Таргавіцкая канфедэрацыя
Таргавіцкая канфедэрацыя — саюз магнатаў Рэчы Паспалітай супраць прагрэсіўных рэформ Чатырохгадовага сойма 1788—1792 г., які выкарыстала Расійская імперыя з мэтай рэстаўрацыі там дзяржаўнага ладу, што існаваў да прыняцця Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Акт Таргавіцкай канфедэрацыі падпісаны ў Санкт-Пецярбургу 27 красавіка 1792 г., фіктыўна абвешчаны ў мястэчку Таргавіца (Украіна) 14 мая 1792 г., праз 3 дні пасля пачатку інтервенцыі Расійскай імперыі ў Рэч Паспалітую.
Акт Таргавіцкай канфедэрацыі называў расійскія войскі сяброўскімі, скасоўваў усе рашэнні Чатырохгадовага сойма, у т.л. Канстытуцыю 3 мая 1791 г., заклікаў шляхту злучыцца для «абароны рэспубліканскіх свабод» і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы. У ВКЛ адпаведныя канфедэрацыі ў ваяводствах і паветах ствараліся пры падтрымцы царскіх войск; у іх кіраўніцтва ўваходзілі маршалкі і па 6 канцылярыстаў, з якіх 2 дэлегаваліся ў Генеральную канфедэрацыю ВКЛ (Генеральнасць). Апошнімі былі створаны канфедэрацыі Віцебскага ваяводства (акт абвешчаны 16 кастрычніка 1792 г. у мястэчку Чарэя, маршалак В. Гласко) і Мазырскага павета (27 кастрычніка 1792 г., маршалак М. К. Аскерка). Удзельнікі канфедэрацый прысягалі змагацца супраць Канстытуцыі 3 мая 1791 г., прынцыпу спадчыннасці каралеўскага трона, абавязваліся ўмацоўваць панаванне каталіцтва, агульнашляхецкую роўнасць, непадзельнасць дзяржавы і захаванне уніі ВКЛ з Польшчай.
Генеральная канфедэрацыя ВКЛ абвешчана ў Вільні 14 (25) чэрвеня 1792 г. у складзе 12 радцаў (Ю. Касакоўскі, П. Касакоўскі, С. Мануцы, А. Ромер, К. Рамановіч, Г. Швыкоўскі, М. Гедройц, Ю. Нарбут, М. Ю. Данкевіч, І. Штэйн, А. Снарскі, Ф. Контрым); маршалак — А. М. Сапега. Канфедэрацыю падтрымалі каля 40 тыс. шляхціцаў ВКЛ. Паводле ўказа Кацярыны II ад 25 чэрвеня (6 ліпеня) 1792 г. у паветах ствараліся канфедэрацкія суды. Генеральнасць 1 чэрвеня 1792 г. патрабавала, каб на працягу 2 тыдняў усе грамадзяне прысягнулі на вернасць ёй, 24 ліпеня 1792 г. забараніла секвестр і экзекуцыю шляхецкіх уладанняў, 7 жніўня 1792 г. увяла цэнзуру і пашпартную сістэму рэгістрацыі пераходаў, 14 жніўня 1792 г. пазбавіла пасад і права голасу шляхціцаў, якія запісаліся ў мяшчанства і «падазроныя клубы», 15 верасня 1792 г. вызваліла з-пад арышту епіскапа Віктара Садкоўскага. 13 жніўня 1792 г. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ пагадзілася злучыцца з Генеральнай кароннай канфедэрацыяй пры ўмове захавання ранейшай уніі ВКЛ з Польшчай, самастойнага судаводства і правядзення соймаў у Гародні, для чаго 14 жніўня — 22 верасня 1792 г. правяла новую прысягу мясцовых ураднікаў і войска. Канфедэрацыі Кароны і ВКЛ злучыліся ў Генеральную канфедэрацыю абодвух народаў у Берасці 11 верасня 1792 г.
24 верасня 1792 г. Генеральнасць пераехала ў Гародню для падрыхтоўкі там вальнага сойма пад наглядам расійскага пасла Я. Я. Сіверса. 30 жніўня 1792 г. яна падпарадкавала сабе збор дзяржаўных падаткаў, аднак з-за скаргаў на ўціск паборцаў пры збіранні правіянту і фуражу для расійскіх войск 22 верасня 1792 г. перадала збор падаткаў мясцовым канфедэрацыям і трымальнікам маёнткаў. Прусія ўвяла войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а Расія абвясціла ноту аб падрыхтоўцы другога падзелу Рэчы Паспалітай і не дазволіла шляхце сабрацца ў лютым 1793 г. на выбарчыя соймікі, Генеральнасць для абароны краіны 11 лютага 1793 г. загадала мясцовых канфедэрацыям склікаць паспалітае рушанне і абраць ротмістраў. У сувязі з гэтым 10 сакавіка 1793 г. Сіверс прадаставіў павятовым маршалкам ранг ваявод і 6 мая 1793 г. дазволіў правесці шляхецкія выбары на Гарадзенскі сойм 1793 г. 27 мая 1793 г. зачынены канфедэрацкія суды і адноўлены земскія. Ухваленнем на сойме 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і дагавора з Расіяй Таргавіцкая канфедэрацыя канчаткова скампраметавала сябе і 15 верасня 1793 г. распушчана.
Гл. тасксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Соловьев, С. М. История падения Польши. Восточный вопрос / С. М. Соловьев. — Москва : Астрель-АСТ, 2003. — 364 с.
- Анішчанка Я. К. Таргаві́цкая канфедэра́цыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 440. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Анішчанка Я. Таргаві́цкая канфедэра́цыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 505. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.