэйшай лізе каманда здолела замацавацца ў сярэдзіне табліцы, рабіла стаўку пераважна на маладых ігракоў, які не прабіліся ў іншых клубах, а таксама на ўкраінскіх футбалістаў. Так, у сезоне 2011 сярод найлепшых бамбардзіраў былі ігракі «Белшыны» Ягор Зубовіч, Дзмітрый Коўб і Максім Лісавы, якія пазней перайшлі ў больш статусныя клубы.

У канцы 2011 года Аляксандр Сяднёў пры��яў прапанову ўзначаліць мінскае «Дынама», замест яго галоўным трэнерам стаў Сяргей Яромка. У ліпені 2012 года Сяднёў быў звольнены з «Дынама» і неўзабаве зноў узначаліў «Белшыну». У сезоне 2013 бабруйская каманда ішла ў сярэдзіне табліцы, аднак на момант падзелу каманд на дзве шасцёркі апынулася ў ніжняй палове і страціла шанцы на высокія месцы, у сваёй шасцёрцы атрымлівала перамогу за перамогай і ўпэўнена заняла 7-е месца, на што не паўплывала нават зняцце 6 ачкоў за невыкананне рашэнняў АБФФ.

Сезон 2014 каманда правяла няўдала, хутка апынулася ў ніжняй палове і скончыла сезон на 10-м месцы з 12. У 2015 годзе «Белшына» таксама лічылася аўтсайдарам, але ў выніку паспяхова ішла па дыстанцыі і нават прэтэндавала на прызавыя месцы, у выніку скончыла сезон на чацвёртым радку, што пры пэўных раскладах давала права на ўдзел у Лізе Еўропы. Па заканчэнні сезона галоўны трэнер Аляксандр Сяднёў абвясціў аб тым, што пакідае клуб.

У студзені 2016 года новым галоўным трэнерам быў прызначаны памочнік Сяднёва Віталь Паўлаў, які заявіў пра тое што каманда захавае большасць складу. Аднак літаральна праз тыдзень стала вядома аб тым, што да клуба праяўляюць цікавасць расійскія інвестары з кампаніі «СТМ-Спортменеджмент», якія паставілі задачу скласці канкурэнцыю лідарам беларускага футбола. Замест Паўлава трэнерам стаў расіянін Уладзімір Яжураў, амаль цалкам быў абноўлены склад, былі запрошаны вопытныя беларускія ігракі, а таксама маладыя расійскія, шэраг аргенцінскіх і іншых замежных футбалістаў. Аднак вынікі ў каманды пайшлі не найлепшым чынам. У чвэрцьфінале Кубка Беларусі «Белшына» саступіла наваполацкаму «Нафтану», а ў чэмпіянаце ішла ў сярэдзіне табліцы. У маі па выніках фіналу Кубка Беларусі апошняе месца ў Лізе Еўропы атрымала жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», пакінуўшы бабруйскі клуб па-за еўракубкамі. Яшчэ ў красавіку каманду па сямейных абставінах пакінуў Яжураў, кіраваць трэніровачным працэсам застаўся яго памочнік Вячаслаў Герашчанка, а ў чэрвені футбалісты пачалі пакідаць клуб. У ліпені 2016 года супрацоўніцтва з расійскімі інвестарамі, якія так і не здолелі дасягнуць паразумення з мясцовымі кіраўнікамі, было спынена, амаль усе прывезеныя футбалісты пакінулі Бабруйск (многія з іх далучыліся да новага інвестарскага праекта — брэсцкага «Дынама»). Галоўным трэнерам зноў стаў Віталь Паўлаў, які хутка збіраў каманду з ігракоў Першай лігі і тых, хто не меў практыкі і іншых клубах. З новым складам «Белшына» стала выступаць яшчэ горш і апусцілася ў ніз табліцы, па выніках сезона заняла перадапошняе месца і выбыла ў Першую лігу.

У канцы 2016 года Паўлаў перайшоў на працу ў «Слуцк», а «Белшыну» ўзначаліў Уладзімір Гольмак. Аднак ён ужо ў чэрвені 2017 года пакінуў каманду, выконваць абавязкі галоўнага трэнера да канца сезона застаўся яго памочнік Эдуард Градабоеў. Каманда праваліла сезон у Першай лізе, заняўшы толькі пятае месца.

У 2018 годзе галоўным трэнерам стаў Георгій Кандрацьеў. «Белшына» доўгі час змагалася за выхад у Вышэйшую лігу з мазырскай «Славіяй» і мінскім «Энергетыкам-БДУ», аднак у выніку саступіла ім. У кастрычніку Кандрацьеў быў адпраўлены ў адстаўку, каманду зноў узначаліў Градабоеў, аднак ён выправіць сітуацыю не здолеў і «Белшына» фінішавала трэцяй.

У студзені 2019 года галоўным трэнерам стаў Юрый Пунтус, які здолеў сабраць баяздольны склад. «Белшына» хутка апынулася сярод лідараў і змагалася за першы радок са «Смалявічамі». У верасні 2019 года Пунтус прыняў прапанову ўзначаліць жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ», пасля чаго на чале «Белшыны» зноў стаў Эдуард Градабоеў, які завяршыў справу і вывеў бабруйчан у Вышэйшую лігу.

У 2020 годзе «Белшына» пераважна захавала першалігавы склад, істотна не ўзмацніўшыся, у выніку хутка апынулася сярод аўтсайдараў. У маі 2020 года Эдуард Градабоеў быў адпраўлены на адпачынак, каманду замест яго ўзначаліў памочнік Дзмітрый Мігас. Пазней Градабоеў вярнуўся да кіраўніцтва, але ў чэрвені канчаткова быў адпраўлены ў адстаўку. Дзмітрый Мігас зноў стаў на чале каманды, але не выратаваў яе ад 15-га месца з 16 і вылету ў Першую лігу.

У пачатку 2021 года амаль цалкам абнавіўся склад каманды. У лютым 2021 года новым галоўным трэнерам стаў Віталь Паўлаў, але з-за траўмы на працягу большай часткі сезона 2021 ён не працаваў з камандай, якой кіраваў яго памочнік Альберт Рыбак. Нягледзячы на дрэнны старт, хутка бабруйская каманда далучылася да лідараў. У маі 2021 года ФІФА прыняла рашэнне накласці трансферны бан на клуб, бо «Белшына» дагэтуль не пагасіла запазычанасць перад сваім былым легіянерам часоў расійскіх інвестараў[1]. Забарона на трансферы была знята ў канцы ліпеня[2]. У другой палове сезона бабруйская каманда змагалася за першае месца, але ў выніку скончыла сезон другой і выйшла ў Вышэйшую лігу.

У лютым 2022 года Паўлаў і Рыбак памяняліся пасадамі, і апошні ўзначаліў каманду. «Белшына» здолела захаваць сваіх лідараў і пасля дрэннага старту ў сезоне 2022 стала набіраць ачкі, часам паказваючы неблагую гульню, хоць і не падымалася вышэй сярэдзіны табліцы на працягу ўсяго чэмпіянату. За некалькі тураў да фінішу гарантаваўшы сабе месца ў Вышэйшай лізе на наступны сезон, бабруйская каманда завяршыла турнір на 12-м радку.

11 мая 2023 года па выніках справы па дагаворных матчах клуб быў пакараны: пазбаўлены 10 ачкоў у чэмпіянаце 2023 года і 5 ачкоў у чэмпіянаце 2024 года, атрымаў штраф; дыскваліфікацыі і штрафы атрымалі таксама шматлікія ігракі і прадстаўнікі трэнерскага штаба клуба; таксама быў ануляваны вынік матча 30-га тура 2022 года з салігорскім «Шахцёрам» (1:4), абедзвюм камандам прысуджаны тэхнічныя паражэнні (-:-)[3]. 22 мая 2023 года «Белшына» была пазбаўлена яшчэ 1 ачка ў чэмпіянаце 2023 года[4]. У выніку каманда апынулася ў канцы табліцы, дзе змагалася з іншымі аштрафаванымі клубамі — «Шахцёрам» і «Энергетыкам-БДУ». Няўдалая серыя бабруйчан пад канец турніру адкінула іх на перадапошні радок, а ў выніку сваёй перамогі ў апошнім туры «Энергетык-БДУ» перагнаў «Белшыну», якая скончыла сезон на апошнім месцы і адправілася ў Першую лігу.

Цяперашні склад

[правіць | правіць зыходнік]

Станам на жнівень 2024 года, згодна з афіцыйным сайтам клуба[5].

Паз. Імя Нар.
1 Беларусь Бр Даніла Сокал (у арэндзе са «Славіі») 2001
13 Беларусь Бр Уладзіслаў Дрозд 2007
24 Беларусь Бр Мікіта Пацэнка 2002
3 Беларусь Аб Ілья Удодаў 2000
4 Беларусь Аб Уладзіслаў Салановіч 1999
6 Беларусь Аб Ілья Багдановіч (у арэндзе з «Дынама» Брэст) 2004
19 Беларусь Аб Мікіта Сакалоўскі 2002
44 Беларусь Аб Ігар Тыманюк 1994
77 Беларусь Аб Кірыл Малых 2006
88 Расія Аб Юрый Гаўрылаў 2002
Беларусь Аб Кірыл Балотнікаў 2008
Беларусь Аб Мікіта Ганчароў 2005
5 Беларусь ПА Максім Кацынель (у арэндзе з «Нёмана») 2005
8 Беларусь ПА Вадзім Бальбух 1993
Паз. Імя Нар.
10 Беларусь ПА Валерый Патароча 1996
11 Беларусь ПА Станіслаў Ламака 2002
14 Расія ПА Уладзіслаў Давыдаў 1999
21 Расія ПА Мікіта Голуб 1997
22 Беларусь ПА Дзмітрый Дзенісенка 2004
29 Беларусь ПА Максім Саматой 2001
70 Расія ПА Дата Чарткоеў 1999
Беларусь ПА Уладзіслаў Балотнікаў 2004
Беларусь ПА Аляксандр Грынь 2003
Беларусь ПА Ілья Семінар 2006
7 Беларусь Нап Ілья Сень 1999
20 Беларусь Нап Уладзіслаў Кабачэўскі (у арэндзе з «Іслачы») 1998
Беларусь Нап Данііл Кулікоў 2007

Ігракі ў арэндзе

[правіць | правіць зыходнік]
Паз. Імя Нар.
2 Беларусь Аб Аляксей Матлах (у «Асіповічах» да снежня 2024 года) 2000
Беларусь ПА Мікіта Салановіч (у «Энергетыку-БДУ» да снежня 2024 года) 2005

Трэнерскі штаб

[правіць | правіць зыходнік]

Статыстыка выступленняў

[правіць | правіць зыходнік]

Чэмпіянат і Кубак Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Сезон Ліга М Г В Н П Галы Ачкі Кубак Заўвагі
1992 Другая (Д2) 2 16[A] 11 2 3 24–9 24 1/16 фіналу
1992/93 Другая (Д2) 1 30 21 8 1 69–19 50 1/16 фіналу Выхад у Першую лігу
1993/94 Першая (Д1) 7 30 15 1 14 41–41 31 Чвэрцьфінал
1994/95 Першая (Д1) 13 30 7 9 14 31–50 23 Паўфінал
1995 Першая (Д1) 15 15 4 3 8 17–29 15 1/16 фіналу
Пераходныя матчы[B] 2 1 0 1 3–2
1996 Першая (Д1) 3 30 20 3 7 67–32 63 Пераможца
1997 Першая (Д1) 2 30 21 3 6 67–30 66 1/8 фіналу
1998 Вышэйшая (Д1) 3 28 17 6 5 47–17 57 Пераможца Змена назваў ліг
1999 Вышэйшая (Д1) 8 30 13 6 11 52–42 45 Паўфінал
2000 Вышэйшая (Д1) 9 30 11 5 14 42–38 38 Пераможца
2001 Вышэйшая (Д1) 1 26 17 4 5 43–20 55 1/8 фіналу
2002 Вышэйшая (Д1) 8 26 12 4 10 44–38 37[C] Паўфінал
2003 Вышэйшая (Д1) 10 30 8 8 14 44–50 32 1/8 фіналу
2004 Вышэйшая (Д1) 16 30 2 6 22 21–62 12 Чвэрцьфінал Вылет у Першую лігу
2005 Першая (Д2) 1 30 23 4 3 61–19 73 1/32 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2006 Вышэйшая (Д1) 14 26 1 6 19 16–46 9 1/16 фіналу Вылет у Першую лігу
2007 Першая (Д2) 4 26 15 7 4 46–26 49[C] 1/16 фіналу
2008 Першая (Д2) 3 26 15 4 7 34–21 49 1/8 фіналу
2009 Першая (Д2) 1 26 20 4 2 55–15 64 1/8 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2010 Вышэйшая (Д1) 6 33 12 9 12 31–42 45 Паўфінал
2011 Вышэйшая (Д1) 5 33 12 12 9 41–35 48 1/16 фіналу
2012 Вышэйшая (Д1) 7 30 7 9 14 26–40 30 Чвэрцьфінал
2013 Вышэйшая (Д1) 7 32 15 8 9 42–38 47[D] Чвэрцьфінал
2014 Вышэйшая (Д1) 10 32 8 8 16 42–56 32 Чвэрцьфінал
2015 Вышэйшая (Д1) 4 26 12 7 7 39–19 43 Чвэрцьфінал
2016 Вышэйшая (Д1) 15 30 5 10 15 34–45 25 1/16 фіналу Вылет у Першую лігу
2017 Першая (Д2) 5 30 14 7 9 56–30 47[E] 1/16 фіналу
2018 Першая (Д2) 3 28 18 5 5 59–23 59 Чвэрцьфінал
2019 Першая (Д2) 1 28 21 5 2 74–22 68 1/16 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2020 Вышэйшая (Д1) 15 30 5 6 19 34–71 21 1/16 фіналу Вылет у Першую лігу
2021 Першая (Д2) 2 33 19 6 8 69–42 63 1/16 фіналу Выхад у Вышэйшую лігу
2022 Вышэйшая (Д1) 12 30[F] 6 12 12 36–46 30 Чвэрцьфінал
2023 Вышэйшая (Д1) 15 28 3 5 20 21–61 3[G] 1/16 фіналу Вылет у Першую лігу
  1. Улічваючы дадатковы матч за першае месца супраць «Дынама-2» (паражэнне 0:3).
  2. Пераходныя матчы за месца ў Першай лізе супраць пінскага «Камунальніка», другой каманды Другой лігі 1995.
  3. а б З каманды зняты 3 ачкі за парушэнне рэгламенту.
  4. З каманды зняты 6 ачкоў за парушэнне рэгламенту.
  5. З каманды зняты 2 ачкі за за сістэматычнае невыкананне рашэнняў Камітэта па статусу і пераходам ігракоў АБФФ.
  6. Вынік матча 30-га тура з салігорскім «Шахцёрам» (1:4) быў ануляваны, абедзвюм камандам прысуджаны тэхнічныя паражэнні (-:-)[3].
  7. Рашэннем Камітэта кантрольна-дысцыплінарнага і па этычных пытаннях АБФФ ад 11 мая 2023 года «Белшына» пазбаўлена 10 ачкоў у сувязі са скандалам з дагаварнымі матчамі[3]. Рашэннем Камітэта па клубным ліцэнзаванні АБФФ ад 22 мая 2023 года «Белшына» пазбаўлена яшчэ 1 ачка за парушэнні Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў[4].

Міжнародныя кубкі

[правіць | правіць зыходнік]
Сезон Кубак Раўнд Клуб Першыя матчы Матчы ў адказ Вынік
1997/1998 Кубак Кубкаў Кв. раўнд Эстонія Садам (Талін) 1:1 (Г) 4:1 (Х) 5:2
1 раўнд Расія Лакаматыў (Масква) 1:2 (Х) 0:3 (Г) 1:5
1998/1999 Кубак УЕФА 1 к/р Балгарыя ЦСКА (Сафія) 0:0 (Г) 1:3 (Х) 1:3
1999/2000 Кубак УЕФА Кв. раўнд Рэспубліка Кіпр Амонія (Нікасія) 1:5 (Х) 0:3 (Г) 1:8
2001/2002 Кубак УЕФА Кв. раўнд Славакія Ружамберак 1:3 (Г) 0:0 (Х) 1:3
2002/2003 Ліга чэмпіёнаў 1 к/р Паўночная Ірландыя Портадаўн 0:0 (Г) 3:2 (Х) 3:2
2 к/р Ізраіль Макабі (Хайфа) 0:4 (Г) 0:1 (Х) 0:5

Неафіцыйныя турніры

[правіць | правіць зыходнік]
Сезон Кубак Раўнд Клуб Вынік
2002 Кубак чэмпіёнаў Садружнасці Група D Эстонія Флора (Талін) 1:3
Група D Туркменістан Ніса 1:2
Група D Кыргызстан СКА-ПВО 1:1

Галоўныя трэнеры

[правіць | правіць зыходнік]
  1. ФИФА наложила трансферный бан на "Белшину" из-за непогшенной задолженности перед своим бывшим игроком (руск.). football.by (3 чэрвеня 2021). Праверана 6 снежня 2023.
  2. Футбольная «Белшина» обыграла ««Крумкачей». Рассказываем, как прошел матч (руск.). bobruisk.ru (2 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2021. Праверана 6 снежня 2023.
  3. а б в Официально (руск.). АБФФ (11 мая 2023). Праверана 2 чэрвеня 2023.
  4. а б Заседание Комитета по клубному лицензированию АБФФ. Итоги (руск.). АБФФ (22 мая 2023). Праверана 2 чэрвеня 2023.
  5. Основной состав (руск.). Афіцыйны сайт «Белшыны». Праверана 9 красавіка 2024.