Перайсці да зместу

Галашэнні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Галашэнні — своеасаблівая форма выяўлення гора, смутку, дзе ў адзіны семантычны комплекс зліты спецыфічны напеў, імправізаваны тэкст, плач, асобая пластыка; адзін з найбольш старажытных жанраў народнай творчасці. Вядомы ва ўсіх народаў свету.

На Беларусі запісаны ўжо ў 16 ст. Я. Ласіцкім. Беларускія галашэнні падзяляюць на абрадавыя (пахавальныя, вясельныя) і пазаабрадавыя (бытавыя, ваенныя).

У Расонскім раёне лакалізаваны «галашэнні зязюльцы», бытавыя галашэнні з нагоды асабістага гора жанчыны. Носьбіты традыцый галашэння, як правіла, пажылыя жанчыны, форма выканання пераважна сольная (сумесныя галашэнні на пахаванні ці вяселлі ўяў- ляюць сабой спалучэнне шэрагу сольных імправізацый).

У сучасным вясковым побыце пашыраны пахавальныя і бытавыя галашэнні. Да жанру галашэння ў літаратуры звярталіся Я. Купала, М. Гарэцкі, У. Караткевіч, Б. Сачанка, Я. Сіпакоў і інш.

Пахавальныя галашэнні

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш развіта традыцыя пахавальных галашэнняў, якія з’яўляюцца неад’емным музычна-паэтычнам кампанентам пахавальнага абраду, суправаджаюць асноўныя яго этапы і ў адпаведнасці з імі складаюць 7 цыклаў, звязаных паміж сабою зместам, сістэмай паэтычных сродкаў і напевам. Вылучаюцца традыцыйнай фальклорнай вобразнай сімволікай (шэрая зязюлька, галубачка шызакрылая, жавараначак, саколік, ягадачка мая недаспелая, залаценькі каласок, ясны месячык). Паэтыка і манера інтанавання галашэння абумоўлена вялікай эмацыйнай напружанасцю выканаўцы, што прыводзіць да з’яўлення ў тэксце мноства воклічна-запытальных структур, паўтораў, экспрэсіўных словаўтварэнняў і інш., а ў напеве — да прыкмет натуральнага плачу: напружанага тэмбру, высокай тэсітуры, нетэмпераванага строю. Напеў і тэкст знаходзяцца ў непасрэднай інтанацыйна-рытмічнай і кампазіцыйнай сувязі. Вершаскладанне інтанацыйна-фразавае. Свабоднаму або акцэнтнаму вершу (ад З да 16 складоў, роўна- ці няроўнанаціскному) аднавершавай, страфічнай або тыраднай структуры адпавядае напеў пераважна дэкламацыйнага характару, вузкага дыяпазону. Вылучаюць З стылі выканання пахавальных галашэнняў: напеўны рэчытатыў (найбольш пашыраны, уключае 8 меладычных тыпаў, кожны з якіх мае пэўны арэал), песенны (цэнтральнае Палессе), гаворкавы (паўночна-заходняя зона Панямоння).

Вясельныя галашэнні

[правіць | правіць зыходнік]

Вясельныя галашэнні, зафіксаваныя ў асноўным на Паазер’і, выконваліся пераважна ў час абдорвання маладой, яе развітання з родным домам ці ў іншыя моманты першай паловы вяселля. Іх паэтычны змест абумоўлены прымеркаванасцю да пэўнага моманту вяселля. Паводле музычна-стылявых асаблівасцей вылучаюць 2 тыпы вясельных галашэнняў: рэчытатыўны, напевы якога супадаюць з пахавальнымі (паўночна-ўсходняе Паазер’е), і песенны са стабільнай структурай верша і мелодыка-рытмічнай формы, распеўнай манерай выканання (паўнояная і паўднёвая зоны).