Вуліца Няміга
Вуліца Няміга Мінск | |
---|---|
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Працягласць |
|
Найбліжэйшыя станцыі метро |
Няміга |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Вуліца Няміга (да 1960-х гадоў Нямізская) — адна з найстарэйшых вуліц Мінска, ідзе ад цэнтра горада на захад, ад вуліцы Багдановіча да плошчы Багушэвіча. Працягласць 1840 м[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле архелагічных даных, узнікла ў пачатку XII стагоддзя ўздоўж ракі Нямігі, магчыма, падобна да вуліц Лагойскай, Койданаўскай, Барысаўскай і Заслаўскай, на старажытнай дарозе. Пачыналася ад брамы Менскага замка (цяпер выхад са станцыі метро Няміга). Спачатку праезная частка вуліцы была вымашчаная драўляным насцілам. Традыцыйная назва вуліцы — Нямізская.
У пачатку XVII стагоддзя на скрыжаванні Нямізскай і Ракаўскай вуліц быў пабудаваны комплекс праваслаўнага манастыра з Петрапаўлаўскай царквой. Прыблізна тады ж на правым баку вуліцы з’явіўся будынак Халоднай сінагогі (знесены ў 1965 годзе), а сама вуліца была забрукавана. Да канца XVIII стагоддзя астатняя забудова была пераважна драўлянай (у 1793 годзе існавалі толькі два мураваныя дамы), вуліца шмат гарэла (асабліва моцны пажар быў у 1835 годзе). У XIX стагоддзі Нямізская вуліца пачала забудоўвацца 2—3-павярховымі каменнымі дамамі ў стылі барока і класіцызму, якія будаваліся ўшчыльную адзін да аднаго, шырыня вуліцы складала 4—4,5 метра. Уваход у двары, г.зв. каменныя калодзежы з адрынамі, прыбіральнямі і выграбнымі ямамі, ажыццяўляўся праз аркавыя брамы ў фасадах — драўляныя, каваныя ці жалезныя, якія звычайна на ноч замыкаліся на засоўкі. На вуліцы месцілася мноства невялікіх шынкоў і крам, яна была цэнтральнай вуліцай Ніжняга (Нізкага) рынку, мела для горада і наваколля вялікае гандлёвае значэнне.
У XIX стагоддзі ўключала Ніжні і Рыбны рынкі (на злучэнні вуліц Нямігі і Ракаўскай) і злучала гандлёвую плошчу на Траецкай гары з месцамі гандлю Раманаўскага прадмесця (раён вуліц Мяснікова і Раманаўская Слабада)[1].
XX стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]Да пачатку XX стагоддзя па вуліцы працякаў ручай — рэштка ракі Нямігі, які пасля ліўневых дажджоў, а таксама ўвесну і ўвосень разліваўся, затапляў вуліцу і рынкавыя плошчы. Для прадухілення гэтай штогадовай паводкі было вырашана закласці Нямігу ў бетонныя трубы, у 1926 годзе заклалі ў калектар ніжняе цячэнне ручая, а саму вуліцу над калектарам забрукавалі, вузкія ходнікі заасфальтавалі. Аднак гэта не выратавала вуліцу ад затапленняў.
Нямізская вуліца канчаткова стала Нямігай толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Частка вуліцы ад Свята-Петра-Паўлаўскага (у 1793—1933 гадах Екацярынінскага) сабора да вуліцы Зыбіцкай да рэвалюцыі называлася Кацярынінскай, у міжваенны час — Калініна. Падчас Другой сусветнай вайны акупанты перайменавалі Нямізскую ў Pionierstrasse (Сапёрную вуліцу)[2]. У гэты час у раёне вуліцы (на поўнач ад яе) было яўрэйскае гета.
У паваенны час вуліца працягвала быць гандлёвым цэнтрам Мінска. У 1955 годзе заклалі ў калектар верхняе цячэнне Нямігі, што бегла яшчэ на паверхні ў раёне Таварнай станцыі, аднак гэта не беражэ раён ад паводак і ў XXI стагоддзі. У сярэдзіне 1970-х старыя дамы на вуліцы былі знесеныя, пасля чаго ў 1990-х быў пабудаваны шматпавярховы жылы дом з гандлёвым цэнтрам «На Нямізе». У 2010-х гадах на няцотным баку вуліцы была ўзведзена псеўдагістарычная 2—4-павярховая забудова.
У 1970-х на вуліцы і ў прылеглым раёне праводзіліся здымкі фільма «Руіны страляюць...».
Азеляненне
[правіць | правіць зыходнік]На скрыжаванні з вуліцай Гарадскі Вал размешчыны сквер Адама Міцкевіча.
Зноскі
- ↑ а б Архітэктура Беларусі 1993.
- ↑ Plan der Stadt Minsk. Anbefertigt im Juli 1941 durch Kommandeur der Bautruppen 9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Белорусская ССР. Т. 1 : краткая энцикл. — Мн., 1979.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Загарульскі Э. М. Няміга // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 367. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вуліца Няміга